ПОЛІКРЫШТА́ЛЬ,

агрэгат дробных монакрышталёў рознай арыентацыі (крышт. зярнят). Да П. адносіцца большасць цвёрдых цел (мінералы, металы, сплавы, кераміка і інш.). Утвараюцца пры крышталізацыі, паліморфных пераўтварэннях, спяканні крышт. парашкоў і інш.

Уласцівасці П. залежаць ад сярэдняга памеру зярнят (ад 10​−6м да некалькіх міліметраў), іх крышталеграфічнай арыентацыі, будовы міжзярнятных межаў. Пры хаатычнай арыентацыі і малых памерах зярнят (у параўнанні з памерам П.) у П. адсутнічае анізатрапія фіз. уласцівасцей, характэрная для монакрышталёў. Пры наяўнасці пераважнай крышталеграфічнай арыентацыі зярнят П. з’яўляецца тэкстураваным (гл. Тэкстура) і ў гэтым выпадку мае месца анізатрапія яго ўласцівасцей. На фіз. ўласцівасці П. істотна ўплываюць міжзярнятныя межы (на іх адбываецца рассеянне электронаў праводнасці і фатонаў, тармажэнне дыслакацый, зараджэнне расколін і інш.). П. менш стабільныя, чым монакрышталі, пры іх працяглым адпале адбываецца пераважны рост асобных зярнят (рэкрышталізацыя), што вядзе да ўтварэння буйназярністых П. або монакрышталёў.

Літ.:

Гл. да арт. Крышталі, Крышталяграфія.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),

ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт. тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.​Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.​Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЯ,

1) адно з геам. паняццяў, у элементарнай геаметрыі разглядаецца як мяжа цела або як след лініі, што рухаецца. Напр., сфера (мяжа шара), П. мнагагранніка.

Калі рухаецца прамая лінія, то яе след утварае лінейчастую П. (напр., цыліндрычную); вярчэнне лініі вакол прамой дае паверхню вярчэння (напр., канічную). У аналітычнай геаметрыі вывучаюцца алгебраічныя П., якія задаюцца ўраўненнем Φ(x1, x2 ..., xn дзе Φ — мнагасклад, ступень якога наз. парадкам алгебраічнай П. П. першага парадку — плоскасць, прыклады П. другога парадку — эліпсоіды, гіпербалоіды, парабалоіды Уласцівасці П. вывучаюцца паверхняў тэорыяй, у тапалогіі.

2) П. ў фізіцы — мяжа раздзелу паміж двума асяроддзямі, што кантактуюць. У кожным з гэтых асяроддзяў на пэўную адлегласць ад П. распасціраецца слой, у якім элементны састаў і хім. стан, атамная і электронная структура, дынамічныя, магн. і інш. ўласцівасці рэчыва істотна адрозніваюцца ад яго ўласцівасцей ў аб’ёме. Таўшчыня гэтага слоя залежыць ад прыроды асяроддзяў, што кантактуюць, і знешніх умоў. Яму ўласцівы разнастайныя паверхневыя з ’явы.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРА,

сумесь газаў, што ўтвараюць атмасферу Зямлі.

Састаў П. (у працэнтах па аб’ёме); азот — 78,09, кісларод — 20,95, аргон — 0,932, дыаксід вугляроду — 0,032, гелій, крыптон, неон, вадарод, азон і інш. газы. Вытв. дзейнасць чалавека істотна ўплывае на састаў П.: павялічваецца колькасць дыаксіду вугляроду (гл. Парніковы эфект), монааксіду вугляроду, аксідаў азоту, аміяку, серавугляроду, дыаксіду серы, фенолу, вуглевадародаў і інш., якія пагаршаюць стан здароўя людзей і небяспечныя для жывёл.

На Беларусі асн. крыніцы забруджвання П. — выкіды аўтатранспарту (каля 80%), аб’екты энергетыкі і прамысл. прадпрыемствы. Дзейнічае закон «Аб ахове атмасфернага паветра» (1997). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за прамысл. выкідамі і маніторынг атм. П. па радыеактыўнасці і амаль 30 шкодным рэчывам. Пры вызначэнні якасці П. карыстаюцца гранічна-дапушчальнымі канцэнтрацыямі і міжнар. стандартамі Сусв. арг-цыі аховы здароўя. Для буйных гарадоў разлічваецца індэкс забруджвання атмасферы, які ўлічвае класы бяспекі хім. рэчываў, стандарты якасці і сярэднія ўзроўні забруджвання. Найб. забруджаныя гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр і Наваполацк. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ачыстка паветра.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,

гіст. агульнасць археалагічных помнікаў, што існавалі на акрэсленай тэрыторыі, прыкладна ў адзін час, аднастайныя па сваёй матэрыяльнай культуры, але істотна адрозніваюцца ад адначасовых помнікаў суседніх абласцей. Археалагічная культура — аб’ектыўна існуючая рэальнасць, якая адлюстроўвае ў рэштках матэрыяльнай культуры генезіс развіцця і гіст. лёс этнасу, якому яна належала. Звычайна археалагічнай культуры даюць назву па найб. характэрнай прыкмеце (штрыхаванай керамікі культура, шарападобных амфар культура), абрадзе пахавання (адзінкавых пахаванняў культуры), ад найб. значнага ці найб. даследаванага помніка (банцараўская культура, калочынская культура, мілаградская культура) або мясцовасці, дзе пашыраны старажытнасці гэтай культуры (верхнедняпроўская культура, нёманская культура і інш.). Адрозненні археалагічнай культуры павінны існаваць у такіх памерах і разнастайнасцях, якія немагчыма растлумачыць ні падабенствам умоў існавання, экалогіі і гасп.-культурнага тыпу, ні аднолькавым узроўнем грамадска-эканам. развіцця. У раннім жалезным веку адпаведнасць археалагічнай культуры пэўнаму этнасу парушаецца. Пад уплывам прыродных працэсаў і чалавечай дзейнасці яна можа ўзбагачацца або збядняцца. Разам з тым археалагічная культура — навук. паняцце, з дапамогай якога даследуецца гіст. працэс.

Літ.:

Клейн Л.С. Археологическая типология. Л., 1991;

Загорульский Э.М. Археология Белоруссии. Мн., 1965;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 1, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,

сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв. дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.

Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.

Т.​А.​Раманава.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

аптычныя спектры, абумоўленыя паглынаннем ці выпрамяненнем фатонаў пры квантавых пераходах малекул з адных энергет. узроўняў на другія.

Паводле складальных значэння поўнай энергіі малекулы М.с., як і квантавыя пераходы ў малекуле, падзяляюць на электронныя, вагальныя і вярчальныя. Вагальныя і вярчальныя пераходы могуць выяўляцца і ў спектрах камбінацыйнага рассеяння святла. М.с. паглынання эл.-магн. выпрамянення назіраюцца ў бачнай і ультрафіялетавай абласцях спектра (электронна-вагальна-вярчальныя спектры — сістэма палос з груп дыскрэтных ліній для найпрасцейшых малекул ці з некалькіх шырокіх бесструктурных палос у выпадку складаных малекул), у блізкай інфрачырв. вобласці (вагальна-вярчальныя спектры — шэраг структурных палос) і ў далёкай інфрачырв. вобласці (вярчальныя спектры). Вярчальны стан малекул рэалізуецца выключна ў газавай фазе, таму ў кандэнсаваным асяроддзі назіраюцца толькі электронна-вагальныя (вібронныя ці электронныя) і вагальныя спектры. Пераходы, якія адбываюцца з вылучэннем выпрамянення, утвараюць вібронныя М.с. флуарасцэнцыі і фасфарасцэнцыі. Для шматлікіх арган. малекул са складанай будовай пры пэўных умовах вібронныя спектры становяцца дыскрэтнымі, што істотна павялічвае іх інфарматыўнасць (гл. Спектраскапія). Даныя, атрыманыя пры вывучэнні М.с., дазваляюць вызначыць структуру малекул, а таксама выкарыстоўваюцца для спектральнага аналізу рэчываў.

Літ.:

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962.

К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лепель,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула (выцякае з возера), на паўн. ускраіне г. Лепель. Пл. 10,18 км², даўж. 7,6 км, найб. шыр. больш за 2 км, найб. глыб. 33,7 м, даўж. берагавой лініі 39,6 км. Пл. вадазбору 1280 км². Катлавіна падзяляецца на З часткі, якія маюць мясц. назвы: паўн. — Кусцінскае воз. (глыб. 23 м), паўд. — Гарадское воз. (глыб. 19,5 м), усх. — Белае воз. (глыб. 33,7 м). Схілы катлавіны на Пд і ПдУ і месцамі на З выш. да 25 м, з асыпкамі і апоўзнямі, месцамі задзернаваныя; астатнія выш. каля 10 м, над пасевамі, на У пад лесам. Шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, задзернаваныя, месцамі пад хмызняком, на Пд і ПдУ зліваюцца са схіламі, месцамі абразійныя. У 1958, калі на р. Ула пабудавана Лепельская ГЭС, узровень возера падняты прыкладна на 4 м, што істотна змяніла яго гідралагічны рэжым і канфігурацыю берагавой лініі. Падводная ч. катлавіны ўскладнена шматлікімі мелямі на месцы былых астравоў і ўпадзінамі. Дно да глыб. 7—7,5 м выслана пяскамі, глыбей — сапрапелямі. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 300 м. Упадаюць рэкі Эса (на Пд) і Зеха (на Пн). Выкарыстоўваецца для адпачынку і ў аздараўленчых мэтах (на беразе дзіцячы санаторый).

Лепельскае возера.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА,

маса малекулы, выражаная ў атамных адзінках масы; адна з канстантаў, якая характарызуе індывідуальнае рэчыва. М.м. роўная суме мас атамаў, што ўваходзяць у склад малекулы. М.м. (абазначаецца М або μ) уваходзіць у многія ўраўненні і суадносіны, якімі карыстаюцца пры разліках у хіміі і фізіцы. У хіміі і хім. тэхналогіі часцей карыстаюцца адноснай М.м. — безразмернай велічынёй, роўнай адносінам малярнай масы малекулы рэчыва да 712 малярнай масы атама вугляроду-12. Эксперым. вызначэнне М.м. неабходна для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў, а таксама пры даследаванні высокамалекулярных злучэнняў, уласцівасці якіх істотна залежаць ад іх М.м. (гл. Малекулярная маса палімера).

Асн. метадам вызначэння М.м. лятучых рэчываў з’яўляецца мас-спектраметрыя. Вызначэнне М.м. нелятучых і недысацыіруючых у растворах рэчываў заснавана на вымярэнні калігатыўных уласцівасцей (г. зн. уласцівасцей, якія залежаць ад колькасці раствораных часціц) — паніжэння ціску пары (апісваецца законам Рауля) і т-ры замярзання (гл. Крыяскапія), павышэння т-ры кіпення (гл. Эбуліяскапія) раствораў у параўнанні з чыстым растваральнікам. У асмаметрыі М.м. рэчыва (звычайна высокамалекулярнага) устанаўліваюць па значэнні асматычнага ціску, які ўзнікае пры раздзяленні кампанентаў раствору на паўпранікальнай мембране (гл. Осмас). Сярэднія значэнні М.м. палімераў устанаўліваюць па калігатыўных уласцівасцях разбаўленых раствораў, колькасці падвойных сувязей ці функцыянальных груп (метадамі функцыян. аналізу), а таксама па вязкасці, святлорассеянні іх раствораў і па рэалагічных характарыстыках для палімераў высокай ступені полімерызацыі.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМАРФІ́ЗМ у хіміі,

здольнасць цвёрдых рэчываў і вадкіх крышталёў існаваць у некалькіх формах з рознай крышт. структурай. П. простых рэчываў прынята наз. алатропіяй; паняцце П. не адносіцца да некрышт. алатропных форм (напр., газападобных кіслароду і азону).

Розныя крышт. структурныя формы рэчыва наз. паліморфнымі мадыфікацыямі (звычайна абазначаюцца грэч. літарамі, напр., у волаве). П. пашыраны сярод рэчываў разнастайных класаў (простых, неарган. і арган.), напр., мадыфікацыі вугляроду, якія істотна адрозніваюцца паводле ўласцівасцей: алмаз і лансдэйліт, у якіх атамы аб’яднаны кавалентнымі сувязямі ў прасторавы каркас, графіт, карбін. П. малекулярных крышталёў праяўляецца ў рознай упакоўцы малекул з аднолькавымі структурнымі ф-ламі. Паліморфныя мадыфікацыі звычайна з’яўляюцца тэрмадынамічнымі фазамі. Узаемныя ператварэнні паліморфных мадыфікацый наз. паліморфнымі пераходамі. Паліморфныя пераходы падзяляюцца на пераходы I і II роду (гл. Фазавыя пераходы). Змяненне крышт. структуры пры пераходах II роду нязначнае. Асобны выпадак П. — політыпізм, які назіраецца ў некаторых крышталях са слаістай структурай (сульфіды цынку ZnS і малібдэну MoS2, гліністыя мінералы і інш.). Палітыпы (палітыпныя мадыфікацыі) пабудаваны з аднолькавых слаёў ці слаістых «пакетаў» атамаў і адрозніваюцца спосабам і перыядычнасцю іх накладання (напр., для карбіду крэмнію вядома больш за 40 палітыпаў).

Літ.:

Верма А.Р., Кришна П. Полиморфизм и политипизм в кристаллах: Пер. с англ. М., 1969.

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)