характарыстыка адлегласцей паміж ядрамі катыёнаў і аніёнаў у іонных крышталях. Эксперыментальныя метады, напр., рэнтгенаўскі структурны аналіз і мікрахвалевая спектраскапія, прыкладна аднолькава ацэньваюць між’ядзерныя адлегласці, але значэнні І.р. для індывід. іонаў істотна адрозніваюцца. Шырока выкарыстоўваюцца ў крышталяхіміі і геахіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫЯ ПУ́НКТЫ МЕТА́ЛАЎ,
значэнні тэмпературы, пры якіх у металах і іх сплавах адбываюцца змены агрэгатнага стану, паліморфныя (гл.Полімарфізм), магн. і інш. пераўтварэнні, што істотна змяняюць іх уласцівасці. Становішча К.п.м. на дыяграме стану залежыць ад хім. саставу сплаваў, скорасці нагрэву і ахалоджвання і інш. Важныя ў тэрмічнай апрацоўцы металаў, асабліва жал. сплаваў. Адкрыты Дз.К.Чарновым у 1868, што дало пачатак развіццю металазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАДАК,
птушаняты або дзіцяняты адной кладкі ці аднаго прыплоду, якія жывуць пэўны час з бацькамі. Пасля набыцця імі здольнасцей да самаст. існавання вывадак звычайна распадаецца. Памеры залежаць ад патэнцыяльнай пладавітасці віду: у вывадку птушак бывае да 25 птушанят (шэрая курапатка), у звяроў — да 20 дзіцянят; на іх істотна ўплываюць кліматычныя, кармавыя і інш. ўмовы. Часам (напр., у дзікіх гусей) некалькі вывадкаў аб’ядноўваюцца ў адзін (аб’яднаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАХО́ДСТВА,
істотна новае, эфектыўнае вырашэнне тэхн. задач у матэрыяльнай вытв-сці, культуры, ахове здароўя, абароне краіны; творчае вырашэнне практычнай задачы тэхн. сродкамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь вынаходніцтва прызнаецца новым, калі яно не з’яўляецца часткай вядомага ўзроўню тэхнікі і прамыслова не выкарыстоўваецца. Аўтарам вынаходства прызнаецца асоба, творчай працай якой яно створана. Права на вынаходства ахоўваецца дзяржавай (гл.Вынаходніцкае права) і сведчыцца патэнтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КІНТАШ ((Mackintosh) Чарлз Рэні) (7.6.1868, г. Глазга, Шатландыя — 10.12.1928),
шатландскі архітэктар; прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Школе мастацтва ў Глазга (1885—92). Працаваў у Глазга і Лондане. Для работ характэрны пластычная выразнасць геаметрызаваных аб’ёмаў, фактурныя эфекты (будынак Школы мастацтва ў Глазга, 1898—1909), функцыян. мэтазгоднасць кампазіцыі і дэкору. Афармляў інтэр’еры, канструяваў мэблю. Творчасць М. істотна паўплывала на развіццё нац.-рамант. плыней і фарміраванне функцыяналізму ў архітэктуры Вялікабрытаніі, Германіі і Аўстрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНСАЛІ́ЗМ (ад а... + лац. mensa стол, трапеза),
форма ўзаемадзеяння паміж папуляцыямі (арганізмамі), калі адна з іх адмоўна ўздзейнічае на другую без карысці для сябе і без адмоўнага ўплыву з боку той, на якую ўздзейнічае. Назіраецца, напр., паміж плесневымі грыбамі, што прадуцыруюць антыбіётыкі, і бактэрыямі, жыццядзейнасць якіх пры гэтым прыгнечваецца або істотна абмяжоўваецца; паміж драпежнікамі і птушкамі, якія іх суправаджаюць і здольныя наклікаць на іх ворага або ўскладніць паляванне. Гл. таксама Каменсалізм, Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЭР (ад англ. leader вядучы, кіраўнік),
аўтарытэтны член арг-цыі або групы, асабістыя якасці якога істотна ўплываюць на жыццядзейнасць і маральна-псіхал. клімат у калектыве. Л. валодае найб. ярка выяўленымі і карыснымі якасцямі для групы, дзякуючы чаму яе дзейнасць становіцца больш эфектыўнай, за ім прызнаецца права прымаць найб. значныя рашэнні. Аўтарытэт Л. заснаваны на псіхал. феномене адлюстраванай суб’ектыўнасці, на здольнасці згуртоўваць і аб’ядноўваць інш. людзей. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы, уплывае на фарміраванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей. Да сац. фактараў, што дэтэрмінуюць сутнасць Л., адносяцца: асобасныя якасці Л.; характэрныя рысы сац. груп і індывідаў, Л. якіх з’яўляецца дадзены суб’ект; характар узаемаадносін паміж Л. і яго паслядоўнікамі; сац.-эканам. і паліт. ўмовы, у якіх Л. ажыццяўляе сваю дзейнасць. Псіхал. якасці Л. можна падзяліць на змястоўныя (матывы, мэты, каштоўнасці, перакананні, веды і ўяўленні) і працэсуальныя (тэмперамент, здольнасць, сіла волі, асаблівасці эмацыянальнай сферы). Адрозніваюць Л. фармальных (іх дзейнасць звязана з пэўнымі бюракратычнымі працэдурамі, прадугледжвае канкрэтныя функцыян. адносіны і абавязкі) і нефармальных (фарміруюцца на аснове асобасных узаемаадносін, істотна ўплываюць на членаў групы сваімі асобаснымі якасцямі і паводзінамі). Ад мэты, матываў і дзеянняў Л. ў многім залежыць далейшае развіццё грамадства. Гл. таксама Лідэрства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭТРО́ІДЫ,
група сінт. інсектыцыдаў аналагаў пірэтрынаў паводле характару і механізму фізіял. ўздзеяння. Хім. будовай некаторыя П. істотна адрозніваюцца ад прыродных. Найб. даследаваны эфіры хрызантэмавай к-ты (т.зв. П. першага пакалення), якія, як і пірэтрыны, лёгка акісляюцца на святле. П. новых пакаленняў маюць больш шырокі спектр дзеяння, эфектыўныя пры вельмі нязначных нормах расходу (напр., для найб. актыўнага з сучасных інсектыцыдаў дэльтаметрыну — 5—20 г/га), устойлівыя да ўздзеяння святла. Іх выкарыстоўваюць для апрацоўкі пасеваў многіх с.-г. культур, садоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІ́ЗАРНЫЯ О́РГАНЫ (ад ням. provisorisch папярэдні, часовы ад лац. provideo прадбачу, загадзя клапачуся),
органы зародкаў і лічынак шматклетачных жывёл, якія знікаюць у працэсе іх далейшага развіцця (напр., брушныя канечнасці і жабры лічынак у насякомых, сасуды жаўточнага мяшка зародкаў рыб, паўзуноў, птушак і інш.). Адна з форм цэнагенезу ці эмбрыяадаптацыі. П.о. забяспечваюць важнейшыя функцыі арганізма да сфарміравання дэфінітыўных органаў, характэрных дарослым асобінам. У сучасных арганізмаў П.о. дазваляюць меркаваць пра арганізацыю іх продкаў, што істотна для ўзнаўлення працэсу эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРУ́ВІЙ (Vitruvius),
рымскі архітэктар і інжынер 2-й пал. 1 ст. да н.э. Аўтар «Дзесяці кніг пра архітэктуру» — першай буд.-тэхн. энцыклапедыі, што захавалася. Трактат Вітрувія істотна паўплываў на засваенне ант. спадчыны, фарміраванне эстэтыкі і тэорыі архітэктуры ў эпоху Адраджэння; у 19 ст. быў важным дапаможнікам для археолагаў, крыніцай звестак пра ант. помнікі, архітэктараў і іх тэарэт. працы. Ён сфармуляваў «тры законы» архітэктуры, т.зв. трыяду Вітрувія: трываласць, карысць, прыгажосць (firmitas, utilitas, venustas).
Вітрувій. Машыны для падняцця грузаў. Іл. да кнігі «Дзесяць кніг пра архітэктуру». Парыж. 1684.