КАНДЗІ́НСКІ (Васіль Васілевіч) (16.12.1866, Масква — 13.12.1944),
расійскі жывапісец, тэарэтык авангардызму, адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1886—92), у Мюнхене ў школе А.Ашбе (1897—98) і АМ (1900). Працаваў у Германіі (1896—1914; 1921—33, з 1922 праф. «Баўгауза»), у Расіі (1914—21): выкладаў у Дзярж.маст. вольных майстэрнях і ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях, з 1919 заг. маск. Музея жывапіснай культуры, у 1920 арганізаваў Ін-тмаст. культуры; з 1933 у Францыі. Стваральнік маст. груп «Новае аб’яднанне мастакоў Мюнхена» (1909, з А.Яўленскім), «Сіні коннік» (1911, з Ф.Маркам), «Сіняя чацвёрка» (1924). Імкнуўся да «універсальнай духоўнасці», інтэграцыі розных культур, развіваў ідэі сімвалізму ў кірунку «чыстай формы» і беспрадметнасці. Творчасць фарміравалася пад уздзеяннем экспрэсіянізму, мадэрну, музыкі Р.Вагнера. У ранні перыяд працаваў у духу фавізму; пад уплывам этнаграфіі, іканапісу і рус.нар. мастацтва рабіў «візантыйскія» і фальклорна-лубачныя акварэлі. З 1910-х г. ствараў імпрэсіі, імправізацыі («Імправізацыя № 2»), кампазіцыі ў абстрактным кірунку, шукаў узаемасувязь паміж колерам і муз. гукам. У 1920-я г. пад уплывам супрэматызму рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі («Шматкаляровае кола», 1921; «Жоўтае — чырвонае — сіняе», 1925; «Цяжкія колы», «Квадрат», абодва 1927). У франц. перыяд імкнуўся да сімвалізму, пераўтварэння фігур у ідэаграмы («Трыццаць», 1937), геам. формы спалучаў з арганічнай абстракцыяй («Тры рознакаляровыя фігуры», 1942). Працаваў у графіцы (альбомы «Вершы без слоў», 1904; «Дрэварыты», 1909, і інш.), зрабіў дэкарацыі і касцюмы да сюіты М.Мусаргскага «Карцінкі з выстаўкі» (1928, Германія). Аўтар кніг «Сугучча» і «Позірк назад» (1913), «Кропка і лінія на плоскасці» (1926; усе на ням. мове), «Прыступкі» (1918, на рус. мове). Іл.гл. таксама да арт.Абстрактнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ МІКРАБІЯЛО́ГІЯ,
раздзел мікрабіялогіі, які вывучае склад і функцыі мікрабіяцэнозаў глеб, іх сувязь з раслінамі і ролю ў трансфармацыі арган. і мінер. рэчываў глеб. Даследуе ролю мікраарганізмаў у павышэнні ўрадлівасці глебы, у жыўленні раслін, распрацоўвае спосабы прыгатавання бактэрыяльных угнаенняў і сіласавання кармоў. Цесна звязана з глебавай энзімалогіяй, біяхіміяй, глебазнаўствам.
Як навука сфарміравалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. У яе развіцці важную ролю адыгралі працы нідэрл. вучонага М.Беерынка, які вылучыў і апісаў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901), рус. вучоных С.М.Вінаградскага (адкрыў з’яву хемасінтэзу), М.А.Красільнікава (працы па мікрафлоры глебы) і інш.
На Беларусі развіваецца з 1930-х г. З 1950-х г. даследаванні па глебавай мікрабіялогіі вядуцца ў НДІ глебазнаўства і аграхіміі, земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, у Нац.АН, БДУ, БСГА і інш.Асн. кірункі даследаванняў: узаемаадносіны мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, працэсы біял. фіксацыі атм. азоту, уплыў акультурвання глеб на мікробны цэноз (С.А.Самцэвіч), мікрафлора асн. тыпаў лясоў, глеб Палескай ніз. (П.П.Рагавой, М.І.Мільто, Г.І.Язубчык), мікрабіял. працэсы мінералізацыі арган. рэчыва тарфяна-балотных глеб пад уплывам меліярацыі і мех. апрацоўкі глебы (Ф.П.Вавула, Т.Г.Зіменка, Н.М.Курбатава-Белікава і інш.), уздзеянне экалагічных фактараў (цяжкія металы, пестыцыды, прамысл. адходы і радыенукліды) на мікраарганізмы глебы (В.І.Калешка, А.І.Двайнішнікава, Зіменка, А.С.Самсонава, Н.В.Гаўрылкіна, А.Г.Міснік, Л.А.Карагіна, Т.І.Каляда і інш.). Пытанням стварэння і выкарыстання бактэрыяльных прэпаратаў у раслінаводстве прысвечаны працы Зіменкі, Мільто, М.А.Троіцкага, Карагінай і інш.Гал. Задача глебавай мікрабіялогіі ў сучасных умовах — энергазберагальная біялагізацыя раслінаводства, накіраваная на зніжэнне ўзроўню выкарыстання сродкаў хімізацыі і атрыманне чыстай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЛЮ́БАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),
рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал.пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час.«Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел.рэв. дэмакратаў (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел. краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.А.Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.К.Дабрынін, Л.Р.Бараг, І.М.Лушчыцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́Л ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,
вобразнае ўяўленне пра духоўна-пачуццёвую дасканаласць і гармонію ў прыродзе, грамадскім быцці і маст. творчасці; гістарычна зменлівы крытэрый эстэт. густу і ацэнкі, што выяўляецца непасрэдна ў прыгожым, узнёслым і трагічным, ускосна — у агідным, нізкім і камічным. Як аб’ект эстэт. адносін да рэчаіснасці І.э. — арганічны кампанент сузірання, мыслення і практычнай дзейнасці, уключае таксама маст. культуру, вытв-сць, побыт. Яго суб’ектыўная ўмова — развітыя эстэт. пачуцці, маст. густ, гуманіст.грамадская свядомасць. У сістэме маст. культуры з’яўляецца адной з прычын і мэтай творчасці, крытэрыем ацэнкі мастацтва і прадметнага свету крытыкай і публікай. Дыялект. сутнасць І.э. ў супярэчлівым адзінстве рэальнага і належнага (таго, што павінна быць), гістарычнага абмежаванага ўзору і няспыннага руху да больш высокай дасканаласці, у адзінстве сац.-класавай, рэгіянальнай і нац. адноснасці з агульначалавечай універсальнасцю. Суадносіцца з ідэаламі пазнавальнымі, сац.-паліт. і этычнымі.
У ант. культуры І.э. выяўляўся найперш у гармоніі, меры і калакагатыі (адзінства красы і дабра). Для позняй эліністычнай культуры характэрна палярызацыя матэрыі і духу, рэальнага і ідэальнага. Хрысц. культура надала ім форму іерархіі духоўных, у т. л.эстэт. каштоўнасцей, на вяршыні якой боская Тройца — адзінства ісціны, дабра і красы. Сярэдневяковае мастацтва спасцігла І.э. як духоўную прыгажосць чалавека і яго творчасці, выяўленых у катэгорыі ўзнёслага. Для рэнесансавага гуманіст мастацтва характэрны ідэал гарманічна развітой асобы — мудрасць вучонага, адвага воіна, талент мастака, адзінства цялеснай і духоўнай прыгажосці. Ускладненне сац. структуры познафеад. і капіталіст. грамадства абумовілі дыферэнцыяцыю І.э., палярызацыю ўяўленняў пра яго ў асяроддзі арыстакратыі, буржуазіі і працоўных. Сучасныя кірункі ў эстэтыцы і розныя маст. плыні бачаць у І.э. кампанент «чыстай» маст. формы (абстракцыянізм), недасягальны ўзор або наогул адмаўляюць ідэалы (постмадэрнізм).
У гісторыі эстэтыкі і маст. культуры Беларусі ў самабытных формах выявіліся асн.гіст. тыпы І.э. У раннехрысц. культуры дамінавалі ідэалы маральнага ўдасканалення, хрысц. альтруізму (вобразы святых), рыцарскага служэння радзіме (вобразы ідэальных князёў і волатаў). Мысліцелі і асветнікі — гуманісты 16—17 ст. (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Сімяон Полацкі, Л.Сапега) сцвярджалі ідэал гарманічнага чалавека, агульнага дабра і прававой дзяржавы. У эпоху барока і класіцызму (17—1-я пал. 19 ст.) адбылася палярызацыя І.э. на высокі (арыстакратычны) і «нізкі» (народны). На аснове нар. ідэалаў, гуманіст. і рамант. традыцый у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сфарміраваліся эстэт. ідэалы бел.нац. адраджэння, таленавіта выяўленыя ў бел. класічнай л-ры (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна і інш., у газ. «Наша ніва»), якія сёння дамінуюць у нац. школах прафес. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ГЕЛЬ ((Hegel) Георг Вільгельм Фрыдрых) (27.8.1770, г. Штутгарт, Германія — 14.11.1831),
нямецкі філосаф. Вучыўся ў Цюбінгенскім тэалагічным ін-це (1788—93). Быў хатнім настаўнікам у Берне і Франкфурце-на-Майне. З 1801 выкладаў у Іенскім ун-це. У 1808—16 дырэктар Нюрнбергскай гімназіі. З 1816 праф. філасофіі Гайдэльбергскага, з 1818 Берлінскага (у 1829—30 рэктар) ун-таў. Зыходным палажэннем філас. сістэмы Гегеля, выкладзенай ім у «Фенаменалогіі духу» (1807), з’яўляецца тоеснасць быцця і мыслення, г. зн. разуменне рэальнага свету як паступовага выяўлення і развіцця «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму» або «сусветнага духу». Унутр. крыніцай такога развіцця з’яўляецца супярэчнасць, якая ўяўляецца як пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і будуецца ў выглядзе трыяды: тэзіс, антытэзіс, сінтэз процілегласцей у новым адзінстве. Паводле тэорыі Гегеля («Энцыклапедыя філасофскіх навук», 1817), абс. ідэя ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: развіццё ва ўласным улонні, у стыхіі «чыстага мыслення» — логіка; у форме «іншабыцця», г. зн. у форме прыроды — філасофія прыроды; у мысленні і гісторыі (у «духу») — філасофія духу. Развіццё «абсалютнай ідэі», «сусветнага духу» стала цэнтр. паняццем гегелеўскай тэорыі дыялектыкі, якая найб. поўна адлюстравана ў «Навуцы логікі» (ч. 1—2, 1812—16). У «Філасофіі права» (1821) Гегель раскрыў этапы развіцця аб’ектыўнага духу: абстрактнае права — мараль — маральнасць; апошняя, у сваю чаргу, ахоплівае сям’ю, грамадз. супольнасць і дзяржаву, якой належыць роля гаранта рэальна спраўджанай свабоды. Сусв. гісторыю Гегеля вызначаў як «развіццё духу ў часе», «прагрэс духу ва ўсведамленні свабоды», які мы павінны пазнаць у яго неабходнасці; пры яе аналізе ён вылучаў 4 асн. перыяды: Усх. Свет (Кітай, Індыя, Персія, Егіпет) — Грэчаскі свет — Рымскі свет — Германскі свет. У сваім вучэнні аб эстэтыцы Гегель даў змястоўную трактоўку прыгожага як «пачуццёвага з’яўлення ідэі», якая бярэцца не ў яе «чыстай, лагічнай форме, а ў яе канкрэтным адзінстве з некаторым знешнім быццём». У лекцыях па гісторыі філасофіі Гегель упершыню паказаў гісторыка-філас. працэс як паступовы рух да абсалютнай ісціны, а кожную асобную філас. сістэму — як пэўную ступень у гэтым працэсе. На аснове вучэння Гегеля ўзніклі розныя філас. сістэмы і плыні (гл.Гегельянства, Младагегельянства, Неагегельянства).
У Беларусі творы Гегеля былі вядомы з 1830-х г., яго ідэі выкарыстоўвалі ў сваіх працах прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку грамадскай думкі (М.Рукевіч, Ф.Савіч, М.Валовіч, М.Лавіцкі, Ш.Канарскі, М.Бакшанскі і інш.). Гегелеўская канцэпцыя развіцця і прынцыпу гістарызму знаходзіла адлюстраванне ў час. «Gwiazda» («Звязда»), «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), якія ў той час былі органамі прагрэс. грамадскай думкі на тэр. Беларусі, Украіны і Літвы. Адно з цэнтр. месцаў у філас. палеміцы 1830—50-х г. у Беларусі занялі ідэі Гегеля аб сутнасці філас. ведаў, гісторыка-філас. працэсу, суадносін эмпірычнага і рацыянальнага, узаемасувязі філасофіі і інш.навук. Г.Жавускі, М.Грабоўскі, І.Галавінскі лічылі філас. сістэму Гегеля «філасофіяй адмаўлення, няздольнай ствараць і натхняць», трактавалі яе як «разбуральны пачатак», крытыкавалі тэзіс Гегеля аб тоеснасці быцця і мыслення і яго гнасеалагічны рацыяналізм. Палемізуючы з Гегелем, К.Буйніцкі і Галавінскі сцвярджалі, што філас. ісціны не маюць «універсальнага» характару, што яны нацыянальныя, а таму прымальныя толькі для аднаго народа. В.Давід і А.Марцінкоўскі разглядалі гісторыка-філас. працэс як пэўную цэласнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца філасофія асобнага народа.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—14. М.; Л., 1929—58;
Философия права. М., 1990.
Літ.:
Дворцов А.Т. Гегель. М., 1972;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Лазарев В.В., Рау И.А. Гегель и философские дискуссии его времени. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНААСО́БНІКІ,
сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц.сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстайпрамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш.сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст.гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл.Раскулачванне).
Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІЦЫ́ЗМ (ад неа... + класіцызм),
у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.
У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.В.Гётэ, А.Пушкіна, А.Майкава, К.Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.Гацье, Ш.М.Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.Аненскага, К.Бальмонта, В.Брусава, В.Іванава, М.Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус.сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.
У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.Палестрыны, І.С.Баха, клавірнае мастацтва Ф.Куперэна, Д.Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.Вівальдзі, санаты М.Равеля, Ф.Пуленка, Д.Міё, А.Анегера, Ж.Франсэ, опера Ж.Б.Люлі, сімфанізм І.Гайдна, В.А.Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.Брамс, М.Рэгер, С.Франк, К.Сен-Санс, М.Метнер, С.Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.Хіндэміта, А.Казелы, Э.Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, С.Бельцюкова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Дз.Камінскага, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Л.Шлег і інш.
У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.Перэ ў Францыі, П.Берэнс у Германіі, О.Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.Жалтоўскі, І.Машкоў, І.Фамін, У.Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль і інш.).
У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.Гейдукевіча і Г.Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.Філасевіч).
У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.Л.Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.Лангбарда (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.П.Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.Кароль і А.Духан (будынак паштамта), В.Гусеў (штаб Бел.ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.
Літ.:
Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;
Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.
Да арт.Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.Машкоў. 1912.Да арт.Неакласіцызм. Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),
вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш.Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл.Маёліка) і інш.
Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс.г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб.стараж. посуд (6—5,8 тыс.г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э.вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.
На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл.Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л.галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.
К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн.тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.
Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс.г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл.Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст.н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл.Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл.Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар.маст. промыслаў (гл.Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл.вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г.прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.
На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт.Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл.Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сцькафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц.маст. стылі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл.Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал.ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.
Літ.:
Беларуская кераміка. Мн., 1984;
Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;
Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.
Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).
Да арт.Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.Да арт.Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.Да арт.Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.Да арт.Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.Да арт.Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.Да арт.Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.Да арт.Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕСУЭ́ЛА (Venezuela),
Рэспубліка Венесуэла (República de Venezuela), самая паўн. дзяржава ў Паўд. Амерыцы. На Пн абмываецца Карыбскім м. Мяжуе на З з Калумбіяй, на Пд з Бразіліяй, на У з Гаянай. Падзяляецца на 21 штат, 1 тэрыторыю, 1 федэральную (сталічную) акругу, 1 федэральнае ўладанне (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). Пл. 912 тыс.км², нас. 20,1 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Каракас. Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1961. На чале дзяржавы і ўрада прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс у складзе палаты дэпутатаў і сената. Выканаўчы орган — урад.
Прырода. Венесуэла размешчана паміж паўн. ланцугом Андаў і Гвіянскім пласкагор’ем. Берагі на У і З нізінныя, у цэнтр.ч. скалістыя. На ПнЗ высокія хрыбты Андаў: Сьера-дэ-Перыха (да 3540 м), Кардыльера-дэ-Мерыда (г. Балівар, 5007 м), якія абкружаюць тэктанічную ўпадзіну воз. Маракайба. На Пн уздоўж узбярэжжа цягнуцца Карыбскія Анды. Частку краіны паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем займае нізіна р. Арынока (Льянас-Арынока). Для Гвіянскага пласкагор’я характэрны выш. 300—500 м, асобныя астраўныя горы і хрыбты (на мяжы з Бразіліяй г. Ла-Небліна — 3014 м, на Уг. Рарайма — 2772 м і інш.), сталовыя масівы. Нетры Венесуэлы багатыя нафтай і прыродным газам, жал. рудой, золатам, баксітамі, алмазамі, ёсць радовішчы вугалю, марганцавых і медных рудаў і інш. Клімат субэкватарыяльны гарачы, на ПдЗ экватарыяльны; дажджлівы сезон у крас. — верасні. Сярэднія месячныя т-ры 25—29 °C, у гарах халадней. Ападкаў 1000—2500 мм за год, ва ўпадзіне воз. Маракайба да 300 мм. Густая рачная сетка. Гал. рака — Арынока: правыя яе прытокі парожыстыя, з вадаспадамі, левыя раўнінныя. Схілы Андаў і Гвіянскага пласкагор’я ўкрыты пераважна лістападнымі лясамі. На крайнім Пд пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. Раўніны Арынока заняты саваннай — «льянас» (травяністыя абшары з невял. купкамі дрэў). Па ўзбярэжжы мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Каля 95% — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання ісп. перасяленцаў з мясц. насельніцтвам — індзейцамі і неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У 19—20 ст. тут пасяліліся групы эмігрантаў, найб. з Паўд. Еўропы і з суседніх краін. Індзейцаў каля 200 тыс.чал., пераважна ў малаасвоеных раёнах на Пд, З, У. Паводле расавага складу метысаў 67%, белых 21%, чорных 10%, індзейцаў 2%. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 22 чал. на 1 км². Каля 80% яго жыве на Пн (ад дэльты р. Арынока да воз. Маракайба) на плошчы, якая займае 20% тэр. краіны. У гарадах жыве 92% насельніцтва (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Каракас — 1824,9, Маракайба — 1207,5, Валенсія — 903,1, Баркісімета — 602,6, Сьюдад-Гуаяна — 542,7, Барселона — 455,3, Маракай — 354,4, Сьюдад-Балівар — 225,8, Сан-Крыстобаль — 220,7, Кумана — 212,5, Матурын — 207,4, Мерыда — 168,0.
Гісторыя. Тэр. Венесуэлы са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны аравакскай, карыбскай і інш. моўных сем’яў. Пасля адкрыцця Амерыкі ў 1498 Х.Калумбам іспанцы арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння новых зямель. Зямлю ў заліве Маракайба яны назвалі Венесуэлай — «маленькай Венецыяй». Падставай для такой назвы было тое, што свае жытлы індзейцы будавалі на пáлях. У 16 ст. іспанцы заваявалі і каланізавалі ўсю тэр. Венесуэлы. На створаных тут плантацыях цукр. трыснягу, бавоўніку, тытуню працавалі індзейцы і негры-рабы. Бязлітасная эксплуатацыя, імкненне ісп. улад затрымаць развіццё нац. эканомікі і культуры выклікалі незадаволенасць насельніцтва (паўстанні 1749, 1795, антыісп. змова 1797). Нар. паўстанне 1810 у Каракасе дало пачатак вайне за незалежнасць Венесуэлы. (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У ліп. 1811 нац. кангрэс абвясціў 1-ю Венесуэльскую рэспубліку. Першая канстытуцыя, прынятая 21.12.1811, не прадугледжвала карэнных сац. змен на карысць шырокіх слаёў насельніцтва, таму рэспубліка страціла падтрымку насельніцтва і рэв. армія вымушана была капітуляваць (25.7.1812). Ісп. панаванне ў Венесуэле ліквідавана ў выніку доўгай вызв. вайны (разгром ісп. сіл у чэрв. 1821, канчатковы — у 1823). У 1819 Венесуэла і Новая Гранада ўтварылі рэспубліку Вялікая Калумбія. У 1830 Венесуэла аддзялілася ад яе і стала самаст. рэспублікай (першы прэзідэнт Х.А.Паэс). У перыяд праўлення т.зв. кансерватыўнай алігархіі (1830—48), з якой пазней вылучылася партыя унітарыстаў (буйныя землеўладальнікі, каталіцкае духавенства), аформілася ліберальная партыя, т.зв. федэралісты, падтрыманыя маладой гандл. буржуазіяй і часткай плантатараў-экспарцёраў. Праўленне лібералаў, якія правялі шэраг рэформ (адмена рабства ў 1854, прыняцце ліберальнай канстытуцыі і інш.), выклікала паўстанні кансерватараў. Іх вяртанне да ўлады (1858) стала прычынай грамадз. вайны (1859—63, скончылася перамогай лібералаў) і шматлікіх пераваротаў. У 1864—1953 краіна называлася Злучанымі Штатамі Венесуэлы. Чарговая стабілізацыя ў час праўлення ліберала А.Гусмана Бланка (1870—89) паспрыяла значнаму эканам. і культ. развіццю краіны, пераважна за кошт замежнага капіталу. Адкрыццё ў Венесуэле радовішчаў нафты (1870-я г.) стала прычынай пагранічнага канфлікту ў 1895 з Брыт. Гаянай, у выніку якога да Вялікабрытаніі адышла значная ч. нафтаноснага раёна. Новы канфлікт узнік у 1902 у выніку заблакіравання партоў у Венесуэле Вялікабрытаніяй, Германіяй і Італіяй, якія дамагаліся вяртання доўгу (каля 20 млн.дол.). Пацвярджэнне ў 1904 міжнар. Гаагскім трыбуналам справядлівасці прэтэнзій гэтых трох дзяржаў узмацніла пазіцыі міжнар. капіталу ў Венесуэле. У выніку дзярж. перавароту 1908 усталявалася дыктатура Х.В.Гомеса (1909—35). У гэты перыяд у Венесуэле пачала расці роля амер. капіталу, інвеставанага пераважна ў нафтавую прам-сць.
У снеж. 1941 Венесуэла спыніла дыпламат. адносіны з дзяржавамі фаш. блоку, у лют. 1945 абвясціла вайну Германіі і Японіі. У кастр. 1945 у Венесуэле адбыўся дзярж. пераварот, які ўзначаліла партыя Дэмакр. дзеянне. У 1946 упершыню пасля 1881 адбыліся парламенцкія выбары. Новы ўрад Р.Гальегаса (1947—48) павысіў падаткі на даходы замежных нафтавых кампаній, планаваў інш.прагрэс. мерапрыемствы. Пасля ваен. перавароту 1948 хунтай распушчаны Нац. кангрэс, адменены дэмакр. свабоды, анулявана канстытуцыя. Рэзкае ўзмацненне эканам. і паліт. залежнасці Венесуэлы ад ЗША, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, рэпрэсіі выклікалі масавы пратэст насельніцтва. Пачатая 21.2.1958 у Каракасе ўсеагульная забастоўка перарасла ва ўзбр. паўстанне. Да ўлады прыйшла хунта на чале з В.Ларасабалем, якая аднавіла дэмакр. свабоды, абвясціла амністыю паліт. вязням, легалізавала паліт. партыі. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах (снеж. 1958) перамагла партыя Дэмакр. дзеянне, яе лідэр Р.Бетанкур стаў (лют. 1959) прэзідэнтам. 23.1.1961 прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Але наступленне ўрада Бетанкура і наступнага прэзідэнта Р.Леоні (1964—69) на дэмакр. сілы падарвала ўплыў партыі Дэмакр. дзеянне. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1968 перамог кандыдат Сацыял-хрысціянскай партыі Р.Кальдэра Радрыгес, які паклаў пачатак правядзенню незалежнай эканам. палітыкі (нацыяналізацыя нафтавай і жалезаруднай прам-сці краіны, праграма сац. рэформ). З 1984 урады краіны зноў фарміравала партыя Дэмакр. дзеянне. У лют. і ліст. 1992 зроблены 2 спробы ваен. перавароту, якія выклікалі востры сац.-паліт. крызіс у краіне. 5.6.1993 Вярх. суд і сенат кангрэса Венесуэлы прынялі рашэнне аб адхіленні ад улады К.А.Перэса, выбранага прэзідэнтам у 1988. Прэзідэнтам краіны на перыяд да лют. 1994 быў выбраны Р.Х.Веласкес. З лют. 1994 прэзідэнтам краіны зноў стаў Кальдэра Радрыгес. Венесуэла — чл.ААН з 1945, чл. Руху недалучэння, Арг-цыі амер. дзяржаў і шэрагу інш.міжнар. арг-цый.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Венесуэле больш за 20 партый, з іх найбуйнейшыя Дэмакр. дзеянне, Сацыял-хрысц. партыя, Рух да сацыялізму і інш. Буйнейшыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя працоўных Венесуэлы, Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Венесуэлы, Адзіны цэнтр працоўных Венесуэлы.
Гаспадарка. Венесуэла належыць да найб. развітых краін Лац. Амерыкі. Прам-сць да 35% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), сельская гаспадарка — 6%. Працаздольнае насельніцтва занята ў абслуговых галінах (56%), прам-сці (28%), сельскай гаспадарцы (16%). Вядучае месца ў гасп. комплексе належыць нафтаздабыўной і нафтахім. прам-сці. Гэтыя галіны даюць 23% ВУП, 70% даходаў дзяржавы, 82% экспарту. Здабыча (млн.т, 1993): нафты 127,8, жал. руды 16,9, каменнага вугалю 3,9; золата 8033 кг. Здабываюць таксама баксіты, марганцавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя руды, серабро, алмазы і інш.Асн. раёны здабычы нафты — упадзіна воз. Маракайба і паўн.ч. басейна р. Арынока. Там жа здабыча газу (мае ўнутр. значэнне). Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, Каракас. Асн. цэнтры нафтахіміі — Маракайба, Валенсія, Пуэрта-Кабельё, Барселона; хім. прам-сці — Каракас, Маракайба, Сьюдад-Гуаяна. Выплаўка сталі 2,9 млн.т, алюмінію 600 тыс.т (1991). Металургічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба. Вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, эл. і электроннай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета. На р. Карані ГЭС Гуры і Макагуа, на долю якіх прыпадае ⅓ усіх энергет. магутнасцей краіны. Вытв-сць электраэнергіі 58,5 млн.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы цэментнай (Маракайба, Баркісімета, Каракас), дрэваапр. (Маракайба, Пуэрта-Кабельё, Маракай), цэлюлозна-папяровай (Валенсія, Каракас, Сьюдад-Гуаяна), тэкст. (Мерыда, Сан-Крыстобаль, Баркісімета, Каракас, Барселона), гарбарна-абутковай (Каракас, Маракайба, Сан-Крыстобаль, Барселона, Валенсія), харч. і харчасмакавай, буд. матэрыялаў і інш. У сельскай гаспадарцы пануе буйное землеўладанне. Каля ¾ с.-г. плошчаў сканцэнтравана ў буйных уладальнікаў (больш за 500 га). С.-г. ўгоддзі займаюць 25% тэр. краіны, у т. л. ворыва 7%, лугі і паша 18%. Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутр. патрэб краіны. Асн. земляробчы раён на Пн і ПнЗ, жывёлагадоўчы — Льянас. Гал. культуры (тыс.т, 1993): кукуруза 700, рыс 645, цукр. трыснёг 6900, сорга 250, бульба 215, какава 382, бананы 1215, памідоры 200, кава, бабовыя, арахіс. Садоўніцтва (у т. л. каля 200 тыс.т апельсінаў штогод). З тэхн. культур вырошчваюць бавоўнік і сізаль. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 14,7, свіней 2,1, коз 1,65, авечак 0,5. Вытв-сць (тыс.т, 1993): ялавічыны 377, свініны 110, мяса птушкі 480. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 77,8 тыс.км, у т. л. 22,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём і 24,7 тыс.км гравійных. Гал. аўтамагістралі: Каракас—Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Чыгунак 542 км. Суднаходства па р. Арынока і яе прытоках (12 тыс.км). Уздоўж узбярэжжа кабатажныя перавозкі. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Гал. парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў: Маракайба (грузаабарот больш за 70 млн.т штогод), Амуай (40 млн.т), Кабімас, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, па экспарце жал. руды — Сьюдад-Балівар (рачны порт даступны для марскіх суднаў). Гал. порт краіны па імпарце і экспарце ненафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса). Развіты паветр. транспарт (360 аэрапортаў і аэрадромаў). Даўж. нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Экспарт: нафта і нафтапрадукты, жал. руда, пракат, золата, баксіты і алюміній, бананы. Імпарт: харч. тавары, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці, машыны і трансп. сродкі. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, Японія. Беларусь у 1992—93 экспартавала ў Венесуэлу калійныя ўгнаенні, матацыклы, веласіпеды. Грашовая адзінка — балівар.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венесуэлы ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, абавязковую 9-гадовую школу (7—15 гадоў), агульнаадук. сярэднія і сярэднія спец. школы, ВНУ. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты (дзярж. і прыватныя), ін-ты і каледжы вышэйшага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Цэнтральны ун-т (з 1725) і каталіцкі ун-т «Андрэс Бельё» ў Каракасе, Андскі ун-т у Мерыдзе (з 1785), ун-т у Валенсіі (з 1852). Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка ў Каракасе (з 1833), б-ка Цэнтральнага ун-та. Музеі: Нац. пантэон, Балівара, прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-гіст. (усе ў Каракасе). Навук. даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях, ун-тах, н.-д. цэнтрах і ін-тах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «El Universal» («Усеагульная», з 1909), «Últimas Notícias» («Апошнія паведамленні», з 1941), «El Nacional» («Нацыянальная», з 1943), «El Mundo» («Свет», з 1958). Дзейнічаюць дзярж. і прыватнае інфарм. агенцтва ІНАКК. Радыёвяшчанне з 1930. Буйнейшыя радыёстанцыі: «Радыё Насьёналь», «Радыё Каракас», «Радыё румбас», «Радыё кантынентэ». Тэлебачанне з 1952.
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове. Літ. помнікі дакалумбавай эпохі не захаваліся. У калан. перыяд пераважалі наследаванні ісп. узорам, гіст. хронікі, у паэзіі — гангарызм (культ «чыстай формы», мудрагелістая метафарычнасць, ускладненасць сінтаксісу і вобразнасці). Абуджэнне нац. свядомасці крэолаў у 18 ст. прадвызначыла станаўленне ўласна венесуэльскай л-ры. На ідэалы асветы і незалежнасць арыентаваліся першыя паэты і драматургі, нац.-патрыят. публіцыстыка Ф.Міранды і С.Балівара. Неакласіцысты, якія аб’ядналіся вакол літ.час. «La Oliva» («Аліва», 1836—46), вызначалі творчую атмасферу амаль да сярэдзіны 19 ст. Іх буйнейшы прадстаўнік — А.Бельё («Зварот да паэзіі», 1823, з няскончанай паэмы «Амерыка» — маніфест маладой л-ры; «Ода землеўладанню ў тропіках», 1826). У 1830—80-я г. ў л-ры панаваў рамантызм. Ён увабраў у сябе маст. і паліт. арыенціры краіны, якая сцвярджала сваю незалежнасць. Патрыят. і грамадз. матывы ўласцівыя паэзіі Р.М.Баральта (элегічная паэма «Развітанне з Айчынай», 1844), прозе Ф.Тора (раман «Пакутнікі», 1842) і Х.В.Гансалеса (паэма ў прозе «Месеніяны», каля 1852). Пільная ўвага да мясц. каларыту рамантыкаў Х.А.Майтына, А.Ласана, Х.Р.Эпеса стала зыходнай і цэнтральнай пасылкай для кастумбрыстаў (бытапісальнікаў) Д.Мендосы, Ф. дэ Салеса Перэсы, Н.Болета Перасы. У канцы 19 ст. з’явіліся творы, у якіх спалучаліся натуралістычныя і рэалістычныя тэндэнцыі: раманы «Пеонія» (1890) М.В.Рамера Гарсіі, «Страсці» (1895) Х.Хіля Фартуля. Значнай з’явай у л-ры Венесуэлы на мяжы 19—20 ст. быў мадэрнізм. Адчувальны ў творчасці рамантыка і парнасца Х.А.Перэса Банальдэ (зб. вершаў «Строфы», 1877; паэма «Флор», 1883), ён у поўнай ступені сцвердзіў сябе ў паэзіі М.Санчэса Пескеры і К.Борхеса, у раманах — М.Дыяса Радрыгеса, Л.М.Урбанехі Ачэльполя. З 1920-х г. у творчасці Урбанехі, Ачэльполя, Р.Бланка Фамбоны (пачынаў як мадэрніст) і інш. эстэтаў намеціўся паварот да рэалізму. У наступныя гады праз паэзію постмадэрнізму (Л.Э.Мармаль, А.Э.Бланка) і прагрэсіруючы рэалізм адкрыліся новыя перспектывы асэнсавання нац. вытокаў, сац.-паліт. рэчаіснасці. Праблему «варварства і цывілізацыя» ўзнялі раманы Р.Гальегаса «Павітуха» (1925) і «Донья Барбара» (1929), крытычнае бачанне свету нажывы і дыктатуры адбілася ў кнігах Х.Р.Пакатэры, М.Пікона Саласа, Р.Дыяса Санчэса. Актуальная праблематыка, пошукі нетрадыцыйных мастацкіх рашэнняў уласцівыя творчасці А.Услара П’етры, М.Атэра Сільвы, С.Гармендыі, Х.В.Абрэу, Э.Субэра, Э.Каламбані.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У дакаланіяльны перыяд на тэр. Венесуэлы развівалася культура індзейскіх плямён. Сярод стараж. помнікаў наскальныя размалёўкі, пахавальныя урны, статуэткі, каменныя блокі з выявамі ягуараў, кракадзілаў, сімвалаў Сонца і Месяца, размаляваная і фігурная кераміка, амулеты. Творы манум. архітэктуры індзейцаў не захаваліся. Першыя гарады, заснаваныя іспанцамі ў 16 ст., мелі прамавугольную сетку кварталаў. У калан. перыяд узводзіліся аднатыпныя збудаванні (умацаванні, храмы і жылыя дамы) з дэкар. ўпрыгожаннямі. Архітэктура вызначалася прастатой: сабор (1664—74), «Дом з жалезнымі рашоткамі» ў г. Кора, дом С.Балівара (канец 18 ст.) у Каракасе. Пасля абвяшчэння Венесуэлы незалежнай рэспублікай (1830) і асабліва ў канцы 19 ст.буд-ва пашырылася пераважна ў Каракасе (грамадскія будынкі, шматкватэрныя дамы ў неакласічным ці неагатычным стылях. У канцы 19 — 1-й пал. 20 ст. архітэктура паслядоўна змянялася ад неакласіцызму (Нац. капітолій у Каракасе, 1872—75, арх. Л.Урданета), неагатычнага, маўрытанскага і «каланіяльнага» стыляў да функцыяналізму (пабудовы арх. К.Р.Вільянуэвы 1930-х г.). З сярэдзіны 20 ст. яна характарызуецца ансамблевасцю, комплекснай забудовай жылых раёнаў, навізной арх. форм і жалезабетонных канструкцый, сінтэзам мастацтваў (арх. Вільянуэва, С.Дамінгес, Г.Бермудэс, Х.М.Галія і інш.).
Выяўленчае мастацтва калан. перыяду адметнае партрэтным жывапісам канца 18 — пач. 19 ст. (Х.Лавера). З 1830-х г. цэнтральнай у творчасці мастакоў стала тэма вольнай радзімы, развіваюцца гіст. жывапіс (М.Тавар-і-Тавар, А.Мічэлена) і скульптура (М.Гансалес, Э.Паласіяс-і-Кавельё) патрыят. зместу; К.Рохас ствараў жанравыя карціны. На пач. і ў сярэдзіне 19 ст. пашыраны кастумбрызм, ілюстраванне навук. прац (К.Фернандэс, А.Х.Каранса). З пач. 20 ст. стаў пашырацца гіст. жанр (Ц.Салас); у традыцыях франц. імпрэсіяністаў і П.Сезана працавалі пейзажысты Ф.Брант, Р.Манастэрыяс, А.Рэверон і інш.; творы на тэмы нар. побыту стваралі жывапісец Э.Палеа, графік П.А.Гансалес, скульптар Ф.Нарваэс. Значнае месца ў мастацтве Венесуэлы займаюць мастакі-мадэрністы, якія звяртаюцца да ўмоўна-дэкар. жывапісу, абстрактнага мастацтва, поп-арту.
Музыка. Ва ўнутр. абласцях Венесуэлы захавалася стараж.муз. культура індзейцаў, у т. л. рытуальныя танцы марэ-марэ, тура, себукан. На ўзбярэжжы пашырана афра-амер. музыка (танцы бамба, мерэнге, сангеа і інш.). Пераважае крэольская музыка, гал. месца ў якой займае харопа (аб’ядноўвае танцы, спевы, інстр. п’есы, спаборніцтвы спевакоў-імправізатараў). Асн. крэольскія інструменты — куатра (шчыпковы), гітара, арфа, ударны марака. Праф.муз. творчасць (з 18 ст.) звязана пераважна з культавай музыкай (сярод майстроў Х.М.Аліварэс, Х.Ф.Веласкес, Х.А.Кара дэ Баэсі). У развіццё музыкі 19 ст. значны ўклад зрабілі Ф.Ларасабаль, Ф.Вільёна, Т.Карэньё, Х.А.Мантэра, аўтар першай нац. оперы «Вірхінія» (1873). Заснавальнік нац. кампазітарскай школы В.Э.Соха (арганізатар Нац.сімф. аркестра Венесуэлы, 1930). Сярод кампазітараў 20 ст. Х.Б.Пласа Альфонса, Х.В.Лекуна, Х.А.Кальканьё, К.Фігерэда, А.Саусе, Э.Кастэльянас, А.Лаура; у кірунку авангардызму (дадэкафонія, алеаторыка, электронная музыка, аўдыёвізуальныя сродкі) працуюць А.Эставес, Р.Эрнандэс Лопес, Х.А.Абрэу, Х.Л.Муньёс, А.Х.Ачоа, А. дэль Манака, Я.Іаанідыс. Цэнтр муз. культуры Венесуэлы — г. Каракас.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва мелі драматызаваныя танцы і рытуальныя цырымоніі індзейскіх плямён Венесуэлы. Тэатры тут узніклі ў сярэдзіне 18 ст.: «Ла роса» ў Ла-Гуайры і «Калісеа» ў Каракасе (з пастаяннай трупай), дзе ставіліся п’есы нац. і еўрап. драматургаў. У 20 ст. актывізацыя тэатр. жыцця звязана са з’яўленнем жанру муз. камедыі (сайнетэ), з дзейнасцю асацыяцыі венесуэльскіх пісьменнікаў (канец 1930-х г.) і Т-ва сяброў т-ра на чале з А.Сертадам (1940—50-я г.). У 1954 засн.Нац. школа сцэн. мастацтва. У 1960-я г.тэатр. мастацтва не адыгрывала значнай ролі ў культ. жыцці краіны, гал. ўвага аддавалася развіццю радыёвяшчання і тэлебачання, дзе выступалі пераважна замежныя гастралёры. Сярод т-раў Каракаса: «Тэатра мунісіпаль», «Тэатра насьёналь», «Паліэдра», «Атэнеа», Тэатр камедыі. У ліку драматургаў і тэатр. дзеячаў: І.Грамка, Р.Пінеда, А. дэ Пас-і-Матэас, К.Ортыс, А.Лопес, М.Гарсія, К.Пальма, К.Маркес.
Кіно. Першы фільм зняты ў Венесуэле ў 1909 — кароткаметражная стужка «Карнавал у Каракасе». У 1920—30-я г. актыўна працавалі рэж. А.Кардэра і Э.Ансола. Першы гукавы фільм зняты ў 1937. Да канца 1940-х г. выйшлі некалькі дакумент. і хранікальных фільмаў, а таксама мастацкі — «Бабулін медальён» (рэж. Г.Відаль). У 1948—54 у Каракасе працавала кінастудыя «Балівар-фільм». Сюжэты фільмаў былі звязаны з гіст. падзеямі ў краіне, з жыццём і дзейнасцю нац. героя 19 ст. С.Балівара. Міжнар. вядомасць атрымаў дакумент. фільм «Арая» (1958, рэж. М.Бенасераф). У 1966 засн.Нац. сінематэка, у 1969 — Нац. асацыяцыя кінадзеячаў Венесуэлы, у 1972 — школа-студыя «Атэнеа». Здымаюцца маст., дакумент., хранік. і рэкламныя фільмы. Сярод вядучых рэжысёраў: К. дэ ла Серда, М.Адрэман, Д.Арапеса, М.Валерстэйн, М.Карбанель, Л.А.Рочэ, М. дэ Педра, Р.Чальбаўд.
Літ.:
Венесуэла: Экономика, политика, культура. М., 1967;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Герб і сцяг Венесуэлы.Да арт.Венесуэла. М.Тавар-і-Тавар. Партрэт А.Гусмана Бланка.Да арт.Венесуэла. Падвеска з выявай бажаства ў выглядзе алігатара.Да арт.Венесуэла. Размаляваная жаночая постаць. Кераміка. 500. Эль-Такуё (штат Лара).
Да арт.Венесуэла. У цэнтры Каракаса.Да арт.Венесуэла. У гарах Кардыльера-дэ-Мерыда.