НЕ́СЦЕРАЎ (Міхаіл Васілевіч) (31.5.1862, г. Уфа, Башкортастан — 18.10.1942),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1942). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1877—81 і 1884—86) і Пецярбургскай АМ (1881—84; з 1910 яе правадз. член). З 1889 экспанент, з 1896 член Т-ва перасоўных маст. выставак. Жыў у Маскве, у 1890—1910 у Кіеве. Раннія жанравыя карціны («Знаток», 1884), гіст. кампазіцыі («Да гасудара чалабітнікі», 1886), партрэты, ілюстрацыі ствараў у духу перасоўнікаў. Пазней звярнуўся да духоўна-рэліг. праблем, пошукаў прасветленай і чыстай духоўнай прыгажосці чалавека, які адрокся ад марнага свету. Для твораў характэрны лірычнасць вобразаў на фоне бляклай паўн. прыроды, серабрысты каларыт, спакойны настрой: «Пустэльнік» (1888—89), «Праява отраку Варфаламею» (1889—90) і інш. Цікавасць да псіхалогіі веруючых, да прасвятлення і азарэння набыла ў яго творах своеасаблівы драматызм: «Пад звон» (1895), «Вялікі пострыг» (1897—98), «Святая Русь» (1901—06), «На Русі» (1916). Творам гэтага часу ўласцівы рысы стылю мадэрн, якія ў манум. работах набылі характар халоднай стылізацыі: размалёўкі Уладзімірскага сабора ў Кіеве (1890—95), Марфа-Марыінскага манастыра ў Маскве (1908—11), мазаікі царквы Спаса «на крыві» ў Пецярбургу (1894—97). Майстар псіхал. партрэтаў: П. і А. Корыных (1930), А.Северцава, І.Шадра (абодва 1934), С.Юдзіна, І.Паўлава (абодва 1935), В.Мухінай (1940) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Давние дни: Встречи и воспоминания. [2 изд.] М., 1959;
Из писем. Л., 1968.
Літ.: Никонова И.И. М.В.Нестеров. 2 изд. М., 1984.