бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1957, курс К.Саннікава). Працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца характарных роляў. Творчасць Т. адметная паглыбленым псіхалагізмам, дэталёвай распрацоўкай знешняга малюнка ролі, яркай тэатр. формай. Ролі ў бел. рэпертуары: Інга, Лена («Выклік багам», «Начное дзяжурства» А.Дзялендзіка), Зося («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка). Шэраг яркіх вобразаў стварыла ў сучасным рэпертуары: Кэт («Чацвёрты» К.Сіманава), Наташа («Яшчэ раз пра каханне» Э.Радзінскага), Ніна («Гросмайстарскі бал» паводле І.Штэмлера), Ліза Хрэнава («Традыцыйны збор» В.Розава), Марыя («Святая святых» І.Друцэ). Сярод інш. роляў: Ірына, Гурмыжская («Апошняя ахвяра», «Лес» А.Астроўскага), Насця («На дне» М.Горкага), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Амелія («Смерць ваяводы» Ю.Славацкага), Дзяўчына, Зехра («Забыты ўсімі», «Дзівак» Назыма Хікмета), Голда («Памінальная малітва» Р.Горына), Мелі («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Жанчына («Тая, якая сама па сабе блукае» паводле Р.Кіплінга), Элеанора («Месье Амількар, альбо Чалавек, які плаціць» І.Жаміяка), Эліда («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Івона («Жудасныя бацькі» Ж.Както). Яна («Апошні закаханы» Н.Саймана).
Літ.:
Чаркас І. Каб сказаць сваё, запаветнае // Тэатр. Мінск. 1984. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАШЭ́ВІЧ Уладзімір Максімавіч (17.2.1928, в. Вадзяціна Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у выд-вах, час. «Полымя» і «Маладосць». Друкуецца з 1958. Асн. тэмы апавяданняў і аповесцей — жыццё сялян Зах. Беларусі, барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў, пасляваен. адбудова, маральныя праблемы сучаснага вясковага і гарадскога жыцця, каханне (зб-кі «Заклінаю ад кулі», 1960, «Між двух агнёў», 1963, «Абуджэнне», 1968, «У лабірынце вуліц», 1979, аповесць-хроніка «Порахам пахла зямля», 1973, дакумент. аповесць «Першым заўсёды цяжка», 1986, з У.Сазановічам). Раман «Камень з гары» (1990) пра падзеі 1950—60-х г., калі быў развянчаны культ асобы. Героі твораў Д. — людзі сумленныя і працалюбівыя, мужна імкнуцца да праўды і справядлівасці, высокага маральнага ідэалу. Проза пісьменніка злабадзённая па тэматыцы, псіхалагічна паглыбленая, стрыманая ў фарбах, вылучаецца жывой нар. мовай. За аповесць «Кожны чацвёрты» (1991) Літ. прэмія імя І.Мележа 1992. Пераклаў на бел. мову раман Е.Путраманта «Верасень» (з Я.Міско), апавяданні К.Федзіна, Ю.Нагібіна, У.Салаухіна і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1977;
Выбр. творы. Мн., 1988.
Літ.:
Александровіч С. У пошуках гераічнага і незвычайнага // Полымя. 1960. № 8;
Ярош М. Творчы неспакой пісьменніка // Там жа. 1963. № 12;
Няхай М. Пара творчай сталасці // Бел. літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМАІ́Л,
горад на Украіне, раённы цэнтр Адэскай вобл. Размешчаны на левым беразе Кілійскага гірла (вусця) Дуная, за 80 км ад Чорнага м. 95 тыс.ж. (1993). Порт, даступны для марскіх суднаў. Чыг. станцыя. Прам-сць: харчасмакавая (кансервавая, рыбная, мясная і інш.), суднарамонтна-механічная, цэлюлозна-кардонная, буд. матэрыялаў і лёгкая. Пед.ін-т. Музей А.В.Суворава (у т. л. дыярама «Штурм крэпасці Ізмаіл»), карцінная галерэя. Арх. помнікі: мячэць 16 ст., Пакроўскі сабор (1831), цэрквы Раства (1823) і Нікольская (1833).
Вядомы са стараж. часоў. У 12 ст. на месцы І. была генуэзская крэпасць, пазней належала Малдаўскаму княству. З 16 ст.тур. крэпасць. У рус.-тур. вайну 1768—74 узяты рус. войскамі, з 1771 база рас. Дунайскай ваен. флатыліі. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага мірнага дагавора 1774 вернуты Турцыі. У рус.-тур. вайну 1787—91 зноў узяты рус. войскамі на чале з А.В.Суворавым. Паводле Яскага дагавора 1791 вернуты Турцыі. Трэці раз І. узяты рус. войскамі ў час рус.-тур. вайны 1806—12 і паводле Бухарэсцкага дагавора 1812 застаўся за Расіяй. У выніку Крымскай вайны 1853—56 паводле Парыжскага дагавора 1856 І. разам з паўд.ч. Бесарабіі адышоў да Турцыі. У час рус.-тур. вайны 1877—78 чацвёрты раз узяты рус. войскамі і паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878 перададзены Расіі. У 1918 акупіраваны Румыніяй, з 1940 у СССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-рум. войскамі (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАР’Я́НЦ Армен Багратавіч (28.9.1918, г. Андыжан, Узбекістан — 24.3.1976),
бел. мастак т-ра. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскае маст.-пед. вучылішча (1939). Працаваў у т-рах Ташкента, Вільні і інш. З 1953 гал. мастак Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі, з 1962 гал. мастак Бел.т-ра імя Я.Купалы. З 1958 выкладаў таксама ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Творчасці Грыгар’янца ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць зрокавых вобразаў, арган. адзінства традыцыйнага і наватарскага. Сярод лепшых спектакляў: «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1953), «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (1957), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1962) у Рус. т-ры; «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1953), «Салавей» З.Бядулі (1956), «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (1958), «Чацвёрты» К.Сіманава (1962), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (1965), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1966, з Б.Герлаванам), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма (1972), «Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), «Гульня з кошкай» І.Эркеня (1976) у т-ры імя Я.Купалы; «Багема» Дж.Пучыні і «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968) у Дзярж. т-ры оперы і балета. Маст. і рэж. спектакляў «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта (1962, Рус.т-р) і «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1968, Бел.рэсп.т-р юнага гледача). Мастак кінафільмаў «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з У.Белавусавым) і інш.
П.А.Карнач.
А.Грыгар’янц. Эскізы касцюмаў да спектакля «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта.А.Грыгар’янц. Эскіз дэкарацый да спектакля «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРГІНЕ́Ц Мікалай Іванавіч (н. 17.10.1937, Мінск),
бел. пісьменнік, дзярж. дзеяч Беларусі. Ген.-лейтэнант унутр. службы (1993). Канд.юрыд.н. (1977). Праф. (2000). Засл. работнік МУССССР (1977). Скончыў БДУ (1967). З 1964 у органах унутр. спраў, у 1981—84 нач. Упраўлення крымін. вышуку МУС Беларусі, з 1987 — Бел. ўпраўлення ўнутр. спраў па транспарце МУС Беларусі. З 1993 старшыня К-та па сац. абароне ваеннаслужачых, ветэранаў вайны і памяці загінуўшых пры Савеце Міністраў Беларусі, з 1997 — Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь па міжнар. справах і нац. бяспецы, з 1998 — Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па знешняй палітыцы. З 2002 старшыня Беллітфонду. Друкуецца з 1973. Піша на рус. мове. У дакумент. аповесцях «Чацвёрты след» (1973), «Следства працягваецца» (1977), аповесцях «Трывожная служба» (1975), «Фінал Краба» (1979), «Служба — дні і ночы» (1981), рамане «Вам — заданне» (1982) характары, побыт, складаная і небяспечная служба работнікаў міліцыі ў Вял.Айч. вайну і ў мірны час. Раманы «Тайна Чорных Гор» (1987), «Сыны» (1989) пра вайну ў Афганістане, аповесць «Загад №1» (1985) — гісторыка-паліт. дэтэктыў пра станаўленне сав. улады на Беларусі. Раман-прадбачанне «Ілоты вар’яцтва» (1995) пра барацьбу з міжнар. тэрарызмам. Дэтэктыўна-паліт. раман «Тайна Авальнага кабінета» (2001) пра традыц. ўклад амерыканцаў, жыццё ў Белым доме. Аўтар навук. прац у галіне правазнаўства, кінасцэнарыяў і спектакляў паводле ўласных раманаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУВІ́М (Tuwim) Юльян (13.9.1894, г. Лодзь, Польшча — 27.12.1953),
польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1916—18). У 1939—46 у эміграцыі, з 1942 актыўна ўдзельнічаў у антыфаш. дзейнасці. Друкаваўся з 1913. У зб-ках «Падпільноўваю Бога» (1918), «Сакрат танцуе» (1920), «Сёмая восень» (1922) і інш. наватарскі падыход да паэт. мовы, віталізм, культ радасці і кахання. У зб. «Чацвёрты том вершаў» (1923) элегічныя матывы, насычанасць сімволікай. Сац.-філас. рэфлексія, тэма паэта і паэзіі, сувязь з класічнай традыцыяй вызначальныя ў зб-ках «Словы ў крыві» (1926), «Чарналессе» (1929), «Палымяная сутнасць» (1936). Паэт. канцэпцыя слова ў «паэме-фантазіі» «Зеляніна» (1936). У цэнтры паэмы «Баль у оперы» (1936, апубл. 1946) асэнсаванне гісторыка-паліт. сітуацыі ў міжваен. Польшчы. Ліра-эпічная паэма «Кветкі Польшчы» (апубл. 1949, незавершана) адметная тэматычным багаццем, версіфікатарскай тэхнікай. Аўтар арыгінальных кніг па гісторыі нораваў і звычаяў, культуры, мовы і л-ры Польшчы, у т. л. «Чатыры стагоддзі польскай фрашкі» (1937), «Кніга польскіх вершаў XIX ст.» (т. 1—3, 1954), твораў для дзяцей. Пераклаў на польскую мову «Слова аб паходзе Ігаравым» (1928, новы варыянт 1950), некат. творы рус. і інш. пісьменнікаў. На бел. мову паасобныя творы Т. пераклалі Э.Агняцвет, А.Вялюгін, С.Дзяргай, М.Лужанін, П.Макаль, У.Мархель, Р.Няхай, Я.Семяжон, В.Сёмуха, М.Танк, С.Шушкевіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́РЫН Барыс Уладзіміравіч (н. 5.4.1921, Масква),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Украіны (1984). Скончыў тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1948), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1953). Працаваў у розных т-рах Расіі, Украіны і Беларусі. З 1957 рэжысёр, у 1964—68 гал. рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Купалы, у 1972—75 Кіеўскага рус.драм.т-ра імя Лесі Украінкі, з 1984 рэжысёр гэтага т-ра. У 1968—85 ставіў асобныя спектаклі ў бел. т-рах імя Я.Коласа, імя Я.Купалы, Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. У 1991—92 маст. кіраўнік т-ра імя Я.Коласа. Пастаноўкі вызначаюцца тонкім разуменнем стылю п’есы, глыбокім псіхал. аналізам вобразаў, гарманічнай злітнасцю ўсіх кампанентаў спектакля. Сярод лепшых пастановак: у т-ры імя Я.Купалы — «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964) Назыма Хікмета, «Дабракі» Л.Зорына, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна (абедзве 1959), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1961), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага, «Чацвёрты» К.Сіманава (абедзве 1962), «Палата» С.Алёшына (1963), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (1965), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1966), «На дне» М.Горкага (1968), «Гульня з кошкай» І.Эркеня (1976), «І змоўклі птушкі» І.Шамякіна (1977), «Вечар» А.Дударава (1984), «Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема (1989), «Вежа» Дударава, У.Някляева (1990) і інш.; у т-ры імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (1968), «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «А досвіткі тут ціхія...» (1971), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1978) паводле Б.Васільева, «Не трывожся, мама!..» паводле Н.Думбадзе (1972), «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча (1976), «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1981), «Востраў Алены» Я.Шабана (1982), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1983), «Без віны вінаватыя» Астроўскага (1985), «Жыды горада Піцера» бр. Стругацкіх (1991), «ЧП-1», «ЧП-2» («Рэвізор» М.Гогаля, 1992), «Хачу здымацца ў кіно» Н.Саймана (1993) і інш., у т-ры юнага гледача — «Сіні снег» Шабана (1975), «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1976), «Нахабнічак» паводле М.Шолахава (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАМАДУ́РАЎ Яўген Рыгоравіч (н. 28.1.1914, г. Шуміха Курганскай вобл., Расія),
бел. мастак тэатра. Засл. дз. маст. Таджыкістана (1945), Літвы (1954), Расіі (1958). Нар. мастак Беларусі (1963). Акад. Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1994). Скончыў Ленінградскую АМ (1938). З 1938 працаваў у т-рах Масквы, Душанбе, Чэлябінска, Кіева і інш. У 1959—76 гал. мастак Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1960—91 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Творчай манеры ўласцівы відовішчнасць, маштабнасць, эпічная і манумент. выразнасць вобразаў, што дасягаецца спалучэннем графічнай лаканічнасці малюнка з дэкаратыўнасцю колеру, выкарыстанне лепшых традыцый рус. сцэнаграфіі. Глыбокае разуменне прыроды тэатра, рэжысёрскай канцэпцыі спектакля вызначаюць высокі маст. ўзровень сцэнаграфіі да пастановак т-ра оперы і балета: опер «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) Ю.Семянякі, «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1960, 1972), «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева (1962), «Арэстэя» С.Танеева (1963), «Яснае світанне» А.Туранкова (1964), «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Алеся» Я Цікоцкага, «Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава (усе 1967), «Андрэй Касценя» М.Аладава (1970), «Хаваншчына» (1970), «Барыс Гадуноў» (1974) М.Мусаргскага, «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1971), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973); балетаў «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969) Я.Глебава, «Папялушка» (1965), «Рамэо і Джульета» (1968) Пракоф’ева, «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1967), «Святло і цені» Г.Вагнера (1963), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга, «Жызэль» А.Адана (абодва 1966), «Раймонда» А.Глазунова (1972) і інш. У Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі аформіў аперэты «Сільва» І.Кальмана (1971), «Чацвёрты пазванок» М.Ларні (1973). Аўтар сцэнаграфіі спектакляў «Манон» Ж.Маснэ (1951), «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага (1952) Вял.т-ра ў Маскве, «Аіда» Дж.Вердзі (1955) т-ра оперы і балета Румыніі (Бухарэст), «Сказ пра каменную кветку» Пракоф’ева (1967) Фін.нац. оперы (Хельсінкі), «Барыс Гадуноў» (1975), «Залаты пеўнік» (1979) т-ра «Калон» (Буэнас-Айрэс). Афармляў цыркавыя і эстр. праграмы, масавыя відовішчы. Зняўся ў кінафільмах «Ідучыя за гарызонт», «Рудабельская рэспубліка». Дзярж. прэмія СССР 1949. Іл.гл. таксама да арт.Касцюм тэатральны, Сцэнаграфія.
Літ.:
Карнач П.А. Евгений Чемодуров. Мн., 1984.
І.Л.Чэбан.
Я.Р.Чамадураў.Я.Чамадураў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага.Я.Чамадураў. Эскіз касцюма воіна да оперы «Арэстэя» С.Танеева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,
пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт.Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга; эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.
У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр.сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл.Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш.Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л.мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.
Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.