Э́РЫН Барыс Уладзіміравіч (н. 5.4.1921, Масква),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Украіны (1984). Скончыў тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1948), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1953). Працаваў у розных т-рах Расіі, Украіны і Беларусі. З 1957 рэжысёр, у 1964—68 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.Купалы, у 1972—75 Кіеўскага рус. драм. т-ра імя Лесі Украінкі, з 1984 рэжысёр гэтага т-ра. У 1968—85 ставіў асобныя спектаклі ў бел. т-рах імя Я.Коласа, імя Я.Купалы, Бел. рэсп. т-ры юнага гледача. У 1991—92 маст. кіраўнік т-ра імя Я.Коласа. Пастаноўкі вызначаюцца тонкім разуменнем стылю п’есы, глыбокім псіхал. аналізам вобразаў, гарманічнай злітнасцю ўсіх кампанентаў спектакля. Сярод лепшых пастановак: у т-ры імя Я.Купалы — «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964) Назыма Хікмета, «Дабракі» Л.Зорына, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна (абедзве 1959), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1961), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага, «Чацвёрты» К.Сіманава (абедзве 1962), «Палата» С.Алёшына (1963), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (1965), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1966), «На дне» М.Горкага (1968), «Гульня з кошкай» І.Эркеня (1976), «І змоўклі птушкі» І.Шамякіна (1977), «Вечар» А.Дударава (1984), «Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема (1989), «Вежа» Дударава, У.Някляева (1990) і інш.; у т-ры імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (1968), «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «А досвіткі тут ціхія...» (1971), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1978) паводле Б.Васільева, «Не трывожся, мама!..» паводле Н.Думбадзе (1972), «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча (1976), «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1981), «Востраў Алены» Я.Шабана (1982), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1983), «Без віны вінаватыя» Астроўскага (1985), «Жыды горада Піцера» бр. Стругацкіх (1991), «ЧП-1», «ЧП-2» («Рэвізор» М.Гогаля, 1992), «Хачу здымацца ў кіно» Н.Саймана (1993) і інш., у т-ры юнага гледача — «Сіні снег» Шабана (1975), «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1976), «Нахабнічак» паводле М.Шолахава (1980).
Л.І.Брандабоўская.
т. 18, кн. 1, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)