ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ БЯСПЕ́КІ І ЛЯЧЭ́ННЯ,

меры, што назначаюцца судом у адносінах да псіхічна хворых, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні (злачынствы). Праводзяцца з мэтай папярэджання з боку гэтых асоб новых грамадска небяспечных дзеянняў, іх аховы і лячэння. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь такія меры ўжываюцца судом да асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні ў стане бессвядомасці або захварэлі псіхічнай хваробай да пастановы прыгавору ці ў час адбыцця пакарання. Да гэтых мер адносяцца: прымусовы амбулаторны нагляд і лячэнне ў псіхіятра; прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (аддзяленні) са звычайным, узмоцненым ці строгім наглядам. Змена і спыненне прымянення мер да псіхічна хворых ажыццяўляецца судом на аснове заключэння ўрачоў-псіхіятраў. У выпадку, калі злачынства ўчынена асобамі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, суд пры наяўнасці мед. заключэння побач з пакараннем за ўчыненае злачынства можа прымяніць прымусовае лячэнне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫТАНІ́Т,

запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНДЫЦЫ́Т,

запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЫ́Т [ад грэч. us(ōtos) вуха + ...іт],

запаленне вуха. Адрозніваюць атыт вонкавы, сярэдні і ўнутраны. Вонкавы — запаленне вушной ракавіны і вонкавага слыхавога праходу ў выніку траўматызму і пранікнення інфекцыі. Суправаджаецца болем у вуху, гноепадобнымі выдзяленнямі, зніжэннем слыху, ацёчнасцю вушной ракавіны. Сярэдні востры (запаленне барабаннай поласці, еўстахіевай трубы) узнікае пры пранікненні ў поласць сярэдняга вуха мікробаў. Прыкметы: колючы боль у вуху, паніжэнне слыху, павышэнне тэмпературы цела. Сярэдні хранічны цягнецца гадамі, у барабаннай перапонцы ўтвараецца ўстойлівая адтуліна, з вуха цячэ гной, паніжаецца слых. Унутраны (запаленне ўнутр. вуха — вушнога лабірынта), лабірынт гнойны, калі гінуць канцы слыхавога нерва ў лабірынце вуха, што прыводзіць да страты слыхавой і вестыбулярнай функцый, і лабірынтыт серозны — ацёк тканкі; пасля завяршэння працэсу вестыбулярная функцыя аднаўляецца, слыхавая — часткова. Сімптомы: галавакружэнне, расстройства раўнавагі, млоснасць, ірвота, зніжэнне або поўная страта слыху. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Атыты могуць прыводзіць да глухаты, менінгітаў, абсцэсаў мозгу, сепсісу.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЎРЫ́Т,

запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн. метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАДЭРМАТЫ́Т [ад акра... + дэрматыт(ы)],

група хвароб з выключным або пераважным пашкоджаннем скуры канечнасцяў. Атрафічны хранічны акрадэрматыт бывае часцей у жанчын. На скуры тыльнага боку кісці і ступні, каленных і локцевых суставаў з’яўляецца застойна-сінюшная эрытэма, якая паступова распаўсюджваецца па ўсёй канечнасці. Скура атрафіруецца, станчаецца, робіцца падобнай на папяросную паперу. Суб’ектыўныя адчуванні адсутнічаюць, зрэдку — паколванні, неўралгічныя болі. Іншы раз бываюць зацвярдзенні скуры, вузлы каля каленных і локцевых суставаў, трафічныя язвы. Пры пустулёзным акрадэрматыце скура далоняў і тыльных паверхняў пальцаў рук (часцей вакол пазногцяў і каля падушачак), радзей скура пальцаў ног робіцца сінюшна-чырвоная, нацягнутая, бліскучая, пачынае лушчыцца (эрытэматозналушчыльная форма), з’яўляюцца пухіры (везікулёзная форма), часцей паверхневыя гнайнікі (пустулёзная форма). Скура паступова станчаецца, атрафіруецца, пазногці мутнеюць, дэфармуюцца і адпадаюць. Працэс можа пашырыцца на скуру далоняў, падэшвы, іншы раз — на ўсё цела. Суб’ектыўна — паколванні, радзей неўралгічныя болі. Захворванне працяглае з кароткімі рэмісіямі. Энтэрапатычны акрадэрматыт развіваецца часцей у немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту. Абумоўлены спадчыннасцю, парушэннямі ўсмоктвання пажыўных рэчываў і цынку ў тонкіх кішках. Характарызуецца пухірковай, гнайнічковай высыпкай вакол рота, вачэй, задняга праходу, у вобласці локцяў, каленяў, пахвінна-сцегнавых складак, на сцёгнах, ягадзіцах, дзе потым утвараюцца бляшкі. Адначасова пашкоджваецца слізістая абалонка рота, пазногці мутнеюць, робяцца ломкія, выпадаюць валасы на галаве, брывах, вейках. Характэрны святлабоязь, блефараспазма, страўнікава-кішачныя расстройствы, якія прыводзяць да знясілення і адставання ў фіз. развіцці дзіцяці.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Іван Пятровіч) (26.9.1849, г. Разань, Расія — 27.2.1936),

расійскі фізіёлаг, стваральнік вучэння пра вышэйшую нервовую дзейнасць. Акад. Пецярбургскай АН (1907, чл.-кар. 1901), акад. АН СССР (1925). Ганаровы чл. АН і навук. т-ваў многіх краін. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875) і Медыка-хірург. акадэмію (1879). Працаваў у ёй і фізіял. лабараторыі пры клініцы С.​П.​Боткіна. З 1890 праф., заг. кафедры Ваенна-мед. акадэміі, адначасова з 1891 узначальваў аддзел Ін-та эксперым. медыцыны. З 1925 дырэктар Фізіял. ін-та АН СССР. Навук. працы па фізіялогіі кровазвароту і стрававання. Распрацаваў новыя метады эксперым. даследаванняў: хранічны дослед на жывёлах, дослед з уяўным кармленнем, аперацыю малога страўніка з захаваннем яго інервацыі і інш. Даследаваў нерв. механізмы рэгуляцыі крывянога ціску, даказаў наяўнасць асобнай нерв. рэгуляцыі дзейнасці сэрца, якая залежыць ад змены абмену рэчываў у сардэчнай мышцы. Стварыў вучэнне аб трафічнай функцыі нерв. сістэмы. У працах па фізіялогіі стрававання высветліў, што дзейнасць стрававальнага тракту рэгулюецца карой вял. паўшар’яў галаўнога мозга; у працах па вышэйшай нерв. дзейнасці метадам умоўных рэфлексаў даказаў, што ў аснове псіхічнай дзейнасці ляжаць фізіял. працэсы ў кары галаўнога мозга. Распрацаваў вучэнне пра другую сігнальную сістэму, адкрыў з’яву тармажэння ў кары галаўнога мозга, стварыў вучэнне пра сон, тыпы нерв. дзейнасці, ахоўнае тармажэнне і інш. Даследаванні П. па фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці зрабілі вял. ўплыў на развіццё фізіялогіі, медыцыны, псіхалогіі, педагогікі. Нобелеўская прэмія 1904.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;

Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973.

Літ.:

Бабский Е.Б. И.​П.​Павлов. 2 изд. М., 1959.

І.П.Паўлаў.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАГАЛІ́ЗМ, алкагалізм хранічны,

хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.

Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.

Ф.​М.​Гайдук, Г.​А.​Маслыка.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)