работа, якая выконваецца па распараджэнню або з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу. З.р., як правіла, не дапускаецца. Працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяжоўвае яе і ўстанаўлівае вычарпальны пералік выключных выпадкаў, калі З.р. могуць быць дазволены. Прыцягненне да З.р. дапускаецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам або калектыўным дагаворам, пагадненнем. З.р. без згоды работніка дапускаюцца: пры правядзенні работ для прадухілення грамадскага або стыхійнага бедства, вытв. аварыі і неадкладнай ліквідацыі іх вынікаў, папярэджання няшчасных выпадкаў, аказання экстраннай мед. дапамогі работнікамі ўстаноў аховы здароўя, пры правядзенні грамадска неабходных работ па забеспячэнні насельніцтва вадой, асвятленнем, ацяпленнем. сувяззю і да т.п. Пэўныя катэгорыі работнікаў (цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць малых дзяцей, непаўналетнія, інваліды, хворыя) да З.р. не дапускаюцца. Працягласць З.р. таксама абмежавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.
Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т. л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
Літ.:
Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАЦУКРЫ́ДЫ,
вугляводы, у малекулах якіх ад 2 да 10 монацукрыдных астаткаў, злучаных паміж сабой т.зв. гліказіднай сувяззю. Займаюць прамежкавае становішча паміж монацукрыдамі і поліцукрыдамі. Паводле ступені палімерызацыі падзяляюцца на ды-, тры-, тэтрацукрыды і г.д. У свабодным стане пашыраны ў жывых арганізмах, фрагменты ўваходзяць у склад прыродных глікаліпідаў, флаваноідаў, алкалоідаў, сапанінаў, некаторых антыбіётыкаў і інш. Найважнейшыя алігацукрыды — цукроза (трысняговы цукар), мальтоза (соладавы цукар), лактоза (малочны цукар). З інш. прыродных алігацукрыдаў найб. вядомы рафіноза (у цукр. бураках і інш. вышэйшых раслінах), мелецытоза (у соку хвойных дрэў), трэгалоза (гал. цукар гемалімфы многіх насякомых), цэлабіёза (асн. структурная адзінка цэлюлозы).
Атрымліваюць алігацукрыды ферментатыўным або частковым кіслотным гідролізам поліцукрыдаў; шэраг аналагаў сінтэзаваны штучна. Маюць важнае значэнне ў харчаванні чалавека (асабліва цукроза і лактоза). Зрэдку бывае непераноснасць арганізмам асобных відаў алігацукрыдаў, што абумоўлена прыроджанай адсутнасцю ў кішачным соку ферментаў, якія расшчапляюць алігацукрыды на монацукрыды (суправаджаецца захворваннямі, часам гібеллю арганізма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ФТА (ад ням. Muffe),
прыстасаванне для злучэння валоў, цяг, труб, канатаў, кабеляў і інш. цыліндрычных дэталей. Бываюць злучальныя (фітынгі, кабельныя муфты і інш.), якія забяспечваюць трываласць злучэння, герметычнасць, ахову ад карозіі, і М. прыводаў машын і механізмаў, што перадаюць вярчальны рух з аднаго вала на другі (ці на шкіў, зубчастае кола і да т.п.).
М. прыводаў таксама кампенсуюць мантажныя адхіленні, раз’ядноўваюць валы, засцерагаюць машыны ад паломак у аварыйных рэжымах і інш. Перадача моманту ў М ажыццяўляецца з мех.сувяззю паміж дэталямі (глухія, зубчастыя, утулачна-пальцавыя, кулачковыя, шарнірныя М.), за кошт трэння або магн. прыцяжэння (фрыкцыйныя, электраіндукцыйныя М.), сіл інерцыі (гідрамуфты, гл.Гідрадынамічная перадача). М. прыводаў бываюць: пастаянныя злучальныя, кіроўныя, самакіроўныя (аўтаматычныя, якія ўключаюцца і выключаюцца ў залежнасці ад рэжыму работы), М. слізгання.
Муфты для перадачы вярчальнага руху: а — простая муфта; б — адзінарныя шарнірныя, спалучаныя з прамежкавым валам (1 — злучальныя валы, 2 — паўмуфты, 3 — прамежкавы вал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРСЕ́С ШНАРАЛІ́ (1101, крэпасць Цоўк у Кілікіі, цяпер тэр. Турцыі — 13.8.1173),
армянскі паэт, царк. дзеяч. Атрымаў рознабаковую адукацыю ў манастыры Кармір. З 1126 епіскап, з 1166 каталікос Арменіі (Нерсес IV Дабратворны). Пісаў тэксты духоўных гімнаў і малітваў, дыдактычныя вершы, свецкія песні, а таксама музыку да іх. Сістэматызаваў гадавы цыкл стараж.-арм. духоўных песнапенняў, дапоўніў іх уласнымі вобразамі, матывамі. Апрацаваў тэксты Гімнарыя (Шыраканы) і Літурпярыя (Патаракаматуц). Аўтар тэматычна разнастайных паэм: гіст. «Віпасануцюн» (1121), ліра-эпічнай «Элегія на ўзяцце Эдэсы» (1145—46, апубл. 1643), рэліг. «Слова пра веру» (1151) і «Ісус Сын» (1152), дыдактычнай «Пра неба і свяцілы» (1162), празаічнага зб. «Пасланні» (1166, апубл. 1788), вершаваных загадак, набліжаных да фальклору (каля 300). Яго творы прасякнуты гуманіст. і патрыят. пафасам, адметныя шырынёй тэматыкі, непарыўнай сувяззю з вуснай нар. творчасцю.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Поэзия Армении с древнейших времен до наших дней. Ереван, 1987 [факс. изд.: Ереван, 1916].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТАЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,
адно з найгалоўнейшых біял. абагульненняў, у адпаведнасці з якім усе арганізмы маюць клетачную будову. Сфармулявана Т.Шванам (1839), які паказаў агульны прынцып будовы і росту тканак жывёл і раслін. Клетка — асн. адзінка жыццядзейнасці, структуры і функцыі і найменшая элементарная часцінка, якая валодае характэрнымі асаблівасцямі жывога. Новыя клеткі ўзнікаюць толькі ад дзялення раней існуючых. Важныя кампаненты клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі), працэсы іх сінтэзу і ператварэнняў універсальныя і падобныя ў клетак усіх жывых сістэм.Асн. будова клеткі прынцыпова падобная ў эўкарыётаў (маюць ядро) і пракарыётаў (не маюць ядра). Даказана агульнасць клетачных арганоідаў у жывёл і раслін. Сучасная К.т. разглядае шматклетачны арганізм як складаную інтэграваную сістэму, для якой характэрны новыя спецыфічныя рысы. Цэласнасць арганізма складаецца з актыўнасці і ўзаемадзеяння асобных клетачных адзінак, якое ў жывёл ажыццяўляецца нервовай і гумаральнай рэгуляцыяй, а ў раслін — непасрэднай цытаплазматычнай сувяззю клетак.
Літ.:
Вермель Е.М. История учения о клетке. М., 1970;
Митникова Л.В. Философские проблемы биологии клетки: (Гносеол. аспект). Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫ́ДЫ,
хімічныя злучэнні азоту з больш электрададатнымі элементамі, пераважна з металамі; адносяцца да металідаў.
Большасць Н. цвёрдыя крышт. рэчывы. Паводле тыпу хім. сувязі Н. падзяляюць на іонныя, кавалентныя і металападобныя (з пераважна метал.сувяззю). Іонныя (Н. шчолачных і шчолачназямельных металаў) маюць саставы. што адпавядаюць звычайным валентным суадносінам (напр.. Н. літыю Li3N, магнію Mg2N3), раскладаюцца вадой з вылучэннем аміяку. Да кавалентных адносяцца Н. бору (гл.Бору злучэнні), крэмнію Si3N4, а таксама алюмінію (гл.Алюмінію злучэнні), індыю і галію; хімічна вельмі ўстойлівыя, дыэлектрыкі ці паўправаднікі з шырокай забароненай зонай. Металападобныя — Н. пераходных металаў (тытану TiN, цырконію ZrN, малібдэну Mo2N і інш.), маюць высокія т-ры плаўлення (каля 3000 °C) і цвёрдасць, хімічна вельмі ўстойлівыя, добрыя праваднікі. Утвараюцца пры азатаванні. Атрымліваюць Н. з элементаў пры высокіх т-рах у атмасферы азоту ці аміяку, а таксама аднаўленнем аксідаў або галагенідаў металаў у прысутнасці азоту. Выкарыстоўваюць як вогнетрывалыя і абразіўныя матэрыялы, кампаненты гарачатрывалых і гарачаўстойлівых кампазіцыйных матэрыялаў (у т. л.керметаў), металападобныя — як кампаненты цвёрдых сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,
словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.
Літ.:
Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;
Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Аляксандра Ануфрыеўна) (23.4.1918, Мінск — 23.4.1988),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучылася ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыла Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1950). У 1964—66 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі. Творы вызначаюцца арган. спалучэннем манум. эпічнасці вобразаў з паэтычнасцю, тонкім лірызмам, сувяззю з фальклорам, яркім нац. каларытам: серыі «Закарпацце», «Па родным краі» (абедзве 1961), «Па Італіі», «Па Балгарыі», «На Палессі», «Працоўныя Палесся» (усе 1965), «Па матывах беларускіх народных песень», «Вайна народная» (абедзве 1967), «Беларускія народныя святы» (1969), «Жанчыны Палесся» (1971—72), «Народныя майстры» (1973), «Беларускія песні» (1974) і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (П.Панчанкі, 1963; А.Пашкевіч, 1976), нацюрмортаў («Званочкі», 1977; «Нацюрморт з маленькім саламяным конікам», 1980), афармлення кніг («Рыбакова хата» Я.Коласа, 1962; «Кацярына» Т.Шаўчэнкі, 1964) і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Алеся Паслядовіч. Мн., 1975;
Воронова О. Александра Последович: Графика. М., 1984.
А.Паслядовіч. Гаспадыня. З серыі «Жанчыны Палесся». 1971.