БАГАРА́З Уладзімір Германавіч
(27.4.1865, г. Оўруч Жытомірскай вобл., Украіна — 10.5.1936),
этнограф, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў сістэм. вывучэння гісторыі, этнаграфіі, культуры і быту народаў Поўначы. За прыналежнасць да партыі «Народная воля» сасланы на Калыму (1890—98). З 1921 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1932 дырэктар Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АН СССР. Адзін са стваральнікаў пісьменнасці, фундаментальных прац па этнаграфіі і фальклоры народаў Поўначы; аўтар першых падручнікаў, слоўнікаў, граматыкі чукоцкай мовы, манаграфіі «Чукчы» (ч. 1—2, 1934—39). Пісаў вершаваныя і празаічныя творы пад псеўданімам Тан (кн. «Чукоцкія апавяданні», 1899; «Калымскія апавяданні», 1931; аповесці «Восем плямёнаў», 1902; «Дні волі», 1906; «Ахвяра дракона», 1909; раман «Уваскрэслае племя», 1935, і інш.). Творы Багараза вызначаюцца маст. дакладнасцю, жывой нар. мовай, сувяззю з фальклорам.
Літ.:
Кулешова Н.Ф. В.Г.Тан-Богораз. Мн., 1975.
т. 2, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)