Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,
умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл.Комплексныя злучэнні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЕ́ЗІЯ (ад лац. cohaesus звязаны, счэплены),
счапленне (прыцягненне) часцей аднаго і таго ж аднароднага фіз. цела. Абумоўлена хімічнай сувяззю паміж часціцамі (атамамі, іонамі), што састаўляюць цела, і міжмалекулярным узаемадзеяннем. Сілы К. рэзка памяншаюцца з адлегласцю, яны найб. значныя ў цвёрдых целах і вадкасцях. Гл. таксама Адгезія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛААРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь метал—вуглярод (M—C); асн. група элементаарганічных злучэнняў. Паводле характару хім. сувязі M—C адрозніваюць 2 асн. тыпы М.з.: злучэнні з σ-сувяззю (пераважна М.з. непераходных металаў); злучэнні з π-сувязямі, якія ўзнікаюць паміж атамамі пераходных металаў і арган. ненасычанымі малекуламі, ці лігандамі.
Фіз. ўласцівасці М.з. непераходных металаў залежаць ад характару сувязі метал—вуглярод. М.з. шчолачных і шчолачназямельных металаў (за выключэннем літыйарганічных злучэнняў і магнійарганічных злучэнняў, злучэнні з іоннай сувяззю M—C) — солі металу з карбаніёнам (напр., C5H5Na цыклапентадыенілнатрый), маюць высокія т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў непалярных растваральніках. Для злучэнняў з кавалентнай сувяззю (М.з. волава, свінцу, ртуцьарганічныя злучэнні) характэрны ўласцівасці арган. рэчываў: яны лятучыя, нізкаплаўкія, раствараюцца ў інертных арган. растваральніках; ніжэйшыя аліфатычныя (напр., тэтраэтылсвінец) — вадкасці, араматычныя — звычайна цвёрдыя рэчывы. Хім. ператварэнні (акісленне, узаемадзеянне з к-тамі, галагенамі, рэакцыі абмену і інш.) суправаджаюцца разрывам сувязі метал—вуглярод. М.з. пераходных металаў (акрамя плаціны) толькі з σ-сувязямі няўстойлівыя. М.з. пераходных металаў з’яўляюцца π-комплексамі, якія паводле тыпу арган. ліганду падзяляюць на алкенавыя, алкінавыя, алільныя, дыенавыя (або поліенавыя), цыклапентадыенільныя (у т. л. дыцыклапентадыенільныя злучэнні — металацэны; гл.Ферацэн) і арэнавыя. Вядомыя бі- і поліядз. М.з. з сувязямі паміж атамамі металу (гл.Кластэры). Хім. ўласцівасці π-комплексных М.з. вызначаюцца прыродай лігандаў і ў меншай ступені залежаць ад прыроды металу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭНА́НЫ (ад лац. catena ланцуг),
хімічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы (2 і больш), злучаныя як звёны ланцуга. Катэнанавыя структуры выяўлены сярод прыродных нуклеінавых кіслот. Сінтэзаваныя К. маюць 26 і болей атамаў у цыклах. Паміж сабой цыклы злучаны т. зв. тапалагічнай (мех.) сувяззю, якую нельга парушыць без разрыву хім. сувязей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУБА,
гарызантальнае перакрыцце ў корпусе судна. Складаецца з насцілу і набору (крапежныя і сувязныя бэлькі і інш.). Верхняя П. з’яўляецца асн. падоўжанай сувяззю корпуса, якая забяспечвае яго агульную трываласць і папярочную жорсткасць. Ніжнія П. служаць для падзелу грузавых памяшканняў па вышыні (на грузавых суднах), размяшчэння пасажыраў (на пасаж. суднах), тэхнал. абсталявання (напр., на рыбаапрацоўчых суднах).