МЕ́ЕР Андрэй Казіміравіч, (1742—1807), эканаміст, батанік. Паходзіў з Саксоніі. Чл. Вольнага эканам.т-ва і Вольнага рас. сходу пры Маскоўскім ун-це. Аўтар «Батанічнага слоўніка» (кн. 1—2, 1781—83), гіст.-гасп. апісання Смелянскага графства (1787, засталося ў рукапісе) і інш. У якасці агранома паходнай канцылярыі Р.А.Пацёмкіна ў 1785—86 склаў апісанне Крычаўскага староства Магілёўскай губ., дзе даў характарыстыку прадукцыйных сіл уладання ў цэлым і становішча сялян з мэтай пабудовы тут суднаверфі і высялення мясц. старавераў на Пд імперыі. У апісанні змясціў некалькі бел.фалькл. твораў, малюнак Крычава, выкананы пейзажыстам-баталістам М.Іванавым, і карту ўладання, складзеную каптэнармусам Рыжскага батальёна Ц.Неразуевым. Твор М. — каштоўная крыніца па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню надрукаваны са скарачэннямі Е.Раманавым у 1901.
Тв.:
Описание Кричевского графства 1786 г. // Могилевская старина. Могилев, 1901. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛО́М,
вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на За 26 км па Пн ад Гродна і чыг. ст. Гродна. 24 ж., 10 двароў (2000).
Вядома з 14 ст., калі тут быў пабудаваны драўляны замак для аховы межаў ВКЛ ад нападаў Тэўтонскага ордэна. Пазней П. — цэнтр староства Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. З 1569 двор П. залічаны ў каралеўскія маёнткі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У жн. 1861 у П. адбылося выступленне сялян супраць выканання інвентарных павіннасцей, задушанае войскамі. З 1885 вёска Гожаўскай вол. Гродзенскага пав., 131 ж., 10 двароў, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Гожаўскай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 у Плябанішкаўскім с/с Парэцкага, з 25.11.1940 — Гродзенскага р-на. З 16.7.1954 у Гожаўскім с/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНА,
вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Гайна, на аўтадарозе Лагойск—Ілья. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 50 км ад Мінска, 41 км ад чыг. ст. Смалявічы. 710 ж., 302 двары (1996). Малое швейнае прадпрыемства «Гайна», хлебапякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, б-ка, аддз. сувязі.
Упершыню ўпамінаецца гісторыкам 15 ст. Я.Длугашам. Пасля 1397, верагодна, кн. Вітаўтам у Гайне (Айне) сярод першых на тэр.ВКЛ заснаваны касцёл. Уваходзіла ў Лагойскае княства. З 1512 дзярж. маёнтак у Віленскім ваяв., пасля 1566 дзярж. мястэчка, цэнтр староства ў Мінскім пав. У 1788 пабудаваны новы касцёл (у 1865 ператвораны ў царкву). З 1793 у Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1796 у Барысаўскім пав. Пасля 1861 цэнтр Гайна-Слабодскай вол. У 1886 — 420 ж., 57 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Лагойскага р-на. У 1970 — 915 ж., 256 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад Калінкавіч, 151 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 808 ж., 301 двор (1997).
Узнікла не пазней пач. 16 ст. У інвентары Мазырскага замка 1552 упамінаецца як сяло, цэнтр «нядзелі» (адм.-тэр. адзінкі ў складзе воласці), 35 двароў. З 1565 у Мазырскім павеце, дзярж. ўласнасць. У 17—18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі, у Рэчыцкім пав. Да 1861 ва ўладанні памешчыка Міхайлава і яго нашчадкаў. Мелася праваслаўная царква. З 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1924—35 і з 1960 у Калінкавіцкім р-не, у 1935—60 у Даманавіцкім раёне. У 1971 — 779 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКІ,
вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).
Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст.староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводле інш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс.ж. (1996).
Вядома з 16 ст.Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАБУ́РДА (Міхаіл) (? — чэрв. 1586),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат. З роду Гарабурдаў. Зрабіў вял. ўклад ў дыпламат. забеспячэнне Лівонскай вайны 1558—83. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татар да нападаў на Расію. У 1563—54 і 1566 сакратар пасольстваў у Маскву. У 1571 і 1573 пасол ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключанае перамір’е прызначаны пісарам ВКЛ, у 1579 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкае староства і Клімавіцкую воласць на Гродзеншчыне. Быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен на Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у арміі. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, быў паслом у Маскву. З 1584 кашталян мінскі. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай, у 1585—86 вёў перагаворы пра унію дзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. У Маскве Гарабурда набыў Біблію, якую перадаў К.В.Астрожскаму для друкавання (т.зв. «Астрожская Біблія» 1581).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖА,
вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв.ВКЛ. З 1598 уладанне Е.Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.
Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЦЛЕР (ням. Kanzler),
1) начальнік канцылярыі вял. князя ВКЛ, хавальнік вял.дзярж. пячаткі, член паноў-рады. Пасада ўведзена ў 15 ст. Назначаўся пажыццёва з феад. знаці. Дакладваў вял. князю і радзе пра дзярж. справы, рэдагаваў статуты і рашэнні рады, змацоўваў афіц. дакументы пячаткай і падпісваў іх, вёў перагаворы з замежнымі дзяржавамі, захоўваў копіі дзярж. дакументаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 К. ВКЛ — член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі разам з каронным (польскім) К. Лічыўся другім пасля маршалка міністрам. У якасці жалавання атрымліваў ад караля староства. Займаў інш. кіруючыя пасады (ваявода, гетман). Фактычна выконваў функцыі міністра ўнутр. і замежных спраў.
2) У царскай Расіі — найвышэйшы грамадзянскі чын, уведзены Пятром I у 1709.
3) У Швейцарыі — сакратар Савета палаты парламента.
4) У Германіі (1871—1945) рэйхсканцлер — прэм’ер-міністр.
5) У Вялікабрытаніі К. казначэйства — міністр фінансаў; лорд-К. — старшыня палаты лордаў.
6) У Аўстрыі і ў Германіі федэральны К. — кіраўнік урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
з 17 ст.Крычаўскае староства, буйны дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, у канцы 15 ст. са складу Мсціслаўскага княства. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў Мсціслаўскае ваяводства. На працягу 16—17 ст. з яе вылучыўся шэраг дробных прыватных і дзярж. маёнткаў, у выніку чаго тэр. воласці набыла шматковы выгляд. У пач. 17 ст. ўключала каля 40 паселішчаў, якімі валодалі буйныя феадалы пераважна на ўмовах закладу, і яны фактычна не адрозніваліся ад прыватнага ўладання. Сярод старостаў прадстаўнікі родаў Саламярэцкіх, Лукомскіх, Мірскіх, Пацаў, Рудамінаў-Дусяцкіх; з сярэдзіны 17 ст. ў валоданні 3 пакаленняў нясвіжскіх Радзівілаў. У К.в. адбылося Крычаўскае паўстанне 1743—44. У гэты час у воласці было каля 130 паселішчаў, яна падзялялася на 5 войтаўстваў. У 1760 перайшла да магната Е.А.Мнішака. З 1772 у Рас. імперыі. У 1776 перададзена кн. Р.А.Пацёмкіну і канчаткова ператварылася ў прыватную латыфундыю — Крычаўскае графства.