МЕ́ЕР Андрэй Казіміравіч, (1742—1807), эканаміст, батанік. Паходзіў з Саксоніі. Чл. Вольнага эканам. т-ва і Вольнага рас. сходу пры Маскоўскім ун-це. Аўтар «Батанічнага слоўніка» (кн. 1—2, 1781—83), гіст.-гасп. апісання Смелянскага графства (1787, засталося ў рукапісе) і інш. У якасці агранома паходнай канцылярыі Р.А.Пацёмкіна ў 1785—86 склаў апісанне Крычаўскага староства Магілёўскай губ., дзе даў характарыстыку прадукцыйных сіл уладання ў цэлым і становішча сялян з мэтай пабудовы тут суднаверфі і высялення мясц. старавераў на Пд імперыі. У апісанні змясціў некалькі бел. фалькл. твораў, малюнак Крычава, выкананы пейзажыстам-баталістам М.Іванавым, і карту ўладання, складзеную каптэнармусам Рыжскага батальёна Ц.Неразуевым. Твор М. — каштоўная крыніца па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню надрукаваны са скарачэннямі Е.Раманавым у 1901.
Тв.:
Описание Кричевского графства 1786 г. // Могилевская старина. Могилев, 1901. Вып. 2.
Я.К.Анішчанка.
т. 10, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)