ЛУГАВО́ДСТВА,
1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна 1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.
2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.
Н.І.Жураўская.
т. 9, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙМА, поплаў,
частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.
У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыя — найб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.
На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн. ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)