БАМБАРДЗІРО́ЎШЧЫК,

баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс. км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСАМАЛЁТ, гідраплан,

самалёт, прыстасаваны для ўзлёту з вады і пасадкі на яе. Адрозніваюць гідрасамалёты лодачныя (з корпусам у выглядзе лодкі), паплаўковыя (з адным або двума паплаўкамі) і самалёты-амфібіі (лодачныя або паплаўковыя з колавым шасі для ўзлёту з сушы і пасадкі на яе). Першы гідрасамалёт пабудаваны ў Францыі ў 1910 А.​Фабрам, у Расіі ў 1911 Я.​М.​Гакелем. Найб. пашырэнне атрымалі гідрасамалёты канструкцыі Г.​М.​Берыева (на іх устаноўлены сусв. рэкорды, напр., скорасці палёту ў 912 км/гадз на вышыні каля 15 км).

Гідрасамалёты выкарыстоўваюцца для грузапасажырскіх перавозак, разведкі рыбы, выратавальных работ, у ваен. справе (вядзенне разведкі, пошук і знішчэнне падводных лодак).

Гідрасамалёт.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕВЯТА́ЕЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 8.7.1917, г.п. Тарбеева, Мардовія),

Герой Сав. Саюза (15.8.1957). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 у дзеючай арміі. Камандзір звяна 104-га знішчальнага авіяпалка ст. лейт. Дз. у паветр. баях збіў некалькі варожых самалётаў. 13.7.1944 у няроўным паветр. баі збіты, трапіў у палон. 8.2.1945 група сав. ваеннапалонных (10 чал.) з канцлагера на воз. Узедом (Германія) захапіла на ням. аэрадроме бамбардзіроўшчык. Самалёт, які пілатаваў Дз., праз 2 гадз быў у размяшчэнні сав. войск. З 1945 у запасе, з 1946 працаваў у Казанскім рачным порце капітанам, капітанам-настаўнікам пасаж. суднаў на падводных крылах.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ВІЧ (Вікенцій Паўлавіч) (20.1.1914, пас. Калодзішчы Мінскага р-на — 12.4.1996),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Мінскі пед. ін-т нац. меншасцей (1937), Барысаглебскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію каманднага і штурманскага саставу ВПС (1944). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 на Паўд., 2-м Укр. франтах. Лётчык-знішчальнік, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Малдавіі, Украіны, г. Растоў-на-Доне, баёў за Берлін, вызвалення Прагі. Зрабіў 263 баявыя вылеты, правёў 35 паветр. баёў, збіў 8 самалётаў праціўніка. 16.3.1942 цяжка паранены прывёў самалёт на свой аэрадром. Да 1960 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.П.Карповіч.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (27.2.1920, в. Вял. Качатоўка Такароўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 1.8.1992),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Барысаглебскую авіяц. школу пілотаў імя В.​П.​Чкалава (1939), Ваен. акадэмію Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну лётчык-знішчальнік, у 1942—44 камандзір эскадрыллі, у 1944—45 нам. камандзіра авіяц. палка на Паўд.-Зах., Цэнтр., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., Паўн.-Каўказскім, 2-м Прыбалтыйскім франтах. Зрабіў 509 баявых вылетаў, збіў асабіста 16, у групавых баях 31 самалёт праціўніка. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

А.К.Разанаў.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял. Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.​Ф.​Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТЭ́ЛА (Мікалай Францавіч) (6.5.1907, Масква — 26.6.1941),

Герой Сав. Саюза (1941). Беларус. Скончыў Луганскую ваен. школу лётчыкаў (1933). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пач. Вял. Айч. вайны капітан Гастэла камандаваў эскадрылляй, удзельнічаў у бамбардзіроўцы танк. і механіз. калон праціўніка. 26 чэрв. ў час бамбардзіроўкі варожай танк. калоны на дарозе Маладзечна—Радашковічы з членамі экіпажа А.​А.​Бурдзенюком, А.​А.​Калініным, Р.​М.​Скарабагатавым накіраваў ахоплены полымем самалёт на скопішча варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрнаў. На месцы подзвігу, на шашы Мінск—Вільнюс, помнік-мемарыял экіпажу, у г.п. Радашковічы, у г. Мураме, Сухумі, на радзіме бацькі Гастэлы (Карэліцкі р-н), на тэр. Варашылаўградскага вышэйшага авіяц. вучылішча штурманаў яму пастаўлены помнікі.

М.Ф.Гастэла.

т. 5, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ ў механіцы,

сукупнасць сістэмы каардынат і сінхранізаваных гадзіннікаў, звязаных з выбраным целам адліку, у адносінах да якога вызначаецца рух або раўнавага матэрыяльнага пункта ці механічнай сістэмы.

Целам адліку можа быць пэўны матэрыяльны аб’ект (напр., пункт зямной паверхні, самалёт, Зямля, Сонца ці цэнтр Галактыкі), характар руху якога вызначае ступень неінерцыяльнасці сістэмы. У якасці гадзінніка (спосабу адліку часу) выбіраюць пэўны перыядычны працэс (ваганні маятніка, рух Зямлі вакол сваёй восі і інш). Спосабы апісання руху цела адносна выбранай С.а. вывучаюцца ў кінематыцы, дзе ўсе С.а. лічацца раўнапраўнымі. Пры рашэнні задач дынамікі перавага аддаецца інерцыяльнай сістэме адліку, адносна якой ураўненні руху маюць больш просты выгляд. Пры неабходнасці ўліку сіл інерцыі (рух цяжкавагавых паяздоў, балістычных ракет і інш.) выкарыстоўваецца неінерцыяльная сістэма адліку.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАЎ (Пётр Мікалаевіч) (27.2.1887, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 8.9.1914),

расійскі ваен. лётчык. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1906), Пецярбургскую афіцэрскую паветраплавальную школу (1912). У 1911 пабудаваў планёр уласнай канструкцыі, на якім выканаў некалькі палётаў. У 1913—14 узначаліў групавы пералёт па маршруце Кіеў—Асцёр—Казялец—Нежын—Кіеў, асабіста здзейсніў палёты Кіеў—Адэса—Севастопаль і Кіеў—Пецярбург. Правёў выпрабаванне шэрагу самалётаў айчыннай вытв-сці; упершыню ў свеце разлічыў і 27.8.1913 выканаў на самалёце «мёртвую пятлю» (гл. Несцерава пятля). Прапанаваў шэраг навінак па вышэйшым пілатажы, па выкарыстанні лятальных апаратаў у баі, разведванні наземных войск і інш. Загінуў у пач. 1-й сусв. вайны у паветр. баі, калі ўпершыню ў свеце тараніў самалёт праціўніка. У 1962 Міжнар. авіяц. федэрацыя заснавала пераходны прыз для пераможцаў першынства свету па вышэйшым пілатажы — кубак імя Несцерава.

П.М.Несцераў.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОЛЬ́НІКАЎ (Рыгор Усцінавіч) (н. 8,5.1923, в. Сахараўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1978), ген.-палк. авіяцыі (1981). Засл. ваен. лётчык СССР (1965), канд. гіст. навук. Скончыў Мінскі аэраклуб, Батайскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1943), Ваен.-паветр. акадэмію (1955), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1968). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1943 на Паўд., 4, 2 і 1-м Укр. франтах. У паветр. баі тараніў варожы самалёт і быў вымушаны скочыць з парашутам, трапіў у палон, прайшоў праз некалькі канцлагераў, уцёк да партызан. У вер. 1943 — крас. 1944 у партыз. атрадзе «За Савецкую Радзіму» Адэскай вобл. З крас. 1944 на фронце, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 160 вылетаў, правёў 42 баі, Пасля вайны на камандных пасадах. З 1981 нам. галоўнакамандуючага ВПС па ВНУ, нач. ВНУ ВПС. Аўтар кнігі ўспамінаў «Ляціць стальная эскадрылля» (1983).

Р.У.Дольнікаў.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)