ПЁТР II Аляксеевіч

(23.10.1715, С.-Пецярбург — 29.1.1730),

расійскі імператар [1727—30]. З дынастыі Раманавых. Сын царэвіча Аляксея Пятровіча і прынцэсы Соф’і Шарлоты Бланкенбургскай, унук Пятра I. Пасля ўступлення на прастол (май 1727) афіц. абвешчаны паўналетнім, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках А.Д.Меншыкава, а пасля яго ссылкі (вер. 1727) — групоўкі старой маскоўскай знаці (князі Далгарукія, Галіцыны і інш.), пад уплывам якой П. II абвясціў сябе праціўнікам пераўтварэнняў Пятра I. Ліквідаваліся створаныя Пятром I установы, імператарскі двор пераехаў у Маскву, дзе П. II памёр ад воспы. З яго смерцю спынілася дынастыя Раманавых па мужчынскай лініі.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1797—1917 (з перапынкам у 1812—15) у Віцебску. Першае выданне «Пахвальная песня пры ўступленні на прастол... імп. ўсёй Расіі Паўла Пятровіча Першага...» надрукавана ў 1799 на рус. мове грамадз. шрыфтам. Друкавала афіц. цыркуляры, газ. «Витебские губернские ведомости» (з 1838), «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы...» (вып. 1—32, 1871—1906), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885), «Віцебскую даўніну» (т. 1, 4, 5, 1883, 1885, 1888) і інш. Усяго надрукавана больш за 250 назваў кніг (большасць з іх адбіткі з «Витебских губернских ведомостей»), больш за 400 друкаваных выданняў

Я.​С.​Умецкая.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С УСЕ́ВАЛАДАВІЧ [каля 1117, Горадзен (Гародня) — пасля 1151],

князь гарадзенскі. Сын кн. Усевалада Давыдавіча і Агаф’і (дачкі Уладзіміра Манамаха). Гарадзенскае княства атрымаў у спадчыну разам з братам кн. Глебам Усеваладавічам. У 1144 удзельнічаў у паходзе кіеўскага кн. Усевалада Ольгавіча на Галіцкага кн. Уладзіміра Валадаравіча. Падтрымаў кн. Ізяслава Мсціславіча ў яго барацьбе з Юрыем Далгарукім за велікакняжацкі прастол. У 1150 разам з Ізяславам хадзіў пад Дарагабуж, у 1151 войска Барыса Усеваладавіча ўдзельнічала ў аблозе Кіева, пасля ўзяцця якога гнала кн. Юрыя да Белгарада. Некаторыя даследчыкі лічаць, што летапісны Горадзен, дзе княжыў Барыс Усеваладавіч, знаходзіўся не ў Панямонні, а на ПнУ Уладзіміра-Валынскай зямлі.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1333, г. Пскоў, Расія — 26.8.1399),

вялікі князь Цвярскога княства [1365—99, з перапынкамі]. Сын вял. цвярскога кн. Аляксандра Міхайлавіча. Двойчы (1368 і 1370) быў скінуты з прастола вял. маскоўскім кн. Дзмітрыем Іванавічам Данскім і хаваўся ў ВКЛ (яго сястра была жонкай вял. князя літоўскага Альгерда). У 1372 пры дапамозе войск ВКЛ вярнуў сабе цвярскі прастол. МА. — апошні вял. цвярскі князь, які змагаўся з Масквой за Уладзімірскае вял. княжанне, валоданне якім фармальна азначала паліт. панаванне ў Паўн.-Усх. Русі. У 1370—71 і 1375 атрымліваў вялікакняжацкія ярлыкі ў Залатой Ардзе, але замацавацца на Уладзімірскім прастоле не здолеў.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬША́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная вотчына князёў Гальшанскіх у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. Цэнтр — Гальшаны. Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на З ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Князі Гальшанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, у 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. большасць радавых уладанняў Гальшанскіх перайшла да Сапегаў.

Э.​С.​Корзун.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГМАТЫ́ЧНАЯ СА́НКЦЫЯ 1713,

закон пра пераход у спадчыну прастола, выдадзены імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карлам VI Габсбургам 19.4.1713; прыняты ўсімі землямі аўстр. манархіі ў 1720—23. Устанавіла непадзельнасць спадчынных зямель Габсбургаў і парадак атрымання прастола ў спадчыну, паводле якога ў выпадку адсутнасці ў імператара сыноў прастол пераходзіў да яго дачок. П.с. была прызнана большасцю еўрап. дзяржаў, але пасля смерці Карла VI (1740) спадчынныя правы яго дачкі Марыі Тэрэзіі аспрэчвалі Прусія, Францыя, Баварыя, Саксонія і Іспанія, што стала падставай для вайны за Аўстрыйскую спадчыну (1740—48). Паводле Ахенскага міру 1748 П.с. канчаткова прызнана еўрап. дзяржавамі і ўвайшла ў склад асн. законаў аўстр. манархіі.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 26.9.1932, Душанбе),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім пед. ін-це (1958—59). Першае апавяд. «Мы тут жывём» (1961). Аўтар аповесцей «Два таварышы» (1967), «Ступень даверу» (1972), рамана «Жыццё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» (1969—75, у СССР 1988; працяг — раман «Прэтэндэнт на прастол», 1979). У 1974 выключаны з СП СССР, у 1980 выехаў у ФРГ. Апублікаваў сатыр. аповесць «Іванькіяда» (1976, у СССР 1989), зб. прозы і публіцыстыкі «Шляхам узаемнай перапіскі» (1979), п’есу «Трыбунал», кнігу нарысаў «Антысавецкі Савецкі Саюз» (абедзве 1985), фантаст. раман-утопію «Масква 2042» (1986). У 1990 вярнуўся ў Расію.

Тв.:

Малое собр. соч. Т. 1—5. М., 1993.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р 1449,

пагадненне паміж вял. князем ВКЛ Казімірам і вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным. Паводле дагавора Казімір абяцаў не падтрымліваць прэтэндэнта на маск. прастол Дзмітрыя Шамяку, не ўмешвацца ў міжусобную вайну ў Маскоўскай дзяржаве, не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се... давати» Казіміру, і не ўдзельнічаць у магчымых сутыкненнях Ноўгарада і Пскова з Лівонскім ордэнам. Васіль II адмовіўся ад некат. наўгародскіх валасцей і прызнаў за разанскім вял. кн. Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казіміра. Дагаворам удакладнены межы паміж Маск. княствам і ВКЛ і фактычна спынена тэр. экспансія ВКЛ на У. Вынікам дагавора быў працяглы (да канца 15 ст.) мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

А.​В.​Белы.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАГЕ́Н (не пазней 1530 — 27.2.1612),

расійскі царк. дзеяч. Мітрапаліт казанскі (1589), праводзіў прымусовую хрысціянізацыю народаў Паволжа. У 1605 патрабаваў хрышчэння Марыны Мнішак у праваслаўе, чым выклікаў незадавальненне Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I). У 1606—12 патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі (пасвячоны пасля абрання царом Васіля Шуйскага). У час Балотнікава паўстання 1606—07 актыўна падтрымліваў цара, адлучыў паўстанцаў ад царквы. Пасля звяржэння Шуйскага падтрымаў кандыдатуру Міхаіла Раманава на прастол у процівагу каралевічу Уладзіславу (гл. Уладзіслаў IV). Пасля прызначэння Уладзіслава царом патрабаваў ад яго прыняцця праваслаўя. У 1610 у час акупацыі Масквы войскамі Рэчы Паспалітай выступаў супраць прысягі баяр Жыгімонту III, заклікаў да ўсенар. паўстання супраць інтэрвентаў. Кінуты палякамі ў турму, замораны голадам.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЛО́ТЫ,

палітычная групоўка ў г. Фесалонікі (Візантыя) у 1340-я г. Узнікла ў перыяд барацьбы паміж канстанцінопальскім урадам Аляксея Апакаўка (праводзіў цэнтралізатарскую палітыку) і правінцыяльнай знаццю на чале з Іаанам Кантакузінам. У склад З., якія былі на баку ўрада, уваходзілі сталічнае чыноўніцтва, купцы і заможныя рамеснікі, іх падтрымлівалі нар. масы. У 1342 яны паўсталі супраць мясц. знаці і захапілі ўладу ў горадзе. У выніку перавароту і забойства Апакаўка (1345) улада перайшла да феад. знаці, якая вырашыла перадаць горад Кантакузіну. Абураны народ летам 1345 перабіў феад. знаць і горадам зноў авалодалі З. Яны адмовіліся прызнаць уладу Кантакузіна, які ў 1347 пад імем Іаана VI узурпіраваў імператарскі прастол і ў 1349 задушыў рух З. з дапамогаю туркаў.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)