АБ’ЁМНЫ РЭЗАНА́ТАР, парожні рэзанатар, эндавібратар,

поласць з электраправоднай паверхняй, унутры якой устанаўліваюцца свабодныя ваганні эл.-магн. поля. Форма аб’ёмнага рэзанатара адвольная, практычнае выкарыстанне маюць прамавугольны паралелепіпед, круглы цыліндр, тароід, сфера. Спектр уласных частот аб’ёмнага рэзанатара і прасторавае размеркаванне эл.-магн. поля вызначаюцца пры рашэнні Максвела ўраўненняў з гранічнымі ўмовамі на сценках рэзанатара. Асн. характарыстыка — дыхтоўнасць, якая вызначаецца адносінамі вагальнай энергіі аб’ёмнага рэзанатара да страт энергіі за адзін перыяд ваганняў. Выкарыстоўваюцца ў тэхніцы звышвысокіх частот як контуры генератараў і хвалямераў, эталоны частаты, фільтры, у цыклічных паскаральніках зараджаных часціц і лазернай тэхніцы. Гл. таксама Аптычны рэзанатар, Лазер.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЯ ВЫ́РАБАТКА,

штучная поласць у зямной кары, утвораная ў выніку горных работ. Адрозніваюць горныя вырабаткі разведачныя (для пошуку і разведкі карысных выкапняў) і эксплуатацыйныя (для распрацоўкі радовішчаў); падземныя і адкрытыя.

Падземныя бываюць вертыкальныя (шурфы, шахтавыя ствалы, гезенкі), гарызантальныя (штольні, штрэкі, квершлагі, орты), нахіленыя (брэмсбергі, скаты, нахілы, шурфы і інш.); ачышчальныя, дзе адбываецца выманне карысных выкапняў (лавы, камеры), і падрыхтоўчыя, у якіх рухаецца транспарт, устаноўлена вентыляцыйнае абсталяванне і інш. Да горнай вырабаткі адносяць і буравыя свідравіны. З адкрытых горных вырабатак найб. пашыраны капітальныя і разразныя траншэі, а таксама раскрыўныя і здабыўныя ўступы.

П.​Я.​Антонаў.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),

падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).

Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМІ́ТАВЫЯ (Calamitales),

парадак выкапнёвых раслін кл. хвашчоў. 2 сям. Вядомыя з ранняга карбону, росквіт у сярэднім карбоне, вымерлі ў пермі ці пач. трыясу. Засялялі нізінныя, часта забалочаныя прасторы.

Расліны ад дробных травяністых да буйных дрэвападобных выш. да 20 м, дыям. сцябла да 1 м, з інтэнсіўным галінаваннем. Сцябло падзялялася вузламі на міжвузеллі. На вузлах парасткаў месціліся кальчакі галін ці лінейнага лісця з адной жылкай. Спараносныя шышкі складаліся з пладушчага і стэрыльнага лісця (спарангіяфораў), якія чаргаваліся. Як і хвашчы, мелі вял. поласць на месцы стрыжня, але адрозніваліся ад іх моцным развіццём другаснай драўніны.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМО́ІД (ад дэрма + грэч. eidos выгляд),

дэрмоідная кіста, пухлінападобнае ўтварэнне, што ўзнікае пры парушэннях эмбрыягенезу з эктадэрмы і мезадэрмы, а таксама ў працэсе жыццядзейнасці з функцыян. элементаў скуры — потавых і тлушчавых залоз, валасяных фалікулаў. Разнавіднасць тэратомы. Бывае ў розных участках цела, найчасцей на скуры галавы, вельмі рэдка ва ўнутр. органах, галаўным мозгу і яго абалонках. Поласць Д. запоўнена жэле- ці тлушчападобный масай з валасамі, касцявымі структурамі, зубамі і інш. тканкамі. Пры росце Д. з’яўляецца боль, іншы раз запаленне тканкі і скуры вакол яго. Магчыма развіццё з Д. пласкаклетачнага рака. Лячэнне хірургічнае.

В.​Я.​Рабека.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ДЫІ (Mytilus),

род двухстворкавых малюскаў. Вядомы з алігацэну (трыяс, каля 230 млн. гадоў назад). 3 віды. Пашыраны ў морах умераных паясоў, пераважна на мелкаводдзі. У Паўн. паўшар’і найб. трапляецца ядомая М. (M. edulis), якая ўтварае паселішчы — мідыевыя банкі. Прымацоўваецца да субстрату з дапамогай выдзяленняў бісусавай залозы. Кампанент абрастання падводных ч. збудаванняў і суднаў.

Ракавіна даўж. да 25 см, клінападобна-авальная. Фільтратары; праз мантыйную поласць за суткі праходзіць да 70 л вады, неабходнай для дыхання і паступлення корму (пераважна планктон, дэтрыт). Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.

Т.​М.​Лаенка.

Мідыя ядомая.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎХО́РДАВЫЯ (Hemichordata),

тып беспазваночных жывёл з групы другаснаротых. Вядомы з кембрыю (каля 550 млн. г. назад). 3 класы: выкапнёвыя грапталіты (паводле інш. класіфікацый падтып), сучасныя кішачнадыхальныя і перыстажабравыя; каля 95 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, жывуць на дне. Рухомыя і прымацаваныя, адзіночныя і каланіяльныя формы.

Даўж. ад 0,2 мм да 2,5 м. Цела двухбакова-сім., складаецца з 3 аддзелаў хабатка (або галаўнога шчытка), каўнерыка і тулава. У кожным аддзеле ёсць асобная цэламічная поласць. Маюць хордападобны орган (натахорд, або стамахорд), які выконвае апорную функцыю. Кормяцца дэтрытам, дробнымі прыдоннымі і доннымі арганізмамі. Раздзельнаполыя і гермафрадыты, некат. могуць размнажацца пачкаваннем.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІЛЯ́РЫІ,

лічынкі паразітычных круглых чарвей падкл. філярыін. Больш за 600 відаў. Жывуць у крывяносных і лімфатычных сасудах, галаўным і спінным мозгу, інш. тканках дэфінітыўнага гаспадара. Калі насякомыя — прамежкавыя гаспадары — (камары родаў Aedes, Culex, Mansonia і інш., мошкі роду Simulium) смокчуць кроў, М. пранікаюць у іх кішэчнік, потым у поласць цела, дзе і адбываецца развіццё. Дасягнуўшы інвазійнай стадыі, М. трапляюць у арганізм дэфінітыўнага гаспадара і дасягаюць палавой спеласці. Гельмінтозы людзей, выкліканыя М. вухерэрыя Банкрафта (Wuchereria bancrofti), анхацэрка вольвулюс (Onchocerca volvulus) і бругія малайская (Brugia malayi), найб. небяспечныя; пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы, на астравах Ціхага ак.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРУЛЯ́ЦЫЯ,

стадыя зародкавага развіцця жывёльных арганізмаў, калі адбываецца пераўтварэнне аднаслойнай бластулы ў мнагаслойную гаструлу. Настае пасля заключнай фазы драбнення аплодненага яйца (бластуляцыі) і папярэднічае інтэнсіўнаму зародкаваму арганагенезу. У працэсе гаструляцыі дэтэрмінацыя і дыферэнцыроўка бластамераў прыводзяць да ўтварэння двух-, а потым трохслойнай сценкі зародка. Залежна ад тыпу яйцаклеткі, спосабу драбнення і віду бластулы гаструляцыя адбываецца шляхам інвагінацыі (выгінанне вегетатыўнага полюса бластулы ўнутр), эпібаліі (нарастанне анімальнай часткі бластулы на вегетатыўную), іміграцыі (высяленне клетак бластадэрмы ў поласць бластулы), дэламінацыі (расшчапленне бластадэрмы на 2 слоі). Трэці зародкавы лісток (мезадэрма) утвараецца з бакавых губ першаснай ротавай адтуліны ці іх аналагаў. У большасці жывёл працэс гаструляцыі камбінаваны; у хордавых у выніку яго фарміруецца восевы комплекс зачаткаў хорды, нерв. і кішачнай трубак.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ХА,

орган слыху і раўнавагі ў чалавека і пазваночных жывёл; частка слыхавога апарата. У чалавека і большасці сучасных відаў пазваночных падзяляецца на вонкавае, сярэдняе і ўнутранае вуха (у кітападобных, ластаногіх, у рыючых жывёл, якія жывуць у тоўшчы глебы, у дарослых птушак, некаторых земнаводных і рэптылій адзначаецца рэдукцыя вонкавага, а ў шэрагу відаў і сярэдняга вуха). Вонкавае вуха (вушная ракавіна і вонкавы слыхавы праход) перадае ваганні паветра на барабанную перапонку.

Зачаткі яго ёсць у кракадзілаў, найб. складаную форму яно набыло ў млекакормячых. Сярэдняе вуха знаходзіцца ў скроневай косці за барабаннай перапонкай, уключае барабанную поласць, комплекс слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка, стрэмечка ў млекакормячых, слупок — у амфібій, рэптылій і птушак), злучана з вонкавым асяроддзем (праз глотку) еўстахіевай трубой. Перадае гукавыя ваганні з барабаннай перапонкі на авальнае акенца ўнутранага вуха і ахоўвае яго ад перагрузак, узмацняе гукавыя частоты на аснове з’яў рэзанансу. Унутранае вуха размешчана ў тоўшчы скроневай косці, складаецца з перапончатага (сістэма злучаных паміж сабой і запоўненых эндалімфай танкасценных поласцей — мяшочкаў і праток) і касцявога (пераддзвер’е, паўкружныя каналы, улітка, запоўненыя перылімфай) лабірынтаў. Унутранае вуха ўключае т.зв. кортыеў орган, да слыхавых клетак якога падыходзяць канцы слыхавых нерваў, слыхавую частку (улітка) і вестыбулярны апарат. Вушная ракавіна, вонкавы слыхавы праход, барабанная перапонка, слыхавыя костачкі і лабірынтавая вадкасць складаюць гукаправодны апарат вуха, кортыеў орган, слыхавыя клеткі і нервы — гукаўспрымальную частку, вестыбулярны апарат — орган раўнавагі. Аналіз інфармацыі, якую атрымала вуха, адбываецца ў нерв. цэнтрах стваловай і коркавай частак мозга.

А.​С.​Леанцюк.

Вуха чалавека: 1 — барабанная перапонка; 2 — скроневая косць; 3 — барабанная поласць; 4 — паўкружны канал; 5 — улітка; 6 — слыхавая (еўстахіева) труба; 7 — слыхавыя костачкі; 8 — вонкавы слыхавы праход; 9 — вушная ракавіна.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)