Барабанная поласць 3/178

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Брушная поласць 2/410

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ДНАЯ ПО́ЛАСЦЬ,

пярэдняя частка поласці цела млекакормячых жывёл і чалавека. Размешчана ў грудной клетцы і абмежавана ўнутрыгрудной фасцыяй. Ад брушнай поласці аддзелена дыяфрагмай. У грудной поласці — сэрца, лёгкія, трахея, стрававод, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы. Грудная поласць уключае 2 серозныя плеўральныя мяшкі і размешчанае паміж імі міжсценне, у ніжнім аддзеле якога — серозная поласць. Паміж парыетальным і вісцэральным лісткамі плеўры — поласць плеўры, якая мае важнае значэнне ў дыханні. У ёй пры пашкоджаннях ці запаленчых хваробах збіраецца паветра, кроў, серозная вадкасць, гной.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАСЦЬ ЦЕ́ЛА жывёл і чалавека,

прастора, якая абмежавана ўнутр. паверхняй сценкі цела, і дзе знаходзяцца ўнутр. органы. Адрозніваюць першасную поласць цела (не мае ўласнай сценкі) і другасную, або цэлом (мае ўласную сценку ў выглядзе перытанеальнага эпітэлію). У пазваночных жывёл другасная П.ц. падзяляецца на калясардэчную, ці перыкардыяльную, і брушную поласці. У наземных пазваночных і чалавека дыяфрагма, аддзяляе ўласна брушную поласць, дзе знаходзяцца стрававальныя, выдзяляльныя, палавыя органы, ад грудной, якая выслана плеўрай і мае лёгкія.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́ННАЯ ПО́ЛАСЦЬ,

поласць у сістэме сярэдняга вуха наземных пазваночных і чалавека. Асн. функцыя — слыхавая: перадае гукавыя ваганні ад барабаннай перапонкі праз слыхавыя костачкі і акно пераддзвер’я ў вушны лабірынт, узмацняе іх, ахоўвае акно ўліткі ад вонкавых гукавых ваганняў. Аб’ём у чалавека каля 0,75 см³.

Сценкі барабаннай поласці з касцявой тканкі, за выключэннем вонкавай, большую ч. якой утварае барабанная перапонка. Унутры выслана слізістай абалонкай. Запоўнена паветрам. Праз адтуліну ў барабаннай перапонцы і слыхавую (еўстахіеву) трубу злучаецца з насаглоткай (праз трубу ажыццяўляюцца змена паветра ў поласці і адцяканне слізі ў насаглотку). На задняй сценцы ёсць уваход у самую вял. поласць сярэдняга вуха — антрум. Ад поласці чэрапа аддзяляецца тонкай касцявой пласцінкай. Інервуецца слыхавым нервам. Пашкоджанні барабаннай поласці вядуць да зніжэння або страты слыху. Іл. гл. да арт. Вуха.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАСНАЯ ПО́ЛАСЦЬ ЦЕ́ЛА, схізацэль,

прастора паміж сценкай цела і кішэчнікам у некат. шматклетачных жывёл, у якой знаходзяцца ўнутр. органы. Паяўляецца ў першаснаполасцевых чарвей і характарызуецца адсутнасцю ўласнай клетачнай сценкі. У малюскаў прадстаўлена сістэмай лакун і сінусаў; у вышэйшых шматклетачных жывёл (кольчатыя чэрві, хордавыя) выцеснена другаснай поласцю цела, або цаломам. У членістаногіх яе рэшткі ў працэсе эмбрыянальнага развіцця зліваюцца з рэдукаваным цэломам і ўтвараюць т.зв. змешаную поласць цела, або міксацэль. У зародкаў жывёл на стадыі бластулы П.п.ц. наз. бластацэль.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФРА́ГМА (ад дыя... + грэч. phragma перагародка),

грудабрушная перапона, сухажыльна-мышачная перагародка, якая аддзяляе грудную поласць ад брушной у млекакормячых жывёл і чалавека. Д. наз. таксама некат. мышцы ці групы мышцаў, што абмяжоўваюць якую-н. поласць: Д. рота, утвораная сківічна-пад’язычнай мышцай, Д. таза, мочапалавая Д. і інш.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКУ́НА (ад лац. lacuna паглыбленне, упадзіна; поласць),

у жывёлполасць паміж органамі, якая не мае ўласнай сценкі, запоўненая гемалімфай ці лімфай; у чалавека — таксама разгалінаваныя паглыбленні на паверхні органа (напр., у міндалінах); у раслін (ліставая лакуна, ліставая шчыліна) — прарыў у цэнтр. цыліндры сцябла ў месцы, дзе да ліста адыходзіць праводзячы пучок.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕ́РНА (ад лац. caverna пячора, поласць),

поласць у органах цела, якая ўзнікае пры разбурэнні і амярцвенні (некрозе) тканак і разрэджванні амярцвелых мас. Бываюць закрытыя (не звязаны са знешнім асяроддзем) і адкрытыя (апаражненне змесціва К. адбываецца вонкі праз натуральныя каналы). Найчасцей бывае пры гнойна-некратычным працэсе і спецыфічным запаленні ў лёгкіх (кавернозны туберкулёз), пырках (гнайнік, раскрыты ў лаханку) і інш. Садзейнічае пашырэнню паталаг. працэсу і развіццю ўскладненняў (крывацёк, перфарацыя).

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СТРУЛА (позналац. gastrula ад грэч. gastēr страўнік),

зародак шматклетачнага жывёльнага арганізма ў перыяд гаструляцыі; адна са стадый зародкавага развіцця. Упершыню апісаў А.​А.​Кавалеўскі ў 1865 пад назвай «кішэчная лічынка». Вылучаюць этапы ранняй (пасля бластулы), сярэдняй і позняй гаструлы. На апошнім этапе гаструла складаецца з двух слаёў клетак — вонкавага (першасная эктадэрма) і ўнутранага (першасная энтадэрма); у большасці жывёл да іх далучаецца трэці слой (мезадэрма). Унутраная поласць гаструлы (гастрацэль) трансфармуецца ў поласць кішэчніка, злучаецца з вонкавым асяроддзем праз бластапор — адтуліну першаснага рота.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)