Хогар, пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),
паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕФЕ́СТ,
у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог агню і кавальскага рамяства. Сын Зеўса і Геры. Яго ўяўлялі шыракаплечым, кульгавым і выродлівым, у адзенні рамесніка, з молатам ці клешчамі. Паводле адных міфаў, Зеўс скінуў Гефеста з Алімпа за тое, што ён заступіўся за Геру у час яе спрэчкі з Зеўсам, паводле другіх — Гера пасля родаў скінула з Алімпа выродлівага Гефеста. Яго выратавалі жыхары в-ва Лемнас, дзе засн.г. Гефестый, на в-ве Самас былі гарады Гефестопаль і Гефестыён. Гефест па загадзе Зеўса стварыў першую жанчыну, багіню Зямлі Пандору, прыкаваў да скалы Праметэя. Міф пра Гефеста — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (рэльефы, вазапіс, карціны П.П.Рубенса, Ф.Парміджаніна, Д.Веласкеса, Я.Пальмы Малодшага, А. ван Дэйка і інш.). У рым. міфалогіі Гефесту адпавядае Вулкан.
Л.М.Драбовіч.
Гефест і Фетыда з даспехамі Ахіла. Фрагмент размалёўкі кіліка. Каля 490 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.
Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.
Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.
Да арт.Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́КА (Malacca),
паўвостраў на ПдУ Азіі, паўд. частка п-ва Індакітай. Паўн. частка М. належыць Тайланду, паўд. — Малайзіі (Зах. Малайзія). Пл. каля 190 тыс.км², даўж. (на Пд ад перашыйка Кра) 1300 км. Абмываецца на З Андаманскім м. і Малакскім прал., на У — Паўд.-Кітайскім м. і яго Сіямскім зал. У цэнтр. частцы М. нізкія і сярэдневышынныя горы выш. да 2190 м (г. Тахан), расчлянёныя на асобныя масівы з пакатымі вяршынямі і стромкімі схіламі. На ўзбярэжжы забалочаныя нізіны. Складзены з палеазойскай тэрыгенна-карбанатнай тоўшчы з праслоямі вулканітаў. Горы ўтвораны з мезазойскіх тэрыгенных адкладаў з гарызонтамі кіслых вулканітаў. Кайназойскія адклады запоўнілі ўпадзіны. Радовішчы волава, вальфраму, баксітаў, золата, каменнага вугалю і інш. Клімат на Пн субэкватарыяльны, мусонны, на Пд — экватарыяльны. На раўнінах сярэднямесячныя т-ры круглы год 25—27 °C, ападкаў 1500—2000 мм, у гарах больш за 4000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі кароткія, мнагаводныя. Каля 70% тэрыторыі ўкрыта густым трапічным лесам, пераважна вільготным, вечназялёным, з багатай флорай і фаунай; на ўзбярэжжах — участкі мангравых лясоў. Плантацыі рысу, каўчуканосаў, какосавай пальмы. На М. сталіца Малайзіі — г. Куала-Лумпур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДУЭЙ (Midway),
уладанне ЗША на аднайменных каралавых астравах у Ціхім ак., у паўн.-зах. групе Гавайскіх а-воў. Пл. 5,2 км². Нас. каля 2,5 тыс.чал. (1999), пераважна амерыканцы. Астравы ўзніклі на базальтавай аснове разбуранага вулкана, уздымаюцца над узроўнем акіяна на некалькі метраў. Клімат субтрапічны пасатны. У раслінным покрыве пераважаюць какосавыя пальмы. Астравы абвешчаны запаведнікам, на іх гняздзяцца рэдкія віды альбатросаў, фрэгатаў і інш. птушак. М. — прамежкавая база на паветр. шляху паміж ЗША і краінамі Азіі.
Атол адкрыты ў 1859. З 1867 заняты войскамі ЗША (у 1903 падпарадкаваны ВМС). Да 2-й сусв. вайны пункт прамежкавай пасадкі для трансціхаакіянскага руху. У 2-ю сусв. вайну каля М. 4—6.6.1942 адбылася бітва паміж яп. ударным злучэннем (11 лінейных караблёў, 6 авіяносцаў з 293 самалётамі, 16 крэйсераў, 53 эскадраныя мінаносцы і інш.) і амер. флотам (3 авіяносцы з 243 самалётамі, 8 крэйсераў, 14 эсмінцаў), у выніку якой Японія страціла перавагу ў авіяносцах над ЗША У гэтых баях знішчаны 4 авіяносцы, 1 крэйсер і 253 яп. самалёты, 1 авіяносец, 1 эсмінец і 150 амер. самалётаў. Цяпер ваен. база ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДАГАСКА́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ Займае востраў Мадагаскар і шэраг архіпелагаў і астравоў Індыйскага акіяна: Каморскія, Маскарэнскія, Сейшэльскія і інш. Уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя).
У флоры больш за 8,5 тыс. відаў раслін. Найб. пашыраны архідныя (больш за 900 відаў), бамбукі, пальмы. Шмат эндэмікаў з кветкавых раслін (эндэмічных 6—9 сямействаў). Тыповыя віды-эндэмікі — «дрэва падарожнікаў», сейшэльская пальма. Фауна з ранняга неагену развівалася самастойна ад інш. біягеаграфічных абласцей, найб. звязана з фаунай Афрыкі, але некат. віды сведчаць пра стараж. сувязі з Паўд. Азіяй і Амерыкай. 4 атрады нелятаючых млекакормячых, усе віды якіх эндэмічныя: віверавыя, прыматы (лемуравыя, індры, ай-ай), тэнрэкі, хамякі мадагаскарскія. Астатнія млекакормячыя — перасяленцы з Афрыкі (кажаны, кісцявухія свінні, пацукі, мышы). З птушак 50% відаў — эндэмікі (вангавыя, курапаткі пастушковыя, філяпітавыя). З паўзуноў геконы, кракадзілы (нільскі), хамелеоны, чарапахі (сухапутныя і бакашыйныя). Усе земнаводныя адносяцца да жаб (каля 150 відаў, большасць эндэмічныя). З рыб трапляецца некалькі солетрывалых відаў (хромісы, карпазубыя і інш.). З беспазваночных большасць відаў паходзіць з Афрыкі, эндэмікаў мала (некат. скарпіёны і інш).
Да арт.Мадагаскарская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — лемур мышыны; 2 — лемур вары; 3 — ай-ай; 4 — голуб маўрыкійскі; 5 — пустальга маўрыкійская; 6 — пастушок мадагаскарскі; 7 — ілжэнектарніца драбнадзюбая; 8 — удаў драўляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТу біялогіі,
адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін, займае бакавое становішча па восі парастка і выконвае функцыі фотасінтэзу, транспірацыі і газаабмену. Складаецца з ліставой пласцінкі і чаранка (калі яго няма, Л. наз. сядзячым). Зверху і знізу пакрыты эпідэрмай з кутыкулай, часам з разнастайнымі валаскамі. Пад эпідэрмай знаходзіцца некалькі слаёў зялёнай тканкі (хларэнхімы), дзе адбываюцца асн.фізіял. працэсы — фотасінтэз і дыханне раслін. Праводзячыя пучкі праходзяць па жылках Л.: па драўніне (ксілеме) ад каранёў паступае вада і раствораныя ў ёй пажыўныя рэчывы, па лубе (флаэме) у інш. органы адцякаюць прадукты фотасінтэзу. Памеры Л. пераважна 3—10 см, але бываюць да 20 м (некат. пальмы). Часам відазмяняюцца ў калючкі, вусікі, лускавінкі або рэдукуюцца. Адрозніваюць простыя (з адной пласцінкай) і складаныя (з некалькімі пласцінкамі, што размешчаны перыста ці пальчата на агульнай восі). Форма Л. — характэрная адзнака віду і адлюстроўвае прыстасаванасць да пэўных экалагічных умоў — вільготнасці, асвятлення і інш. Працяг жыцця — ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў (напр., у лаўра 3—4, у елкі Шрэнка да 30 гадоў). Лістапад бывае паступовым ці амаль адначасовым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІУ́Э (Niue),
уладанне Новай Зеландыі на аднайм. востраве ў паўд.ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 262,6 км². Нас. 1,8 тыс.чал. (1995); жывуць ніуэанцы, або ніуэ — адзін з палінезійскіх народаў. Афіц. мова — англійская, але большасць жыхароў карыстаецца мясц. мовай. Вернікі пераважна пратэстанты. Насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, абслугоўванні турыстаў. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю. Адм. ц. і порт — пасёлак Алофі. В-аў Н. — каралавага паходжання, падняты атол. Паверхня плоская, найб.выш. 66 м. Клімат трапічны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры каля 24 °C, выпадае 2200 мм ападкаў за год. Каля 5,4 тыс.га занята лесам з каштоўнымі пародамі дрэў, астатняя тэр. пад пасадкамі какосавай пальмы і лімонаў, палямі і агародамі (ямс, тара, батат, бананы, агародніна, вострапрыпраўныя расліны), лугамі і пашай. Жывёлагадоўля (свінні, козы). Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбалоўства. Прадпрыемствы харч. прам-сці і па перапрацоўцы какосавых арэхаў. Саматужныя маст. промыслы (цыноўкі, капелюшы, сумкі і інш.). Абслугоўванне турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі). Марскія і авіяц. сувязі з Новай Зеландыяй. Аэрапорт. Аснова экспарту — копра, лімоны, драўніна, вострапрыпраўныя расліны, бананы, маст. вырабы, мёд. Востраў атрымлівае фін. дапамогу ад Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Востраў заселены палінезійцамі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам у 1774. У 1900 абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі, з 1901 пад кіраваннем Новай Зеландыі. У 1901—03 — частка пратэктарата Астравы Кука, з 1903 асобнае ўладанне. У 1966 створана Заканад. асамблея, якая выбіраецца ўсеагульным галасаваннем. З 1974 мае статус «самакіравальная тэрыторыя ў свабоднай асацыяцыі» з Новай Зеландыяй, якая пакінула за сабой пытанні знешніх зносін і абароны Н.