1) невялікі (бывае і значны памерам) навуковы, публіцыстычны або літ.-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе.
2) У праве — асобная самаст. частка нарматыўнага акта, у якой найчасцей змешчана адна юрыд.норма, адно абавязковае правіла. На Беларусі падзел нарматыўных актаў на паасобныя артыкулы практыкаваўся са старажытнасці, але тэрмін «артыкул» стаў ужывацца ва «Уставе на валокі» 1557, а потым і ў Статутах 1566 і 1588. З часам і асобныя законы пачалі называць артыкуламі.
3) У бухгалтарскім уліку і фін. планах — раздзел, які змяшчае назвы крыніц прыбытку і мэтавага прызначэння фінансавых затрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЧЫ́ННАСЦЬ.
1) Аказанне матэрыяльнай дапамогі маламаёмным, сацыяльна неабароненым прыватнымі асобамі ці арганізацыямі. Можа быць накіравана на падтрымку, развіццё і заахвочванне грамадска значных формаў дзейнасці (напр., ахову навакольнага асяроддзя, помнікаў культуры і інш.).
2) Паняцце маралі, якое вызначае ўстойлівыя станоўчыя якасці, асобы, адобраныя грамадскай думкай і нарматыўнай этыкай, напр., бескарыслівасць, разважлівасць, велікадушнасць, давер, сяброўства, любоў, патрыятызм, сумленне, справядлівасць і інш. Кожнай станоўчай маральнай катэгорыі тэарэт. этыка проціпастаўляе адмоўныя якасці ці заганы. Дабрачыннасць як грамадска значная норма арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць людзей, упарадкоўвае грамадскае жыццё; падкрэслівае ролю асобы як актыўнага носьбіта пэўнай маральнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНРО́ (Monroe) Мэрылін [сапр.Бейкер Мортэнсан
(Baker Mortenson) Норма Джын; 1.6.1926, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 5.8.1962], амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1947. У 1950-я г. самая папулярная актрыса — увасабленне жывой «амерыканскай мары». Здымалася ў фільмах розных жанраў: меладраме «Ніягара» (1953),
вестэрне «Рака, адкуль не вяртаюцца» (1954), камедыях «Сверб сёмага года» (1955), «Прынц і танцоўшчыца» (1957), «Некаторыя любяць больш гарачае» (1959, у сав. пракаце «У джазе толькі дзяўчаты») і інш. Дыяпазон яе драм. магчымасцей асабліва раскрыўся ў фільмах «Аўтобусны прыпынак» (1956) і «Непрыкаяныя» (1960). Пра жыццё і творчасць М. пісаў Н.Мейлер, знята кінаанталогія «Мэрылін» (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦІ́Н, вітамін H,
C10H16O3N2S, гетэрацыклічнае арган. злучэнне, якое ўтвараецца вышэйшымі раслінамі і мікробамі; у чалавека і большасці жывёл — мікрафлорай кішэчніка; сінтэзаваны штучна. Малекула біяціну мае тыяфенавае кольца, злучанае з рэшткамі мачавіны і валяр’янавай к-ты. Бясколерныя ігольчастыя водарастваральныя крышталі з tпл 230—232 ºC. Устойлівы да святла, награвання, кіслароду паветра, разбаўленых к-т. Найб. колькасць біяціну ў мясе, печані, нырках, яечным жаўтку, малацэ, дражджах, памідорах, соі, бобе, шпінаце. Уваходзіць у састаў ферментаў, якія рэгулююць абмен тлушчаў і бялкоў. Пры недахопе біяціну ў арганізме з’яўляецца мышачная слабасць, параліч, хваробы скуры, выпадаюць валасы, затрымліваецца рост. Сутачная норма біяціну для дарослага чалавека 0,01—0,025 мг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́Н (ад грэч. kanōn норма, правіла),
1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый ў духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш.Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.
2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІ́НІ ((Bellini) Вінчэнца) (3.11.1801, г. Катанія, Італія — 23.9.1835),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў неапалітанскай кансерваторыі «Сан-Себасцьяна» (1819—25 ці 27) у Н.А.Цынгарэлі. Музыцы Беліні ўласцівы рамант. ўзнёсласць, мяккі лірызм. У яе аснове экспрэсіўная вак. мелодыка шырокага дыхання, неперарыўнасць развіцця, віртуозны бляск. Зрабіў вял. ўклад у развіццё опернага жанру, стылю бельканта, імкнуўся да натуральнага ўвасаблення ў музыцы моўных інтанацый, надаў драм. выразнасць опернаму рэчытатыву. Аўтар 11 опер, у т. л. «Пірат» (1827), «Чужаземка» (1829), «Капулеці і Мантэкі» (1830), «Самнамбула», «Норма» (1831), «Беатрычэ ды Тэнда» (1833), «Пурытане» (1835), кантаты «Ісмена», 7 сімфоній (1818—24), духоўнай музыкі, рамансаў, канцанет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́ЛЬ (франц. modèle узор ад лац. modulus мера, узор, норма),
1) узор (эталон) якога-н. вырабу для серыйнай ці масавай вытв-сці.
2) Тып, марка, узор канструкцыі.
3) Прадмет маст. адлюстравання (натура); чалавек, які пазіруе мастаку (натуршчык).
4) Узнаўленне, імітацыя якога-н. прадмета, часцей у зменшаным выглядзе (напр., М. самалёта). Гл. таксама Макет.
5) Узор прадмета (звычайна з матэрыялу, што лёгка апрацоўваецца), з якога робіцца форма для ўзнаўлення ў інш. матэрыяле. Напр., ліцейная мадэль, з дапамогай якой робіцца рабочая поласць у ліцейнай форме.
6) Схема, апісанне якой-н. з’явы ці працэсаў у прыродзе і грамадстве.
7) Канструкцыя, якая перадае, імітуе (звычайна ў зменшаным маштабе) будову і дзеянне якога-н. інш. («сапраўднага») аб’екта ў навук., вытв. (гл.Мадэліраванне) ці спарт. мэтах (гл.Мадэлізм спартыўны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫВІ́ЗМ,
1) кірунак у гнасеалогіі, у аснове якога ляжыць арыентацыя пазнавальнай дзейнасці на сац.-паліт. «нейтральнасць», на ўстрыманне ад сац.-крытычных ацэнак, суджэнняў аб яе каштоўнасцях і мэтах. Тым самым ён абмяжоўвае «разумнае мысленне», нярэдка маскіруючы гнасеалагічны суб’ектывізм. Аб’ектывізм адмаўляе самаст. ролю актыўных дзеянняў гіст. суб’ектаў, трактуе іх як цалкам абумоўленыя фатальным ходам рэчаў, уплывам тэхніка-тэхнал. і навук. фактараў. У найноўшай сваёй форме сцыентызму Аб’ектывізм выражаецца ў тэндэнцыі звесці ўсю культуру да навукі, а праблемы чалавека і грамадства — да навук.-тэхн. задач.
2) Кірунак у этыцы, які прызнае аб’ектыўныя каштоўнасці і прадпісанні і спрабуе ўстанавіць аб’ектыўны крытэрый і аб’ектыўную мэту маральнага дзеяння (гл.Норма).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного звания. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬ МО́НАКА ((Del Monaco) Марыо) (27.7.1915, г. Фларэнцыя, Італія — 16.10.1982),
італьянскі спявак (драм. тэнар); буйнейшы прадстаўнік мастацтва бельканта сярэдзіны 20 ст. Вучыўся ў Пезарскай кансерваторыі. У 1943—73 на опернай сцэне, спяваў у лепшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», Парыжская опера; у 1959 у спектаклях «Кармэн» Ж.Бізэ і «Паяцы» Р.Леанкавала ў Вял. т-ры ў Маскве). Валодаў голасам вял. дыяпазону з унікальным па насычанасці барытанальным тэмбрам, дакладным адчуваннем муз. стылю і фактуры вобраза, дарам свабоднага пераўвасаблення. Найб. вядомасць набыў у трагічных і героіка-драм. партыях: Атэла, Радамес, Манрыка, Эрнані, Альвара («Атэла», «Аіда», «Трубадур», «Эрнані», «Сіла лёсу» Дж.Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), дэ Грые («Манон Леско» Пучыні і «Манон» Ж.Маснэ), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Паліён («Норма» В.Беліні). Здымаўся ў муз. фільмах («Джузепе Вердзі», 1953, і інш.).
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь, мои успехи. М., 1987.