МАЛДАБАСА́НАЎ Калый Малдабасанавіч (н. 28.9.1929, сяло імя Калініна Нарынскай вобл., Кыргызстан),
кіргізскі дырыжор, кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1979). Герой Сац. Працы (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954), Кірг.ін-т мастацтваў (1973). З 1954 дырыжор, у 1966—73 гал. дырыжор Кірг.т-ра оперы і балета. З 1975 выкладае ў Кірг. ін-це мастацтваў (з 1984 праф., рэктар). Пад яго муз. кіраўніцтвам у Кірг. т-ры пастаўлены оперы «Манас» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ, «Невядомы салдат» К.Малчанава, «Атэла» Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, балеты «Асель» Уласава і «Легенда аб каханні» А.Мелікава і інш. Сярод твораў: балетараторыя «Мацярынскае поле» (паст. 1974) і балет «Сказ пра Манкурт» (паст. 1986; абодва паводле Ч.Айтматава), вак.-сімф., сімф. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні і інш.Дзярж. прэмія СССР 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ (Podhórski-Okołów) Леанард (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),
польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Гайдук, М.Кавыль, А.Лойка, Я.Семяжон.
Тв.:
Wybór poezji. Warszawa, 1960;
Бел.пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬШТЫ́Н (Пільштынова, дзявочае Русецкая) Саламея Рэгіна Іаахімаўна (1718, Навагрудчына, Гродзенская вобл. — пасля 1760), бел. мемуарыстка, падарожніца, лекарка. У 14 гадоў разам з мужам трапіла з Беларусі ў г. Стамбул. У 1739 вярнулася на радзіму, вяла мед. практыку ў Нясвіжы. Ездзіла ў Пецярбург, Вену, двойчы ў Турцыю. У 1760 са Стамбула накіравалася паломніцай у Святую Зямлю. Далейшы лёс невядомы. У 1760 напісала на польск. мове мемуары «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (выд. 1957, Кракаў), якія нагадваюць прыгодніцкі раман. У іх каларытна паказаны побыт і розныя бакі жыцця Беларусі, Турцыі, пецярб. двара Ганны Іванаўны. У мове шмат беларусізмаў, бел. прыказак і прымавак. На бел. мову яе мемуары пераклаў М.Хаўстовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА Існавала ў 1756—60 пры Слуцкім тэатры Радзівіла. Засн. Г.Ф.Радзівілам для падрыхтоўкі артыстаў балетнай трупы. Да 1759 школай кіравалі А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ. У школе вучылі 8—10-гадовых дзяцей слуцкіх мяшчан, а таксама дзяцей негрыцянскіх нявольнікаў князя. Сярод вядучых артыстаў радзівілаўскіх т-раў навучэнцы Дыклер, Жукоўскі, А.Лойка, К.Міхневіч, Ражавіч. У пач. 1758 пастаўлены першы балет «На тры пары», у якім выхаванцы выявілі высокія здольнасці. Дакладна рэпертуар слуцкага балета невядомы, але ёсць падставы меркаваць, што пастаўлены «Балет з Арлекінам», «Венгерскі балет», «Турэцкі балет», а таксама балеты, у якія ўваходзілі ням., швейцарскія і цірольскія танцы («стралкоў», «садоўнікаў», «чарцей», «трубачыстаў», «кветачніц», «сялянак»). У 1760 школа пераведзена ў г. Нясвіж.
Літ.:
Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра Мн., 1983. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́САЎ Баляслаў Канстанцін Данілавіч (1832 ці 1833, г. Барысаў Мінскай вобл. — пасля 1866),
удзельнік вызв. руху 1860-х г. Брат А.Д.Трусава. Скончыў Мінскую гімназію, Маскоўскі пед.ін-т (1853). Настаўнічаў у Маскве. Быў блізкі да рэв.т-ва М.І.Ішуціна, чл. польск. падп.к-та ў Маскве, які дапамагаў удзельнікам паўстання 1863—64. У 1866 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць па т.зв. «каракозаўскай справе» (замах на цара Аляксандра II). На следстве выявілася дачыненне Т. да ўцёкаў Я.Дамброўскага з-пад варты ў Маскве (1864) і да планаў рэвалюцыянераў арганізаваць уцёкі М.Г.Чарнышэўскага з Сібіры. Аднак у поўным аб’ёме сувязі Т. з падполлем не былі раскрыты. У снеж. 1866 вызвалены пад нагляд паліцыі. Далейшы лёс невядомы.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Русско-польские революционные связи. Т. 2. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТУ́ШКА Міхась Апанасавіч (1907, г. Нясвіж Мінскай вобл. — ?),
бел.паліт. і вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1930), вучыўся ў Пражскім ун-це і Варшаўскім політэхн. ін-це. У 1930-я г. ўваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый у Празе, Варшаўскага асв.т-ва беларусаў. Напярэдадні Вял.Айч. вайны ўступіў у кантакт з абверам, вёў дыверсійную работу ў Зах. Беларусі. У час вайны актыўна супрацоўнічаў з гітлераўцамі, арганізоўваў атрады Бел. самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, удзельнічаў у баях супраць сав. партызан. Адзін з лідэраў Бел. незалежніцкай партыі, маёр Бел. краёвай абароны. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З ліп. 1944 выкладчык дыверсійна-разведвальнага батальёна «Дальвіц», камандзір яго спецатрада. 17.11.1944 атрад Вітушкі закінуты фашыстамі ў Налібоцкую пушчу. З вясны 1945 кіраўнік т.зв. партызанскай Бел.вызв. арміі (інш. назва «Чорны кот»). Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў Уладзімір Аляксеевіч (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАХ,
1) у псіхалогіі — адмоўная эмоцыя, што ўзнікае ў выніку рэальнай або ўяўнай небяспекі, якая пагражае жыццю арганізма, асобе, яе каштоўнасцям (ідэалам, мэтам, прынцыпам і інш.). Сфарміраваныя рэакцыі С. з’яўляюцца адносна стойкімі і здольныя захавацца нават пры разуменні іх бессэнсоўнасці. Таму выхаванне ўстойлівасці да С. звычайна накіравана не на пазбаўленне ад яго, а на выпрацоўку ўменняў валодаць сабой пры наяўнасці С. Неафрэйдызм разглядае С. як гал. крыніцу неўрозу.
2) Адно з асн. паняццяў экзістэнцыялізму. Уведзена С.К’еркегорам, які вылучаў звычайны «эмпірычны» С.-боязь, выкліканы канкрэтным прадметам ці абставінамі, і нявызначаны, неўсвядомлены С.-тугу — метафізічны С., які невядомы жывёлам, прадметам якога з’яўляецца нішто; ён абумоўлены тым, што чалавек смяротны і ведае пра гэта. У М.Хайдэгера С. адкрывае перад «экзістэнцыяй» яе апошнюю магчымасць — смерць. Метафізічны, экзістэнцыяльны С. Ж.П.Сартр тлумачыць як С. перад самім сабой, перад сваёй магчымасцю і свабодай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫШЫ́НСКІ (Tyszyński) Аляксандр (21.5.1811, С.-Пецярбург — 5.11.1880),
польскі літаратуразнавец, крытык, празаік. Чл.АН у Кракаве (з 1873). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829—38 жыў у в. Мясата (Маладзечанскі р-н) і Мінску. Адзін з заснавальнікаў (1841) і вядучых аўтараў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). У 1866—69 выкладчык Гал. школы ў Варшаве. Апошнія гады жыцця правёў у Мясаце. Развіваў тэорыю рэгіянальных, у т. л.бел., школ у польскай л-ры. Упершыню яе абгрунтаваў у даследаванні «Пра школы ў польскай паэзіі», уключыў у яго свой раман у лістах «Амерыканка ў Польшчы» (1837). Матэрыялы пра літ. жыццё Беларусі ў асн. яго працах: «Даследаванні і крытыка» (т. 1—3, 1854), «Польскія вобразы» (1875), «Крытычныя працы» (т. 1—2, 1904). Аўтар «Гістарычнага нарыса асветы славян» (1841), «Дзённіка за 1829—1878 гг.», дзе падрабязна расказаў пра гады жыцця на Беларусі (лёс рукапісу невядомы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.
Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял.Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.
Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.