Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯХ (Леў Палікарпавіч) (н. 12.6.1937, г. Новарасійск Краснадарскага краю, Расія),
бел. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах харавога (1964, клас М.Маслава) і оперна-сімф. (1971, клас К.Ціханава і В.Катаева) дырыжыравання. З 1955 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1971 адначасова дырыжор творчага аб’яднання «Нац.акад. Вялікі т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Творчасці Л. характэрны пранікненне ў маст. канцэпцыю твора, адчуванне яго стыліст. асаблівасцей. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены: оперы «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (2-я рэд., 1992), «Франчэска да Рыміні» С.Рахманінава (упершыню ў Беларусі), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (абедзве 1989, у канцэртным выкананні), опера-казка «Чароўная музыка» М.Мінкова (1997), балеты «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Жызэль» А.Адана (1987). Дырыжыруе операмі і балетамі класічнага рэпертуару і сучасных, у т. л.бел., кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛО́ДАК (Рыта) (Рэвека) Веньямінаўна (27.2.1906, Мінск — 3.12.1969),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт. Беларусі (1940). Скончыла Віцебскі муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933), удасканальвалася ў Маскве ў М.Уладзіміравай. З 1931 салістка Бел. Радыёкамітэта, у 1933—59 (з перапынкам) салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым, багатага тэмбру голасам, сцэн. абаяльнасцю, цёпла і шчыра перадавала чалавечыя пачуцці. Сярод партый: у бел. рэпертуары — Марыся («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), адметныя глыбокай непасрэднасцю і праўдзівасцю, Астахава («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных і сучасных операх — мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Таццяна, Ліза, Марыя, Настасся («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Маша («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Земфіра («Алека» С.Рахманінава), Наталля («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага). Выступала як камерная спявачка; удумлівы інтэрпрэтатар рамансаў бел. кампазітараў, нар. песень.
Літ.:
Тамашова Н. Майстар вакальнага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́ШКІНА (Тамара Андрэеўна) (н. 13.9.1934, г. Астрахань, Расія),
расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1973). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас А.Катульскай). У 1958—89 салістка Вял.т-ра. Валодае голасам прыгожага цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), роўным ва ўсіх рэгістрах, сцэн. абаяльнасцю. Выкананню ўласцівы шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Ліза, Таццяна, Марыя, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Аіда, Лізавета, Леанора, Дэздэмона («Аіда», «Дон Карлас», «Трубадур», «Атэла» Дж.Вердзі), Валхава, Фяўроння («Садко», «Казанне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Донна Анна («Каменны госць» А.Даргамыжскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Наташа Растова, Любка («Вайна і мір», «Сямён Катко» С.Пракоф’ева), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна). Выступала ў «Ла Скала» і інш. замежных т-рах, выконвала партыю драм. сапрана ў «Рэквіеме» Вердзі. Яе творчасці прысвечаны фільм «Чараўніца з горада Кіцежа» (1966). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Літ.:
Грошева Е. Тамара Милашкина // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; н. 1.4.1948, в. Клешаў Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1970). Працаваў у выд-ве «Мастацкая літаратура», час. «Маладосць», у апараце ЦККПБ, гал.рэд.газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». З 1997 гал.рэд.час. «Нёман». Друкуецца з 1965. Аўтар кніг прозы «Асеннія халады» (1972), «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981, Літ. прэмія імя І.Мележа 1982), «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Чорны павой» (1986), «На дазорнай сцяжыне» (1990), «Помста матылькоў» (1991), «Праклятая любоў» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992). Раскрывае праблемы сучаснасці ва ўсёй іх вастрыні і складанасці. Творы Ж. адметныя апісаннем багатага спектра чалавечых характараў і ўзаемаадносін, роздумам над пытаннямі жыцця і лёсу, неспакоем за стан навакольнага асяроддзя, лірычна-спавядальнай манерай перадачы некаторых аўтабіяграф. фактаў, выкарыстаннем міфічна-казачнай сімволікі. На бел. мову пераклаў аповесці і апавяданні М.Кацюбінскага, А.Упіта, Г.Траяпольскага, В.Астаф’ева і інш., раманы Ж.Жубера, Н.Сафарава, Т.Джумагельдыева, раман М.Булгакава «Майстар і Маргарыта» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Пятровіч) (н. 30.9. 1917, г. Яраслаўль, Расія),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1992). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна пры Т-ры імя Я.Вахтангава (1939), з 1946 у трупе гэтага т-ра. У 1964—84 гал. рэжысёр, з 1989 маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра на Таганцы. З 1953 выкладае ў тэатр. вучылішчы імя Шчукіна. У 1984—89 быў пазбаўлены сав. грамадзянства. Сярод роляў: Моцарт («Маленькія трагедыі» А.Пушкіна), Цяцін («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Крыс («Усе мае сыны» А.Мілера) і інш. Адзін з рэфарматараў сав.т-ра, стваральнік яркіх, палітычна і палемічна вострых спектакляў. У рэжысёрскай практыцы кіруецца ідэямі Вахтангава, У.Меерхольда і Б.Брэхта. Сярод пастановак «Добры чалавек з Сезуана» Брэхта (1963), «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева (1971), «Гамлет» У.Шэкспіра (1972), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1977), «Дом на набярэжнай» паводле Ю.Трыфанава (1980), «Паэт Уладзімір Высоцкі» (1981, 1988), «Барыс Гадуноў» (1982, 1988) і «Маленькія трагедыі» Пушкіна (1989), «Доктар Жывага» паводле Б.Пастэрнака і твораў рус. паэзіі (1993) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Аляксей Анатолевіч) (н. 2.2.1957, Мінск),
бел. рэжысёр т-ра лялек. Сын А.А.Ляляўскага. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). З 1979 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, з 1986 гал. рэжысёр. У 1982—86 гал. рэжысёр Магілёўскага абл.т-ра лялек. Адначасова з 1989 выкладае ў Бел.АМ. Рэжысёр з адметным бачаннем мастацтва т-ра лялек. Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод пастановак для дзяцей: у Магілёўскім т-ры — «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна (1982), «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н.Слепаковай паводле Ш.Перо (1984), «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1985); у Дзярж. т-ры — «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена (1980), «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага (1987), «Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога і «Папялушка, ці Перамога дабрачыннасці» Ж.Маснэ (1991) і інш. 3 пастановак для дарослых: «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.Неруды (1980), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1987), «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (абедзве 1990), «Прывіды каляднае ночы» («Цар Ірад») Г.Барышава (1993), «Ганэле» Г.Гаўптмана (1999) і інш. Ставіў спектаклі ў т-рах лялек Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Славеніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТО́ЕВЫ, Пітаеф (Pitoēff),
французскія акцёры, тэатр. дзеячы. Нарадзіліся ў Тбілісі. Жорж П. (4.9.1884—17.9.1939), рэжысёр і акцёр; адзін з найбуйнейшых дзеячаў франц. тэатра 1920—30-х г. З 1905 вучыўся на юрыд. ф-це ў Парыжы; выступаў як акцёр у Рус.драм. гуртку. Пазней працаваў у Пецярбургу ў т-ры В.Камісаржэўскай, Першым перасоўным драм. т-ры П.Гайдабурава і Н.Скарскай; у 1912 заснаваў уласны «Наш тэатр». З 1915 у Швейцарыі, з 1922 у Парыжы, дзе ўзначальваў тэатр. трупы. Адзін з заснавальнікаў тэатр. саюза «Картэль» (1926), які імкнуўся да творчага і арганізацыйнага абнаўлення тэатра. Выступаў за стварэнне т-ра, прасякнутага паэзіяй і гуманізмам, блізкага народу, прапагандаваў драматургію А.Чэхава. Разам з тым зазнаў уплывы містыкі, сюррэалізму, фрэйдысцкіх канцэпцый. Паставіў спектаклі: «Гамлет» У.Шэкспіра (1920), «Святая Іаана» Б.Шоу (1925), «Тры сястры» Чэхава (1929) і інш. Сярод роляў: Гамлет (аднайм. п’еса Шэкспіра), Тузенбах, Трэплеў, Астраў («Тры сястры», «Чайка», «Дзядзька Ваня» Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.
Людміла П. (25.12.1895—15.9.1951), актрыса, жонка Жоржа П. З 1916 выступала ў трупах мужа. Сярод роляў: Афелія («Гамлет» Шэкспіра), Медэя (аднайм. п’еса Сенекі), Іаанна («Святая Іаанна» Шоу), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Соня, Ніна Зарэчная, Ірына («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» Чэхава), Маша («Жывы труп» Талстога) і інш. З 1939 працавала ў Швейцарыі, ЗША, Канадзе, з 1945 — у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛА́СКЕС ((Velázquez; Velásquez) Дыега Радрыгес дэ Сільва і) (6.6.1599, г. Севілья, Іспанія — 6.8.1660),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі ў Ф. дэ Эрэры Старэйшага і Ф.Пачэкі (1610—16). З 1623 прыдворны жывапісец Філіпа IV. Яго творчасць — вяршыня «залатога веку» ісп. жывапісу. Дэмакратызм і рэалізм творчасці Веласкеса праявіўся ўжо ў ранніх палотнах: «Снеданне» (1617), «Ваданос» (каля 1620). Нават афіцыйныя заказныя партрэты Веласкеса вылучаліся бязлітаснай праўдзівасцю характарыстык і псіхал. глыбінёй: «Філіп IV» (каля 1629 ці 1644), «Герцаг Аліварэс» (каля 1638), «Папа Інакенцій Х» (1650). Гуманістычны характар яго творчасці яскрава выявіўся ў партрэтах дзіцячых («Інфант Бальтасар Карлас», 1634—35, «Інфанта Маргарыта», 1659), прыдворных блазнаў («Себасцьян дэ Мора», «Эль Прыма», «Эль Боба з Карыі», 1631—48), рэалістычных («Хуан Матэас», канец 1632, «Дама з веерам», канец 1648, «Хуан Парэха», 1650). У творах на рэліг. і міфалаг. тэмы («Пакланенне вешчуноў», 1617, «Хрыстос у доме Марфы і Марыі», 1622, «Кузня Вулкана», «Вакх», 1630, «Венера перад люстэркам», 1648—49) вобразы святых і міфалаг. багоў Веласкес аб’ядноўваў з грубаватымі зямнымі вобразамі людзей. Яго творы «Здача Брэды», «Меніны» («Фрэйліны», 1656), «Папрадухі» («Міф аб Арахане», 1657) вызначылі ў еўрап. мастацтве 17 ст. новы тып шматпланавай карціны з кампазіцыйнымі і святлоценявымі эфектамі, паглыбленым псіхалагізмам. Каларыстыка яго твораў вылучаецца вытанчанымі валёрнымі гармоніямі, святлонасычанасцю. Творы Веласкеса былі прадметам вывучэння і крыніцай натхнення для Ф.Гоі, Э.Манэ, П.Пікаса.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Веласкес. М., 1978;
Justi C. Diego Velazquez und siene Jahrhundert. Leipzig, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР НА ТАГА́НЦЫ.
Створаны ў 1964 на базе Маскоўскага т-ра драмы і камедыі (арганізаваны ў 1946) і групы выпускнікоў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна як Маскоўскі т-р драмы і камедыі на Таганцы, з 1987 сучасная назва. Маст. кіраўнікі: Ю.Любімаў (1964—84 і з 1989), А.Эфрас (1984—87), М.Губенка (1987—89). Т-р развіваў традыцыі Я.Вахтангава, У.Меерхольда, Б.Брэхта, распрацоўваў новую сцэн. мову, знаходзіў новыя формы сцэн. л-ры (паэт.т-р, т-р прозы, сцэн. публіцыстыка). Спектаклі вызначаліся адкрытым грамадз. пафасам, актыўным кантактам з публікай: «Добры чалавек з Сезуана» Б.Брэхта (1964), «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет» паводле Дж.Рыда, «Антысветы» А.Вазнясенскага (абодва 1965), «Паслухайце! Маякоўскі», «Пугачоў» С.Ясеніна (абодва 1967), «Тарцюф» Мальера (1968), «Жывы» паводле Б.Мажаева (1968, 1989), «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева, «Гамлет» У.Шэкспіра (абодва 1971), «Драўляныя коні» паводле Ф.Абрамава (1974), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1975, 1985), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава, «Дом на набярэжнай» паводле Ю.Трыфанава (1980), «Паэт Уладзімір Высоцкі» (1981, 1988), «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна (1982, 1989), «На дне» М.Горкага (1984), «У вайны не жаночы твар» паводле С.Алексіевіч (1985), «Мізантроп» Мальера (1986), «Маленькія трагедыі» Пушкіна (1989), «Доктар Жывага» паводле Б.Пастарнака (1993) і інш. У складзе трупы ў розныя гады: І.Бортнік, У.Высоцкі, Губенка, А.Дзямідава, В.Залатухін, З.Славіна, В.Смехаў, С.Фарада, Л.Філатаў, Б.Хмяльніцкі і інш. У 1993 падзяліўся на 2 трупы: Т-р на Таганцы (пад кіраўніцтвам Любімава) і Садружнасць акцёраў Таганкі (пад кіраўніцтвам Губенкі).