ПОСТПАЗІТЫВІ́ЗМ (ад пост... + пазітывізм),
філасофскія канцэпцыі, што ўзніклі ў 1950—70-я г. ў працэсе крытыкі неапазітывізму. Не мае акрэсленага зместу, нярэдка атаясамліваецца з сучаснай аналітычнай філасофіяй, у інш. выпадках мае вельмі вузкую трактоўку. Тэарэт. абгрунтаваны ў працах К.Попера «Логіка навуковага адкрыцця» (1959) і Т.Куна «Структура навуковых рэвалюцый» (1963). Да асн. плыней П. адносяць крытычны рацыяналізм, прагматычны аналіз (У.Куайн, М.Уайт, ЗША), канцэпцыі І.Лакатаса, М.Полані (Вялікабрытанія), П.Феерабенда і Р.Рорці (ЗША), розныя варыянты сучаснага філас. рэалізму і інш. Агульным для ўсіх канцэпцый П. з’яўляецца адыход ад арыентацыі на сімвалічную логіку і звяртанне да гісторыі навукі, прызнанне вызначальнай ролі ў пазнанні тэарэт. ўзроўню ведаў, перанос акцэнту на сацыякульт. і каштоўнасныя аспекты навук. пазнання.
т. 12, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАГО́ДНАСЦЬ,
абгрунтаванасць, доказнасць і бясспрэчнасць ведаў. Тэрмін выкарыстоўваецца ў логіцы, гнасеалогіі, тэорыі імавернасцяў, прававой навуцы. Верагодныя суджэнні падзяляюцца на асэртарычныя (канстатуюць рэальнае становішча спраў) і ападыктычныя (сцвярджаюць неабходную сувязь з’яў). У філас. і логіка-метадалагічных даследаваннях верагоднасць найчасцей выкарыстоўваюць для характарыстыкі абгрунтаваных, даказаных ведаў і як сінонім ісціны. Найб. поўны і глыбокі крытэрый верагоднасці ведаў — грамадска-гіст. практыка. У эксперым. прыродазнаўстве верагоднымі ведамі лічаць тыя, што набылі эмпірычнае пацвярджэнне ў ходзе назіранняў і доследаў. Лагічны крытэрый верагоднасці ведаў звязаны з правільнасцю апрацоўкі эмпірычных даных і лагічных аперацый з ведамі, верагоднасць якіх устаноўлена раней. Верагодныя веды (суджэнні) трэба адрозніваць ад імавернасных, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі ў якасці іх магчымай характарыстыкі (у выпадку ўвядзення колькасных крытэрыяў вызначаецца ступень такой магчымасці, гл. Імавернасць).
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́КЛЮЧАНАГА ТРЭ́ЦЯГА ПРЫ́НЦЫП,
закон класічнай фармальнай логікі, паводле якога з двух выказванняў, адно з якіх ісціннае, другое няісціннае, выключаюць трэцяе. Напр., з двух выказванняў «Сонца—зорка» (A ёсць B) і «Сонца — не зорка» (A не ёсць B) адно ісціннае. Маючы на ўвазе такія выказванні, традыц. фармальная логіка гэты закон фармулявала так: «A ёсць B ці не B» (трэцяга не дадзена). Упершыню выключанага трэцяга прынцып сфармуляваны Арыстоцелем. Сфера дзеяння яго вызначаецца не спосабамі выяўлення ісціннасці ці няісціннасці выказванняў, а адносінамі паміж выказваннямі, калі яны выкарыстоўваюцца ў доказах і інш. лагічных аперацыях. Закон не дапускае, каб сцверджанне і адмаўленне падмяняліся адно адным ці эклектычна аб’ядноўваліся ў нейкім трэцім выказванні. Выключанага трэцяга прынцып дапаўняе і развівае ў логіцы супярэчнасці прынцып і разам з ім і з тоеснасці законам выключае лагічную супярэчлівасць выказванняў.
т. 4, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАНЕ́НТНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
плынь у ням. філасофіі канца 19 — пач. 20 ст., якая атаясамлівала быццё, пазнавальную рэальнасць са зместам свядомасці і адмаўляла існаванне незалежнай ад свядомасці рэчаіснасці. Найб. вядомыя яе прадстаўнікі В.Шупе (заснавальнік), Р.Шуберт-Зольдэрн, А.Леклер, М.Каўфман і інш. Гал. свае ідэі Шупе выклаў у кн. «Тэарэтыка-пазнавальная логіка» (1878). І.ф. грунтавалася на крытычна пераасэнсаванай у суб’ектыўна-ідэалістычнага духу філасофіі І.Канта і спецыялізавалася ў галіне гнасеалогіі. Прадстаўнікі І.ф. лічылі, што рэчаіснасць, мысленны аб’ект непасрэдна дадзены пазнавальнаму суб’екту, іманентны яго свядомасці (адсюль і назва І.ф.). Асн. яе тэзісы: існуе толькі тое, што мысліцца, аб’ект непарыўна звязаны з суб’ектам, існуе родавая (усеагульная) свядомасць, якая выступае ў якасці гаранта і крытэрыя аб’ектыўнасці. Асобныя ідэі І.ф. знайшлі адлюстраванне ў эмпірыякрытыцызме, фенаменалогіі і інш. філас. плынях.
Т.І.Адула.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ў 17 — 1-й пал. 19 ст., якія ствараліся, утрымліваліся і кіраваліся манаскім ордэнам базыльянаў. Дзейнічалі на Беларусі, Украіне, у Літве, Латвіі і Польшчы. Папа Павел V 2.12.1615 зацвердзіў базыльянскія школы і дазволіў весці ў іх навучанне свецкай моладзі. На Беларусі першыя школы ўзніклі да 1637 у Мінску, Навагрудку, мяст. Баруны, Жыровічы, Чарэя і інш. У базыльянскіх школах вучылася моладзь розных веравызнанняў. Настаўнікаў для школ рыхтавалі ў езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі (універсітэце), замежных універсітэтах. Выкладаліся: грэч., лац., царкоўнаслав., польск., рус., ням., франц. мовы, метафізіка, рыторыка, логіка, паэтыка, права, асновы хрысц. веравучэння і абраднасці, гісторыя агульная і Рэчы Паспалітай, з 19 ст. — гісторыя Рас. імперыі, фіз. і паліт. геаграфія, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, фізіка, астраномія, заалогія. У 1820—30-я г. базыльянскія школы зачынены ўрадам Рас. імперыі або пераўтвораны ў семінарыі і духоўныя праваслаўныя школы.
т. 2, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ ПАЗІТЫВІ́ЗМ,
кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.Маха і Р.Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.Расела і Л.Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.
Т.І.Адула.
т. 9, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),
праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усе навук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.
В.М.Пешкаў.
т. 4, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІЦЫ́ЗМ,
кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл. Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.
В.М.Пешкаў.
т. 9, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МЕНСКАЯ ШКО́ЛА-КАМУ́НА,
доследна-паказальная прац. школа ў в. Лемень Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Існавала ў 1920—24. Засн. бел. педагогамі М.М.Лепяшынскім і М.І.Кернажыцкім. Працягвала традыцыі Ліцвінавіцкай школы-камуны. Выкладаліся рус. мова і л-ра, франц. мова, гісторыя, грамадазнаўства, палітэканомія, фізіка, хімія, прыродазнаўства, псіхалогія, логіка, гігіена, фіз. культура. У школе спалучалася навучанне з прадукцыйнай с.-г. працай. Прац. навыкі набываліся ў працэсе самаабслугоўвання. Школа мела гаспадарку і майстэрні (сталярная, слясарная, шавецкая, пераплётная і інш.), дзе працавалі навучэнцы, а таксама метэаралагічную станцыю. Было развіта вучнёўскае самакіраванне. Дзейнічалі камісіі: прац., гігіенічная, культ.-масавая, харч., гаспадарчая. Працавалі гурткі — літ., драм., маст. самадзейнасці, с.-г., спартыўныя. Школа выпусціла каля 150 чал. Сярод яе выхаванцаў акад. АН Беларусі П.Ф.Ракіцкі, чл.-кар. АН Беларусі І.В.Гутараў, кампазітар І.І.Любан і інш.
Літ.:
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993. С. 46—54.
т. 9, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІНІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы, якія ствараліся прыхільнікамі кальвінізму. На Беларусі існавалі ў 16—19 ст. У 1570-х г. — пач. 17 ст. існавалі ў Вільні, Віцебску, Глыбокім, Заслаўі, Магілёве, Мінску, Навагрудку, Оршы, Свіслачы, Смаргоні, Шклове і інш. Мелі розны ўзровень: ад ніжэйшых (пачатковыя, 6 гадоў навучання) да 5-класных вучылішчаў (10 гадоў навучання), якія давалі адукацыю, дастатковую каб паступіць ва ун-т; лепшыя выхаванцы атрымлівалі стыпендыі ва ун-тах Англіі і Германіі. Асаблівая ўвага аддавалася рэліг. навучанню і выхаванню, фіз. выхаванню; акрамя багаслоўя вывучаліся старагрэч., лац., бел., польская мовы, рыторыка, гісторыя, матэматыка, логіка і інш. У К.ш. выкарыстоўваліся элементы класна-ўрочнай сістэмы, гуманіст. падыходы ў арганізацыі навучання, ставілася мэта сфарміраваць у навучэнцаў крытычнае мысленне. Пасля паражэння Рэфармацыі ў сярэдзіне 17 ст. пратэстанцкія школы скарачаліся. К.ш. ў Слуцку (з 1617) толькі ў 1868 перайшла ў разрад урадавых навуч. устаноў.
В.С.Балбас.
т. 7, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)