род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 80 (па інш. звестках каля 50) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, у гарах трапічнай Паўд. Афрыкі, на Новай Гвінеі, у Аўстраліі і Новай Зеландыі, некат. — у Амерыцы. На Беларусі 7 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя Н.: балотная, нар. назвы жабіныя вочкі, палявая разета (M. palustris), дзірваністая (M. caespitosa), драбнакветная (M. micrantha), лясная (M. sylvatica), палявая (M. arvensis). Культывуецца Н. альпійская (M. alpestris). Трапляюцца ў лясах, балотах, на лугах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—50 см. Сцёблы галінастыя, тонкія, звычайна апушаныя. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пераважна блакітныя ў прадаўгаватых завітках. Плод 4-арэшак. Меданосныя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
В.В.Маўрышчаў.
Незабудка.
«НЕЗАБУ́ДКА» («Niezabudka»), літаратурны штогодні альманах. Выдаваўся ў 1840—44 у Пецярбургу на польск. мове Я.Баршчэўскім пры ўдзеле бел. і польск. студэнцкай моладзі. Выйшла 5 кніг. Меў сталае кола аўтараў — пераважна ўраджэнцаў Віцебскай губ. Публікаваў рамант. вершы Г.Шапялевіча, паэт. і празаічныя творы Г.Рэута, артыкулы С.Ляховіча, Л.Плашчынскага. Асн. месца ў «Н.» займалі творы Баршчэўскага: балады «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы» (1842, кн. 3), «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Помста» (1843, кн. 4), заснаваныя на бел. паданнях, санеты «Кветкі», «Пакута» (1842, кн. 3), «Ноч», «Дзень», «Развітанне», «Час усё знішчае» (1843, кн. 4), «Летняя ноч у Фінляндыі», «Нява», «Тры сонцы», «Жалезны век» (1844, кн. 5) і інш., аповесць з кн. «Шляхціц Завальня» — «Драўляны дзядок...» (1844, кн. 5), вершаваныя прысвячэнні, вершы. Шырока распаўсюджваўся на Беларусі. Сярод падпісчыкаў былі В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, І.Храпавіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).
стараж.-грэч.Істр, рака ў Еўропе, на тэр.ФРГ, Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Югаславіі, Балгарыі, Румыніі, Украіны; другая па даўжыні пасля Волгі. Даўж. 2850 км, пл.бас. 817 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў Брэге і Брыгах на ўсх. схілах горнага масіву, Шварцвальд, упадае ў Чорнае м. Верхні Д. (да Вены) цячэ па Баварскім пласкагор’і ў вузкай глыбокай даліне, якая падзяляе адгор’і Альпаў і Чэшскага масіву. У сярэднім цячэнні перасякае Сярэднедунайскую раўніну. У асобных горных хрыбтах і градах (Венгерскія Вароты, Вішаградскі праход, Жалезныя Вароты, Казанэ) утварае даліны прарыву. Ніжняе цячэнне (да вусця) праходзіць па Ніжнедунайскай раўніне. Утварае дэльту (пл. 3500 км²), дзе вылучаюцца 3 гал. рукавы (гірлы); Кілійскае, Сулінскае і Георгіеўскае. Больш за 300 прытокаў, 34 з іх суднаходныя. Гал. прытокі: Марава, Ціса, Олт, Сірэт, Пруг (злева), Ін, Драва, Сава, Марава (справа). Жыўленне мяшанае. Рэжыму верхняга Д. характэрна летняе разводдзе ад раставання снегу і лёду ў гарах, на астатняй тэр. веснавое разводдзе і летняя межань. На асобных участках у суровыя зімы замярзае да 1,5 мес. Сярэдні гадавы расход вады 6430 м³/с. Рыбалоўства (пераважна ў дэльце). Водзяцца бялуга, сяўруга, асетр, дунайскі селядзец, сазан, жэрах і інш. Выкарыстоўваецца на арашэнне і водазабеспячэнне гарадоў і прамысл. цэнтраў. Суднаходная да вярхоўяў, мае вял. значэнне ў трансп. сувязях Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. У ніжнім цячэнні (у Румыніі) Д. злучаны каналам з Чорным м. У Жалезных Варотах (на мяжы Румыніі і Югаславіі) 2 буйныя ГЭС (Джэрдап), каскад ГЭС з вадасховішчамі на тэр.
Аўстрыі і ФРГ. Гал. гарады на Д. — Рэгенсбург (ФРГ), Лінц, Вена (Аўстрыя), Браціслава (Славакія), Будапешт (Венгрыя), Нові-Сад, Бялград (Югаславія), Русе (Балгарыя), Брэіла, Галац (Румынія), Ізмаіл (Украіна) і інш. У дэльце Д. запаведнік Дунайскія плаўні. Д. — міжнар. рака. Канвенцыяй аб рэжыме суднаходства на Д. 1948 устаноўлена свабода суднаходства, забаронена плаванне ваен. караблёў непрыдунайскіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НА,
рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл.бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс.км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн.т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач.чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.
Літ.:
Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;
Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛГА (у старажытнасці Ра, у сярэднія вякі Ітыль),
рака ў еўрапейскай ч. Расіі, адна з самых вял. рэк на зямным шары, буйнейшая ў Еўропе. Даўж. 3530 км, пл.бас. 1360 тыс.км². Пачынаецца на Валдайскім узв., цячэ да г. Казань амаль у шыротным, а потым у мерыдыянальным напрамку. Упадае ў Каспійскае м., утварае вял. (пл. 19 тыс.км²) дэльту.
Выток Волгі — крыніца каля в. Волга-Вярхоўе ў Калінінскай вобл. У вярхоўях Волгі працякае цераз Верхняволжскія азёры (найб. — Сцерж, Усялуг, Пена, Волга), сцёк якіх рэгулюецца плацінай (бейшлотам); ніжэй — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Іванькаўская, Угліцкая, Рыбінская, Горкаўская, Чэбаксарская, Волжская (Самарскае вадасх.), Саратаўская, Волжская імя XXII з’езда КПСС (Валгаградскае вадасховішча). У раёне Рыбінск—Яраслаўль і ніжэй г. Кастрама цячэ ў вузкай даліне сярод высокіх берагоў, перасякае Угліцка-Данілаўскае і Галіцка-Чухломскае ўзвышшы, далей — уздоўж Унжанскай і Балахнінскай нізін. У сярэднім цячэнні, ніжэй упадзення Акі, цячэ ўздоўж паўн. краю Прыволжскага узв., даліна асіметрычная. Правы бераг ракі высокі, левы — нізінны. У ніжнім цячэнні, пасля ўпадзення Камы, да Валгаграда асіметрычнасць даліны захоўваецца. Каля г. Тальяці Волга з У агінае Жыгулёўскія горы і ўтварае Самарскую Луку. У выніку стварэння вадасховішчаў рэжым Волгі ў значнай ступені зарэгуляваны. Ніжэй Валгаграда рака цячэ ў сваіх натуральных берагах. Волга прымае каля 200 прытокаў, найбольшыя: Ака, Сура, Свіяга (справа); Малога, Вятлуга, Кама, Самара, Вял. Іргіз (злева). Жыўленне снегавымі (80% гадавога сцёку), грунтавымі (30%) і дажджавымі (10%) водамі. Для рэжыму Волгі характэрны веснавое разводдзе (Крас.—чэрв.), летняя і зімовая межані, дажджавыя паводкі ўвосень і часткова летам. Ледастаў з канца ліст. ў верхнім і сярэднім цячэнні да пач.Крас., у ніжнім з пач.снеж. да сярэдзіны сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля г. Валгаград 7240 м³/с, у вусці — 7710 м³/с. Па берагах Волгі Астраханскі запаведнік, Волжска-Камскі і Жыгулёўскі запаведнікі, прыродныя нац. паркі Марый Чодра і Самарская Лука. Волга злучана з Балтыйскім м.Волга-Балтыйскім водным шляхам, з Белым м. — Паўночна-Дзвінскай воднай сістэмай і Беламорска-Балтыйскім каналам, з Азоўскім і Чорным марамі — Волга-Данскім суднаходным каналам, з р. Масква — Масквы імя каналам. Буйнейшая трансп. артэрыя еўрап.ч. Расіі, выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння. У Волзе каля 70 відаў рыб, з іх 40 прамысловых (вобла, селядзец, лешч, судак, сазан, сяўруга, сом, бялуга, асетр і інш.). Рэгулярнае суднаходства ад г. Ржэў (3256 км). Важнейшыя прамысл. цэнтры і парты: Цвер, Рыбінск, Яраслаўль, Кастрама, Ніжні Ноўгарад, Чэбаксары, Казань, Ульянаўск, Тальяці, Самара, Саратаў, Валгаград, Астрахань. Турызм. З абвастрэннем экалагічных праблем Волгі ў 1989 пачаў дзейнасць Камітэт выратавання Волгі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,
на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл.Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш.Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-растудз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТ (Krētē),
востраў ва ўсх.ч. Міжземнага мора. Тэр. Грэцыі. Даўж. з З на У 260 км, шыр. ад 12 да 55 км, пл. 8,3 тыс.км². Нас. 537 тыс.чал. (1991). Рэльеф гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вял. масіваў: на У — Ласіты, або Дыкты (выш. да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на З — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е, выш. 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі, на Пд стромка абрываюцца да мора, на Пн зніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На Пд — Месарская раўніна, якая са старажытнасці была жытніцай вострава. Горы складзены пераважна з мезазойскіх вапнякоў (на З — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жал. руд, бурага вугалю. Частыя землетрасенні.
Клімат міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 12 °C, ліп 26 °C Ападкаў на З выпадае 800 мм за год, на У — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя снегапады, снег на вяршынях ляжыць да мая. Летняя засуха доўжыцца 6—7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расліннасць другаснага паходжання. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаннік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызнякі (маквіс). У гарах на выш. 800—1600 м трапляюцца рэдкалессі з дуба палесцінскага, хвоі калабрыйскай, платана, кіпарыса гарызантальнага. На вяршынях гор альпійскія лугі. На раўнінах і тэрасах плантацыі аліў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак. Нац. парк Самарыя (ахова горнай фауны і флоры). Захаваліся шматлікія помнікі ант. культуры і сярэдневякоўя. Асн. парты Іракліян і Ханья.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на К. вядомы з часоў палеаліту. К. — адзін з цэнтраў найстараж. еўрап. культуры (гл.Крыта-мікенская культура, Крыцкае пісьмо). У 3-м тыс. да н.э. тут узніклі першыя ў Еўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фест і інш.). У 2-м тыс. да н.э. ўвесь К., верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кноса ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н.э.: мела вял. флот і, паводле падання, захаванага стараж.-грэч. гісторыкамі, панавала на Эгейскім м. У 14 ст. да н.э. частка К. заваявана кааліцыяй ахейскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахейскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. У 1-м тыс. да н.э. крыцкія полісы адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Грэцыі. З 67 да н.э. ў складзе Рым. дзяржавы, з 395 н.э. — Візантыі. Належаў у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Візантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Венецыі. У перыяд венецыянскага панавання шматлікія паўстанні мясц. насельніцтва; у 15—17 ст. развівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і л-ра (В.Карнарас) — т.зв. крыцкі рэнесанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва К. ўдзельнічала ў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97 тут адбыліся Крыцкія паўстанні супраць тур. панавання. У 1898 К. атрымаў адм. аўтаномію. Пасля Балканскіх войнаў 1912—13 паводле грэка-тур. дагавора ад 14.11.1913 далучаны да Грэцыі. У 2-ю сусв. вайну ў маі 1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі ў выніку паветрана-дэсантнай аперацыі (буйнейшая паветр. аперацыя вермахта ў час вайны). Вызвалены ў ліст. 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.