МАСЛЯНІ́СТАЯ ЛЕ́ТНЯЯ,

сорт грушы народнай селекцыі. Перспектыўны для аматарскага садоўніцтва ў паўд.-зах. і паўд. зонах Беларусі.

Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная, густая. Пладаносіць на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы. адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы, часам, пашкоджваецца пладовай гніллю. Плады буйныя (140—160 г), жаўтавата-зялёныя з невял. буравата-чырв. румянцам. Мякаць белая, сакавітая. дробназярністая. масляністая, салодкая. Захоўваецца каля 2 тыдняў.

М.​Р.​Мялік.

т. 10, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,

форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.

Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.

У.​П.​Рудэнка, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.
Да арт. Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1летняя парадна-выхадная, 2летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5летняя штодзённая (з кашуляй), 6летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7летняя парадна-выхадная, 8летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9летняя штодзённая (авіяцыі), 10летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13летняя штодзённая (з кашуляй), 14летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16летняя парадна-выхадная, 17летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21летняя палявая.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ляўконія 6/484

- » - летняя 6/484 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПЕЛДОРН (Apeldoorn),

горад у цэнтр. ч. Нідэрландаў. 145 тыс. ж. (1985). Прыстань на Апелдорнскім канале. Чыг. вузел. Машынабудаванне, хім., папяровая, тэкст. прам-сць. Паблізу Апедлорна летняя каралеўская рэзідэнцыя; палацы 14 і 17 ст.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М у гідралогіі,

змена ў часе ўзроўняў і аб’ёмаў вады ў рэках, азёрах і балотах. Гадавы цыкл воднага рэжыму падзяляецца на характэрныя фазы: разводдзе, межань (летняя і зімовая), дажджавыя паводкі. На раўнінных рэках Беларусі найб. выразная фаза разводдзя.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ТА (Oncorhynchus keta),

прахадная рыба сям. ласасёвых. Пашырана ў паўн. ч. Ціхага ак.: каля азіяцкіх берагоў ад Чукоткі да Карэі і в-ва Хонсю, каля амер. — ад Аляскі да Каліфорніі. У невял. колькасці дасягае рэк бас. Ледавітага ак., ад р. Лена да р. Макензі. 2 сезонныя формы: летняя і асенняя (больш буйная). Дарослыя жывуць у моры, нерастуюць у рэках: летняя форма — у ліпені—жніўні, асенняя — у кастрычніку—снежні. У час нерасту набывае «шлюбнае» ўбранне. Пасля нерасту гіне.

Даўж. да 1 м, маса да 14 кг. Маляўкі кормяцца беспазваночнымі, дарослыя ў моры — рыбай. Плоднасць каля 3—4 тыс. ікрынак. Ікра аранжавая, да 9 мм у дыяметры. Аб’ект промыслу і развядзення.

Кета: 1 — у час нагулу ў моры; 2 — у час нерасту ў рацэ.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРЫЯ́,

рака на З Кітая. Даўж. ўчастка з пастаянным цячэннем 530 км, пл. вадазбору 18,3 тыс. км². Вярхоўі ў гарах Куньлунь, у ніжнім цячэнні губляецца ў пясках пустыні Такла-Макан. Летняя паводка. Сярэдні гадавы расход вады пры выхадзе на Тарымскую раўніну 18 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКТАНГА́Н,

рака ў Паўд. Карэі. Даўж. 524 км, пл. басейна каля 24 тыс. км² Пачынаецца ва Усх.-Карэйскіх гарах, цячэ па раўнінах паўд. часткі Карэйскага п-ва, упадае ў Карэйскі праліў. Сярэдні расход вады 380 м³/с. Летняя паводка. Суднаходная на 340 км. Каля вусця — г. Пусан.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАШУ́Й, Эдзін-Гол (у вярхоўі — Хэйхэ),

рака на Пн Кітая. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў ледавіках хрыбтоў Ціляньшань і Таалайшань (горы Наньшань), цячэ праз пустыні Алашань і Гобі, упадае некалькімі рукавамі (гал. — Марын-Гол, Іх-Гол) у азёры Гашун-Нур і Саго-Нур. Летняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́НЬКА (Armillaria),

род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).

Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).

В.​С.​Гапіенка.

Апенькі: 1 — летняя; 2 — восеньская.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)