СПАРТАКІЯ́ДА,

комплексныя спаборніцтвы па розных відах спорту. Назва ад імя Спартака.

Пачалі праводзіцца ў пач. 1920-х г. у СССР і некат. краінах Еўропы (Германія, Чэхаславакія). 1 Усесаюзная С. адбылася ў 1928 (Масква), у ёй удзельнічалі спарт. дэлегацыі рэспублік СССР і прадстаўнікі спарт. арг-цый 17 краін. У 1930-я г. пачалі праводзіцца С. прафсаюзаў, добраахвотных т-ваў «Дынама», «Спартак», Узбр. Сіл СССР і інш.; з 1951 — студэнцкія С., з 1954 — С. навучэнцаў школ і вучылішчаў. У 1956—86 раз у 4 гады праводзіліся летнія С. народаў СССР, у 1962—86 — зімовыя.

I Усебел. С. прайшла ў ліп. 1928 (адборачны этап Усесаюзнай С.). З 1929 праводзілі Усебел. сельскія С., С. школьнікаў і інш. I летняя С. Беларусі (этап С. народаў СССР) адбылася ў 1956 па 19 відах спорту, I зімовая — у 1961/62. На С. народаў СССР зборныя каманды Беларусі займалі месцы: 7-е на I (1956); 6-е на II (1959), III (1963), IV (1967); 4-е на V (1971); 5-е на VI (1975); 4-е на VII (1979); 5-е на VIII (1983).

Літ.:

Сазанович В.П., Кулинкович К.А., Филиппович В.С. Физическая культура и спорт Белоруссии. Мн., 1988.

Я.​К.​Кулінковіч.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)