АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,

біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКА́ВА-АЛЕ́Й,

алей з насення какавы. Жаўтаватае, прыемнага паху рэчыва. Шчыльн. (пры 40 °C) 920,6 кг/м³. Т-ра плаўлення 30—34 °C. Лік амылення 192—196, ёдны лік 32—38. Выкарыстоўваюць як аснову для лек. свечак, мазей, крэмаў, губной памады; у кандытарскай прам-сці — для вырабу шакаладу і парашку какавы.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСА́ЎКА (Atropa),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 5 відаў. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана К. беладонна, або соннае ачмурэнне, ці шалёная ягада (A. belladonna).

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце суцэльнае, на кароткіх чаранках. Кветкі буйныя, адзіночныя. Плод — ягада. Ядавітая. Лек. расліны.

Красаўка беладонна.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НТЫ,

маладыя, растучыя, неакасцянелыя рогі дарослых самцоў аленя плямістага і сібірскіх падвідаў аленя высакароднага (ізюбр, марал). Укрыты скурай з кароткім, мяккім, аксаміцістым воласам. Знімаюць з жывых або забітых жывёл, кансервуюць варкай і сушкай. Сыравіна для атрымання лек. сродку — пантакрыну. Для атрымання П. з канца 19 ст. пантавых аленяў гадуюць у няволі.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЁРСКАЕ, Кактэбель (да 1944 і з 1993),

прыморскі кліматычны курорт у Крыме (Украіна). Размешчаны каля ўсх. падножжа горнага масіву Карадаг, на беразе Кактэбельскай бухты Чорнага мора, на ПдЗ ад г. Феадосія. Асн. прыродны лек. фактар — сухі клімат субтропікаў. Пансіянат, турбаза, Дом творчасці, дом-музей М.А.Валошына (жыў у П. у 1917—32).

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),

выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІДАЗО́Л, 1,3-дыазол,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C3H4N2. Бясколерныя крышталі, tпл 90 °C, tкіп 257 °C. Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Мае ўласцівасці араматычных злучэнняў. Атрымліваюць узаемадзеяннем гліаксаля з аміякам і фармальдэгідам. Структурны фрагмент малекул гістаміну, гістыдзіну, вітаміну B12 і інш. прыродных біялагічна актыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць вытворныя І. як лек. прэпараты (дыбазол, прыскол, нірванол і інш.).

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАПУСКА́ННЕ,

выдаленне пэўнай колькасці крыві (200—400 мл) з крывянога рэчышча ў лек. мэтах. Робяць пры цяжкіх гіпертанічных крызах (зніжае крывяны ціск), сардэчнай недастатковасці (зніжае прыток крыві да сэрца), ацёку лёгкіх, некат. хваробах крыві, урэміі, атручэннях, таксікозах цяжарнасці і інш. Робяць пракол ці разрэз вены (радзей артэрыі) або з дапамогай п’явак.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНАЛЕ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

9,12,15-октадэкатрыенавая кіслата, аднаасноўная карбонавая к-та з трыма ізаляванымі падвойнымі сувязямі, C17H29COOH; адносіцца да незаменных тлустых кіслот. Бясколерная алеепадобная вадкасць, шчыльн. 904—914 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе; раствараецца ў этаноле, эфіры. Трыгліцэрыды Л.к. ўваходзяць у алеі, этылавы эфір — кампанент лінетолу (лек. сродак для зніжэння халестэрыну ў крыві).

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЕ́СНІК (Sanicula),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (S. europaea). Трапляецца ў лясах, хмызняках.

Двух- і шматгадовыя травы выш. 40—70 см. Лісце пальчата-раздзельнае, доўгачаранковае, на зіму не ападае. Кветкі дробныя ў простых галоўчатападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Некат. віды — лек. расліны.

Падлеснік еўрапейскі.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)