МІ́НСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Мінскай вобл. Утвораны 29.6.1934 (у сучасных межах з 1959). Пл. 2 тыс. км-. Нас. 127,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 6,5% (без Мінска). Сярэдняя шчыльн. 64 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мінск; г. Заслаўе, г.п. Мачулішчы, 368 сельскіх населеных пунктаў, Мачулішчанскі пасялковы Савет і 19 сельсаветаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Бараўлянскі, Гаранскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, Крупіцкі, Лашанскі, Лугаваслабодскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Папярнянскі, Пятрышкаўскі, Рагаўскі, Самахвалавіцкі, Сеніцкі, Хацежынскі, Цнянскі, Шчомысліцкі, Юзуфоўскі.

Большая ч. тэр. раёна на Мінскім узвышшы, паўд.-ўсх. ўскраіна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пераважна ўзвышаная, 92% яе на выш. 180—250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф, Ждановіцкая мінер. крыніца. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма), Пціч, Усяжа. Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Воўчкавіцкае, Астрашыцкі Гарадок, ч. Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (69,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,3%). Пад лесам 31,2% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, трапляюцца асінавыя, альховыя, дубовыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 20% пл. лесу) пераважна хваёвыя і яловыя. Пад балотамі 2,4% тэр. раёна, 7,7 тыс. га асушана. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныПрылуцкі, біял.Лебядзіны і Кайкаўскі; мясц. значэння: ахоўваемыя тарфянікі — Гайдукоўскае, Янапольскае, Гарадоцкае; біял. — Крыніца, Маяк. Помнікі прыроды рэсп. значэння: геал. агаленне Заслаўе, валун «Камень кахання» паміж в. Чаромуха і в. Гуры, дуброва каля в. Шчомысліца, парк камянёў (музей валуноў) на паўн.-ўсх. ускраіне Мінска, дуб і хвоя каля в. Ждановічы і парк Ігнацічы каля в. Кацягі. Зоны адпачынку: Мінскае мора, Пціч, Зялёны Гай, Вяча, Чараўніца, Раўбічы, Стайкі, часткова Вязынка, Вясёлка. Агульная пл. с.-г. угоддзяў 102,2 тыс. га (51,7%), з іх асушаных 10,9 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 12 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка; аграфірма «Рассвет», аграгандл. фірма «Ждановічы», Бел. занальная доследная станцыя па птушкагадоўлі, племптушкарэпрадуктар «Праўда», птушкафабрыкі імя Н.​К.​Крупскай, «1-я Мінская», «Дубаўляны», рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі ў пас. Ратамка, эксперым. базы «Курасоўшчына», «Анопаль», «Русінавічы», вучэбная гаспадарка імя М.​В.​Фрунзе, с.-г. прадпрыемства «Усход», доследная гаспадарка Бел. машынна-доследнай станцыі. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, вырошчванне бульбы і агародніны. Прадпрыемствы гарбарнай (Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне), металаапр. (перапрацоўка металалому), хіміка-фармацэўтычнай (ветпрэпараты), лясной (вырабы з драўніны), харч. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), буд. матэрыялаў, мэблевай, паліграф. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Гомель; аўтадарогі Брэст—Масква, Вільнюс—Мінск. Мінск—Бабруйск—Гомель, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Гродна. У раёне 34 сярэднія, 6 базавых, 11 пач. школ, раённая шматпрофільная школа для дзяцей з павышаным узроўнем інтэлекту і разумовага развіцця, гімназія, 8 муз., спарт. школы, 3 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом, Навапольскі с.-г. тэхнікум, Сеніцкі с.-г. каледж, 54 дашкольныя ўстановы, 6 цэнтраў культуры, 34 дамы культуры і клубы, 38 б-к, 8 бальніц, 22 урачэбныя амбулаторыі, 3 паліклінікі, 10 фельч.-ак. пунктаў. На тэр. раёна размешчаны: абл. клінічная бальніца (пас. Лясны), абл. тубдыспансер (в. Лескаўка), шпіталь інвалідаў вайны і працы (пас. Лясны), рэсп. псіхіятрычная клінічная бальніца «Навінкі» (в. Навінкі) і інш.; НДІ: бульбаводства, агародніцтва, пладаводства (в. Самахвалавічы), аховы раслін (в. Прылукі), эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (в. Кунцаўшчына), анкалогіі і мед. радыялогіі (пас. Лясны); курорт «Ждановічы» (санаторыі «Беларусь», «Крыніца»), дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок», 9 санаторыяў-прафілакторыяў, спарткомплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы». Музеі: Бел. дзярж музей нар. архітэктуры і побыту ў в. Строчыца, Музей бел. нар. мастацтва (філіял Нац. маст. музея) у в. Раўбічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 18 ст. — 1-я пал. 19 ст.) у в. Анопаль, царква і капліца (19 ст.) у в. Астрашыцкі Гарадок, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Прылукі, касцёл (1858—62) і спарт. комплекс «Раўбічы» (1973) у в. Раўбічы, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Сеніда, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Сёмкава, Троіцкі касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Сёмкаў Гарадок. Помнік ахвярам фашызму (1963) каля в. Вялікі Трасцянец на месцы Трасцянецкага лагера смерці, на тэр. Бараўлянскага с/с урочышча Курапаты. Выдаецца газ. «Наша жыццё».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),

від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.

Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст. самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.​Груневальд, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах у Германіі, А.​Альтдорфер, П.​Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.​Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.​П.​Рубенс у Фландрыі, А.​Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.​Ларэна, Н.​Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.​Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.​Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.​Д.​Фрыдрых, Л.​Рыхтэр у Германіі, У.​І.​Кох у Аўстрыі, У.​Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.​Каро, Г.​Курбэ, Ж.​Ф.​Міле (Францыя), Дж.​Констэбла (Вялікабрытанія), А.​Менцэля (Германія), І.​Айвазоўскага, А.​Бенуа, Л.​Бродскай, І.​Грабара, А.​Дайнекі, А.​Куінджы, І.​Левітана, Г.​Ніскага, В.​Паленава, М.​Рэрыха, А.​Саўрасава, В.​Сярова, І.​Шышкіна (Расія), М.​Сар’яна (Арменія), А.​Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.​Банар, К.​Манэ, Э.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.​Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.​Гаген, П.​Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.

У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.​Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.​Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.​Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.​Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.​Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.​Альхімовіч, В.​Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.​Жукоўскі, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Н.​Орда, Ю.​Пэн, К.​Русецкі, Ф.​Рушчыц, Я.​Сухадольскі, І.​Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.​Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.​Волкаў, І.​Гембіцкі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, У.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, С.​Лі, М.​Сеўрук, М.​Станюта, А.​Тычына (1920—50-я г.), А.​Бархаткоў, У.​Басалыга, Я.​Батальёнак, Г.​Вашчанка, В.​І.​Вярсоцкі, В.​Грамыка, М.​Данцыг, М.​Ісаёнак, К.​Качан, А.​Кроль, У.​Лагун, З.​Літвінава, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, Л.​Марчанка, У.​Маскоўскіх, П.​Масленікаў, Г.​Паплаўскі. У.​Пасюкевіч, М.​Селяшчук, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Сумараў, І.​Рэй, В.​Цвірка, Л.​Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.

Літ.:

Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;

Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;

Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;

Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;

Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;

Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;

Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.
Да арт. Пейзаж. І.​Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.
Да арт. Пейзаж. В.​Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.
Да арт. Пейзаж. В.​Грамыка. Раніца туманная. 1974.
Да арт. Пейзаж. В.​Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс. км². Нас. 1594,2 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля ​2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд. ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.

Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл. табл. 1).

Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс. га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс. га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл. табл. 2).

У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс. км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1
Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс. га) Гады
1990 1994
Уся пасяўная плошча 880,5 855,2
Збожжавыя і зернебабовыя 379,7 407,8
Бульба 112,1 101,8
Лён 6,0 5,0
Агародніна 6,8 12,0
Плады і ягады 25,2 24,1
Кармавыя культуры 367,1 321,3
Табліца 2
Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў) Гады
1981 1991 1996
Буйная рагатая жывёла 1221 1160,3 776,2
у т.л. каровы 504 368,4 324,7
Свінні 652 686,3 556,4
Авечкі і козы 88 13,6 19,0
Птушка 7132 8274,5 5122,0
Да арт. Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.

т. 5, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс. км². Нас. 1554,6 тыс. чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗМінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУВерхнебярэзінская нізіна, усх. ч.Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд.Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл. Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.кастр.). Большая ч. тэр. вобласці адносіцца да бас. р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас. р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас. р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс. км² тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб.тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс. чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.

Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сць буд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн. прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім. прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн. га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн. га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл. табл. 1).

У 1997 сабрана (тыс. т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл. табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.

У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс. т малака (1713 тыс. т), 961 млн. шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс. т. (356 тыс. т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс. га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал. чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс. км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990 1997
Уся пасяўная плошча 1280,5 1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя 550,3 558,1
Лён-даўгунец 24,2 12,4
Цукровыя буракі 14,4 14,1
Бульба 155,9 187,6
Агародніна 10,8 20,1
Кармавыя культуры 513 524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990 1997
Буйная рагатая жывёла 1522,9 1016,1
у т. л. каровы 549,6 444,5
Свінні 1226,4 866,6
Авечкі і козы 115,3 34,4
Птушка 13 148 11 976
Да арт. Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.
Да арт. Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ЗІЯ, Абхазская Аўтаномная Рэспубліка. Размешчана ў паўн.-зах. ч. Закаўказзя, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пл. 8,6 тыс. км². Нас. 533,8 тыс. чал. (1991), гарадскога 48%. Нац. склад у 1989: грузіны (25%), абхазы (18%), армяне (15%), рускія (14%), грэкі, украінцы і інш. Сярэдняя шчыльн. 61 чал. на 1 км², найб. 150—200 чал. на нізінах і ў перадгор’ях (93% усяго насельніцтва). Сталіца — г. Сухумі, найб. гарады Ткварчэлі, Гагра, Ачамчыра, Гудаута, Галі.

Прырода. Большая ч. тэр. на паўд. схілах Галоўнага, ці Водападзельнага, хрыбта (найвыш. пункт г. Дамбай-Ульген, 4046 м), які акаймоўвае Абхазію з Пн. Найбуйнейшыя адгор’і: Гараўскі, Бзыбскі, Абхазскі, Кадорскі хрыбты. Пашыраны карставыя з’явы, шмат пячор (найб. і найдаўжэйшая Новаафонская). На ПдУ Калхідская нізіна. Радовішчы каменнага вугалю (Ткварчэлі), поліметал. руд, ртуці (Авадхарскае), барыту (Піцыкварскае, Апшрынскае); выхады мінер. крыніц (Ткварчэлі, Рыца, Авадхара і інш.). Клімат на нізінах і ў перадгор’ях субтрапічны, вільготны, у гарах умерана цёплы і халодны, снегавое покрыва ляжыць 2—3 месяцы. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы 4—7 °C, у гарах ад 2 да -2 °C, ліп. адпаведна 22—24 °C і 16—18 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў на нізіне і ў перадгор’ях 1300—1500, у гарах да 2000—2400 мм за год. Безмарозны перыяд у прыморскай паласе 250—300 дзён. Найб. значныя рэкі — Кадоры, Бзыб, Келасуры, Гуміста — шматводныя, багатыя гідраэнергіяй; пераважае дажджавое і снегавое жыўленне. На выш. 882 м воз. Рыца. Глебы на нізінах балотныя, у перадгор’ях падзолістыя, чырвана- і жаўтазёмныя. Пад лесам больш за 55%. На нізінах і ў цяснінах невял. масівы шыракалістых лясоў (граб, дуб, каштан і інш.), у перадгор’ях букавыя, у верхняй ч. гор піхтавыя лясы, вышэй за 2000 м субтрапічнае крывалессе, альпійскія лугі. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай хвоі. На ўзбярэжжы субтрапічная расліннасць (пальмы, магноліі, кіпарысы, эўкаліпты). У лясах трапляюцца высакародны алень, казуля, кабан, рысь, на нізінах — шакал. Запаведнікі: Гумісцінскі, Піцундскі, Псхускі, Рыцынскі.

Гісторыя. Найб. стараж. паселішчы чалавека на тэр. Абхазіі адносяцца да эпохі палеаліту і неаліту. Продкі абхазаў належалі да абарыгенаў Зах. Каўказа. У асірыйскіх надпісах яны ўпамінаюцца як абышлы, у антычных крыніцах — як абазгы (на Пн) і апсілы (на Пд). З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Абхазія ўваходзіла ў Калхідскае царства, у 6—5 ст. да н.э. на яе марскім узбярэжжы ўзніклі грэч. калоніі Дыяскурыяда, Пітыунт і інш. У 1 ст. н. э. тут утварыліся раннефеад. княствы, залежныя ад Рыма. З 4 ст. тэр. Абхазіі ў складзе царства Лазіка. У 6 ст. пад уплывам Візантыі тут афіцыйна прынята хрысціянства. У перыяд Абхазскага царства ў 8—10 ст. завяршылася аб’яднанне стараж. абх. плямёнаў у адзіную народнасць. З 975 Абхазія ў складзе аб’яднанай Грузіі, на мяжы 16—17 ст. самастойнае княства, у 17—18 ст. пад уладай Турцыі, ч. насельніцтва перайшла ў мусульманства (канфесійная неаднароднасць захавалася і цяпер). Супраць тур. панавання абхазы паўставалі ў 1725, 1728, 1733, 1771, 1806. Пасля далучэння ў 1810 да Рас. імперыі ў Абхазіі захоўвалася ўнутр. самакіраванне. Пасля Каўказскай вайны 1817—64 княжацкая ўлада ліквідавана, на тэр. Абхазіі ўтвораны Сухумскі ваенны аддзел, пазней — ваенная акруга. Частка абх. насельніцтва перасялілася ў Турцыю і на Б. Усход. У 1866 аўтахтоннае насельніцтва на тэр. Абхазіі складала больш за 85%, у 1876 — 55,3%, затое доля груз. насельніцтва вырасла больш як у 4 разы — 24,4%. 10.3.1917 у Абхазіі створаны К-т грамадскай бяспекі — орган часовага кіравання, у ліст.Нар. Савет. У чэрв. 1918 Абхазію занялі груз. войскі, матывуючы гэта барацьбой супраць бальшавізму. Пасля ўстанаўлення ў лютым 1921 сав. улады ў сак. Абхазія абвешчана сав. сацыяліст. рэспублікай. 16.12.1921 яна на дагаворнай аснове ўвайшла ў Груз. ССР, а ў снеж. 1922 як састаўная яе частка ў складзе ЗСФСР увайшла ў СССР. 1.4.1925 прынята 1-я Канстытуцыя Абхазіі. З лют. 1931 Абхазія — аўт. рэспубліка ў складзе Груз. ССР. За гады сав. улады доля тытульнага насельніцтва рэспублікі працягвала зніжацца, што вяло да напружання ў груз.-абх. адносінах; мелі месца антыгруз. масавыя хваляванні (1964, 1967, 1978, 1989). Найб. вастрыні гэтыя супярэчнасці дасягнулі ў 1992, калі Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб вяртанні да Канстытуцыі Груз. Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазія як суб’ект дзярж. прававых адносін не згадваецца. У адказ Вярх. Савет Абхазіі пастанавіў вярнуцца да Канстытуцыі рэспублікі 1925, якая абумоўлівала дагаворныя адносіны паміж Абхазіяй і Грузіяй. Летам 1992 разгарэўся ўзбр. грузіна-абхазскі канфлікт 1992—94. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве пагадненні аб мерах па паліт. урэгуляванні. У зону груз. абх. канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. 26.11.1994 Вярх. Савет абвясціў дзярж. незалежнасць рэспублікі, прыняў новую Канстытуцыю і абраў першага прэзідэнта — У.​Ардзынбу.

Гаспадарка. Абхазія — раён вырошчвання субтрапічных цытрусавых культур, тытуню, чаяводства. Прамысловасць звязана пераважна з перапрацоўкай с.-г. сыравіны (60% ад агульнай вытв-сці прамысл. прадукцыі); чайная, тытунёвая, вінаробная, рыбная, кансервавая прам-сць. Прадпрыемствы машынабуд., металаапр., абутковай, швейнай, дрэваапр. прам-сці. Сухумская ГЭС і Ткварчэльская ДРЭС. Важныя галіны сельскай гаспадаркі — тытуняводства (жоўты тытунь «Самсун»), чаяводства, вырошчванне цытрусавых, тунгу, эфіраалейных. Развіты вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля пераважна малочнага і мяса-малочнага кірунку. Вялікае эканам. значэнне мае курортная гаспадарка і турызм. Курорты — Гагра, Піцунда, Новы Афон, Гудаута, Сухумі, Гульрыпш. Сухумі — адзін з буйнейшых партоў Закаўказзя. Па прыморскай паласе праходзіць чыг. Туапсэ—Сухумі—Самтрэдыя і аўтадарога Новарасійск—Сухумі—Батумі.

Культура. У 1988 у Абхазіі больш за 210 дашкольных устаноў (16,7 тыс. дзяцей), 319 агульнаадук. школ (84,6 тыс. вучняў); 7 сярэдніх спец. навуч. устаноў (2,1 тыс. навучэнцаў), 2 ВНУ (Абхазскі ун-т і ін-т субтрапічнай гаспадаркі), сухумскі ф-т Груз. тэхнал. ун-та (усяго 7,7 тыс. студэнтаў); 391 б-ка з кніжным фондам 4,3 млн. экз. Абхазскі дзярж. музей, Музей абхазскай зброі, Музей-выстаўка ў Піцундзе. Навук. даследаванні вядуцца ў Ін-це эксперым. паталогіі і тэрапіі, Абхазскім філіяле НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі, НДІ турызму, Сухумскім бат. садзе.

Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на абх., груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.

Вытокі абх. літаратуры ў нар. творчасці, у багатым фальклоры, які ўключае шматлікія жанры — ад гераічных эпічных паданняў пра волатаў-нартаў і багаборца Абрскіла (эпас «Абрскіл» запісаны ў 19 ст.) да лірычных песень і мудрых афарызмаў. Першую спробу скласці абх. алфавіт на рус. графічнай аснове зрабіў у 1862 рас. мовазнавец П.​К.​Услар. Першы буквар выд. ў 1865. Заснавальнік маст. л-ры Дз.Гулія. Пад яго рэдакцыяй выходзіла першая абх. газ. «Апсны» («Абхазія», 1919—20). Першую абх. драму («Махаджыры», 1920) напісаў С.​Чанба. Вядомасць набыла творчасць паэтаў І.​Кагонія, Л.​Квіцынія, К.​Агумаа, Б.Шынкубы, Ш.​Цвіжбы, А.​Ласурыя і інш. У 1930-я г. пачала фарміравацца проза: раманы І.​Папаскіры і Гулія, аповесці Чанбы, У.​Агрбы, Цвіжбы, апавяд. М.​Хашбы. У пасляваеннай прозе вызначаюцца раманы І.​Папаскіры «Шлях Хімур», «Каля падножжа Эрцаху», «Жаночая годнасць», аповесці Агумаа, М.​Хашбы, П.​Чкадуа, М.​Папаскіры, А.​Гогуа, вершы, паэмы, апавяданні Квіцынія, Л.​Лабахуа, Агумаа, Д.​Дарсалія, С.​Кучберыя, П.​Чкадуа, раманы ў вершах «Мае землякі» і «Песня пра скалу» Шынкубы, творы І.​Тарбы, М.​Лакербая, А.​Ласурыя, А.​Джонуа, К.​Ломія, К.​Чачхалія, Г.​Гублія, У.​Анквабы. Уклад у абх. л-ру зрабілі Н.​Тарба, Гогуа, Ш.​Чкадуа, Д.​Ахуба і інш. У дзіцячай л-ры плённыя набыткі ў Д.​Тапагуа, Г.​Папаскіры; у крытыцы — у Ш.​Інал-Іпы, Х.​Бгажбы, М.​Дзелбы, Ш.​Салакія і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кніга Гулія «Выбранае» (1974) і раман Тарбы «Сонца ўзыходзіць у нас» (1979).

З найб. стараж. твораў выяўл. мастацтва на тэр. Абхазіі вядома кераміка, жаночыя статуэткі з Ачамчырскага селішча, Эшэрскі і Ангарскі дальмены. Да ант. помнікаў адносіцца Сухумская крэпасць (2—3 ст.), разнастайныя ўзоры прыкладнога мастацтва. З сярэдневяковай архітэктуры вылучаюцца базіліка ў Піцундзе, храмы ў сёлах Бедыя і Лыхны, «замак Баграта» ў Сухумі, Беслецкі мост, а таксама разны іканастас у царкве с. Ольгінскае, залаты абраз св. Кацярыны, каляровыя малюнкі на керамічным посудзе і інш. Нар. мастацтва Абхазіі—разьба і інкрустацыя па дрэве, гравіроўка па метале, ткацтва дываноў, вышыўка, пляценне паясоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны гасцініцы і палац у Гагры, дом Алаізі ў Сухумі, закладзены паркі ландшафтны і прыморскі ў Гагры, дэндралагічны ў Сухумі. Сярод сучасных буйнейшых збудаванняў: ін-т субтрапічнай гаспадаркі ў Сухумі, санаторый «Расія», курортны комплекс у Піцундзе. Жывапісцамі (С.​Габелія, Х.​Авідзба і інш.) створаны карціны на гіст. тэмы, пейзажы, партрэты, нацюрморты; развіваюцца скульптура (В.​Іванба, Ю.​Чкадуа і інш), графіка (Т.​Ампар, З.​Джынджаліа і інш.), тэатр.-дэкар. (Т.​Жванія) і дэкар.-прыкладное (В.​Шэнгелая, В.​Хурхумал і інш.) мастацтва. У 1939 заснавана Абх. аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1946 — Абх. аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.

Муз. фальклор Абхазіі захаваў стараж. ўзоры абрадавых, сямейна-быт., гіст.-гераічных песень, танцаў, інстр. найгрышаў. Пераважае 2- і 3-галоссе; сустракаюцца ўзоры антыфоннага спявання, гетэрафоніі і інш. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковы апхерца; струнна-шчыпковыя — аюмаа (тыпу арфы), ахымаа; духавыя — ачарпын, абык; ударны — адаул; самагучальны — акапкап (трашчотка). Першыя збіральнікі нар. песень К.​Ковач, К.​Дзідзарыя (1920-я г.). Прафес. музыка фарміруецца з 1930-х г. Творы буйных форм стварылі Дз.​Шведаў, А.​Чычба, Р.​Гумба, М.​Берыкашвілі і інш. Працуюць (1988): філармонія, сімф. аркестр, хар. капэла, Дом нар. творчасці, Ансамбль песні і танца Абхазіі, ансамбль доўгажыхароў «Нартаа». Муз. вучылішча (1930). У 1971 засн. Саюз кампазітараў Абхазіі.

Вытокі тэатр. культуры абхазаў у нар. гульнях, абрадах, вуснай нар. творчасці. З 1915 у Сухумі ставіліся аматарскія спектаклі. У 1921 створана абх. вандроўная трупа пад кіраўніцтвам Дз.​Гулія. З 1928 працаваў драм. т-р у Сухумі (абх. і груз. трупы). На базе абх. драм. студыі ў 1930 у Сухумі адкрыты Абх. нац. т-р (з 1967 імя С.​Чанбы). У яго рэпертуары нац. драматургія, інсцэніроўкі нар. паданняў і легендаў, сучасныя і класічныя п’есы.

Літ.:

Лакоба С.З. Очерки политической истории Абхазии. Сухуми, 1990;

Марыхуба И.Р. Об абхазах и Абхазии: Ист. справка. Сухум (Акуа), 1993;

Очерки истории Абхазской АССР. Ч. 1—2. Сухуми, 1960—64.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), В.​С.​Клімовіч (гісторыя).

Да арт. Абхазія. Возера Рыца.
Да арт. Абхазія. Прыморскі парк у Гагры.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)