СМЫЧО́К,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Жлобінскім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., у міжрэччы Дняпра і Бярэзіны. Засн. ў 2000 для аховы прыродных комплексаў з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 2,635 тыс. га. Рэльеф пласкахвалісты з эолавымі градамі і раўніннай прырэчышчавай поймай. У складзе заказніка 24 старычныя возеры. Лясы займаюць 35% пл. (пераважаюць дубровы, хвойнікі, чорнаалешнікі, асіннікі, зараснікі вярбы), балоты — 13%. У флоры 485 відаў вышэйшых раслін, з іх 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу: вадзяны арэх плывучы, касач сібірскі, гарлачык белы, лікападыела заліўная, фіялка багнавая. У фауне 140 відаў наземных пазваночных жывёл, у т. л. 21 від млекакормячых (дзік, казуля, бобр бабёр*, андатра, ліс, янотападобны сабака); 105 відаў птушак (12 відаў у Чырв. кнізе: малая паганка, вялікі бугай, чорны бусел, лебедзь-шыпун, гогаль звычайны, пустальга звычайная, каршачок, зімародак звычайны і інш.); багатая іхтыяфауна (у Чырв. кнізе 3 віды: ручаёвая стронга, рыбец, вусач); 121 від насякомых, у т. л. рэдкія: прыгажуня бліскучая, плывунец найшырэйшы, пераліўніца вялікая, перламутраўка балотная.

П.​І.​Лабанок.

т. 15, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)