род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейская (T. europaeus), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лясных палянах, узлесках, лугах. У культуры вырошчваюцца П.: азіяцкая (T. asiaticus), алтайская (T. altaicus), кітайская (T. chinensis), Ледэбура (T. ledebourii). Большасць садовых форм і сартоў з’яўляюцца гібрыдамі П. азіяцкай, еўрапейскай і кітайскай і аб’яднаны пад назвай П. культурная (T. × culturum).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 50—100 см. Сцёблы прамыя, малагалінастыя. Лісце пальчата-раздзельнае, пераважна прыкаранёвае. Кветкі буйныя, часта адзіночныя, жоўтыя або аранжавыя, маюць пялёсткі-нектарнікі з нектарнай ямкай пры аснове. Плод — шматлістоўка. Ядавітыя. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЬ,
ці Шан, першая кітайская дзяржава, якая існавала ў 16—11 ст. да н.э. Апошняя сталіца знаходзілася паблізу сучаснага г. Аньян. Значную ролю ў гаспадарцы І. адыгрывалі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі пераважна каменнымі і драўлянымі прыладамі. У час І. з’явілася іерагліфічная пісьменнасць. Развіваліся рамёствы, у т. л. выраб бронзавага посуду, зброі, керамікі і інш. Археалагічныя знаходкі і эпіграфічныя помнікі сведчаць аб значным маёмасным расслаенні іньскага грамадства, якое складалася са знаці (члены царскай сям’і, жрацы, чыноўнікі), сялян-абшчыннікаў і рабоў (у асноўным ваеннапалонныя). У 14 ст. на чале дзяржавы стаяў цар (ван), які меў неабмежаваную ўладу. Дзяржава І. вяла працяглую барацьбу з суседнімі плямёнамі. У 11 ст. да н.э. заваявана роднасным племем чжу і перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКА-В’ЕТНА́МСКІЯ ВО́ЙНЫ,
заваёўніцкія войны Францыі супраць В’етнама. Першая Ф.-в.в. 1858—62 пачалася ў вер. 1858 з захопу аб’яднанай франка-ісп. эскадрай г. Дананг на Пд В’етнама. У лют. 1859 французы авалодалі г. Сайгон, пасля чаго ваен. дзеянні ішлі з пераменным поспехам. У чэрв. 1862 падпісаны франка-в’етн. мірны дагавор, паводле якога да Францыі адышоў Паўд. В’етнам (Кахінхіна). Другая Ф.-в.в. 1883—84 пачалася 19.8.1883 з высадкі франц. дэсанта ў вусці р. Ханіха (Чырвоная), а праз 6 дзён в’етн. імператарскі ўрад капітуляваў. Але асобныя часці в’етн. арміі і партыз. атрады амаль год працягвалі супраціўленне франц. экспедыцыйным войскам. 6.6.1884 прадстаўнікі в’етн. ўрада падпісалі канчатковы дагавор, паводле якога В’етнам ператвараўся ў пратэктарат Францыі. Гл. таксама Франка-кітайская вайна 1884—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТРА (Aster),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы, таксама ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Азіі і Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — астра стэпавая, або рамонкавая (Aster amellus), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Культывуюцца і зрэдку трапляюцца як здзічэлыя астра ланцэтная (Aster lanceolatus), новаанглійская, або амерыканская (Aster novae-angliae), новабельгійская, або вяргінская (Aster novae-belgii), вербалістая (Aster salignus), альпійская (Aster alpinus), куставая (Aster dumosus), птарміковая (Aster ptarmicoides) і інш.Кітайская астра — кветкава-дэкар. аднагадовая расліна з буйнымі, часцей адзінкавымі, рознакаляровымі кошыкамі адносіцца да роду Callistephus.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце суцэльнае, чаргаванае. Кветкавыя кошыкі звычайна шматлікія, у шчыткападобных, мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Язычковыя кветкі пераважна сінія, чырвоныя, ружовыя, фіялетавыя, белыя. Плод — валасістая сямянка з чубком. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),
назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.
Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст.Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл.Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ.калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл.Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл.Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл.Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ,
прыродная краіна (часам разглядаецца як група прыродных краін) у Азіі, якая прымыкае да Ціхага ак. ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах, на Пд ад 60°паўн. шыраты. У межах У.А. размешчаны ўсх.ч.тэр.Рас. Федэрацыі і Кітая, Японія, КНДР, Рэспубліка Карэя; часам да яе адносяць Філіпіны. У рэльефе сярэдневышынныя і высокія горы і нагор’і (Джугджур, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія, Паўд.-Кітайскія і інш.) чаргуюцца з буйнымі акумулятыўнымі раўнінамі (Прыамур’я, Паўн.-Усх. Кітая, Вял.Кітайская). Значная ч. У.А. ў межах Зах.-Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса. Характэрны вулканізм (на Камчатцы і горна-астраўных дугах), моцная сейсмічнасць. Клімат мусонны з вільготным летам і адносна сухой зімой. Летам і восенню бываюць тайфуны, навадненні. Натуральная расліннасць — пераважна лясы, на Пн — мяшаныя і таежныя, на Пд шыракалістыя субтрапічныя і трапічныя. У менш вільготных раёнах — лесастэпавыя і стэпавыя фармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБІ́СКУС (Hibiscus),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі як рэдкая занесеная аднагадовая расліна трапляецца гібіскус трайчасты (H. trionum). Многія віды вырошчваюць у адкрытым грунце, у аранжарэях і пакоях. Найб. вядомыя гібіскусы: кітайская ружа, або клянок (H. rosa-sinensis), — доўгаквітучая пакаёвая расліна; гібрыдны (H. x hybridus) — уключае шматгадовыя буйнакветкавыя полігібрыды; у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі культывуюць гібіскус сірыйскі (H. syriacus). Гасп. значэнне мае каштоўная тэхн. расліна гібіскус каноплевы (H. cannabinus), вядомая пад назвай кенаф, і гібіскус ядомы, або бамія (H. esculentus).
Шматгадовазялёныя або лістападныя дрэвы і кусты, таксама шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце пераважна пальчаталопасцевае, кветкі звычайна двухполыя, буйныя, яркаафарбаваныя. Плод — каробачка. Дэкар., харч. і тэхн. (валакністыя, алейныя) расліны, некат. віды выкарыстоўваюць на выраб валакна і паперы, у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ВА (Prunus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 30 відаў (паводле інш. звестак каля 400). Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — С. калючая, або цёрн. занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзлесках, у драбналессі і хмызняках прырэчных тэрас на Пд рэспублікі. Культывуецца некалькі відаў пладовых культур С.: алыча; амерыканская (P. americana); дамашняя (P. domestica) — натуральны гібрыд скрыжавання цёрну з алычой, вядома больш за 3 тыс. гадоў; кітайская (P. salicina); цярновая (P. insititia).
Лістападныя кусты або дрэвы выш. 3—12 м. Лісце суцэльнае, зубчастае, эліпсоіднае, з кароткім чаранком. Кветкі двухполыя, адзіночныя або ў пучках. белыя, радзей зеленаватыя, ружовыя Плод — сакаўная касцянка з бакавой баразёнкай, бледна-зялёная, жоўтая, чырв., фіялетавая, чорна-сіняя, з васковым налётам. Плады спажываюцца ў ежу, з іх гатуюць сокі, кампоты, марынады, варэнне, глазураваныя фрукты, з высокацукровых сартоў — чарнасліў. Харч., меданосныя, дэкар., лек., тэхн. (драўніна і камедзь) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УШУ́, у-шу (кіт., літар. — воінскае мастацтва),
комплексы фіз. практыкаванняў і прыёмаў бою з рознымі відамі зброі і без яе; традыцыйная кітайская сістэма ўдасканалення асобы.
Узнікла ў Стараж. Кітаі каля 2 тыс.г. назад. Як від спорту ў Кітаі развівалася з 1920-х г., пазней пашыралася ў інш. краінах (каля 50; 2001). Міжнар. федэрацыя У. створана ў 1990, прызнана Міжнар.алімп. к-там у 2000. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1990, свету — з 1991. Спарт. У. ўключае асн. кірункі: таолу, традыц. У. і саньда. Таолу — асноватворны змест У., у якім сканцэнтраваны асн. прыёмы вядзення бою і спосабы валодання зброяй. Спаборніцтвы праводзяцца на пляцоўцы 8 × 14 м, вынікі ацэньваюцца па 10-бальнай шкале. Саньда — кантактныя паядынкі, якія складаюцца з 3 раундаў па 2 мін. Пераможца вызначаецца ў кожным раундзе.
На Беларусі развіваецца з 1989; федэрацыя У. створана ў 1991, рэарганізавана ў 1994. З 1998 існуе Бел. федэрацыя ушу і цыгун.