ІНЬ,
ці Шан, першая кітайская дзяржава, якая існавала ў 16—11 ст. да н.э. Апошняя сталіца знаходзілася паблізу сучаснага г. Аньян. Значную ролю ў гаспадарцы І. адыгрывалі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі пераважна каменнымі і драўлянымі прыладамі. У час І. з’явілася іерагліфічная пісьменнасць. Развіваліся рамёствы, у т. л. выраб бронзавага посуду, зброі, керамікі і інш. Археалагічныя знаходкі і эпіграфічныя помнікі сведчаць аб значным маёмасным расслаенні іньскага грамадства, якое складалася са знаці (члены царскай сям’і, жрацы, чыноўнікі), сялян-абшчыннікаў і рабоў (у асноўным ваеннапалонныя). У 14 ст. на чале дзяржавы стаяў цар (ван), які меў неабмежаваную ўладу. Дзяржава І. вяла працяглую барацьбу з суседнімі плямёнамі. У 11 ст. да н.э. заваявана роднасным племем чжу і перастала існаваць.
т. 7, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)