УШУ́, у-шу (кіт., літар. — воінскае мастацтва),
комплексы фіз. практыкаванняў і прыёмаў бою з рознымі відамі зброі і без яе; традыцыйная кітайская сістэма ўдасканалення асобы.
Узнікла ў Стараж. Кітаі каля 2 тыс. г. назад. Як від спорту ў Кітаі развівалася з 1920-х г., пазней пашыралася ў інш. краінах (каля 50; 2001). Міжнар. федэрацыя У. створана ў 1990, прызнана Міжнар. алімп. к-там у 2000. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1990, свету — з 1991. Спарт. У. ўключае асн. кірункі: таолу, традыц. У. і саньда. Таолу — асноватворны змест У., у якім сканцэнтраваны асн. прыёмы вядзення бою і спосабы валодання зброяй. Спаборніцтвы праводзяцца на пляцоўцы 8 × 14 м, вынікі ацэньваюцца па 10-бальнай шкале. Саньда — кантактныя паядынкі, якія складаюцца з 3 раундаў па 2 мін. Пераможца вызначаецца ў кожным раундзе.
На Беларусі развіваецца з 1989; федэрацыя У. створана ў 1991, рэарганізавана ў 1994. З 1998 існуе Бел. федэрацыя ушу і цыгун.
У.Б.Лашакоў.
т. 16, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)