Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДЫШ (Convallaria),
род кветкавых раслін сям. спаржавых. 1 від — Л. майскі, або звычайны (C. majalis), некалькі падвідаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — усюды. Нар. назвы краспак, камвалея лесавая. Трапляецца ў хваёвых і хвойна-шыракалістых лясах і хмызняках. Як дэкар.кветка культывуецца з сярэдзіны 16 ст. Садовыя формы Л. буйныя, шматкветкавыя, з ружаватымі і махровымі кветкамі, ёсць стракаталістыя.
Шматгадовыя травяністыя расліны з гарызантальным карэнішчам. Лісты (2—3) доўгачаранковыя, прыкаранёвыя, з дугападобным жылкаваннем. Кветанос выш. да 20 см. Кветкі белыя, духмяныя з шарападобна-званочкавым вяночкам, на павіслых кветаножках, па 6—12 у доўгай рыхлай аднабокай гронцы. Плод — чырв. ягада. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БІН (Натан Барысавіч) (27.3.1893, г. Крамянчуг, Украіна — 17.1.1945),
дырыжор і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Прафесар. Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас кампазіцыі Я.Вітала). У 1925—37 і 1941—45 у т-рах оперы і балета Харкава, Свярдлоўска, Куйбышава, Пярмі, Ташкента. У 1938—41 гал. дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Бел. (1940—41) і Ташкенцкай (1941—45) кансерваторыях. Муз. кіраўнік пастановак нац. опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940). З іншых работ на бел. сцэне: «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1938), балет «Лебядзінае возера» (1938) і «Пікавая дама» (1941) П.Чайкоўскага, «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1941), «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940). Аўтар камерна-інстр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.
расійская актрыса. Нар.арт. Расіі (1980). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1958). З 1959 у Маскоўскім т-ры імя У.Маякоўскага. Талент Н. выявіўся ў лірыка-драм., камедыйных і вострахарактарных ролях: Ганна Паўлаўна Звяздзінцава («Плады асветы» Л.Талстога), Серафіма Карзухіна («Бег» М.Булгакава), лэдзі Габулеці і Эмі («Чума на абедзве вашыя хаты» і «Кін IV» Р.Горына), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса), лэдзі Кіці («Кола» С.Моэма), Моніка («Кветка, якая смяецца» Н.Коўарда; антрэпрыза М.Казакова) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: «Яўген Анегін» (1958), «Такое кароткае доўгае жыццё» (1975), «Службовы раман» (1977), «Партрэт з дажджом» (1978), «Гараж» (1980), «Каранцін» (1983), «Апошні крок» (1985), «Горка!» (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ДКІНА (Марыяна Барысаўна) (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац.акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.Пятрова), Марутка («Выбух» М.Крукава і Г.Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНІЧЭ́НКА (Ларыса Іванаўна) (н. 7.7.1941, г. Усевалажск Ленінградскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1964), выкладала ў ім (1980—92). З 2001 у Мінскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці. Сярод твораў габелены, выкананыя пераважна спалучэннем тэхнік гладкатканага і рэльефнага ткацтва: «Лясная песня» (1974), «Саната» (1977), «Світанне» (1978), «Каваль-асілак» (1979), «Сонечная кветка», «Абуджэнне» (абодва 1980), «Паўлінка» (1981), «След Пегаса» (1982), «Святочны рытм» (1984), «Веснавы акорд», «Багацце» (серыя; усе 1985), «Раніца» (1986), «Прэлюдыя», «Прысвячэнне» (1988—89), «Прастора і час», «Гімн зямлі» (абодва 1988), «Усход Селены», «Веснавыя галасы» (абодва 1991), «Нітка Арыядны» (1995), «Русалка», «Папараць» (абодва 1997); дэкар. пано «Ураджай» для Палаца культуры ў в. Сеніца Мінскага р-на (1990) і інш. Працуе таксама ў станковым жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАЎ (Кірыл Уладзіміравіч) (7.9. 1922, Масква — 14.3.1982),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1963). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас А.Аляксандрава). У 1951—56 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1973—75 дырэктар Вял.т-ра ў Маскве. Працаваў пераважна ў муз.-сцэн. жанрах, выкарыстоўваў мелодыку, інтанацыйна звязаную з рус. песеннасцю. Сярод твораў: оперы «Каменная кветка» (паст. 1950), «Вуліца дэль Карно» (паст. 1960), «Рамэо, Джульета і цемра» (паст. 1963), «Невядомы салдат» («Брэсцкая крэпасць», паст. 1967), «Руская жанчына» (паст. 1969), «Досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева (паст. 1973), балет «Макбет» (паст. 1980), тэлебалет «Тры карты» паводле А.Пушкіна (паст. 1983), мюзікл «Адысей, Пенелопа і іншыя» паводле Гамера (1970); фп. і вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар папулярных песень, лібрэта 4 уласных опер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКУР (Іван Іванавіч) (21.12.1921, в. Вострава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 12.10.1980),
бел. мастак тэатра, жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1944—57, 1970—80 мастак Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1957—70 у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (з 1962 гал. мастак). Аформіў спектаклі «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1953), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1956), «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абодва 1958), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1964), «Чырвоная шапачка» Я.Шварца (1967), «Мядовы месяц» К.Губарэвіча (1970) і інш. Сярод жывапісных работ «Бярозы» (1960), «Крыжоўка» (1971), «Заслаўе», «Курган Славы» (абедзве 1972), «Рака Вяча» (1973), «Зімовыя далі» (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́НКА (Арсен Дзіянісавіч) (15.3.1903, г.п. Новая Вадалага Харкаўскай вобл. — 30.8.1945),
бел. і ўкр. спявак (барытон). Нар.арт. Беларусі (1944). Скончыў Харкаўскі муз.-драм. тэхнікум (1928). З 1928 у оперных т-рах Украіны, з 1936 у Вял. т-ры СССР. З 1937 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасць Арсенкі вылучалася высокай вак. культурай, арыгінальнасцю ў муз. і сцэн. трактоўцы вобразаў. Першы выканаў гал. партыі ў операх «У пушчах Палесся» А.Багатырова (Кузьміч), «Кветка шчасця» А.Туранкова (Андрэй). Найб. значная работа — вобраз Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Інш. партыі: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Ялецкі, Анегін («Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага). Выступаў як камерны спявак.
Літ.:
Смольскі Б. Арсен Арсенка // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.