ЦІМАФЕ́ЕВА Ніна Уладзіміраўна (н. 11.6.1935, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1969). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1953). З 1953 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1956 — Вял. т-ра ў Маскве, у 1989—91 рэпетытар у ім. Адна з вядучых трагедыйных актрыс класічнага балетнага т-ра 1960—70-х г. Яе выканальніцтва вызначалася маштабнасцю рухаў, высокім, моцным скачком. Сярод партый: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Мехменэ-Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), лэдзі Макбет («Макбет» К.​Малчанава) і інш. Здымалася ў тэлебалетах і кінафільмах-балетах («Спартак», 1976) і інш. З 1991 за мяжой.

т. 17, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)