САПФІ́Р (грэч. sappheiros ад стараж.-яўр. — сапір, магчыма, ад стараж.-інд. sanipriya літар. — любімы Сатурнам),
мінерал, празрыстая разнавіднасць карунду любога колеру, акрамя чырвонага (гл.Рубін). Сінганія трыганальная. Крышталі выцягнутыя бочкападобныя або дыпірамідальныя. Колер пераважна сіні, а таксама фіялетавы, жоўты, аранжавы (падпараджа), зялёны, ружовы або бясколерны (лейкасапфір). Утвараецца як магматычны мінерал у выглядзе парфіравых украпанікаў у базальтах, лампрафірах, шчолачных пегматытах і пры гідратэрмальна-метасаматычных працэсах. Прамысл. радовішчы — элювіяльныя, элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Прыродны сіні С. — каштоўны камень 1-га парадку, астатнія колерныя разнавіднасці — 2-га парадку. Сінтэзуецца ў прамысл. маштабах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, лейкасапфіры — у эл.-тэхн. прам-сці. Радовішчы ў Індыі, Бірме, Танзаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ГІ (Somateria),
род нырцовых качак. 4 віды. Пашыраны на ўзбярэжжы палярных мораў Еўразіі і Паўн. Амерыкі.
Найб. вядомая гага звычайная (Somateria mollisima).
Даўж. да 63 см, маса 0,5—3 кт. Добра выражаны палавы дымарфізм: апярэнне самца яркае (зверху белае, на грудзях ружовае, на брушку чорнае, чорная «шапачка», зялёная патыліца); самкі бурыя з пярэсцінкамі. Галава вялікая, дзюба масіўная. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай, заднія з шырокай лопасцю. Кормяцца пераважна малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Гняздуюцца на зямлі, радзей на скалах калоніямі і паасобку. На грудзях і брушку у самак увесну вырастае лёгкі і пругкі пух, якім яны высцілаюць гняздо і робяць па краі валік Пух (17—20 г з гнязда) каштоўны, выкарыстоўваюць для ўцяплення адзення. Паляванне на гаг забаронена, ёсць запаведнікі па іх ахове. Лёгка прыручаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К (Эдуард Уладзіслававіч) (псеўд.Э.Горскі; 1906, Мінск — 1943),
бел. фалькларыст, літ.-знавец і крытык. Сын. У.І.Галубка. Скончыў БДУ (1930). У 1931—33 у Ін-це л-ры і мастацтва, у 1934—41 у Ін-це гісторыі АНБССР. Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру, найперш драматургію (арт. «Каштоўны ўклад у беларускую драматургію» і «Праблемы мастацкага росту беларускай драматургіі», 1934), бел. фальклор. Склаў зб. «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938), «Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі» (1939, з А.Калечыцам), «Жанчына ў беларускай народнай творчасці» (1940, з Калечыцам і Н. Багдановіч).
Тв.:
Творчы шлях 3-га Беларускага дзяржаўнага тэатра // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;
Пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі // Пісьменнік і мова. Мн., 1934;
Аб маладзёжнай драматургіі БССР // Драматургія. Мн., 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ПЛІ (Cannabis),
род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.
К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ВІНТАС,
запаведнік у Алітускім р-не Літвы, у вярхоўях левага прытока р. Нямунас — Шашупе. Засн. ў 1946 для аховы месцаў пражывання вадаплаўных птушак, рэліктавых і рэдкіх раслін. Пл. 5428 га (1032 га займае воз. Жувінтас, якое знаходзіцца ў запаведным -рэжыме з 1937). Тыповыя ландшафты паўд.-зах. Літвы маюць у наяўнасці вярховыя і нізінныя балоты (каля 2900 га агульнай пл.), лясы (каля 1200 га) і лугі (каля 70 га). Флора ўключае 613 відаў вышэйшых раслін, з якіх 39 ахоўныя. У арнітафауне запаведніка ўлічана каля 250 відаў птушак, з якіх 139 гняздоўныя. Найб.каштоўны — натуральна акліматызаваны лебедзь-шыпун. Тэрыяфауна прадстаўлена 35 відамі: да фонавых належаць дзік, казуля, лось, характэрныя віды — заяц-русак, вавёрка звычайная, ліс, янотападобны сабака, барсук, лясная куніца, рачная выдра. У іхтыяфауне возера сярод 20 відаў рыб найб. шматлікі шчупак, звычайны лінь, краснапёрка, плотка, лешч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.
Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЛІ́КША (Пелікша) Карнель Ігнатавіч [1823, в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.7 (паводле інш. звестак 12.3). 1872], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на тэр. Беларусі, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцку, у дваранскім ін-це ў Вільні. Да паўстання жыў у сваім маёнтку Горкі пад Мінскам, дзе адкрыў школу і бальніцу, сабраў багатую б-ку. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Мінскага ваяв. Садзейнічаў разгортванню паўстання на Міншчыне, у вер. — кастр. 1863 дапамог пасланцу К.Каліноўскага І.М.Яманту рэарганізаваць у Мінску паўстанцкую адміністрацыю. Потым з ведама Каліноўскага выехаў за мяжу. Завочна асуджаны царскімі ўладамі да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. У эміграцыі жыў у Францыі, Італіі, Румыніі, Галіцыі. У 1872 ахвяраваў музею кн. Любамірскіх у Львове каштоўны габелен Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў 18 ст. «Бітва пад Славечна» (цяпер у гіст. музеі ў Львове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.
Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.
Э.Р.Самусенка.
Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).
Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Восіп) (Юзаф) Антонавіч (1757, б. хутар Казлоўскі, Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл. — 11.3.1831),
кампазітар. Муз. адукацыю атрымаў у капэле св. Яна ў Варшаве. З 1775 настаўнік музыкі М.К.Агінскага ў Слоніме. У 1786—96 афіцэр рус. арміі. У 1799—1819 у Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу (з 1803 дырэктар музыкі). У апошнія гады жыцця разам з дачкой арфісткай М.Казлоўскай кіраваў хорам і аркестрам графа Мурамцава ў Прапойску (сучасны г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.). Адзін з пачынальнікаў рус. раманса (найб.каштоўнызб. «Расійскія песні» з 30 твораў на тэксты рус. паэтаў). Аўтар героіка-патрыят. паланэзаў для хору і аркестра, у т. л. «Гром перамогі, гучы», манум. «Рэквіема» (1798), уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу для рус. праграмнага сімфанізму, музыкі да трагедый У.Озерава, Я.Княжніна, П.Каценіна і інш. Наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы.