ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I Заваёўнік

(William the Conqueror; каля 1027, г. Фалез, Францыя — 9.9.1087),

герцаг Нармандыі (Вільгельм; 1035—1087), кароль Англіі [1066—87]. Пазашлюбны сын нармандскага герцага Роберта I Д’ябла. У 1062 далучыў да Нармандыі графства Мен і ч. графства Анжу. Пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка і каранацыі Гаральда II на чале франц. рыцарскага войска (5 тыс. воінаў) высадзіўся на англ. узбярэжжы і 14.10.1066 у бітве каля порта Гастынгс разбіў сял. апалчэнне Гаральда II, паклаўшы пачатак Нармандскаму заваяванню Англіі 1066. Каранаваны ў Вестмінстэры 25.12.1066. Стварыў уласны дамен (да ​1/7 тэр. краіны). У 1085 устанавіў прамую залежнасць ад караля сваіх непасрэдных васалаў і ўсіх ар’ервасалаў, абавязаўшы іх несці ваен. службу на сваю карысць, у 1086 правёў агульнадзярж. перапіс усіх феад. уладанняў. Пры Вільгельме I умацаваліся гандл. сувязі з Фландрыяй; далейшае запрыгоньванне сялян выклікала іх паўстанні (найб. значныя ў 1069 і 1071 на Пн і ПнУ Англіі).

М.​К.​Багадзяж.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́С ((Cortes) Эрнан) (Эрнанда; 1485, Медэльін, Іспанія — 2.12.1547),

іспанскі канкістадор. Маркіз (з 1528—30). Вывучаў права ва ун-це г. Саламанка. З 1504 у Вест-Індыі, удзельнік заваявання Кубы (з 1511), прызначаны апошнім кіраўніком экспедыцыі (11 караблёў, каля 600 чал.) у Мексіку. У ходзе экспедыцыі (1519—21) заснаваў г. Веракрус, разбіў гал. сілы індзейцаў ацтэкаў, узяў у палон іх правадыра Мантэсуму II (гл. Мантэсума), дамогся ўстанаўлення ісп. панавання ў цэнтр. ч. Мексікі. У 1522—28 губернатар і капітан-ген. Новай Іспаніі (Мексікі), з 1529 капітан-генерал. У 1524—26 дасягнуў тэр. Гандураса, у 1532—33 адкрыў п-аў Каліфорнія. У 1528—30 і з 1540 на радзіме, удзельнік няўдалай антыпірацкай экспедыцыі ісп. караля Карла V у Алжыр (1541). Яго лісты-рэляцыі 1520—26 да ісп. караля — каштоўны літ. помнік часоў адкрыцця і заваявання Амерыкі.

Літ.:

Гуляев В.И. По следам конкистадоров. М., 1976.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),

польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.​Длугаша, Мацея з Мехава, Б.​Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы догматы* каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.

А.​А.​Семянчук.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́КАШ (польск. Rokosz літар. бунт, мяцеж),

від узброенай шляхецкай апазіцыі ў Польшчы і Рэчы Паспалітай у 16—17 ст. Першапачаткова азначаў з’езд на сейм усёй шляхты, а не толькі яе выбраных прадстаўнікоў. Назва паходзіць з Венгрыі, дзе ў пач. 16 ст. шляхта з’язджалася на сеймы на полі Рокаш каля г. Пешт. Кароль і магнаты не прызнавалі права ўсёй шляхты на непасрэдны ўдзел у сеймах, адсюль тэрмін «Р.» стаў сінонімам бунту супраць караля. Шляхецкія ідэолагі разглядалі Р. як сродак абароны шляхецкіх вольнасцей і інстанцыю, якая можа судзіць караля, міністраў і сенатараў; юрыд. асновай Р. лічылі права на адмову ў паслушэнстве каралю, зафіксаванае ў Генрыкавых артыкулах і Пакта канвента. Характар мяцяжу мелі Р. Мікалая Зебжыдоўскага 1606—09 і Ежы Любамірскага 1665—66. Шляхта, якая збіралася на Р., утварала канфедэрацыю. Пазней ідэя рокашавых сеймаў была заменена шляхтай на лозунг збірання т.зв. конных сеймаў.

В.​С.​Пазнякоў.

т. 13, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЕРЭ́НДАР (ад лац. referendarius службовая асоба),

пасада (урад) у Рэчы Паспалітай. У Польшчы пасады свецкага і духоўнага Р. уведзены ў 1507, у ВКЛ вядомы адпаведна з 1539 і 1575. Выслухоўвалі скаргі прыватных асоб і паведамлялі іх змест канцлеру (а той даводзіў іх да караля), паведамлялі рашэнні манарха на пададзеныя просьбы і скаргі. Знаходзіліся стала пры каралю, давалі яму парады. У 1633 духоўны Р. ВКЛ атрымаў права ўдзельнічаць у пасяджэннях Сената з правам дарадчага голасу. У 1635 ураўнаваны ў правах з каронным духоўным Р., засядаў у каралеўскім рэляцыйным судзе, дзе разглядаліся інфлянцкія і курляндскія справы. У гэты час у ВКЛ заснаваны рэферэндарскі суд (ажыццяўляўся аднаасобна духоўным Р.) як вышэйшы даменіяльны суд караля. Разглядаў скаргі сялян каралеўскіх уладанняў (каралеўшчын) ВКЛ на старостаў і дзяржаўцаў. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для рэферэндарскага суда быў задворны асэсарскі (каралеўскі) суд. У 1540—70-я г. пасада Р. існавала і ў Падляшскім ваяв.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),

вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІ́ЛЬ АБ ПРАВА́Х»

(Bill of Rights),

1) у Вялікабрытаніі канстытуцыйны акт, прыняты парламентам у 1689. Юрыдычна аформіў дасягненні «Слаўнай рэвалюцыі», абмежаваў уладу караля на карысць парламента.

2) У ЗША першыя 10 паправак да Канстытуцыі 1787. Набылі сілу ў 1791. Гарантавалі бурж.-дэмакр. свабоды слова, друку, веравызнання, сходаў і петыцый, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ТРЫК»,

бел. народны танец. Муз. памер 24. Характэрна паступовае павелічэнне тэмпу да вельмі хуткага. Выканаўцы парамі трайным крокам рухаюцца па крузе, потым кружацца паасобку, то разыходзячыся, то збліжаючыся. Зафіксаваны пісьменнікам У.​Караткевічам у Аршанскім і Рагачоўскім р-нах і падрабязна апісаны ім у рамане «Дзікае паляванне караля Стаха».

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГЕЛЬМІ́НА (Wilhelmina; 31.8.1880, г. Гаага, Нідэрланды — 28.11.1962),

каралева Нідэрландаў [1890—1948]. Дачка нідэрл. караля Вільгельма III. Да 1898 правіла пад апекай маці каралевы Эмы. У 1-ю сусв. вайну выступала за нейтралітэт Нідэрландаў. У 2-ю сусв. вайну эмігрыравала разам з урадам у Лондан (1940). Вярнулася ў сак. 1945. Адраклася ад прастола на карысць сваёй дачкі Юліяны.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1413,

заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію 1413, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вял. кн. ВКЛ Вітаўта. Меў на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. Касцёл і каталіцкі клір набывалі правы і свабоды, як і ў Польскім каралеўстве. Паны і шляхта ВКЛ, якія прымалі каталіцкую веру і атрымлівалі гербы, маглі карыстацца прывілеямі, як і польск. паны і шляхта, набывалі права на свабоднае распараджэнне сваёй маёмасцю і атрыманне спадчыны. Прадугледжвалася ўвядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Кіруючыя дзярж. пасады маглі займаць выключна феадалы-католікі. Гарадзельскі прывілей замацаваў парадак: пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не мелі права выбіраць вял. князя без згоды Ягайлы і польск. феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы — выбіраць караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ.

Літ.:

Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 115—118;

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права Мн., 1991. С. 32—35.

І.​А.​Юхо.

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)