КАСІ́ЛЬ (Леў Абрамавіч) (10.7.1905, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія — 21.6.1970),

расійскі пісьменнік. Чл.-кар. АПН СССР (1965). Вучыўся ў Маск. ун-це. Друкаваўся з 1925. Творы пераважна для дзяцей і юнацтва, тэматычна разнапланавыя — падзеі 1917 і Вял. Айч. вайны, людзі спорту і мастацтва, этычная праблематыка: аўтабіягр. аповесці «Кандуіт» (1930) і «Швамбранія» (1933), аповесці «Чарамыш, брат героя» (1938), «Вялікае процістаянне» (ч. 1—2, 1941—47), «Вуліца малодшага сына» (1949, з М.​Паляноўскім; Дзярж. прэмія СССР 1951; экранізацыя «Беларусьфільмам» 1962), «Будзьце гатовы, Ваша вялікасць!» (1964), «Так было» (з Паляноўскім, 1970), раманы «Варатар рэспублікі» (1938), «Ход белай каралевы» (1956), «Чаша гладыятара» (1961). Аўтар публіцыст. кн. «Твае абаронцы» (1942), дарожных нататак, кніг пра У.​Маякоўскага, С.​Міхалкова і інш. Творчасць адметная разуменнем дзіцячага светаўспрымання, аптымізмам, спалучэннем лірызму з гумарам і сатырай, трапнасцю мовы. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Вольскі, А.​Якімовіч, Я.​Васілёнак.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1965—66;

Бел. пер. — Турэцкія буцы. Мн., 1937;

Кандуіт і Швамбранія. Мн., 1939;

Дарагія мае хлапчукі. Мн., 1947;

Выбуховы груз і іншыя апавяданні. Мн., 1947;

Пра жыццё зусім добрае. Мн., 1962.

Літ.:

Жизнь и творчество Льва Кассиля. М., 1979.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМНО́,

гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн. часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах. Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).

С.​А.​Сергачоў.

Гумно ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.
Гумно ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),

восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. isolatión аддзяленне, раз’яднанне) у біялогіі, выключэнне або абмежаванасць свабоднага скрыжоўвання паміж асобінамі аднаго віду; адзін з элементарных фактараў эвалюцыі, відаўтварэння. Вядзе да адасаблення ўнутрывідавых груп і новых відаў. У макраэвалюцыйным плане (гл. Макраэвалюцыя) абумоўлена нескрыжавальнасцю розных відаў або мае пераважна характар рэпрадуктыўнай І., пры якой узнікаюць незалежныя генафонды дзвюх папуляцый (потым папуляцыі могуць стаць самаст. відамі). У мікраэвалюцыйным плане (гл. Мікраэвалюцыя), або на ўнутрывідавым узроўні, адрозніваюць 2 асн. групы І.: тэрытарыяльна-механічную, да якой належаць усе выпадкі ўзнікнення перашкод паміж рознымі ч. насельніцтва ці папуляцыямі (напр., водныя бар’еры для сухапутных, суша для водных арганізмаў і інш.), і біялагічную, у якой вылучаюць 3 падгрупы І.: экалагічную (індывіды двух ці больш біятыпаў рэдка або зусім не сустракаюцца ў час рэпрадукцыйнага перыяду); морфа-фізіялагічную (апладненне, абцяжаранае ці немагчымае па марфал. ці паводзінскіх прычынах); генетычную, якая абумоўлена несумяшчальнасцю палавых клетак або непаўнацэннасцю гібрыдаў (паніжэнне жыццяздольнасці, плоднасці або поўная стэрыльнасць). Віды І. ўзнікаюць незалежна адзін ад аднаго і могуць спалучацца ў любых камбінацыях. Тэр.мех. І. (на вял. тэрыторыях геаграфічная) вядзе да алапатрычнага формаўтварэння (гл. Алапатрыя), а пры працяглым дзеянні звычайна выклікае з’яўленне біял. 1. якой-н. формы. Выпадкі першаснага ўзнікнення біял. І. могуць прывесці да сімпатрычнага формаўтварэння (гл. Сімпатрыя).

Літ.:

Дарвин Ч. Происхождение видов путем естественного отбора // Соч. М.;Л., 1939. Т. З; Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969; Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980.

т. 7, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКА-ТУ́РАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.

Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак. Канец 19 ст. Горад Давыд-Гарадок (Столінскі раён).

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРЫ́ТЫ,

малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл. Метэоры).

У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн. км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.

Літ.:

Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;

Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ. М., 1971;

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,

пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;

Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, поглядаў, навук. тэорый аб чалавеку і навакольным свеце (натуральным і штучным), аб іх мінулым, сённяшнім і будучым. Не зводзіцца да арыфм. сумы індывід. свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арган. цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі: грамадскім статусам і заканамернасцямі развіцця, прызначэннем і функцыямі. Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з інш. сферамі грамадскага жыцця (вытв-сцю матэрыяльных даброт, сям’ёй і г.д.), а таксама ўплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Грамадская свядомасць утварае з інш. грамадскімі з’явамі адзіную непарыўную тканіну, але пры гэтым адносна самастойная ў працэсе рэалізацыі сваёй грамадскай ролі і функцый. Грамадская свядомасць не тоесная пасіўнаму адлюстраванню таго, што адбываецца ў іншых сферах грамадства, і адыгрывае значную актыўную ролю. Аднак сама гэтая актыўнасць па-рознаму вытлумачваецца ў розных сістэмах філас.-гіст. ведаў. Калі ў ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютна самаст., субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет), то паводле матэрыялістычных канцэпцый яна ёсць неабходны, але зусім не самадастатковы момант функцыянавання адзінага сац. цэлага. Матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім; гэты вывад пакладзены ў аснову матэрыяліст. тэорыі пазнання. Грамадская свядомасць мае складаную ўнутр. структуру, якая ўключае розныя ўзроўні (тэарэт. і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія) і розныя формы свядомасці (паліт. і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука). У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гіст. працэсу, што знаходзіць сваё выяўленне ў функцыі сацыяльнага прадбачання. Дасягнуты крытычны ўзровень спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя пры крайне нераўнамерным размеркаванні, матэрыяльных даброт, якія атрымліваюцца ад гэтага, абвастрэнне многіх іншых глабальных праблем сучаснасці востра ставяць перад ім пытанне пра выжыванне. Таму павелічэнне ролі грамадскай свядомасці ў жыцці грамадства на мяжы 20 і 21 ст. звязваецца з праблемамі, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.

Літ.:

Общественное сознание и его формы. М., 1986;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М., [1990);

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, індаарыйскія мовы,

1) група генетычна роднасных моў, якія паходзяць ад стараж.-інд. мовы і разам з дардскімі і іранскімі мовамі адносяцца да індаіранскай моўнай агульнасці, што ўваходзіць у індаеўрап. сям’ю моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У гісторыі развіцця І.м. адрозніваюць стараж.-інд. (мова ведаў у сярэдзіне 2-га тыс. да н.э., санскрыт з пач. 1-га тыс. да н.э.), сярэднеінд. (з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. паралельна з санскрытам развіваліся палі і пракрыты, якія адлюстроўвалі пэўныя з’явы жывой мовы), новаінд. (пасля 10 ст.) мовы. Новаінд. мовы падзяляюць на 3 галіны: унутраную (зах. хіндзі мова, урду мова, пенджабі, гуджараці, раджастані і інш.),

прамежкавую (усх. хіндзі) і знешнюю, якая падзяляецца на групы: паўн.-зах. (лахнда, сіндхі), паўд. (маратхі), усх. (орыя, біхары, бенгалі, асамская). Некат. вучоныя да ўнутр. галіны, апрача цэнтр. групы, далучаюць і мовы пахары, якія паходжаннем належалі да дардскай групы, але яшчэ ў пракрыцкую эпоху зазналі ўплыў І.м. Да І.м. належыць таксама цыганская мова.

Стараж. І.м. былі тыповымі флектыўнымі мовамі з унутр. і вонкавай флексіямі, чаргаваннем галосных, багатай марфалогіяй (3 роды, 3 лікі, 8 склонаў, разгорнутая сістэма часоў і ладоў дзеяслова і дзеепрыметнікаў); у фанетыцы — групы зычных, дыфтонгі, складовыя «р» і «л», муз. націск. У сярэднеінд. мовах адбывалася пэўнае спрашчэнне сістэмы часоў і ладоў, выкарыстанне дзеепрыметнікаў для абазначэння прошлага часу, выпрацоўваўся больш стандартны парадак слоў. Новаінд. мовы пры спрашчэнні марфал. выражэння скланення і спражэння развіваюць аналіт. спосабы перадачы склонавых значэнняў (паслялогі) і дзеяслоўных катэгорый; трацяцца зычныя на канцы слова і ў групах, у слоўнік пранікаюць многія запазычанні з санскрыту, з моў Усходу і еўрапейскіх. І.м. выкарыстоўваюць розныя алфавіты (гл. Індыйскае пісьмо). Некат. мовы карыстаюцца араба-перс. графікай. Вывучае І.м. індалогія.

2) Умоўная, не зусім дакладная назва моў, пашыраных на тэр. Індыі, Пакістана, Бангладэш, Шры-Ланкі, Мальдываў і Непала. Б.ч. іх — індаеўрап. ўласна І.м., іранскія (у т. л. пушту і белуджская), пашыраныя толькі ў Індастане дардскія мовы (у т. л. кашмірская), якія займаюць прамежкавае становішча паміж іранскімі і індыйскімі. Тут пашыраны таксама дравідыйскія мовы, мунду, некат. тыбета-бірманскія і мон-кхмерская мовы.

Літ.:

Зограф Г.А. Языки Индии, Пакистана, Цейлона и Непала. М., 1960;

Яго ж. Морфологический строй новых индоарийских языков. М., 1976;

Чаттерджи С.К. Введение в индоарийское языкознание: Пер. с англ. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)