ГЛЕ́БАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 10.9.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл., Расія),

бел. кампазітар і педагог. Нар. арт. Беларусі (1973). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас А.Багатырова). Выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы (1953—63). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1983). Працуе пераважна ў буйных жанрах, увасабляючы значныя тэмы сучаснасці і гіст. мінулага. Музыцы Глебава ўласціва вял. сіла эмацыянальнага ўздзеяння, абумоўленая яскравасцю і інтанацыйным багаццем тэматызму, яго змястоўным напружаным развіццём, дасканаласцю муз. формы. Кампазітар самабытна пераўтварае бел. народнапесенны матэрыял. Знаўца аркестра, ён часта карыстаецца своеасаблівымі, нетрадыцыйнымі тэмбравымі спалучэннямі. Яго сімф. музыка насычана вострахарактарнымі вобразамі шырокага эмацыянальнага дыяпазону. Сімфоніі («Партызанская», 1958, 1963, 1964, 1968, «Да міру», 1983, 1993), «Альпійская сімфонія-балада» (1967), «Паэма-легенда» (1955) — творы складаных маст. канцэпцый, якія нясуць на сабе адбітак паглыбленага, шматбаковага светаўспрымання мастака. У балетах «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд. 1974; 2-я — 1977), «Маленькі прынц» і «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэце «Мільянерка» (1986) паказаў сябе сталым драматургам, які валодае адметным адчуваннем т-ра, майстэрствам дасканалых муз. характарыстык, прынцыпамі сімфанізму як метаду муз. мыслення. Літ. першакрыніцы муз.-сцэн. твораў — узоры сусв. л-ры (В.​Быкава, Я.​Купалы, Ш. дэ Кастэра, А.​Сент-Экзюперы, М.​Булгакава, Б.​Шоу). Патрыятычна-грамадзянская тэматыка аб’ядноўвае вак.-сімф. творы Глебава — араторыі «Званы» (1967), «Свяці, зара» (1970), «Мы славім Радзіму сваю» (1974), кантаты «За праўду ўстанем» (1956), «Ад вышыні да вышыні» (1976) і інш. Сярод інш. твораў: оперы «Твая вясна» (1963), аперэта «Рэпартаж з пекла» (1971), муз. камедыя «Калізей» (1995, лібрэта М.​Матукоўскага), канцэрты «Покліч» для аркестра (1988), для віяланчэлі (1993) і скрыпкі (1995) з аркестрам, 3 балады для голасу з арк., араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства» (1974), «Палеская сюіта» (1964), Харэаграфічныя навелы (1963, 1966), сюіты з балетнай музыкі, сімф. паэмы «Успаміны пра Тыля» (1977) і «Казка» (1979), Святочная уверцюра для аркестра бел. нар. інструментаў (1958), саната (1956) і «Фантастычныя танцы» (1957) для фп., п’есы для эстраднага аркестра (у т. л. найб. папулярныя «Залатая восень», «Начны дыліжанс»); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1970.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Евгений Глебов. М., 1959;

Ракава А.Я. Яўгеній Глебаў: (Старонкі творчасці). Мн., 1971;

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, Н.​Лученок. М., 1978.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНІ́ЦА,

збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.

А.​І.​Лакотка.

Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БЕЛАРУ́СІ.

Створаны ў 1938 у Гомелі. Адкрыўся 15.7.1938 спектаклем «Па шчупаковай волі» Л.​Тарахоўскай, які шмат у чым паўтараў пастаноўку С.Абразцова, на рэпертуар і пастановачныя прынцыпы якога т-р пераважна арыентаваўся на першым часе. З 1940 маст. кіраўнік М.​Бабушкін, гал. мастак Б.​Звінагродскі. Ставіліся пераважна казкі: «Чароўныя падарункі» («Дзед і Жораў») В.​Вольскага, «Кот у ботах» Г.​Уладычынай, «Вялікі Іван» Абразцова і С.​Праабражэнскага, «Падарожжа ў дзіўныя краіны» У.​Палякова і інш. У Айч. вайну асн. трупа т-ра знаходзілася ў Душанбе. Дзейнічала таксама агітбрыгада на чале са Звінагродскім, у праграме — сатыр. сцэнкі і інтэрмедыі. 1.5.1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у Гомелі спектаклем «Вялікі Іван». У першыя пасляваен. гады пераважна аднаўляўся ранейшы рэпертуар. З лепшых новых пастановак: «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова, «Хрустальны чаравічак» Т.​Габэ, «Дзед Мароз» А.​Шурынавай і «Чароўны галёш» Г.​Мацвеева. У 1949 дзейнасць т-ра была спынена. У 1950 т-р створаны нанава і працуе ў Мінску. Некат. спектаклі 1950-х г. характарызаваліся празмерна дэталізаваным вырашэннем лялькі, імітацыяй ёй чалавека. Пошукі новых выяўл. сродкаў, станаўленне прафес. сцэнаграфічнай культуры т-ра звязаны з дзейнасцю рэж. Анатоля Ляляўскага і мастака Л.​Быкава. Пераканаўчае рэжысёрскае прачытанне, цікавае сцэнаграфічнае вырашэнне атрымалі творы бел. драматургіі: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Граф Глінскі-Папялінскі» А.​Вольскага, «Каваль Вярнідуб» паводле А.​Якімовіча, «Марынка-крапіўніца» А.​Вольскага і П.​Макаля, «Сярэбраная табакерка» паводле З.​Бядулі, «Лілавічкі» паводле У.​Галубка, «Дзякуй, вялікі дзякуй» і «Скажы сваё імя, салдат» А.​Вярцінскага, «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч, «Янка-цымбаліст і алавянае царства» Э.​Брука і Б.​Дуцэнкі. У канцы 1960—1-й пал. 1970-х г. адраджаецца традыцыя пастановак для дарослых, распачатая ў 1950-я г. спектаклямі «Краса ненаглядная» Я.​Спяранскага і «Кароль-Алень» паводле К.​Гоцы Сярод іх: «Чоргаў млын» і «Боская камедыя» І.​Штока, «Цудоўная Галатэя» С.​Дарваша і Б.​Гадар, «Клоп» У.​Маякоўскага, «Да трэціх пеўняў» В.​Шукшына, «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака. Творчасць т-ра 2-й пал. 1970—80-х г. адметная зваротам да новых выяўл. сродкаў, у спектаклях разам з лялькамі выступаюць акцёры ў жывым плане. Імкненне да сінтэзу разнастайных сцэн. сродкаў выявілася ў спектаклях «Крэсіва» Спяранскага, «Сланяня» Уладычынай, «Арэшак» Р.​Аляксандравай, «Зорны хлопчык» паводле О.​Уайльда, «Ляўша» паводле М.​Ляскова, «Салавей» паводле Х.​К.​Андэрсена і інш. Творчае аблічча т-ра 1990-х г. вызначаюць спектаклі, пастаўленыя рэж. Аляксеем Ляляўскім: «Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава, «Бура» У.​Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа, «Папялушка, ці Перамога Дабрачыннасці» Ж.​Маснэ, «Цар Ірад» у апрацоўцы Г.​Барышава і інш.

У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі У.​Уласаў, У.​Грамовіч, А.​Казакоў, мастак па ляльках засл. работнік культ. А.​Нікалайчык. У 1976—96 гал. мастак А.​Фаміна.

М.​А.​Каладзінскі.

Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Званы твайго лёсу» А.​Вольскага і П.​Макаля.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч.

т. 6, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),

1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл. Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.

2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.​Дзідро, Л.​С.​Мерсье ў Францыі, Г.​Э.​Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.​П.​Чэхава, Б.​Шоу, Б.​Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.​Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.​Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.​Коласа («Антось Лата»), Л.​Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.​Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.​Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял. Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Радавыя» А.​Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.​Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.​Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.​Марчука, «Пятля часу» Р.​Баравіковай і інш.).

Літ.:

гл. ў арт. Драматургія.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.

Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.

Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл. Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.​П.​Берг, А.​М.​Ляс і інш.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.​Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.​Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст. артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.​Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац. АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел. політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.

Д.​М.​Кукуй, У.​М.​Сацута.

Да арт. Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,

тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.

Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш. Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).

На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл. Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.​Ларчанка, Ю.​Любімаў і інш.

Літ.:

Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;

Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.

Я.​М.​Сахута, А.​І.​Сямёнаў.

Да арт. Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.
Да арт. Ліццё мастацкае. А.​Чохаў. Цар-гармата. 1586.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ МУ́ЗЫКА музыка, адрасаваная дзіцячай аўдыторыі або прызначаная для выканання дзецьмі. Дз. м. ўласцівы вобразная дакладнасць. канкрэтнасць, інстр. творам — праграмнасць. Яе тэмы часцей за ўсё звязаны з казачнасцю, сюжэтамі ці сцэнкамі з дзіцячага жыцця. замалёўкамі роднай прыроды. Сярод чыста муз. асаблівасцей твораў для дзяцей — абагульненне праз бытавыя жанры, выкарыстанне выяўл. прыёмаў, выразнасць і прастата формы, меладычнасць, нац. акрэсленасць муз. мовы. У Дз. м. прадстаўлены амаль усе муз. жанры, аднак, улічваючы выканальніцкія магчымасці дзяцей, кампазітары адмаўляюцца ад складаных прыёмаў інстр. і вак. тэхнікі.

Узоры Дз.м. былі вядомы ўжо ў Стараж. Грэцыі (песенькі, творы для навучання ігры на аўласе і інш.). У розных народаў свету існуе дзіцячы фальклор. Уклад у развіццё Дз.м. зрабілі многія кампазітары-класікі, у т. л. І.​С.​Бах, І.​Гайдн («Дзіцячая сімфонія»), Р.​Шуман («Альбом для юнацтва» для фп.), П.​Чайкоўскі («Дзіцячы альбом» для фп.), а таксама зах.-еўрап. кампазітары 20 ст. [«Мікракосмас» Б.​Бартака (6 сшыткаў фп. п’ес, у якіх юныя музыканты далучаюцца да сучасных сродкаў выразнасці), песні і хары З.​Кодая, прызначаныя для рэалізацыі яго метаду муз. выхавання, «Музыка для дзяцей» у 5 тамах К.​Орфа, што дае аснову для калектыўнага музіцыравання дзяцей, оперы «Мы будуем горад» П.​Хіндэміта, «Маленькі трубачыст» і «Ноеў каўчэг» Б.​Брытэна, дзе шэраг роляў выконваюць дзеці]. Класікамі Дз.м. сталі С.​Пракоф’еў (фп. цыкл «Дзіцячая музыка». сімф. казка «Пеця і воўк», вак.-сімф. сюіта «Зімовы касцёр») і Дз.​Кабалеўскі (дзіцячыя лірычныя песні, 3 сшыткі фп. п’ес, кантата «Песні ранку, вясны і міру», трыяда юнацкіх канцэртаў); шырока вядомы песні Ю.​Чычкова, У.​Шаінскага, музыка да дзіцячых кінафільмаў Я.​Крылатава і інш.

Дзіцячы фальклор беларусаў побач з размоўнымі жанрамі, ўключае, калыханкі і песенькі для дзяцей старэйшага ўзросту. Нар. песні змешчаны ў найб. ранніх нац. зб-ках «Школьны спеўнік» (1920) і «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.​Грыневіча. Інтэнсіўна і разнастайна працуюць у галіне Дз.м. бел. кампазітары. Ствараецца нац. рэпертуар для муз. т-ра. Сярод муз.-сцэн. твораў для дзяцей першая дзіцячая опера «Марынка» Р.​Пукста (паст. 1955), першая муз. камедыя «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі (паст. 1979), шырока вядомы балет «Маленькі прынц» Я.​Глебава (паст. 1982). З канца 1980-х г. на Беларусі ўзнікаюць тэатр. калектывы з дзіцячымі трупамі, якія значна стымулююць паяўленне дзіцячых муз.-сцэн. твораў; сярод іх: мюзікл «Пітэр Пэн» А.​Будзько (паст. 1990; Дзіцячы муз. т-р-студыя пры Нац. т-ры оперы), опера «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.​Войціка (паст. 1993 і 1996, Дзіцячы муз. т-р-студыя «Казка» пры Дзярж. т-ры муз. камедыі), опера «Мілавіца» У.​Солтана (1991). Пачынаючы з оперы «Рукавічка» М.​Чуркіна (1941, паст. 1948), развіваецца жанр радыёоперы для дзяцей («Рак-вусач» Дз.​Лукаса паводле казкі Я.​Коласа, 1941, паст. 1960; «Тараканішча» Л.​Шлег паводле К.​Чукоўскага, паст. 1973; опера «32 волаты» Н.​Усцінавай 1983, Віцебская абл. студыя тэлебачання). Значнае месца адводзіцца музыцы для дзяцей у спектаклях драм. т-раў. З Бел. рэсп. т-рам юнага гледача актыўна супрацоўнічалі Я.​Глебаў, Э.​Зарыцкі, Дзярж. т-рам лялек Беларусі — А.​Залётнеў, І.​Кузняцоў, В.​Помазаў, К.​Цесакоў, з Брэсцкім абл. т-рам лялек — М.​Русін. Муз. афармленню дзіцячых тэле- і радыёперадач, мультфільмаў вял. ўвагу аддавалі Л.​Абеліёвіч, Г.​Вагнер, Глебаў, Зарыцкі, Л.​Захлеўны, У.​Кандрусевіч, С.​Картэс, А.​Мдывані, Семяняка. У жанры вак.-сімф. і харавой музыкі найб. значныя араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» Глебава і «Бай прыдумаў» Картэса, кантаты «Песня згоды» Помазава і «Упарты Фама» Р.​Суруса, сюіта «Званы» М.​Васючкова і харавыя гульні «Ладачкі» В.​Кузняцова. Дасціпнасцю муз. вырашэння адметныя вак. цыклы «Вясёлыя дзіцячыя песні» Картэса, «Пра дзяцей» П.​Падкавырава, «Містэр Кваклі і іншыя» Э.​Тырманд, разлічаныя на дарослых выканаўцаў. Багата пададзена ў бел. музыцы дзіцячая хар. песня. Далучэнню дзяцей да бел. фальклору спрыяюць хар. апрацоўкі бел. нар. песень Семянякі, Цесакова, Цікоцкага, папулярныя ў дзяцей кампазіцыі У.​Дамарацкага, Ш.​Ісхакбаевай, В.​Сярых. Камерна-інстр. жанр Дз.м. прадстаўлены цыкламі праграмных мініяцюр тыпу «Дзіцячых альбомаў», «Школьных сшыткаў» для розных інстр. складаў. У рэпертуар бел. школьнікаў трывала ўвайшлі п’есы Абеліёвіча, А.​Багатырова, Вагнера, Г.​Гарэлавай, Ісхакбаевай, В.​Карэтнікава, Л.​Мурашкі, Падкавырава, Суруса, Тырманд, Усцінавай, Цесакова і інш. Асобная галіна інструктыўнай музыкі — творы, звязаныя з фалькл. элементам у спалучэнні з сучаснымі сродкамі выразнасці, у т. л. сшытак эцюдаў-карцін для цымбалаў Войціка, «Карагоды» для фп. трыо, «25 беларускіх песень і танцаў» для скрыпкі і фп., «П’есы з эпіграмамі» для балалайкі і фп., «7 п’ес у ладах» для цымбалаў і фп. Гарэлавай, «поліфанічны сшытак» для фп., «Беларускія сшыткі школьніка» для баяна і домры, сюіта-казка «Кацігарошынка» для домры і фп., цыклы «Лубочак» для трубы і фп., «Дударачка» для кларнета і фп. Шлег. Развіццё Дз.м. стымулюецца павышэннем тэхн. ўзроўню выканальніцтва і агульнай муз. культуры дзяцей, што звязана з удасканаленнем сістэмы муз. адукацыі і муз. выхавання.

Літ.:

Асафьев Б. Русская музыка о детях и для детей // Сов. музыка. 1948. № 6;

Сосновская О. Советские композиторы детям. М., 1970;

Степанцевич К., Глущенко Г. Школьникам о музыке. Мн., 1962.

Р.​М.​Аладава.

т. 6, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сямёнавіч) (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),

бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел. гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.​Скарыне, Я.​Купалу, М.​Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, І.​Франка, М.​Карыма, Р.​Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст. маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.​Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.​Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—8. Мн., 1987—91;

У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;

З вякоў мінулых. Мн., 1990;

Творы. Мн., 1996.

Літ.:

Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;

Быкаў В. Зб. тв. Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;

Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;

Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;

Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг. Мн., 1995;

Мальдзіс А Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;

Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;Русецкі А Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991; Сямёнава А Гарачы след таленту. Мн., 1979; Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982; Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.

А.​Л.​Верабей.

У.С.Караткевіч.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ ЯКУ́БА КО́ЛАСА, Беларускі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Створаны ў 1926 у Віцебску як Другі бел. дзярж. т-р (БДТ-2) з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 21.12.1944 прысвоена імя Я.​Коласа, у 1977 — званне акадэмічнага. Адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.​Бэна. Напачатку рэпертуар т-ра склалі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Апраметная» В.​Шашалевіча, «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча, «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Е.​Жулаўскага і інш. Спектаклі вызначаліся пастановачнай яркасцю, пластычнасцю, пошукам новых формаў і былі разлічаны на тэатральна дасведчанага гледача. Афіцыйная крытыка абвясціла іх фармалістычнымі і эстэцкімі, патрабавала большай даступнасці і прастаты. У канцы 1920-х г. асн. кірунак быў узяты на тагачасную сав. драматургію і рэв. тэматыку. У 1930-я г. значнае месца ў рэпертуары пачала займаць бел. драматургія. Пастаўлены «Вечар беларускіх вадэвіляў» (увайшлі «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка, «Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі, «Ірынка» К.​Чорнага. Найб. нацыянальна яскравым, самабытным спектаклем, які на многія гады стаў вызначальным для т-ра, з’явілася пастаноўка п’есы «Несцерка» В.​Вольскага. З класічнай драматургіі пастаўлены «Мяшчане» М.​Горкага, «Беспасажніца» і «Лес» А.​Астроўскага, «Лекар мімаволі» Мальера, «Здані» Г.​Ібсена. Сярод найб. значных пастановак тагачаснай драматургіі — «Гібель эскадры» А.​Карнейчука. З 1928 пры т-ры перыядычна працавалі студыі (гл. Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа). У Айч. вайну тэатр працаваў ва Уральску (з 1941) і Арэхава-Зуеве (1943—44). Найлепшыя спектаклі гэтага перыяду — «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага, «Нашэсце» Л.​Лявонава, «Проба агнём» К.​Крапівы. У 1944 брыгада акцёраў т-ра выехала на фронт. З кастр. 1944 т-р аднавіў дзейнасць у Віцебску. Пастаўлены «Рэвізор» М.​Гогаля, «Гамлет» Шэкспіра і інш. класічныя творы; з бел. драматургіі: «Цэнтральны ход» і «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» і «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы. У 1950-я г. аснову рэпертуару т-ра склалі творы Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона, Астроўскага, А.​Сухаво-Кабыліна, Л.​Талстога, А.​Чэхава, М.​Горкага. У нац. рэпертуар вернута з забыцця п’еса Я.​Купалы «Раскіданае гняздо». Пастаўлены «Машэка» Вольскага, «Простая дзяўчына» і «На крутым павароце» Губарэвіча. Вострымі, надзённымі сталі пастаноўкі «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прынцыпова важнымі спектаклямі былі «Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна, «Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле яго раманаў, «Лявоніха» П.​Данілава, «Пад адным небам» А.​Маўзона, «Справа яе жыцця» А.​Гутковіча і Ф.​Казоўскай, «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава. Удачамі т-ра з’явіліся пастаноўкі «Ветрык, вей!» Я.​Райніса і «Бацькаўшчына» К.​Чорнага. Поспехі т-ра ў 2-й пал. 1960-х — 80-я г. абумоўлены зваротам да бел. драматургіі: «Сымон-музыка» паводле паэмы Я.​Коласа, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча, «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Трывога» А.​Петрашкевіча, «Парог», «Вечар» і «Радавыя» А.​Дударава. Цікавыя сцэн. трактоўкі атрымалі «Улада цемры» Л.​Талстога, «Мяшчане» М.​Горкага, «Клоп» У.​Маякоўскага, «Доктар філасофіі» Б.​Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта. Пэўнымі дасягненнямі адзначаны спектаклі «Летась у Чулімску» і «Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава, «Брыльянт» Е.​Пшаздзецкага, «Стары дом» А.​Казанцава, «Клеманс» К.​Саі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. прыкметнымі з’явамі сталі спектаклі «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Генрых VI» Шэкспіра, «ЧП-1» і «ЧП-2» паводле «Рэвізора» Гогаля.

У фарміраванне творчага аблічча т-ра вял. ўклад зрабілі акцёры А.​Ільінскі, П.​Малчанаў, Ц.​Сяргейчык, рэжысёры М.​Міцкевіч, В.​Дарвішаў, Н.​Лойтар, А.​Скібнеўскі, Г.​Шчарбакоў, С.​Казіміроўскі, В.​Мазынскі, Б.​Эрын, мастакі Я.​Нікалаеў, А.​Марыкс, А.​Салаўёў. Значную ролю ў развіцці т-ра адыгралі акцёры: М.​Бялінская, Я.​Глебаўская, Г.​Дубаў, М.​Звездачотаў, А.​Лагоўская, Б.​Левін, Г.​Маркіна, І.​Матусевіч, Л.​Мацісава, А.​Мельдзюкова, А.​Радзялоўская, С.​Скальскі, А.​Трус, М.​Цішачкін, А.​Шэлег, кампазітар і дырыжор Л.​Маркевіч, дырэктары засл. дзеячы маст. У.​Стэльмах і І.​Дорскі, засл. дз. культ. Г.​Асвяцінскі.

У складзе трупы (1996): нар. арт. СССР Ф.​Шмакаў, нар. арт. Беларусі С.​Акружная, З.​Канапелька, Т.​Кокштыс, У.​Куляшоў, Я.​Шыпіла; засл. арт. Беларусі Г.​Каралькова, В.​Петрачкова, Л.​Пісарава, Б.​Сяўко, Л.​Трушко, Т.​Шашкіна; арт. А.​Лабанок, П.​Ламан, Н.​Левашова, Т.​Ліхачова, Г.​Шкуратаў і інш. Дырэктар і маст. кіраўнік т-ра В.​Маслюк (з 1993), гал. мастак С.​Макаранка (з 1996), заг. муз. часткі А.​Крыштафовіч (з 1995), заг. літ. часткі У.​Ганчароў (1968—84 і з 1993).

З 1964 т-р працуе ў будынку на пл. Тысячагоддзя Віцебска (арх. А.​Максімаў, І.​Рыскіна). Яго гал. фасад вырашаны ў выглядзе 8-калоннага порціка з франтонам. Па гал. восі размешчаны вестыбюль, фае, паўкруглая ў плане глядзельная зала на 639 месцаў з партэрам і 2 балконамі, развітая сцэн. група памяшканняў. З 1973 працуе камерная сцэна ў фае з залай на 100 месцаў.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;

Няфёд У.І. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1986;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.​Шэкспіра.
Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Хам» паводле Э.​Ажэшкі.
Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАМАТУРГІ́Я (грэч. dramaturgia),

сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).

Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.

Новая бел. прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.​Сыракомля, П.​Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.​Марцінкевіч, А.​Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэнне бел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.​Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.​Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.​Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.​Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.

У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.​Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.​Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.​Аляхновіча, «Антось Лата» Я.​Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.​Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст. традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.​Гартны, М.​Грамыка, М.​Чарот, В.​Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «На Купалле» М.​Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр. рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.​Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.​Рамановіча, «Гута» Р.​Кобеца, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна.

У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.​Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.​Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.​Крапівы («Партызаны»), П.​Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.​Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.​Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.​Крапіва, Рамановіч, А-Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.​Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Марат Казей» В.​Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.​Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.​Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.​Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.​Глебкі, Маўзона, П.​Васілеўскага, І.​Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.​Козела «Папараць-кветка».

1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага, «Экзамен на восень», «I змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.​Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г. па-ранейшаму ў Д. працавалі К.​Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.​Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.​Дзялендзік, А.​Асташонак, У.​Бутрамееў, Г.​Марчук, В.​Ткачоў, А.​Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.​Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.​Кавалёў, З.​Дудзюк, І.​Сідарук, А.​Дыбча, У.​Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.

З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-р бел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.

Літ.:

Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг. Мн., 1990;

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;

Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;

Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;

Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;

Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;

Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;

Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;

Васючэнка П.В. Драматургія і час. Мн., 1991;

Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр. Мн., 1967.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)