удзельнікі вызв. руху ў Беларусі і Літве ў сярэдзіне 19 ст. і паўстання 1863—64. Дзеці дробнага шляхціца Дамініка Далеўскага, які валодаў фальваркам Кункулка ў Лідскім пав.
Францішак (1825, фальварак Руднікі Лідскага пав. — 25.4.1904), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849—60 у турме, на катарзе і ў ссылцы ў Сібіры. Напярэдадні і ў час паўстання адзін з кіраўнікоў партыі «белых», чл.Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. У чэрв. 1863 арыштаваны, засуджаны на 20 гадоў катаргі. З 1883 у Варшаве.
Аляксандр (24.1.1827, Кункулка — 26.4.1862), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849 арыштаваны, у 1850—58 на катарзе, у сібірскай ссылцы. Памёр у Вільні ад сухотаў неўзабаве пасля вяртання на радзіму.
Канстанцін (1837, Кункулка — 27.5.1871). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, каморнік. Удзельнік паўстання 1863—64 на Ковеншчыне — змагаўся ў атрадах З.Серакоўскага, І.Ляскоўскага, А.Мацкявічуса, камандаваў асобным атрадам, паранены. Потым у эміграцыі. У час Парыжскай камуны 1871 расстраляны версальцамі.
Цітус (13.5.1840, Кункулка — 11.1.1864), удзельнік рэв. студэнцкага руху ў Маскве і Пецярбургу, дзе вучыўся ва ун-тах. З лета 1863 найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем. Арыштаваны, публічна расстраляны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Апалонія (1841, Кункулка — пасля 1915), жонка Серакоўскага. У час паўстання 1863—64 выслана ў Ноўгарад. З 1867 у Варшаве, займалася грамадскай дзейнасцю. Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),
італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.
К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л.камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.
Тв.:
Рус.пер. — Город Солнца. М., 1954.
Літ.:
Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЧЫК (Павел) (сапр.Лагіновіч Іосіф Каятанавіч; 26.2.1891, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1940),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі і Польшчы. Скончыў Слуцкае гар. вучылішча (1907). У 1910 увайшоў у склад Капыльскай групы прыхільнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1912—17 у арміі, у 1-ю сусв. вайну на фронце. Быў чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні 1920. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У выніку аб’яднання БРА з КПЗБ (30.12.1923) кааптаваны ў склад ЦККПЗБ. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б у Мінску. Арганізатар Сопацкай нарады 1925. Выступаў супраць фракцыйнай групоўкі ў КПЗБ (гл.Сэцэсія). З восені 1925 да лют. 1936 паліт. сакратар ЦККПЗБ; са снеж. 1925 да 1929 чл. Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦККПЗБ у ЦК КПП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны. У сак.—жн. 1933 кіраваў работай Бюро ЦККПЗБ у Мінску. Са снеж. 1933 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Аўтар многіх паліт. дакументаў КПЗБ і КПП. У 1936 арыштаваны органамі НКУСБССР «як агент польскай палітычнай паліцыі» і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1939 Ваен. трыбуналам прыгавораны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1955.
Літ.:
Ладысеў У. І.К.Лагіновіч: Нарыс жыцця і паліт. дзейнасці // Бел.гіст.часоп. 1996. № 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВАЙСКО́ВАЯ (ПАВ),
тайная вайсковая арганізацыя. Створана ў кастр. 1914 у Варшаве. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Ю.Пілсудскага ў Каралеўстве Польскім, Галіцыі, на Украіне, Беларусі і ў Расіі. Адной з мэт ПАВ было захаванне ўлады ў руках Пілсудскага. Паводле некат. звестак, у ПАВ існавала тайная «група белага арла», якая вызначала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы. У кіраўніцтва ПАВ уваходзілі А.Коц, М.Касцялкоўскі, Б.Мядзінскі, А.Прыстар, Э.Рыдз-Сміглы і інш., якія адначасова з’яўляліся членамі масонскай Вял.нац. ложы Польшчы. У 1930-я — пач. 1940-х г. у СССР органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы ПАВ, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асн. беларусы і палякі. Першая ў БССР справа ПАВ прыдумана ДПУ у 1933. Па ёй у лют. 1934 асуджана 55 чал. на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У жн. 1937 у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Да вер. 1938 органамі НКУС арыштавана 21 407 «удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арг-цый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—39 па справах ПАВ прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Сав. Саюз, а таксама дзярж. дзеячаў, парт., сав., камсам. і прафс. работнікаў польскага паходжання. Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій палітычных у Зах. Беларусі пасля ўз’яднання яе з БССР у вер. 1939. Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падп.узбр. фарміраванняў, якія вялі антыдзярж. работу супраць сав. ладу. У 1950—90-я г. ўсе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАНО́ВІЧ (Фларыян Паўлавіч) (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),
тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел.прафес.т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел.нар.т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Апошняе спатканне» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.Купалы, «Ганка» У.Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.:
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Сабалеўскі А. Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),
бел.літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АНБССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).
Тв.:
[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;
Бел.пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.
Літ.:
Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;
Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;
Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ГІЯ (Norge),
Каралеўства Нарвегія (Kongeriket Norge), дзяржава на Пн Еўропы, на Скандынаўскім п-ве. Мяжуе на У з Расіяй, на ПдУ з Фінляндыяй і Швецыяй; на Пн абмываецца Баранцавым м., на З і ПнЗ — Нарвежскім м., на Пд — Паўночным м. і пралівам Скагерак. Пл. 324,2 тыс.км². Нас. 4420 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — нарвежская. Сталіца — г.Осла. Краіна падзяляецца на 19 фюльке (абласцей). У склад Н. таксама ўваходзяць: адм. акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і в-аў Мядзведжы), а-вы Ян-Маен на Пн і Буве на Пд Атлантычнага ак. Агульная пл. гэтых тэрыторый каля 63 тыс.км², пастаяннага насельніцтва няма. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (17 мая).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1814 з пазнейшымі папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — сторцінг, які складаецца з лагцінга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльсцінга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на 1-й сесіі сторцінга з яго складу выбіраецца 74 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагцінг, астатнія 74 — одэльсцінг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзярж. савет) на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Берагавая лінія вельмі звілістая. Многа заліваў (фіёрдаў), якія глыбока ўразаюцца ў сушу. Каля берагоў шмат астравоў. Большую ч. краіны займаюць выцягнутыя з ПнУ на ПдЗСкандынаўскія горы, складзеныя з крышталічных парод. Тэктанічныя даліны падзяляюць горы на асобныя масівы і пласкагор’і. Пераважаюць выш. 700—1000 м, найб. 2469 м (г. Гальхёпіген). Нізіны займаюць невял. плошчы. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (шэльфавая зона Паўночнага м.), жал., ванадыевыя, тытанавыя, медныя, малібдэнавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя, ніобіевыя, сярэбраныя руды, золата, графіт і інш. На Шпіцбергене значныя запасы каменнага вугалю. Клімат умераны, у прыбярэжнай зоне акіянічны, на крайняй Пн — субарктычны. Сярэдняя т-ра на ўзбярэжжы ў студз. на Пн ад -2 да -4 °C, на Пд да 2 °C, у ліп. ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд. У гарах больш холадна. Ападкаў ад 2000—3000 мм на зах. схілах гор да 300—800 на У і Пн. У гарах ледавікі (пл. 3 тыс.км²). Рэкі кароткія, парожыстыя, паўнаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. — р. Глома. Многа ледавіковых азёр. Пад лесам 27% пл. На У і ПдУ — хвойныя лясы (елка, хвоя), на Пд ад 61°паўн. ш. — мяшаныя (хвоя, елка, бяроза, дуб, бук, ліпа). На З пераважаюць верасоўнікі, лугі і балоты. На Пн і на пласкагор’ях — тундра і лесатундра. Важнейшыя прадстаўнікі жывёльнага свету: паўн. і высакародны алень, лось, расамаха, воўк, ліс барсук, вавёрка, лемінг, зайцы. На ўзбярэжжах шмат птушак. У моры прамысл. рыба (траска, селядзец, макрэль і інш.). Нац. паркі: Бёргеф’ель, Паўд.-Шпіцбергенскі, Паўн.-Зах. Шпіцберген, Паўн.-Усх. Шпіцберген, больш за 30 запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 97,5% складаюць нарвежцы. На Пн жывуць саамы (0,7%) і фіны (0,5%), на Пд і ў гарадах — невял. групы шведаў, датчан, немцаў і інш. Каля 87,8% вернікаў лютэране. Ёсць прадстаўнікі інш. адгалінаванняў пратэстанцтва і католікі. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы, горныя масівы амаль не заселены. У невял. раёне на Пд вакол Ослафіёрда жыве палавіна насельніцтва, дзе шчыльн. да 50—60 чал. на 1 км². У гарадах 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Осла — 500, Берген — 260, Тронхейм — 160, Ставангер — 120, Нарвік — 80. У прам-сці занята 23%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва, астатнія ў абслуговых галінах.
Гісторыя. Тэр. Н. заселена чалавекам прыбл. ў 6-м тыс. да н.э. У 2-м тыс. да н.э.стараж.-герм. плямёны адцяснілі на Пнмясц. карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1-га тыс.н.э. ўзнікла нарв. народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) пачалося фарміраванне нарв. дзяржаўнасці, у 872 на прастол уступіў першы конунг (кароль) Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў учынялі марскія паходы пераважна ў Зах. Еўропу, каланізавалі Цэнтр. і Паўн. Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтлендскія, Гебрыдскія, Фарэрскія а-вы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (гл. таксама Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Лейф Эйрыксан, Эйрык Раўдзі). Каля 1000 у краіне прынята хрысціянства Значную ч. насельніцтва сярэдневяковай Н. складалі бонды. Перыяд паміж 1130 і 1240 суправаджаўся грамадз. войнамі за ўладу (гл.Біркебейнеры). Пры Хокане IV Хокансане [1217—63] грамадз. войны спыніліся, Н. мела найб. ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у т. л. займала сучасныя швед. правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан [1299—1319] зрабіў сталіцай краіны г. Осла (раней каралеўскі двор размяшчаўся ў г. Берген). Каля 1300—1500 Н. знаходзілася ў эканам. залежнасці ад ням.Ганзы (яе гал. апорным пунктам прыбл. з 1350 быў Берген), якая кантралявала экспарт нарв. рыбы. Эпідэмія чумы 1347—50 прывяла да працяглага эканам. заняпаду краіны. У 1319 заключана асабістая унія Н. са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія трох сканд. каралеўстваў (у 1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 пачаўся павольны эканам. ўздым. У 1536 у Н. абвешчана Рэфармацыя, у 1537 краіна страціла статус самаст. каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 уведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку швед.-дацкіх войнаў 17 ст. Н. страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 1660 дацкія ўлады ўвялі ў Н. абсалютысцкія парадкі. У 17 — пач. 19 ст. актывізаваўся нац.-вызв. рух супраць дацкага панавання, у т. л. паўстанне ў раёне Бергена ў 1765. Пасля далучэння Даніі да напалеонаўскай кантынентальнай блакады (1807) Н. апынулася фактычна ізаляванай ад дацкіх улад. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 Данія перадала Н. пад уладу Швецыі. Нарв. ўстаноўчы сход у Эйдсвале (скліканы 10.4.1814) не прызнаў гэтага акта, абвясціў незалежнасць Н. і распрацаваў яе канстытуцыю (гл.Эйдсвальская канстытуцыя 1814). Але Швецыя пры падтрымцы вядучых еўрап. дзяржаў навязала Н. асабістую шведска-нарвежскую унію 1814—1905. Паводле ўмоў уніі Швецыя вызначала знешнюю палітыку Н. пры захаванні яе ўнутр. аўтаноміі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё краіны (у 1816 засн. Банк Н., у 1854 уведзена ў эксплуатацыю першая чыгунка), асабліва гандл. флоту (па яго велічыні да пач. 1-й сусв. вайны Н. займала 3-е месца ў свеце). Разам з тым сац.-эканам. цяжкасці прывялі да перасялення каля 1 млн. нарвежцаў у Паўн. Амерыку (найб. хвалі перасяленцаў у 1879, 1882, 1893). У 1859 у сторцінгу (парламенце) аформілася ліберальная апазіцыя праціўнікаў швед.-нарв. уніі, у 1884 яны ўтварылі партыю Венстрэ (Левую), а прыхільнікі уніі заснавалі партыю Хёйрэ (Кансерватыўную); у краіне ўсталяваўся парламентарызм. У час уздыму рабочага руху ў 1870—80-я г. ўзніклі прафсаюзы, у 1887 — Нарв. рабочая партыя (НРП), якая пазней стала вядучай паліт. партыяй Н. У 1898 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1913 — і для жанчын.
3 канца 19 ст. ўзмацніўся рух за выхад Н. з уніі са Швецыяй. 7.6.1905 сторцінг абвясціў пра скасаванне швед.-нарв. уніі, нар. плебісцыт 13.8.1905 ухваліў разрыў уніі. Пасля заключэння швед.-нарв.Карльстадскіх пагадненняў 1905 і рэферэндуму ў Н. пра форму дзярж. ладу (ліст. 1905) на нарв. прастол 18.11.1905 быў выбраны дацкі прынц Карл (правіў як Хокан VII да 1957). Незалежнасць і тэр. цэласнасць Н. былі гарантаваны Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Расіяй паводле Хрысціянскіх канвенцый 1907. У пач. 1900-х г. Н. стала краінай найбуйнейшых у Еўропе ГЭС. У 1-ю сусв. вайну Н. прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту, але страціла пры гэтым амаль 50% свайго гандл. флоту (820 суднаў). У пасляваен. знешняй палітыцы ўрады Н. цесна супрацоўнічалі з Лігай Нацый. Прадстаўнікі Н. ўдзельнічалі ў арганізацыі міжнар. дапамогі галадаючым Паволжа; вял. аўтарытэт у свеце набыў сваімі гуманітарнымі акцыямі, у т. л. па дапамозе бежанцам з розных краін, нарв. палярны даследчык Ф.Нансен (гл. таксама Нансенаўская міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Н. ўзнік фаш. рух на чале з В.Квіслінгам. У 1931—33 Н. канфліктавала з Даніяй за Грэнландыю, але Міжнар. суд у Гаазе вырашыў спрэчку на карысць Даніі. На выбарах 1933 НРП атрымала 40% галасоў выбаршчыкаў, а ў сак. 1935 сфарміравала ўрад на чале з Ю.Нюгарсвалам (1935—45, з 1940 у эміграцыі). У 2-ю сусв. вайну, нягледзячы на нейтралітэт, краіну ў ходзе 2-месячнай Нарвежскай аперацыі 1940 акупіравалі ням.-фаш. войскі; нарв. кароль і ўрад эмігрыравалі ў Лондан (вярнуліся ў 1945). У лют. 1942 сфарміраваны нарв. калабарацыянісцкі ўрад на чале з Квіслінгам. Акупацыя краіны выклікала Рух Супраціўлення: у 1943 нарв. патрыёты разгарнулі барацьбу супраць «татальнай прац. мабілізацыі», абвешчанай урадам Квіслінга; узбр. групы Супраціўлення здзейснілі шэраг дыверсійных актаў, у т. л. ўзарвалі з-д па вытв-сці цяжкай вады для ням. атамнай бомбы; у канцы 1943 — пач. 1944 узнік аб’яднаны кіруючы орган Супраціўлення — «Фронт Радзімы». У выніку Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944паўн. раёны Н. вызваліла Чырв. Армія. 7.5.1945 у Н. капітулявалі герм. войскі. У вайне краіна страціла 10 тыс.чал., палавіну флоту (паводле танажу). У 1948 абвешчана амністыя квіслінгаўцаў, у 1950 спынена суд. праследаванне ваен. злачынцаў. Пасляваен. аднаўленню эканомікі краіны садзейнічала дапамога паводле Маршала плана. З канца 1940-х г. знешнепаліт. курс Н. вызначаўся адмовай ад нейтралітэту, імкненнем да інтэграцыі краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі. У 1945—65, 1971—72, 1973—76, 1976—81, 1986—89, 1990—97 кіруючай партыяй зноў была НРП (у т. л. ўрады на чале з Г.Х.Брунтланд), якая праводзіла курс на пабудову ў Н. сац. дзяржавы на ўзор Швецыі. На рэферэндуме 25.9.1972 большасць выбаршчыкаў выказалася супраць уступлення Н. ў «Агульны рынак». У 1981—86 і 1989—90 на чале ўлады знаходзіліся кансерватыўныя ўрады. У 1957—91 каралём Н. быў Улаф V, са студз. 1991 — Харальд V. На рэферэндуме ў канцы 1994 большасць выбаршчыкаў прагаласавала супраць членства краіны ў Еўрап. Саюзе. Пасля парламенцкіх выбараў у вер. 1997 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з К.М.Бундэвікам (Хрысц.нар. партыя).
Н. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю і Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1960), асацыіраваны член Зах.-Еўрап. Саюза (з 1992). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Нарв. рабочая партыя (найбуйнейшая), партыя Цэнтра, партыя Хейрэ (Кансерватыўная), Хрысц.нар. партыя, Сацыяліст. левая партыя, Партыя прагрэсу і інш.Прафс. аб’яднанні — Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў Н. (найбуйнейшае, засн. ў 1899, аб’ядноўвае каля 30 галіновых прафсаюзаў), Кааператыўнае аб’яднанне Н.
Гаспадарка. Н. — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. 26,2 тыс.дол. (1996). На прам-сць прыпадае 32,1% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), на сельскую і лясную гаспадарку, рыбалоўства і марскія промыслы — 2%, на сферу паслуг — 65,9% (1997). Прамысловасць мае экспартны кірунак. Гал. месца належыць горназдабыўной галіне. Здабываюць (1997) нафту — 152 млн.т і прыродны газ — 46,5 млрд.м³ у Паўночным. м. (цэнтр абслугоўвання здабычы — г. Ставангер), каменны вугаль — 0,4 млн.т на Шпіцбергене, жал., алюмініевыя, тытанавыя, цынкавыя, малібдэнавыя, кобальтавыя, нікелевыя руды, пірыты, буд. матэрыялы. У 1997 атрымана 112 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (99,4% — на ГЭС). Па вытв-сці электраэнергіі на 1 чал. Н. займае 1-е месца ў свеце. Развіты энергаёмістыя галіны — электраметалургія каляровых металаў і электрахімія. Вытв-сць (млн.т, 1997): чыгуну — 0,1, сталі — 0,4, пракату — 0,4. Асн. цэнтр — г. Му-і-Рана, з-д «Норск Ернверк». Значная вытв-сць алюмінію (г. Арэндаль і інш.), нікелю і медзі (г. Крыстыянсан), кобальту (15% сусв. вытв-сці), магнію, ферасплаваў. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю ўгнаенняў — 0,9 млн.т (1997, у пераліку на 100% колькасць карыснага рэчыва), у т. л. 0,6 млн.т азотных і 0,3 млн.т фосфарных, сінт. смол — 425 тыс.т, а таксама карбіду кальцыю, цяжкай вады, інертных газаў (аргон, неон). Асн. цэнтры хім. прам-сці — Осла і Берген, нафтаперапр. і нафтахім. — Берген і Ставангер. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Нарыхтоўкі драўніны склалі 7,6 млн.м³, піламатэрыялаў — 2,4 млн.м³, вытв-сць драўнянавалакністых пліт — 18,9 млн.м³, драўнянастружкавых пліт — 420 тыс.м³, паперы і кардону — 2 млн.т (1997); гал. цэнтры Шыен і Тронхейм. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены прадпрыемствамі па буд-ве суднаў, пераважна танкераў і рыбалоўных, платформ для здабычы нафты і газу ў моры, буравога, горнага, металург., хім., лесаперапрацоўчага абсталявання, вырабаў радыёэлектронікі (Осла, Берген, Ставангер). У прам-сці буд. матэрыялаў вылучаецца вытв-сць цэменту — 1,8 млн.т (1997). З галін лёгкай прам-сці найб. развіты швейная і трыкатажная (асабліва вытв-сцьспарт. і рабочага адзення), абутковая (абутак для маракоў і рыбакоў). У харч. прам-сці вылучаецца рыбаперапрацоўчая і рыбакансервавая галіна. Улоў рыбы (1997) — 2,84 млн.т, у т. л. селядцоў — 917 тыс.т, траскі — 401 тыс.т. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі даюць прадпрыемствы 4 найб. гарадоў, у т. л. 25% — Осла. Сельская гаспадарка працуе пераважна на ўнутр. рынак. С.-г. ўгоддзі (1997) займаюць 1,1 млн.га (каля 3,4% тэр.), у т. л. пад ворывам 1 млн.га. Пераважаюць невял. фермы (да 10 га). Многія з дробных фермераў частку даходу атрымліваюць ад рыбалоўства і продажу лесу. Пашырана вытворча-збытавая кааперацыя. Гал. галіна — малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1, свіней — 0,8, авечак і коз — 2,6, птушкі — 4. На Пн разводзяць паўн. аленяў (каля 100 тыс. галоў). Вытворчасць (тыс.т., 1997): мяса — 276, малака — 1900 (надой на 1 карову 5472 л за год), воўны — 5; атрымана 831 млн. штук яец. Прадукцыя раслінаводства (1997): збожжавыя і зернебабовыя — 1,3 млн.т, бульба — 0,4 млн.т, агародніна — 0,2 млн.т, плады і ягады — 0,1 млн.т. Сярэдняя ўраджайнасць: аўса — 50,4 ц/га, пшаніцы — 45,4 ц/га, бульбы — 222 ц/га. Вырошчваюць фуражныя культуры. Развіта клетачная пушная зверагадоўля (норак і лісоў). Асн. від транспарту — марскі, забяспечвае прыкладна 2/3унутр. і 9/10 знешніх перавозак. Танаж гандл. флоту (судны водазмяшчэннем больш за 100 т) больш за 21 млн. брута-рэг. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Больш за 90% танажу занята на міжнар. перавозках па замежных фрахтах. Гал. парты: Осла, Берген, Ставангер, Нарвік. Працягласць чыгунак (больш за 60% электрыфікаваныя) — 4 тыс.км, аўтадарог — 90 тыс.км. Н. знаходзіцца на адным з першых месцаў у свеце па ўнутр.авіяц. перавозках пасажыраў у разліку на душу насельніцтва. Міжнар. аэрапорты каля Осла, Ставангера, Будзё, густая сетка мясц. аэрапортаў. У 1997 экспарт склаў 47,7 млрд.дол., імпарт — 35,5 млрд.дол.Асн. тавары экспарту: нафта і прыродны газ (каля 50% па кошце), каляровыя металы, судны, рыба. Імпарт: машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, Швецыя, Нідэрланды, Францыя. Імпарт у Беларусь (1997) — 553 тыс.дол., пераважна рыба. Значны даход прыносіць турызм, колькасць замежных турыстаў 2,7 млн., чал., даход ад турызму — 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — нарвежская крона.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (15,8 тыс.чал.), ВПС (7,9 тыс.чал.), ВМС (9 тыс.чал.). Агульная колькасць 32,7 тыс.чал. (1999). Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Камплектаванне паводле прызыву. На ўзбраенні 170 танкаў, 214 бронетранспарцёраў, 57 баявых машын пяхоты, 252 гарматы, 454 мінамёты, 300 пераносных зенітных ракетных комплексаў, у ВМС 12 падводных лодак, 4 фрэгаты, 14 тральшчыкаў, 53 катэры і інш., у ВПС 79 баявых самалётаў.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне платнае, але 80% расходаў на ўрачэбную дапамогу і набыццё некат. лекаў фінансуецца з фондаў сац. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,4, жанчын 81,2 года. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал., натуральны прырост 0,27% (1999). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 197 чал., урачамі — 1 на 299 чал. (1998). Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Асвета. Сістэма адукацыі Н. дзярж., бясплатная, існуе невял. колькасць прыватных школ, якім аказваецца дзярж.фін. падтрымка. Паводле рэформы 1994 у сістэме адукацыі, дзеці вучацца ў школе з 6-гадовага ўзросту. Тэрмін усеагульнага абавязковага навучання 10 гадоў: складаецца з пач. ступені (1—4-ы кл.), прамежкавай (5—7-ы кл.) і ніжэйшай сярэдняй ступені (8—10-ы кл.), дзе вучні могуць выбіраць прадметы дадаткова да абавязковых. Пасля атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі 95% вучняў працягваюць вучобу на старшай ступені сярэдняй школы (3 гады навучання) і атрымліваюць поўную сярэднюю адукацыю, што дае права паступаць ва ун-т. Старшая ступень складаецца з базавых курсаў (1-ы год навучання), наступных спецыялізаваных і (або) курсаў прафесійна-тэхн. адукацыі. 40% выпускнікоў старшай ступені сярэдняй школы паступаюць у ВНУ. Выпускнікі каледжаў пасля выканання праграм, разлічаных на 2—3 гады, атрымліваюць дыплом. Першая акадэмічная ступень (кандыдат-магістр) прысвойваецца ун-тамі, універсітэцкімі і рэгіянальнымі каледжамі пасля выканання 4-гадовай праграмы навучання; дадатковае навучанне (1,5—3 гады), правядзенне даследавання і напісанне дысертацыі дазваляе атрымаць ступені — канд. філасофіі (гуманіт. навукі), канд. навук (прыродазнаўчыя дысцыпліны) і т.зв. ступень «Sivilingenior» (тэхн. навукі). Паслядыпломную адукацыю можна прадоўжыць у дактарантуры (3—4 гады) і атрымаць ступень д-ра навук у розных галінах ведаў. Існуе і агульная доктарская ступень — д-р філасофіі, якая не патрабуе абавязковага навучання, але прад’яўляе больш высокія патрабаванні да дысертацыі. Усе ВНУ падпарадкоўваюцца Мін-ву адукацыі, даследаванняў і рэлігіі. У 1999/2000 навуч.г. ў Н. — 160 тыс. студэнтаў, у т. л. 80 тыс. ва ун-тах; 4 ун-ты: у Осла (1811), Бергене (1948), Тронхейме (1968), Тромса (1972); 6 спецыялізаваных універсітэцкіх каледжаў. З мэтай развіцця супрацоўніцтва паміж ВНУ 95 рэгіянальных каледжаў у 1994 рэарганізаваны ў 26 і створана «нарвежская сетка», у якую ўвайшоў і універсітэцкі сектар. Найбуйнейшыя б-кі — універсітэцкія і б-ка ў Осла. Музеі: заалагічны (1820), Універсітэцкі нац. старажытнасцей (1828), прыкладнога мастацтва (1876), Нарв. народны (1894), Нац. галерэя (1837); музеі Вігелана (1947), Мунка (1963), музеі, дзе захоўваюцца судны нарв. вікінгаў, карабель Р.Амундсена і Ф.Нансена, плыт Т.Хеердала «Кон-Цікі» і інш. (усе ў Осла). Навук. даследаванні праводзяцца пераважна ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Н. каля 2160 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Aftenposten» («Вячэрняя газета», з 1860), «Dagbladet» («Штодзённая газета», з 1869), «Arbeiderbladet» («Рабочая газета», з 1884), «Nationen» («Нацыя», з 1896), «Verdens Gang» («Свет у руху», з 1945), «Vaart Land» («Наша краіна», з 1945), «Ny Tid» («Новы час», з 1975). Інфарм. агенцтва — Нарв.тэлегр. бюро (НТБ, з 1867). Дзейнічаюць больш за 70 радыёстанцый. Тэлебачанне з 1960. Трансліруюцца 2 агульнанац. і 17 мясц. праграм. Радыё і тэлебачанне кантралюе ўрадавая карпарацыя Нарв.дзярж. вяшчанне (з 1933).
Літаратура. Ад раннесярэдневяковай л-ры Н. захавалася няшмат помнікаў. У цесным узаемадзеянні з нарвежскай развівалася стараж.-ісландская л-ра, вядомая сваёй паэзіяй міфалагічнага і гераічнага зместу, а таксама творчасцю скальдаў (нарвежцы Брагі Бодасан, Торб’ёрн Хорнклаві, Эйвінд Фінсан; 9—11 ст.) і інш. У 13 ст. з’явілася ананімная рэліг.-філас. (паэма «Сонны прывід») і рэліг.-дыдактычная (дыялог «Каралеўскае люстра») л-ра. Страта краінай незалежнасці выклікала заняпад нарв. л-ры. Літ. мовай стала дацкая. Гуманіст. рух у Н. ў сярэдзіне 16 ст. быў цесна звязаны з Рэфармацыяй (лацінамоўныя творы Х.Хунарсана, Е.Нільсана). Патрыят. духам прасякнута гісторыка-геагр.кн. «Пра нарвежскае каралеўства» (1567) А.Педэрсена Беера. У 17 ст. значныя маст. творы стварылі П.Дас (паэма «Голас Нурлана»), Д.Энгельбрэтсдатэр (рэліг. лірыка). Станаўленне свецкай л-ры Н. прыпадае на 18 ст. (паэзія К.Б.Туліна, проза і драматургія дацка-нарв. пісьменніка Л.Хольберга). Даніну класіцызму аддалі ў сваёй творчасці Ю.Н.Брун (аўтар першай нарв.гіст. трагедыі «Эйнер Тамбешэльвер», 1772), К.Фастынг, сентыменталізму — П.Х.Фрыман. Супраць адмоўных бакоў класіцызму скіраваны сатыр. і гумарыстычна-парадыйныя творы Ю.Г.Веселя, Ю.Вібе. У 1-й пал. 19 ст. на фоне барацьбы Н. за незалежнасць вылучылася самаст.нарв.нац.л-ра. У гэтым рэчышчы развівалася паэзія Х.Вергелана. Пачынальнік л-ры на нарв. мове (лансмоле) — І.Осен. Пануючым літ. кірункам 1840—50-х г. быў «нацыянальны рамантызм» (літ. апрацоўкі нарв. фальклору П.К.Асб’ёрнсена, Ё.Му, М.Б.Ланстада, паэзія Ю.С.Вельхавена, А.Мунка, драм. творы Х.Б’ерэгара, Бруна, Мунка, проза М.К.Хансена, Вергелана). У творах П.Ботэн-Хансена, О.У.Вінье, ранняга Г.Ібсена разгарнулася палеміка з прадстаўнікамі гэтага кірунку. У 2-й пал. 19 ст.л-ра Н. ў шэрагу вядучых л-р свету, найперш дзякуючы драм. творам Ібсена і Б.М.Б’ёрнсана, для якіх характэрна арган. спалучэнне рамантычна-сімвалістычных і рэаліст.рыс. Росквіт рэаліст. рамана пачаўся з твораў К.Эльстэра Старэйшага («Небяспечныя людзі»), Ю.Лі («Лоцман і яго жонка», «Пажыццёва засуджаны», «Дочкі камандора»), А.Л.Х’елана («Шкіпер Воршэ», трылогія «Атрута», «Фартуна», «На Івана»), А.Гарбарга («Вальнадумец», «Сяляне-студэнты»), Натуралістычныя і эратычныя матывы ўласцівы прозе А.Скрам. Моцныя ўплывы імпрэсіянізму адчувальныя ў раманах Х.Егера, неарамант. вершах, малой прозе і п’есах С.Обстфелера, Т.Крага, паэзіі Н.К.Вогт, В.Крага. У канцы 19—пач. 20 ст.сусв. вядомасць набыла псіхал. проза К.Гамсуна. Гуманіст. традыцыі развіваліся ў творчасці Ю.Боера, Г.Скота, Х.Кінка, П.Эге. Мноствам плыняў і кірункаў вызначалася нарв.л-ра паміж сусв. войнамі. У манеры псіхал. рэалізму напісана эпапея «Жыхары Ювіка» У.Дуўна (т. 1—6, 1918—23), у рэчышчы «новага рэалізму» і неарамантызму — гіст. раманы С.Унсет. Прыкметнай з’явай у л-ры Н. сталі псіхал. раманы С.Хуля. Сац. тэматыкай адметная проза К.Упдаля, Ю.Фалькбергета, О.Бротэна, паэзія Р.Нільсена. Стваральнік нарв.сял. эпасу — Т.Весас (раманы «Вялікая гульня» і «Жанчынам патрэбны дом»), Уплывы фрэйдызму адчувальныя ў раманах А.Санемусе, паэзіі А.Эверлана, драмах Х.Крога. Выкарыстанне традыц. форм у спалучэнні з паэт. навацыямі ўласціва творам Г.Вільдэнвея, У.Аўкруста, С.Мерэна, У.Буля. Вылучылася творчасць хрысц. празаікаў С.Крысціянсена, Р.Фангена, драматурга-сімваліста Г.Хейберга. У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыгрывала паэзія Ю.Н.Грыга, І.Хагеруп, проза Хуля, Ю.Боргена і інш. У пасляваен. час вылучылася проза аналіт. (Борген, А.Омрэ), псіхал. і фрэйдысцкая (Хуль, Т.Недрэас, Н.Ю.Руд), рэаліст. (Боер, Весас), паэзія традыцыяналісцкая (Г.Рэйс-Андэрсен, І.Хагеруп, Т.Стыген, Т.Юнсан) і мадэрнісцкая (Мерэн, Р.Якабсен, Э.Оклан, Я.Э.Вол), драматургія рэаліст. (Х.Хагеруп, Е.Б’ёрнебу, Т.Скагестад, А.Во, Н.Р.Крыстэнсен) і мадэрнісцкая (Ф.Хаўрэвал, Т.Эр’ясетэр, С.Крыстаў). У л-ры 1980—90-х г.цэнтр. месца займаюць мадэрнісцкая паэзія і драматургія (Э.Хоэм), проза псіхал. (К.Фальбакен), фемінісцкая (Б.Вік), эксперым. (К.Флёгстад, С.Лёвейд), рэліг. (А.Ронінг), футурысцкая (А.Енсен), паліт. і сац. (К.Хольт). Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Н. — паэт і літ.-знавец М.Наг. На бел. мову творы нарв. пісьменнікаў перакладалі С.Міхальчук, В.Сёмуха, Л.Баршчэўскі.
Архітэктура. Сярэдневяковае дойлідства Н. выпрацавала своеасаблівы ў канстр. і маст. адносінах тып драўлянай царквы «стаўкірка», якая ўзводзілася з верт. пастаўленых бярвён і брусоў (цэрквы ва Урнесе, 1060—1130; Боргуне, каля 1150; Голі, канец 12 ст., цяпер у Нарвежскім нар. музеі на п-ве Бюгдзё ў Осла). Мураваная архітэктура фарміравалася ў 12—14 ст. пад уплывам англ. пабудоў раманскага стылю (сабор у Ставангеры, 1130—1300) і готыкі (сабор у Тронхейме, каля 1140—1320, рэстаўрыраваны ў 19—20 ст.; каралеўская зала Хокансхален у Бергене, 1246—61). З 16 ст. пашыраны агульнаеўрап. маст. стылі: пабудовам 2-й пал. 16—17 ст. ўласцівы элементы архітэктуры Адраджэння, у 18 ст. пераважалі рысы барока і ракако, у канцы 18—1-й пал. 19 ст. з’явіліся пабудовы ў стылі класіцызму (каралеўскі палац, 1824—48, арх. Х.Д.Ф.Лінстаў; ун-т, 1838—52, арх. К.Х.Грош). У архітэктуры сядзібных і гар. дамоў захоўваліся традыц. высокія чарапічныя дахі з заломам, лёгкія драўляныя галерэі і лоджыі. У 2-й пал. 19 ст. на змену класіцызму прыйшла эклектыка (псеўдараманскія формы, англ. неаготыка); нац.-рамант. рысы выявіліся ў т.зв. драконаўскім стылі з дэкар. элементамі айч. драўлянага дойлідства (арх. Х.Мунтэ і інш.). У 1920—30-я г. развіваўся функцыяналізм. Пасля 2-й сусв. вайны вырашаліся праблемы пашырэння і рэканструкцыі гарадоў (праект Вял. Осла, 1948—50), масавага жыллёвага буд-ва. У пошуках самабытных форм архітэктары звярталіся да нар. дойлідства (турыстычныя гасцініцы, вілы, асабнякі). У 1960-я г. ў Н. пашырыўся арх. кірунак бруталізм: ратуша ў Аксеры каля Осла (1963, арх. Х.Лунд, Н.Слету), музей у Ховікодэне (1964—68, арх. І.Эйквар, С.Е.Энгебрэтсен). У 1910 створаны Саюз нарв. архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад неаліту і бронз. веку на тэр. Н. захаваліся наскальныя размалёўкі з выявамі аленяў, схематычных фігур людзей, сонечнага дыска і інш. У сярэдзіне 1-га тыс.н.э. ад мастацтва герм. плямён, якія засялялі Пд Н., пашырыўся звярыны стыль. У канцы 8—9 ст. у рэчышчы культуры вікінгаў пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва Н. Развіваўся звярыны стыль, у які ўключаліся геам. ўзоры («пляцёнка») і фігуры людзей (разьба на пахавальных караблях, павозках, санях і інш.), пазней — расл. ўзоры і жанравыя сцэны. У 13—14 й. развівалася гатычнае мастацтва (размалёўкі храмаў, скульптура, мініяцюра). З канца 14 ст. развіццё маст. культуры Н. заняпала. У 17 — пач. 19 ст.нарв. мастацтва развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў барока і ракако (працавалі пераважна замежныя майстры). У дэкар.-прыкладным мастацтве пашырыліся разьба і размалёўка па дрэве, разьба па слановай косці. У пач. 19 ст. з’явіліся нац.прафес. мастакі (жывапісец і графік Ю.К.К.Даль, О.Вергеланд і інш.). З сярэдзіны 19 ст. павялічылася цікавасць да тэм нар. жыцця (А.Тыдэман), нац. пейзажа (Х.Гудэ, Ф.Колет). У 1870—80-я г. пад уплывам франц. мастацтва большасць нарв. мастакоў аддавалі ўвагу вырашэнню спецыфічных жывапісных праблем, асабліва перадачы асвятлення і святлопаветр. асяроддзя (Х.Бакер, Э.Петэрсен, Ф.Таўлаў, Х.Хеердал і інш.). У скульптуры дамінавалі рысы класіцызму ў духу дацкага скульпт. Б.Торвальдсена (Б.Бергсліен, Ю.Мідэльтун, Х.Мікельсен, М.Шэйбрак і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. у мастацтве склалася нац.рэаліст. школа (К.Крог, Э.Верэншэль, Т.Кігэльсен, Г.Мунтэ і інш.). У рэчышчы сімвалізму працаваў скульпт. А.Т.Вігелан. У гэты перыяд склалася творчасць аднаго з заснавальнікаў экспрэсіянізму Э.Мунка. У выяўл. мастацтве 1-й пал. 20 ст. дамінавала манум.-дэкар. мастацтва (Р.Аўлі, П.Крог, А.Рэваль, А.Рольфсен і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырыліся мадэрнісцкія кірункі (Я.Вейдэман, Г.С.Гундэрсен, К.Румар, І.Сітэр і інш.). Традыцыі рэаліст. школы працягвалі жывапісец Х.Фіне, графікі П.Гаген, В.Тветэрас і інш. У скульптуры развіваліся неакласіцыстычныя тэндэнцыі (Э.Баст, Р.Луне, В.Расмусен, Г.Янсан і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, кераміка, тэкстыль, драўляны посуд, вырабы з металу, карункапляценне, вышыўка) пераважаюць простыя рацыянальныя формы, у дэкоры выкарыстоўваюцца перапрацаваныя элементы нац. фальклору.
Музыка. Пра стараж. паходжанне нарв. музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя муз. інструменты 2 ст. да н.э.), сагі ісландска-нарв. эпасу («Эда Старэйшая», канец 11 ст.). Захаваліся стараж.вак.-інстр. і танц. жанры — пастухоўскія песні-клічы лок, хювінг, лалінг; балады, культавыя, гіст. і інш. песні, танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковыя фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта селье, лур; варган мюнхарпе. З пашырэннем хрысціянства (10 ст.) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 ст. — арганная музыка. У 14—19 ст. музыка Н. была пад уплывам дацкай музыкі. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў перыяду Рэфармацыі — «Dansk salmebog» Х.Томісёна (1569), «Graduale» Н.Есперсена (1573). З канца 16 ст.муз. цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі аматарскія і праф. аркестры, паўпрафес. муз. т-вы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарв. кампазітараў эпохі барока Г. фон Бертух, Ю.Д.Берлін (аўтар і першага нарв. падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 ст. паявіліся першыя зб-кі запісаў нар. песень і танцаў (1841). У 1825 напісаны першы нарв. зінгшпіль (кампазітар В.Тране, паэт Х.Б’ерэгар). Стваральнікі нац. кампазітарскай школы — Х.Х’ерульф і Р.Нурдрак (аўтар нарв.нац. гімна, 1864). Найб. адметная з’ява музыкі Н. — творчасць і дзейнасць Э.Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.Сіндынг, Ю.Сельмер, Ю.Хальварсен, у 20 ст. — А.Эген, Э.Альнес, Ю.Хорклаў, С.Юрдан. Вял. ўклад у нарв. музыку зрабіў Ю.Свенсен. У музыцы Н. прасочваюцца ўплывы і прынцыпы розных стыляў і школ, у т. л.муз. імпрэсіянізму (А.Хурум), новай венскай школы (Ф.Вален), неакласіцызму (Л.І.Енсен), франц. музыкі пач. 20 ст. (Д.М.Юхансен, П.Хал, А.Клевен, Б.Брустад). Буйнейшыя сімфаністы Н. — К.Эге і Х.Северуд. Стараж. фальклор Н. выкарыстоўваюць у сваіх творах Э.Грувен, С.Ульсен, Е.Твейт; серыйную тэхніку і алеаторыку — Ф.Мортэнсен, Э.Ф.Брэйн, Э.Сомерфельт, А.Бібала, Э.Хоўлан і інш. У галіне электроннай музыкі працуе А.Нурхейм. Сярод інш. сучасных кампазітараў: К.Нюстэт, М.Ом, Ю.Квандал, А.Янсан, эстрадныя Б.Амдал, Р.Даніельсен, В.Санбек. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Андэрсен, О.Р.Грунер-Хеге, Э.Ф’ельстад, Ю.Хальварсен, спевакі Э.Гульбрансан, К.Флагстад, О.Нурму-Лёўберг, Э.Талаўг, К.Скрам, У.Эрыксен, піяністы І.Братлі, Х.М.Бекелун, Р.Левін, Т.Тэлефсен, скрыпачы У.Буль, А.Тэлефсен і інш. У Н. працуюць: Оперны т-р (з 1958) і аркестр Філармоніі ў Осла, аркестр філарманічнага т-ва «Гармонія» ў Бергене, стр. Хіндар-квартэт, Нац. канцэртнае т-ва (з 1968); кансерваторыі ў Осла (з 1883), Бергене (1905), Ставангеры (1945), вышэйшыя муз. школы ў Тронхейме (1911), Вейтвеце (1959) і інш. З 1953 у Бергене праводзяцца Міжнар.муз. фестывалі.
Тэатр. Вытокі нац.нарв.т-ра ў рэліг. і быт. абрадах. У 16—17 ст. у школьных т-рах ставілі містэрыі і маралітэ на лац. і нарв. мовах. У сярэдзіне 18 ст. ў Хрысціяніі (сучасны г. Осла) і Бергене ўзніклі аматарскія тэатр. трупы на нарв. мове (найб. буйная — хрысціянійскае Драм.т-ва, засн. ў 1780). У 1794 засн.праф.т-р у Бергене, у 1827 — Хрысціянійскі т-р, у якіх ставіліся п’есы на дацкай мове і выступалі пераважна дацкія акцёры. У 1850 у Бергене адкрыўся Нарв.т-р (з 1876 «Нац. сцэна»), які ўзначальвалі драматургі Г.Ібсен, пазней Б.Б’ёрнсан. З яго дзейнасці пачалося развіццё нарв.нац.тэатр. мастацтва. У 1852 адкрыта Нарв.драм. школа ў Хрысціяніі (з 1854 «Нарв.т-р»). З пач. 20 ст. буйнейшым цэнтрам тэатр. жыцця Н. стаў Нац. т-р. У яго рэпертуары вял. месца належала драматургіі Ібсена і Б’ёрнсана, ставіліся творы У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Ю.А.Стрындберга, Б.Шоу і інш., у трупу ўваходзілі лепшыя нарв. акцёры (Р.Ветэргрэн, Г.Грыг, Ю.Дзюбвад, Д.Кнудсен, А.Маўрстад, А.Мувінкель, Х.Обель, А.Одвар, Ю. і С.Рэймерс, Т.Сегельке, Ю.Фальстрэм і інш.). Створаны і новыя т-ры ў Хрысціяніі, Бергене, Тронхейме, Ставангеры. У 1920—30-я г. ставіліся нац. і сусв. класіка, п’есы К.Абеля, Ю.Боргена, Ф.Вольфа, Х.Крога, Н.Грыга, К.Чапека, П.Лагерквіста і інш. У 2-ю сусв. вайну тэатр. мастацтва зведала востры ідэйна-маст. крызіс, многія акцёры эмігрыравалі ў Швецыю. У сучасным рэпертуары т-раў разам з творамі нац. і сусв. класікі пашырылася драматургія сучасных замежных аўтараў. Працуюць Нац.т-р, Малая сцэна Нац.т-ра (ставіць толькі аднаактовыя п’есы), Нарвежскі т-р, Нар.т-р (з 1913), Новы т-р (з 1929) у Осла, Дзярж. вандроўны т-р (з 1949) і інш.; дзейнічаюць шматлікія т-ры тыпу рэвю. Акцёраў і рэжысёраў рыхтуе Дзярж.тэатр. школа ў Осла (з 1953).
Кіно. Вытворчасць фільмаў у Н. пачалася ў 1908 (кароткаметражны ігравы фільм «Небяспечнасці рыбацкага жыцця»). У 1916 створана фірма «Хрысціянія-фільм», у 1919 — кампанія «Муніцыпальны кінацэнтр», у 1935 — кінастудыя ў Яры. У 1910-я г. здымалі пераважна фільмы забаўляльнага характару, з 1920-х г. — экранізацыі літ. твораў, якія пераважна ідэалізавалі нац. традыцыі: «Ганна-падкідыш» (1920, рэж. Р.Брэйстэйн), «Горная казка» (рэж. Л.Сіндынг), «Лось-велікан» (рэж. В.Фюрст, абодва 1927), першы гукавы фільм «Вялікія хрэсьбіны» (1931, рэж. Т.Ібсен), «Добрыя людзі» (1937, рэж. Сіндынг), «Дзіця» (1938, рэж. Брэйстэйн), «Слаўная Марэн» (1940, рэж. К.Хергель) і інш. У 1930-я г. з’явіліся фільмы з сац. і этычнай праблематыкай: «Валацуга» (1934), «Двое жывых і адзін памерлы» (1937, абодва рэж. Ібсен) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся фільмы, прысвечаныя Руху Супраціўлення: «Мы хочам жыць» (рэж. У.Дальгар), «Уцекачы» (рэж. Т.Санё, абодва 1946), «Бітва за цяжкую ваду» (1948, рэж. Т.Вібе-Мюлер, Ж.Дрэвіль), «Уцёкі з Дакара» (1951, рэж. Вібе-Мюлер), «Вымушаная пасадка» (1952), «Дзевяць жыццяў» (1957), «Акружэнне» (1960, усе рэж. А.Скоўэн) і інш. З канца 1940-х г. здымалі лялечныя фільмы (рэж. І.Капрына), у 1950 зняты першы ігравы фільм для дзяцей «Марыяна ў бальніцы» (рэж. Вібе-Мюлер). У 1950 засн.Дзярж. цэнтр кіно, у 1955 — Нарв.ін-т кіно і Дзярж. музей фільмаў. Пачало развівацца дакумент. і навук.-папулярнае кіно (рэж. А.Берг, Я.Вікбарг, Т.Хеердал, П.Хест і інш.). У 1960-я г. фільмы сац. і ваен. тэматыкі здымалі рэж. К.Андэрсен, Н.Мюлер, Н.Р.Крыстэнсен і інш., кінакамедыі — рэж. Андэрсен, Вібе-Мюлер, Э.Бенерэд і інш. У 1968 створаны сав.-нарв. фільм «Усяго адно жыццё» (рэж. С.Мікаэлян). У 1970—80-я г. ў кіно прыйшлі маладыя рэжысёры П.Банг-Хансен («Канарэйка», 1973; «Кронпрынц», 1979), Берг («Закрытае аддзяленне», 1972; «Вайна Бобі», 1974), П.Блум («Антон», 1973; «Дом маці», 1974), А.Брэен («Гвалтаванне», 1971; «Жонкі», 1975; «Спадчына», 1978; «Паляванне на ведзьмаў», 1981), В.Лёкеберг («Адкрыццё», 1977; «Дзяўчынка на пабягушках», 1981), Л.Мікельсен («Мы», 1976; «Маленькая Іда», 1981) і інш. Вылучаюцца фільмы рэж. С.Вама і П.Венерэда («Ласе і Гейр», 1976; «Маўклівая большасць», 1977; «Чарней за ноч», 1979; «Жыццё і смерць», 1980; «Юлія — Юлія», 1981; «Жыць сваім жыццём», 1982), Я.Дзюрынга («Люсі», 1979), Э.Сульбакена («Кроў падзёншчыка», 1978), С.Уднеса («Фру Інгер з Эстрата», 1975; «Імгненне», 1975) і інш. Развіваецца кіно для дзяцей: «Падарожжа на калядную зорку» (1976, рэж. О.Солум), «Бабуля і восем дзяцей у горадзе» (1977), «Бабуля і восем дзяцей у лесе» (1979, рэж. абодвух Э.Торстэнсан), «Цэпелін» (1981, рэж. Л.Глом), «Залатавуст» (1982, рэж. Блум) і інш. Сярод акцёраў І.Бардун, Б.Бёрсум, Х.Кольстад, А.Малан, А. і Т.Маўрстад, К.Медбе, А.Опсаль, А.М.Отэрсен, Б.Скатэста, С.Стурла Хугнес, Я.Ф’ельстад, К.Хусебё і інш. У Н. дзейнічаюць Саюз муніцыпальных кінематаграфістаў. Нарв. саюз фільмаў, арг-цыі нарв. вытворцаў кіно і відэапраграм, нарв. кінакрытыкаў, Саюз нарв. кінаклубаў. Кадры для кіно рыхтуюцца на базе Тронхеймскага ун-та.
Літ.:
История Норвегии. М., 1980;
Гуревич А.Я. Норвежское общество в раннее средневековье: Пробл. социал. строя и культуры. М., 1977;
Носков А.М. Норвегия во второй мировой войне 1940—1945. М., 1973;
Кюнле С. Государство всеобщего благосостояния: Норвежская модель: Пер. с норв. М., 1994;
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;
Сакалоўскі У. Скандынаўскія літаратуры ў Беларусі // Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Ланге К., Эствед А. Норвежская музыка: Пер. с англ.М., 1967;
Левашева О.Е. Музыка // История Норвегии. М., 1980;
Гриндэ Н. История норвежской музыки: Пер. с норв. Л., 1982.
Герб і сцяг Нарвегіі.Да арт.Нарвегія. 1 — горнае возера на поўдні краіны; 2 — старая частка горада Берген.Да арт.Нарвегія. Царква «стаўкірка» ў Голі, канец 12 ст. (злева); сабор у Тронхейме, каля 1140—1320.Да арт.Нарвегія. Х.Гудэ. Марскі пейзаж. 1876.Да арт.Нарвегія. Э.Мунк. Крык. 1893.Да арт.Нарвегія. О.Вергеланд. Эйдсвальд. 1814.Да арт.Нарвегія. Ю.К.К.Даль. Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай. 1842.