БАРБЕ́С ((Barbés) Арман) (18.9.1809, г. Пуэнт-а-Пітр, в-аў Гвадэлупа — 26.6.1870),
французскі рэвалюцыянер. Член тайных арг-цый «Таварыства сем’яў» і «Таварыства пор года». За ўдзел у няўдалым паўстанні 12.5.1839 арыштаваны і засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Вызвалены ў час рэвалюцыі 1848, абраны дэпутатам ад левых рэспубліканцаў. За ўдзел у дэманстрацыі 15.5.1848 супраць рэакц. палітыкі Устаноўчага сходу і стварэнне рэв. ўрада зноў засуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1854 амнісціраваны Напалеонам III, эмігрыраваў у Бельгію.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫ́НСКІ ((Warýnski) Людвік Тадэвуш) (24.9.1856, в. Мартынаўка Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 13.2.1889),
дзеяч польск. і рас. рэв. руху. За ўдзел у выступленнях студэнтаў выключаны з Пецярбургскага тэхнал. ін-та (ліст. 1875). З восені 1876 вёў рэв. прапаганду ў Варшаве. Адзін з аўтараў першага праграмнага дакумента польск. сацыяліст. руху «Брусельская праграма» (1878). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў польск. партыі «Пралетарыят» (1882). У 1883 арыштаваны, засуджаны на 16 гадоў катаргі. Памёр у Шлісельбургскай крэпасці.
т. 4, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕНБА́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1930,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне в’етн. салдат франц. калан. арміі. Падрыхтавана членамі Нац. партыі В’етнама (НПВ), якія апасаліся поўнага разгрому партыі калан. ўладамі. 9 лют. група стралкоў (200 чал.) ваен. форта Йенбай на беразе Хангхі (Чырв. ракі) у Паўн. В’етнаме захапіла некалькі казармаў, вакзал і інш. аб’екты. Да 15 лют. паўстанне пашырылася на суседнія раёны; адначасова адбылося ўзбр. выступленне ў г. Ханой. Задушана французамі 18 лют. 26 удзельнікаў пакараны смерцю, 33 чал. засуджаны на пажыццёвую катаргу.
т. 7, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНЧУ́К (Аляксандр Іванавіч) (парт. псеўд. Волкаў, Віктар, Стах; 15.6.1905, г. Ляхавічы Брэсцкай вобласці — 26.11.1976),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую нелегальную партшколу КПЗБ (1934). У 1926—35 сакратар Слонімскага райкома КСМЗБ, чл. Баранавіцкага, сакратар Слонімскага, Навагрудскага акр. к-таў КПЗБ, інструктар ЦК КПЗБ. Адзін з кіраўнікоў Нарачанскіх рыбакоў выступлення 1935. Няраз быў арыштаваны, каля 7 гадоў правёў у турмах. У 1937 незаконна рэпрэсіраваны ў СССР і засуджаны на 10 гадоў. Рэабілітаваны ў 1953.
В.П.Ласковіч.
т. 2, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ-ЗІ́ЛЬБЕР (Меер Шоламавіч) (23.8.1907, г. Брэст — 7.3.1985),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1924 кіраваў «тэхнікай» (друкарняй) Брэсцкага акругкома КСМЗБ, з 1928 — «цэнтральнай тэхнікай» КПЗБ. Адзін з арганізатараў падп. друкарняў КПЗБ у Гродне, Вільні, Беластоку, Брэсце, Варшаве. У 1936 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў (вызвалены ў час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939). З 1941 на гасп. рабоце ва ўсх. абласцях СССР. Аўтар успамінаў «Цэнтральная тэхніка КПЗБ» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).
М.П.Клімец.
т. 6, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНІ́ЦКІ (Отан Мікалаевіч) (12.3.1829, маёнтак Арэхаўна Лепельскага пав., зараз Ушацкі р-н — 19.1.1865),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Пасля вучобы ў прыватным пансіёне ў Вільні на вайск. службе ў Крыме, юнкер уланскага палка. У 1854 за сувязь з татарскім антыцарскім рухам на 2 гады зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, потым адпраўлены радавым у Сібірскі асобны корпус. У 1859 вярнуўся на радзіму. У час паўстання 1863—64 камандаваў атрадам паўстанцаў у Віцебскай губ. Засуджаны на 6 гадоў катаргі. Памёр па дарозе ў Сібір.
Г.В.Кісялёў.
т. 5, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЗЕ́ЙКА (Андрэй Вікенцьевіч) (20.6.1899, Мінск — 1941),
бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). Працаваў навук. супрацоўнікам Бел. дзярж. музея. Даследаваў пераважна зямельнае права і прававое становішча сялян у феад. эпоху. На аснове аналізу Статута ВКЛ 1566 даказваў існаванне прыгонніцтва ў ВКЛ. У «Нарысе сацыяльна-эканамічнага жыцця места Навагрудка ў XVI ст.» (1927) упершыню ў бел. гістарыяграфіі адзначыў ролю Навагрудка як сталіцы ВКЛ у 13 ст. Аўтар прац «Да пытання аб рэформе 1861 г.» (1928), «Прыказ Вялікага княства Літоўскага (фонд установы і функцыі)» (1929). 19.7.1930 арыштаваны, 10.4.1931 засуджаны на 5 гадоў ссылкі ў г. Елабуга (Татарстан). Рэабілітаваны ў 1957.
З.Ю.Капыскі.
т. 3, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКША́НСКІ (Юльян) (1824, б. маёнтак Тупальшчына, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобласці — 4.4.1863),
удзельнік нац.-вызв. руху, публіцыст. У час вучобы ў Віленскай гімназіі ўстанавіў сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі. У 1842 за хаванне забароненай л-ры сасланы ў Разанскую губ. У 1846 вярнуўся на радзіму. Аўтар «Адозвы да смаргонскіх сялян» (1847), у якой заклікаў сялян выступіць супраць памешчыкаў. Арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў да 1858 у Нерчынску. Удзельнік паўстання 1863—64, на радзіме арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў. Загінуў у сутычцы з урадавымі войскамі. У в. Плябань Маладзечанскага р-на на магіле помнік.
т. 2, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБІ́НСКІ (Генрык) (30.7.1908, г. Іркуцк, Расія — 12.8.1941),
удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Пасля 1-й сусв. вайны жыў у Ашмянах. З канца 1932 у Віленскім ун-це на чале антыфаш. групы Студэнцкай лявіцы «Фронт». У 1935 адзін з заснавальнікаў легальнай антыфаш. студэнцкай газ. «Poprostu» («Папросту»). Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 засуджаны на 4 гады турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР інспектар раённага аддзела нар. асветы. Расстраляны гітлераўцамі ў Ганцавічах.
Тв.:
Wybór pism. Warszawa, 1962.
Літ.:
Brodowski L. Henryk Dembiński: człowiek dialogu. Warszawa;
Kraków, 1988.
т. 6, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФСО́Н (Мірон Барысавіч) (сапр. Меер Шмера Бенцыянавіч; кастр. 1880, г. Гомель — 22.5.1932),
рэвалюцыянер, грамадскі дзеяч, вучоны-эканаміст. У 1899—1901 чл. Гомельскага к-та сацыял-дэмакратаў, у 1901 арыштаваны і засуджаны да 4 гадоў высылкі ў Якуцію. У 1906 адышоў ад бальшавікоў і далучыўся да меншавікоў. У 1917 меншавік-інтэрнацыяналіст, падтрымліваў Л.Мартава. У кастр. 1917 накіраваны ЦК РСДРП меншавікоў у Гомель для каардынацыі выбарчай кампаніі меншавікоў і бундаўцаў ва Устаноўчы сход. У 1918 выйшаў з радоў меншавікоў, з 1920 чл. РКП(б). У 1920—30-я г. займаўся навук. працай у галіне паліт. Эканоміі; нам. гал. рэдактара 1-га выдання Малой савецкай энцыклапедыі.
Э.А.Ліпецкі.
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)