кірунак у біялогіі, які сцвярджае наяўнасць у арганізмах асобнай нематэрыяльнай жыццёвай сілы, якая адсутнічае ў нежывых целах. Прыхільнікі віталізму адмаўляюць трактоўку жыцця як сукупнасці фіз., хім. і мех. з’яў і разглядаюць яго як якасна своеасаблівую, аўтаномную з’яву, невытлумачальную без прыцягнення нематэрыяльных фактараў.
Карані віталізму ў першабытным анімізме (адушаўленні ўсіх цел прыроды). Элементы яго прысутнічаюць ва ўяўленнях ант. філосафаў (Платона, Арыстоцеля). Як цэласнае вучэнне сфарміраваўся ў 17—18 ст. у форме канцэпцыі «душы», што кіруе жыццём арганізмаў (галанд. вучоны Я.Б. ван Гельмант, ням. ўрач Г.Э.Шталь). Новая хваля віталізму — неавіталізм, што ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.Дрыш і інш.), адмаўляла тэорыю Ч.Дарвіна і проціпастаўляла ёй сцверджанне аб непазнавальнай жыццёвай сутнасці («энтэлехіі»), якая кіруе жыццёвымі працэсамі і забяспечвае іх развіццё. У 20 ст. ідэі віталізму ўвасобіліся ў шэрагу антыдарвінісцкіх канцэпцый эвалюцыі (псіхаламаркізм Э.Копа, «творчая эвалюцыя» К.Бергсона і інш.).
Літ.:
Кремянский В.И. Структурные уровни живой материи. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГАЁЎ (Дзмітрый Якаўлевіч) (н. 12.1.1929, в. Сычык Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1960). Праф. (1987). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1952). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1964 у БДУ. Друкуецца з 1957. Аўтар манаграфій пра жыццё і творчасць М.Лынькова, М.Танка, У.Дубоўкі, М.Гарэцкага, К.Крапівы, І.Мележа, В.Быкава, артыкулаў пра творчасць Я.Брыля, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, П.Галавача, Ц.Гартнага, В.Каваля, В.Казько, Я.Коласа, А.Кудраўца, М.Лобана, Б.Мікуліча, А.Мрыя, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, П.Панчанкі, Б.Сачанкі, М.Стральцова, А.Чарнышэвіча, К.Чорнага, І.Чыгрынава, Я.Янішчыц і інш. Працы Бугаёва адметныя жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, канцэптуальнасцю, глыбінёй і пераканальнасцю літ.-знаўчага аналізу, уменнем раскрыць індывідуальна-творчае аблічча пісьменніка, эстэт. і жанрава-тэматычнае багацце, стылявую самабытнасць бел. л-ры. Аўтар успамінаў «Жыццём ідучы...» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984 за кн. крытычных нарысаў «Талент і праца» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЮ́ГА (Лукаш) (сапр.Вашына Канстанцін Пятровіч; 17.9.1909, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.пед. тэхнікум (1931). Працаваў у НДІ прам-сці ВСНГБССР, на Бел. радыё. У студз. 1933 арыштаваны, высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобл. Паўторна арыштаваны 2.10.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1927. Выступіў бытапісальнікам бел. вёскі ў пераломны гіст. перыяд, калі мянялася яе сац. аблічча, лад жыцця. У аповесці «Ні госць ні гаспадар» (1928) трывога за чалавека, які перастаў адчуваць сябе гаспадаром на роднай зямлі. У аповесці «Нядоля Заблоцкіх» (1931) увасоблены маст. прыём т.зв. міфалагічнага рэалізму, у аснове якога спалучэнне перажыткаў стараж. светаўспрымання і веры беларусаў з рэальным жыццём. Матывамі тугі па родным краі, болем за скалечанае жыццё чалавека прасякнуты 2-я ч. аповесці «Шушамяць» (дайшлі фрагменты), няскончаныя творы: раман «Пустадомкі» (апубл. 1990), аповесці «Дзе косці мелюць», «Зоры Вам Вядомага горада», «Утрапенне» (апубл. 1989), напісаныя ў выгнанні. На бел. мову пераклаў асобныя творы П.Панча, Ю.Алешы, Я.Гашака.
Тв.:
Ні госць ні гаспадар. Мн., 1974;
Творы. Мн., 1992.
Літ.:
Драздова З.У. Творчасць А.Мрыя і А.Калюгі: Стылявыя асаблівасці. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),
расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-рслав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел.нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел.навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).
Тв.:
Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;
Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;
Язык как творчество. Харьков, 1913;
Славянский мир. М., 1915;
Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГФЕ́ЛА ((Longfellow) Генры Уодсуарт) (27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),
амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант.паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш.Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;
Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» // Полымя. 1970. № 12;
Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЫСЛІ́ЦЕЛІ І АСВЕ́ТНІКІ БЕЛАРУСІ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1995. Змяшчае матэрыялы пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць прадстаўнікоў філас. і грамадскай думкі, асветнікаў краіны ад 10 да пач. 20 ст. Уключае больш за 650 біяграфій дзярж., грамадска-паліт. і рэліг. дзеячаў, філосафаў, педагогаў, вучоных розных галін навукі, вынаходнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, музыкантаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, прыродазнаўцаў, падарожнікаў, краязнаўцаў, удзельнікаў нац.-вызв. і рэв. руху (незалежна ад нац. прыналежнасці, веравызнання, грамадскай пазіцыі і светапогляду), якія зрабілі важкі ўклад у скарбонку айч. і сусв. культуры. Матэрыялы размеркаваны на 4 раздзелы: эпоха Полацкага і Тураўскага княстваў (10—12 ст.); эпоха Вялікага княства Літоўскага (13—16 ст.); эпоха Рэчы Паспалітай (17—18 ст.); Беларусь у складзе Рас. імперыі (19 ст.). Артыкулы ў раздзелах размешчаны ў алфавітным парадку. Асобна змешчаны ўрыўкі і фрагменты з некаторых твораў; у якасці пасляслоўя змешчаны арт. д-ра філас.н. А.С.Майхровіча «Ля вытокаў нацыянальнага адраджэння».
Даведнік мае імянны паказальнік і тлумачальны слоўнік тэрмінаў і філас. паняццяў, якія трапляюцца ў тэксце. Ілюстраваны партрэтамі дзеячаў, выявамі мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, фамільнымі гербамі, тытульнымі лістамі з кніг і інш.
Г.А.Маслыка.
«Мысліцелі і асветнікі Беларусі». Мінск, 1995. Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ (Іван Рыгоравіч) (н. 26.1.1918, в. Нязнань Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967), Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Камуна» (Клімавічы, 1935—38), «Советская Белоруссия» (1946—57), «Правда» (1957—86). Дэбютаваў у 1935 вершамі, пазней пачаў пісаць нарысы. Выдаў кн.дакумент. нарысаў «Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» (1958), «Палескае золата» (1959) і інш. Услаўленне барацьбы падпольшчыкаў і партызан у Вял.Айч. вайну — асн. пафас нарыса «Вера Харужая» (1962), дакумент. аповесцей «Сэрца інакш не можа» (1960), «Руіны страляюць ва ўпор» (1960—61), «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» (1964, Літ. прэмія імя. Я.Коласа 1965), «Тварам да небяспекі» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1968), «Да світання блізка» (1974), гіст. нарысаў «Бяссмерце Мінска» (1977), «Мінск — горад-герой» (1986). У рамане «Ачышчэнне» (1987) раскрывае працэс пошукаў герояў гарадскога падполля, дзейнасць падполля, даследуе, як ствараецца кульцік мясц. дзеяча. Аўтар зб. фельетонаў «Уласны іншаземец» (1960), сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць» (з І.Чыгрынавым, 1973, Дзярж. прэмія Беларусі 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКА ((Peszka) Юзаф) (19.2.1767, г. Кракаў, Польшча — 4.9.1831),
польскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст.жыццём Беларусі і Расіі. Вучыўся ў Д.Эстрэйхера ў Кракаве і з 1786 у Ф.Смуглевіча ў Варшаве. Магістр прыгожых мастацтваў (пасля 1810). У 1793—1812 жыў у Гродне, Мінску, Вільні, Маскве, Пецярбургу; часта наведваў Магілёў, Віцебск, Нясвіж, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на і в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. З 1812 у Кракаве, з 1815 праф. жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў. Удзельнічаў у афармленні Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу (каля 1800—07). Аўтар алегарычных і гіст. кампазіцый: «Пастрыжэнне Мечыслава I», «Устанаўленне пагранічных слупоў Мечыславам I», «Баляслаў Крывавусты нападае на памораў», «Смерць Баляслава Крывавустага», «Арыстыд піша сам сабе загад на выгнанне», «Перамога Сабескага пад Венай», «Хрыстос перад Пілатам», «Называнне Кракава вольным горадам», «Напалеон на кані». Пісаў партрэты (А.Чартарыйскага, К.Сапегі, С.Солтана, І.Закрэўскага, сям’і Манюшкаў, аўтапартрэт), пейзажы, у т. л. серыі відаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Навагрудка, Ліды і інш. Дакладнасць перадачы дэталяў адзення, арх. элементаў і інш. робіць творы П. каштоўнымі гіст. крыніцамі.
Літ.:
Чантурыя Ю.У. Акварэлі Іосіфа Пешкі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 4;
Усава Н. Беларускія вандроўкі Юзафа Пешкі // Наша вера. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ НЯМЕ́ЦКАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
этап развіцця філасофіі (канец 18—1-я пал. 19 ст.), прадстаўлены вучэннямі І.Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінга, Г.В.Ф.Гегеля (ідэаліст. кірунак) і Л.А.Феербаха (матэрыяліст. кірунак). Сфарміравалася ва ўмовах разбурэння феад. адносін у Германіі. Асн. яе тэарэт. вытокамі былі рацыяналізм Р.Дэкарта і Б.Спінозы, філасофія англ. і франц. Асветніцтва 17—18 ст., прыродазнаўства канца 18 — пач. 19 ст., англ. палітэканомія. Гал. дасягненні К.н.ф. ў сферы тэорыі пазнання. Напр., Кант адзначаў супярэчлівы характар пазнання, лічыў, што чалавеку даступны толькі свет з’яў, які не мае нічога агульнага з «рэчамі ў сабе» (гл.Агнастыцызм). Фіхтэ ў межах пабудаванай ім сістэмы суб’ектыўнага ідэалізму імкнуўся раскрыць дыялектыку суб’екта і аб’екта, свядомага і несвядомага, ролю практыкі ў пазнанні, адзінства тэарэт. і практычнага, асобаснага і грамадскага (эмпірычнага і абсалютнага Я). Пераход да аб’ектыўнага ідэалізму (гл.Ідэалізм) быў зроблены ў філасофіі Шэлінга, які зыходзіў з прызнання абсалютнай тоеснасці суб’екта і аб’екта, рэальнага і ідэальнага, што прывяло яго да ірацыяналізму і містыкі. Гегель развіў вучэнне Шэлінга, вылучыў ідэі аб тоеснасці законаў прыроды, грамадства і мыслення, залежнасці дзейнасці чалавека ад развіцця ўсёй гісторыі чалавецтва. Ідэаліст. дыялектыку Гегеля з пазіцый матэрыялізму крытыкаваў Феербах, які разглядаў чалавека як вышэйшае тварэнне прыроды, як істоту, неаддзельную ад яе, а мысленне — як чалавечую ўласцівасць, непарыўна звязаную з пачуццёвым адлюстраваннем знешняга, матэрыяльнага свету, з эмацыянальным жыццём чалавека (гл.Антрапалагізм). К.н.ф. з’явілася адным з асн.тэарэт. вытокаў філасофіі марксізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВАлітаратуразнаўчае,
спецыяльная філал. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю і методыку здабывання літаратуразнаўчых фактаў. Мае тэарэт. і практычны аспекты. Тэарэт. К. даследуе тэорыю, гісторыю, структуру і ўласцівасці інфармацыі крыніц. У адпаведнасці з тыпамі сховішчаў (архівы, музеі, бібліятэкі) крыніцы падзяляюць на Засн. тыпы: рукапісныя, аўдыёвізуальныя (іканаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял, кінастужкі, гуказапісы) і друкаваныя. Значэнне крыніц маюць і рэчавыя помнікі, мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменнікаў. У залежнасці ад тэмы даследавання ўсе матэрыялы падзяляюць на ўласна крыніцы і дапаможнікі, да якіх адносіцца і частка друкаваных матэрыялаў. Асобную групу складаюць крыніцы, што выкарыстоўваюцца пісьменнікам пры напісанні твора. Для розных эпох склад і суадносіны крыніц розныя. Практычнае К. складаецца з выяўлення крыніц, іх знешняй і ўнутр. крытыкі. Знешняя крытыка заключаецца ў прачытанні і падрабязнай атрыбуцыі крыніцы і высвятляе, што хацеў паведаміць яе стваральнік. Унутр. крытыка вызначае верагоднасць крыніцы і паказвае, як справа выглядала ў сапраўднасці. Так вычляняецца літ.-знаўчы факт. З К. цесна звязана археаграфія, тэксталогія, палеаграфія. На Беларусі тэорыя К. распрацоўвалася Г.Кісялёвым, у галіне практычнага К. працуюць літ.-знаўцы У.Казбярук, А.Мальдзіс, У.Мархель, В.Рагойша, І.Саламевіч, В.Чамярыцкі, Я.Янушкевіч і інш.
Літ.:
Бельчиков Н.Ф. Литературное источниковедение. М., 1983;
Рагойша В. Галіны аднаго дрэва // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Кісялёў Г. Ад Чачота да Багушэвіча: Прабл. крыніцазнаўства і атрыбуцыі бел.літ. XIX ст.Мн., 1993.