БА́РДЗІН Іван Паўлавіч (13.11.1883, в. Шырокі Уступ Саратаўскай вобл., Расія — 7.1.1960),
савецкі вучоны-металург. Акад.АНСССР (1932). Герой Сац. Працы (1945). З 1942 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1910). Працаваў на металург. з-дах, з 1917 кіраваў аднаўленнем металург. прам-сці. У 1929—32 узначальваў буд-ва Кузнецкага металург. камбіната. З 1939 дырэктар Ін-та металургіі АНСССР, з 1944 — Цэнтр.НДІ чорнай металургіі. Працы па праектаванні і стварэнні магутных металург. заводаў, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, асваенні бесперапыннай разліўкі сталі ў крышталізатарах. Чл. шэрагу замежных АН. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949. Ленінская прэмія 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАЎ Уладзімір Якаўлевіч (23.7.1892, Масква —9.9.1962),
расійскі вучоны ў галіне авіяц. маторабудавання, канструктар авіяц. рухавікоў. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1943), ген.-м.інж.-тэхн. службы (1944). Двойчы Герой Сац. Працы (1940, 1957). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1918). Працаваў на кіруючых пасадах у НДІ і на авіяц. з-дах, выкладаў у ВНУ. З 1935 гал. канструктар авіяц. рухавікоў. Пад яго кіраўніцтвам створаны магутныя рухавікі для знішчальнікаў і бамбардзіроўшчыкаў, якія шырока выкарыстоўваліся ў Вял.Айч. вайну. У пасляваен. перыяд распрацаваў шэраг паветрана-рэактыўных рухавікоў. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1943, 1946, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКА́ЛА Валянцін Алегавіч (н. 16.8.1942, Мінск),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Засл. юрыст Рэспублікі Беларусь (2000). Скончыў БДУ (1968). У 1958—62 рабочы на мінскіх з-дах трактарным і імя Вавілава. З 1968 суддзя нар. суда Мядзельскага р-на. З 1972 суддзя, з 1976 старшыня Мінскага абл. суда. З 1984 нам. міністра юстыцыі Беларусі. З 1986 нач. упраўлення агульных судоў Мін-ва юстыцыі СССР. У 1988—89 міністр юстыцыі Беларусі, заг.дзярж.-прававога аддзела ЦККПБ. З 1988 1-ы нам. старшыні Вярх. суда СССР. З 1992 1-ы нам. міністра, з 1994 міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь. З 1997 старшыня Вярх. суда Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКІЯ КАМІТЭ́ТЫ (ФЗК), фабзаўкомы,
выбарныя масавыя органы пралетарыяту прамысл. прадпрыемстваў і транспарту ў 1917—18. Узніклі пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Іх правобразамі былі стачачныя к-ты, камісіі ўпаўнаважаных, дэлегацкія сходы перыяду 1-й рас. рэвалюцыі 1905—07. Існавалі паралельна з прафесійнымі саюзамі і ахоплівалі рабочых розных прадпрыемстваў. ФЗК выбіралі на агульных сходах рабочых і служачых. Першыя ФЗК створаны на казённых з-дах Петраграда. Да мая 1917 арганізаваны на ф-ках і з-дах Масквы, Харкава, Кіева, Екацярынаслава і інш. На Беларусі пачалі стварацца. паводле рашэння Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 8(21).3.1917. На працягу крас.—мая 1917 ФЗК узніклі на многіх прадпрыемствах Мінска, Віцебска, Барысава, Бабруйска, Оршы і інш.Гал. іх задачай было ажыццяўленне рабочага кантролю за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі. Явачным парадкам яны ўводзілі 8-гадзінны працоўны дзень, бралі пад свой кантроль прыём і звальненне рабочых, ахову прадпрыемстваў, клапаціліся пра забеспячэнне рабочых харч. прадуктамі. Без згоды фабзаўкомаў распараджэнні адміністрацыі лічыліся несапраўднымі. Паўсюднае стварэнне фабзаўкомаў і павелічэнне іх ролі прымусілі Часовы ўрад прызнаць іх і 23.4(7.5).1917 выдаць закон «Аб рабочых камітэтах на прамысловых прадпрыемствах». Да кастр. 1917 гар. і раённыя аб’яднанні ФЗК існавалі больш чым у 50 прамысл. цэнтрах Расіі. ФЗК актыўна ўдзельнічалі ў Кастр. рэвалюцыі 1917: пасылалі сваіх прадстаўнікоў у ВРК, прымалі ўдзел у фарміраванні атрадаў Чырв. гвардыі, разам з прафсаюзамі ўдзельнічалі ў ліквідацыі эканам. разрухі і голаду, ажыццяўлялі дэкрэты сав. улады аб нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, транспарту і інш. Паводле рашэння 1-га Усерас. з’езда прафсаюзаў (студз. 1918) і 6-й канферэнцыі ФЗК Петраграда (лют. 1918) адбылося канчатковае зліццё ФЗК і прафсаюзаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДА́Н, курэнь,
часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖЭ́НЕРАЛ ЭЛЕ́КТРЫК КО́МПАНІ»
(General Electric Company),
буйнейшая ў ЗША прамысл. карпарацыя па электроніцы. Засн. ў 1892 шляхам аб’яднання «Эдысан джэнерал электрык компані» і «Томсан-Хаўстан электрык компані». Штаб-кватэра ў г. Скенектады (штат Нью-Йорк). Кантралюецца фін. групай Моргана. Мае філіялы больш як у 50 краінах свету. Звязана з герм. (удзел у канцэрнах «Осрам» і АЭГ) і брыт. (удзел у канцэрне «Асашыэйтэд электрыкал індастрыс») прам-сцю. Прадукцыя карпарацыі ахоплівае амаль усе галіны машынабудавання, электронікі і электратэхн. прам-сці і інш.: турбіны, лакаматывы, станкі, інструменты, тэлекамунікацыйнае, электратэхн. і электрасілавое абсталяванне, ядзерныя рэактары, ракеты, мед. тэхніка, сінт. алмазы, пластмасы, фарбы, электралямпы і інш. У час 2-й сусв. вайны на з-дах «Дж.э.к.» была зроблена атамная бомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ СІ́КА (De Sica) Віторыо (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),
італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСА́РДА (ад франц. mansarde), паддашак,
памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц.арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.
В.Б.Ангелаў.
Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.Мансара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАРБІ́НА Ада Эмануілаўна (н. 31.8.1932, г. Магілёў),
бел. вучоны ў галіне хіміі і тэрмадынамікі раствораў неэлектралітаў. Д-рхім.н. (1987), праф. (1988). Скончыла Маскоўскі ін-т нафты і газу імя І.М.Губкіна (1956). З 1966 у Бел.тэхнал. ун-це. Навук. працы па тэрмадынаміцы і фізікахіміі працэсаў раздзялення складаных вуглевадародных сумесей. Распрацавала перспектыўны навук. кірунак — тэрмадынамічныя прынцыпы выбару і выкарыстання змешаных растваральнікаў, укараніла на нафтаперапр. з-дах тэхналогію раздзялення і ачышчэння каталізатараў рыформінгу і масляных дыстылятараў.
Тв.:
Хроматографическое изучение межмолекулярных взаимодействий в системах углеводороды — растворители (разам з Р.М.Далінскай) // Прикладная хроматография. Нижний Новгород, 1990;
Органическая химия: Реакционная способность основных классов органич. соединений. Мн., 2000 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДу мовазнаўстве,
частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення. У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы С. У бел. мове складаўтваральныя галосныя «а», «э», «о», «у», «і», «ы» з адным («гэ», «ра»), двума («збы», «цаў»), трыма («стра», «сква», «клас»), чатырма («гвалт», «пстры») і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя «ы»): «у-бок», «а-сабліва», «і-мя». У слове бывае ад 1 да 6 і болей С. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці С. У бел. мове больш слоў 1- і 2-складовых. С. бываюць націскныя (вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацней і даўжэй за ненаціскны) і ненаціскныя (пераднаціскныя: «па-ляў-нічымі», паслянаціскныя: «паляўні-чы-мі»). У слове з 5 і болей С. з націскам на 1-м С. ўзнікае пабочны націск на перадапошнім С. («вы-ра-та-ва-ны-мі»). Ад месца С. ў слове залежыць іх падзел на пачатковыя (характэрна большая гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных: «ка-валак»), канцавыя і неканцавыя («кло-паты»). У залежнасці ад месца галоснага С. бываюць адкрытыя (на канцы галосны: «два») і закрытыя (на канцы зычны: «дах»), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: «эх») і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: «вугал»). Адкрытыя і закрытыя С. могуць быць прыкрытымі («мы», «дах») і непрыкрытымі («а», «іл»). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі С., утвораныя адным галосным; найб. колькасць тыпаў С. — прыкрытыя. У бел. мове (у параўнанні з рус.) больш адкрытых і менш непрыкрытых С. Колькасцю С., вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на бел. мове — 3 С. ў секунду.