катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Займаліся паляваннем на баброў, наглядалі за бабровымі гонамі і іх аховай. Сачылі за выкананнем звычаёвых і кадыфікаваных нормаў паляўнічага права. Мелі выязнога каня, паляўнічых сабак і лоўчыя сеткі. Падпарадкоўваліся баброўнічаму, службоўцу са шляхты. За работу мелі плату ў залежнасці ад выслугі, месца службы і жыхарства, атрымлівалі кожнага 5-га бабра або падчарэўе кожнага здабытага звера, або 1—3 грошы; прыцягваліся да выканання інш. павіннасцяў, у т. л.талок. Маглі мець гаспадарку (беспадатковы зямельны надзел 0,5—1 валока). У сувязі з драпежніцкім вынішчэннем баброў у 18 ст. баброўнікі зліліся з інш. катэгорыямі насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
асноўны цэнтр манетнай вытв-сці ВКЛ. Існаваў з канца 15 ст. да 30.12.1667. Выпускаў аболы, дэнарыі, двайныя дэнарыі, соліды (сярэбраныя), паўгрошы, грошы, 1,5-грашовікі, траякі, 4-грашовікі, шастакі, талеры, орты, злотыя, тымфы, паўдукаты, дукаты, партугалы. Да выпуску двара адносяць і сярэбраныя дэнарыі Вітаўта [1392—1430]. Да Люблінскай уніі 1569 на манетах была выява «Пагоні», у часы Стафана Баторыя — гербы ВКЛ і Каралеўства Польскага, пры Яне II Казіміру аднавілі «Пагоню». Манеты Віленскага манетнага двара вылучаюць па гербах падскарбіяў вял. літоўскіх або па знаках арандатараў двара. Вядомы лічыльныя жэтоны сярэдзіны 16 — пач. 17 ст. Віленскага манетнага двара са знакамі падскарбіяў літоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНАЯ ТЭО́РЫЯ ГРО́ШАЙ,
канцэпцыя, што разглядае грошы як асн. элемент рыначнай гаспадаркі. Заснавана на ўраўненні абмену (ураўненні Фішэра), якое звязвае грашовую масу ў абарачэнні, хуткасць абарачэння грошай, сярэдні кошт і колькасць тавараў. Ляжыць у аснове манетарызму. Узнікла пад уплывам росту цэн у Еўропе ў 16—18 ст., выкліканага прытокам каштоўных металаў з Амерыкі (Б.Давандзаці, Ш.Мантэск’ё, Д.Юм, Д.Рыкарда). У 20 ст. распрацоўвалася І.Фішэрам, А.Маршалам, А.С.Пігу, Дж.Кейнсам, М.Фрыдманам. Сучасная К.т.г. сцвярджае, што ў аснове змен ва ўзроўні цэн ляжыць гал. чынам дынаміка намінальнай грашовай масы, і вылучае адпаведныя практычныя рэкамендацыі па стабілізацыі эканомікі на аснове кантролю над грашовай масай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НЫ (франц. bons),
папяровыя ці метал. знакі ў форме кароткатэрміновых даўгавых абавязацельстваў, якія выпускаюцца казначэйствамі, муніцыпальнымі органамі, фірмамі ці асобамі для часовай замены дзярж. грашовых знакаў пры іх недахопе ў абарачэнні. Бываюць боны абавязковага (дзярж. казначэйстваў, муніцыпальных органаў улады, акупацыйнай улады на занятай тэрыторыі; маюць законную сілу ў пэўным рэгіёне) і неабавязковага (прыватныя боны, выпушчаныя асобнымі прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, т-вамі, прыватнымі асобамі; маюць сілу ў падпарадкаваных эмітэнту межах) абарачэння. Першыя боны ў Расіі з’явіліся ў 1840, на Беларусі — напярэдадні паўстання 1863—64. У б.СССР боны былі ў абарачэнні да грашовай рэформы 1922—24. Б. называюць таксама папяровыя грошы, якія выйшлі з абарачэння і сталі прадметам калекцыяніравання (гл. ў арт.Баністыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л АРТЫЛЕ́РЫІ,
адна з дыгнітарскіх (вышэйшых прыдворных) пасад у ВКЛ. Загадваў арсеналамі, збраёўнямі, парахоўнямі і людвісарнямі (майстэрнямі па вырабе гармат, званоў і інш.), займаўся навучаннем артылерыстаў, забеспячэннем войска і арсеналаў амуніцыяй і порахам. Пасада вядома з 17 ст., калі кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV надаў артылерыі вайсковую арганізацыю (т.зв. «Артыкулы», абвешчаныя ў 1634 пад Смаленскам). Генерал артылерыі прызначаўся пажыццёва і не меў права займаць інш. вайсковых пасад. Распараджаўся вял. грашовымі сродкамі, прымаў спец. прысягу не расходаваць гэтыя грошы на інш. мэты, акрамя артылерыі. Даваў справаздачы вял.гетману, з 1775 Вайсковаму дэпартаменту Усечасовай рады. Непасрэдна ў ваен. дзеяннях не ўдзельнічаў. Першым генералам артылерыі ВКЛ быў Мікалай Абрамовіч (1638).
расійскі кінаакцёр. Нар. артыст СССР (1979). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1935). Дэбютаваў у кіно ў 1935 (фільм «Паўналецце»). У лепшых фільмах дасягнуў шматпланавасці вобразаў: «Подзвіг разведчыка» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Далёка ад Масквы» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Утаймавальніца тыграў» (1955), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977), «Сібірыяда», «Сюды не заляталі чайкі» (абодва 1979), «Расказ невядомага чалавека» (1981), «Шалёныя грошы» (1982) і інш. Рэжысёр фільмаў «Музыканты аднаго палка» (1965, з Казанскім), «Снягурка» (1970), «Я цябе ніколі не забуду» (1984) і інш.
П.Кадачнікаў у ролі А.Мярэсьева ў кінафільме «Аповесць пра сапраўднага чалавека».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦА,
1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.
2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.
3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).