СА́ЙМАК (Simak) Кліфард Дональд (3.8.1904, г. Мелвіл, ЗША — 25.4.1988),
амерыканскі пісьменнік-фантаст. Вучыўся ў Вісконсінскім ун-це. Працаваў настаўнікам, рэпарцёрам, рэдактарам газеты. Дэбютаваў у 1931. У навук.-фантаст. раманах «Касмічныя інжынеры» (1950), «Горад» (1952, Міжнар. прэмія па фантастыцы 1953), «Спярша ён памёр» (1952), «Кольца вакол Сонца» (1953), «Перасадачная станцыя» (1964), «Вы стварылі нас» (1969) і інш. праблемы распаду сучаснага тэхнакратызаванага грамадства, адчужэння бацькоў і дзяцей, небяспекі ядз. катастрофы, суіснавання розных форм розуму, неабходнасці мірных адносін паміж прадстаўнікамі розных цывілізацый, узаемадачыненняў навукі і маралі. Для яго твораў характэрны дынамізм дзеяння, глыбокі лірызм і мяккі гумар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУМА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
сацыяльна-бытавыя пазаабрадавыя нар. песні. Узніклі ў асяроддзі чумакоў. У Ч.п. адлюстравана нялёгкая праца чумакоў, іх спецыфічны побыт у час працяглага адрыву ад дому, узаемаадносіны ў арцелях, пратэст супраць эксплуатацыі і сац. няроўнасці, а таксама ўзаемаадносіны з сям’ёй і інш.Найб. захавалася бел. Ч.п. пра горкую долю, хваробу, смерць і пахаванне чумака на чужыне, развітанне з сям’ёй ці каханай дзяўчынай, пра каханне. Для Ч.п. характэрны глыбокі псіхалагізм, тонкасць у перадачы пачуццяў, сімволіка. Большасць з іх сумныя; былі і вясёлыя песні. Бытавалі ў сял. асяроддзі як бяседныя, застольныя.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы. Мн., 1968;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВА́ТАР Леў Міхайлавіч (20.2.1902, в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1941),
генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў кав. вучылішча (1926), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце на чале асобнай кав. групы, якая ў жн.—вер. зрабіла глыбокі рэйд па тылах ворага ў Смаленскай вобл., вяла абарончыя баі на р. Мёжа на Валакаламскім напрамку. З ліст. 1941 камандаваў кав. корпусам, паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, за якога гітлераўцы прызначылі вял. ўзнагароду. Загінуў у баі каля в. Палашкіна на подступах да г. Руза Маскоўскай вобл. Помнікі на шашы Лепель—Ула, у в. Хоціна, г.п. Ула, дзе ёсць і мемар. музей Даватара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАС (італьян. basso літар. нізкі),
1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d1 (e1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРПРАПАГА́НДА (ад контр... + прапаганда),
пашырэнне поглядаў, ідэй, процілеглых тым, якія распаўсюджвае ідэалагічны праціўнік. Гал. мэта К., побач са сцвярджэннем уласных ідэй, — нейтралізацыя магчымага ўплыву на грамадскую свядомасць варожай прапаганды. Аб’ектамі К. могуць выступаць як людзі, так і непрымальныя, некарысныя для пэўнай палітыкі падзеі і факты аб’ектыўнай рэчаіснасці. Напр., у другую сусв. вайну дзярж. кіраўніцтва гітлераўскай Германіі імкнулася з дапамогай контрпрапагандысцкіх захадаў пераадолець глыбокі негатыўны ўплыў на свядомасць насельніцтва паражэння германскіх войск у бітвах пад Масквой, Сталінградам і інш. Суб’ектамі К. могуць быць спецорганы і ін-ты дзяржавы (армія, паліт. партыі і інш.). Ва ўмовах бурнага развіцця сродкаў масавай камунікацыі і іх манапалізацыі дзяржавай або прыватнымі карпарацыямі К. разам з прапагандай можа быць эфектыўным сродкам маніпуліравання свядомасцю людзей у паліт. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІН Пётр Аляксандравіч (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.Ранета (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ГА (стараж.-сканд. saga ад segia казаць, гаварыць),
старажытна-ісландскія празаічныя апавяданні. Захаваліся ў запісах 2-й пал. 12—14 ст. Адрозніваюць 3 віды С. Найб. своеасаблівыя з іх т.зв. родавыя С., ці «сагі аб ісландцах». Для іх характэрны гіст. і быт. рэалізм, эпічная прастата, глыбокі псіхалагізм. Асн. сюжэт — родавыя разлады. Аўтарства гэтых С. не выяўлена. Захаваліся С. пра каралёў Нарвегіі, сярод іх аўтараў — С.Стурлусан і С.Тордарсан. Крыніцамі для іх паслужылі легенды, паэзія скальдаў, апавяданні сведкаў падзей, дакументы. С. пра епіскапаў, правадыроў Ісландыі падобны да хронік і напісаны сведкамі тагачасных падзей. У іх заўважаюцца рэліг.-маралістычныя тэндэнцыі. Рыцарскімі С. наз. празаічныя пераклады рыцарскіх раманаў. Слова «С.» выкарыстоўваецца таксама ў бел. і рус. перакладзе ў дачыненні да ірл. эпасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЛА́НСКАЯ Клаўдзія Мікалаеўна (23.9.1898, с. Енатаеўка Астраханскай вобл., Расія — 25.9.1972),
расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1948). Вучылася ў Маскоўскім ун-це, 2-й студыі Маскоўскага маст.т-ра. З 1924 актрыса Маскоўскага маст.акад.т-ра. Яе мастацтву былі ўласцівы глыбокі драматызм, цэльнасць у перадачы духоўных імкненняў гераінь, гуманізм, гранічная шчырасць. Сярод роляў; Маўра Рыгораўна («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Кацярына, Параша («Навальніца», «Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Соф’я («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Кацюша Маслава, Ганна Карэніна («Уваскрэсенне», «Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Вольга («Тры сястры» А.Чэхава), Бабуля («Сіняя птушка» М.Метэрлінка), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАГО́ДНАСЦЬ,
абгрунтаванасць, доказнасць і бясспрэчнасць ведаў. Тэрмін выкарыстоўваецца ў логіцы, гнасеалогіі, тэорыі імавернасцяў, прававой навуцы. Верагодныя суджэнні падзяляюцца на асэртарычныя (канстатуюць рэальнае становішча спраў) і ападыктычныя (сцвярджаюць неабходную сувязь з’яў). У філас. і логіка-метадалагічных даследаваннях верагоднасць найчасцей выкарыстоўваюць для характарыстыкі абгрунтаваных, даказаных ведаў і як сінонім ісціны. Найб. поўны і глыбокі крытэрый верагоднасці ведаў — грамадска-гіст. практыка. У эксперым. прыродазнаўстве верагоднымі ведамі лічаць тыя, што набылі эмпірычнае пацвярджэнне ў ходзе назіранняў і доследаў. Лагічны крытэрый верагоднасці ведаў звязаны з правільнасцю апрацоўкі эмпірычных даных і лагічных аперацый з ведамі, верагоднасць якіх устаноўлена раней. Верагодныя веды (суджэнні) трэба адрозніваць ад імавернасных, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі ў якасці іх магчымай характарыстыкі (у выпадку ўвядзення колькасных крытэрыяў вызначаецца ступень такой магчымасці, гл.Імавернасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭЙМО́ Яніна Баляславаўна (29.5.1909, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. — 29.12.1987),
расійская кінаактрыса. Скончыла кінамайстэрню ФЭКС (Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра; 1929), вучылася ў Ін-це экраннага мастацтва ў Ленінградзе. З дзяцінства выступала ў цырку, працавала на эстрадзе (1925—27), у Тэатры-студыі кінаакцёра (1949—56). З 1957 у Варшаве. У кіно з 1925. Першая вялікая роля — Анук («Песня пра шчасце», 1934). Стварыла паэт. вобразы дзяўчынак-падлеткаў: Ася («Сяброўкі», 1936), Надзя («Ворагі», 1938), Фроська («Ішоў салдат з фронту», 1939), Папялушка («Папялушка», 1947). Здымалася таксама ў фільмах: «Адна маладая настаўніца» (1931), «Мая радзіма» (1932), «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Доктар Калюжны» (1939), «Два байцы» (1943), «Мы з Урала» (1944), «Два сябры» (1955) і інш. Мастацтву Ж. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, лірычны трагізм у спалучэнні з вострай эксцэнтрыкай, дакладнасць пластычнага малюнка.