АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГА́МАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін B15,
эфір D-глюконавай і дыметыламінавоцатнай к-т, C10H19O8N. Актывізуе працэс пераносу кіслароду і дыхальных ферментаў (павялічвае ўстойлівасць чалавека і жывёл да кіслароднага галадання). Удзельнічае ў рэакцыях метыліравання, дзе з’яўляецца донарам метыльных груп пры біясінтэзе шэрагу біялагічна актыўных рэчываў і стэроідных гармонаў, нармалізуе тлушчавы абмен. У крышт. выглядзе вылучана з рысавага вотруб’я, дражджэй, крыві, печані. Кальцыевую соль П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПО́ЕВАЯ КІСЛАТА́, тыоктавая кіслата, вітамін N; монакарбонавая серазмяшчальная кіслата, кафермент. Пашырана ў прыродзе. Крышталі Л.к. вылучаны ў 1941 з бычынай печані. Л.к. ўдзельнічае ў пераносе рэшткаў к-т (ацыльных груп) і ў рэакцыях акіслення біялагічнага. З’яўляецца фактарам росту для некат. мікраарганізмаў (напр., дражджэй). У клетках расл. і жывёльных тканак знаходзіцца ў звязанай з бялком форме. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэгулявання ліпіднага абмену, лячэння хвароб печані (напр., хваробы Боткіна), цукр. дыябету і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎНШТЭ́ЙН (Аляксандр Яўсеевіч) (26.5.1902, г. Харкаў, Украіна — 1986),
савецкі біяхімік Акад.АНСССР (1964), АМНСССР (1945). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў Харкаўскі мед.ін-т (1925). З 1928 у мед.навук. установах Расіі, з 1960 у Ін-це малекулярнай біялогіі АНСССР. Навук. працы па абмене амінакіслот і хіміі ферментаў. Адкрыў рэакцыі пераамінавання і абгрунтаваў іх ролю пры азоцістым абмене. Распрацаваў (разам з М.М.Шамякіным, 1952) агульную тэорыю дзеяння ферментаў, якія маюць вітамін B6. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРААМІНАБЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́, вітамін H1,
роставы фактар многіх мікраарганізмаў, у т. л. насельнікаў кішэчніка жывёл і чалавека, якія сінтэзуюць з яе фоліевую кіслату.
Бясколернае крышт. рэчыва, дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце. Спрыяе сінтэзу РНК і ДНК, уплывае на абмен некат. біягенных амінаў. Антымікробнае ўздзеянне сульфаніламідных прэпаратаў заснавана на іх здольнасці (з-за структурнага падабенства з П.к.) парушаць сінтэз фоліевай к-ты. Этылавы (анестэзін) і дыэтыламінаэтылавы (навакаін) эфіры П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне. На П.к. багатыя печань, ныркі, сэрца, дрожджы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФЛАВАНО́ІДЫ, вітамін P,
група біялагічна актыўных арган. рэчываў — флаваноідаў (катэхіны, кверцэцін і яго глюказід — руцін, гесперыцін і інш.). Большасць біяфлаваноідаў — жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў арган. растваральніках. Актыўныя ў прысутнасці аскарбінавай к-ты. Многія біяфлаваноіды — пігменты, якія надаюць афарбоўку кветкам і пладам раслін. Найб. біяфлаваноідаў у пладах цытрусавых, ароніі, чорных парэчак, шыпшыны, у лісці чаю (асабліва зялёнага). Пры недахопе біяфлаваноідаў парушаецца пранікальнасць капіляраў, развіваецца гемарагія. Сутачная норма біяфлаваноідаў для дарослага чалавека 25—50 мг. Ужываюцца як капіляраўмацавальныя сродкі, харч. антыаксіданты, фарбавальнікі і дубільныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУН ((Kuhn) Рыхард Іаган) (3.12.1900, Вена — 31.7.1967),
нямецкі хімік і біяхімік. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1922). З 1929 праф. Гайдэльбергскага ун-та і кіраўнік хім.аддз. Ін-та біяхіміі імя М.Планка. Навук. працы па хіміі раслінных пігментаў (пераважна караціноідаў) і вітамінаў. Устанавіў структуру α- і β-ізамераў караціну (1933, незалежна ад П.Карэра) і прапанаваў метад іх сінтэзу (1937). Вылучыў крышталі вітаміну B2 (рыбафлавін) з сыроваткі і бялку яец, вітамін B6 (пірыдаксін) з дражджэй і прапанаваў яго структурную ф-лу. Нобелеўская прэмія 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙХШТЭЙН ((Reichstein) Тадэвуш) (20.7.1897, г. Улацлавак, Польшча — 1996),
швейцарскі хімік і біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў Цюрыху (1921). З 1934 праф., з 1938 заг. кафедры Базельскага ун-та. Навук. працы па пытаннях будовы і ўласцівасцей гетэрацыклічных рэчываў, цукроў, вітамінаў (аскарбінавай і пантатэнавай к-т), стэроідаў (гармонаў кары наднырачнікаў), сардэчных (расл.) гліказідаў. Сінтэзаваў аскарбінавую к-ту (вітамін С), вылучыў картызон і высветліў яго хім. будову. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Ф.Хенчам, Э.К.Кендалам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́СЕЛЬНІК, грабелькі,
журавельнік (Erodium),
род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я і ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца бусельнік цыкутавы (E. cicutarium) як пустазелле, а таксама на пустках і сметніках.
Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным распасцёртым або ўзнятым сцяблом. Лісце супраціўнае, перыстае ці лопасцевае, ніжняе звычайна сабранае ў разетку. Кветкі пераважна пурпуровыя, ружовыя ці ліловыя з цёмнымі жылкамі, у шматкветкавых паўпарасоніках, радзей адзіночныя. Плод — зборны арэшак (стэрыгма). Лек. (вяжучы, кроваспыняльны, процісутаргавы сродак) і дэкар. расліны, маюць дубільныя рэчывы, вітамін C, карацін, арган. к-ты, смолы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМ ((Dam) Генрык Карл Петэр) (21.2.1895, Капенгаген — 17.4.1976),
дацкі біяхімік. Чл. Каралеўскай АН Даніі. Д-р філасофіі (1934), праф. біяхіміі (1941). Скончыў Капенгагенскі політэхн.ін-т (1920). З 1923 у Капенгагенскім ун-це. З 1940 выкладаў у ЗША і Канадзе, з 1942 працаваў у Рачэстэрскім ун-це, з 1946 у Капенгагенскім політэхн. ін-це, у 1956—62 у Дацкім савеце па даследаванні тлушчаў. Навук. працы па біяхіміі стэрынаў і вітамінаў. Вынайшаў вітамін K1 (філахінон). Вызначыў, што адсутнасць вітаміну Е у рацыёне жывёл выклікае мышачную дыстрафію. Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Э.А.Дойдзі).