БАБО́К,
бабоўнік, трыфоль, трыліснік (Menyanthes), род кветкавых раслін сям. бабковых. Уключае 1 від — бабок трохлісты ((Menyanthes trifoliata). Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца на нізінных і сфагнавых балотах, па забалочаных берагах рэк, азёраў, канаў, утварае зараснікі.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—35 см з тоўстым, доўгім, паўзучым карэнішчам. Лісце трайчастае, суцэльнакрайняе, чаргаванае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках. Кветаноснае сцябло бязлістае, бакавое. Кветкі двухполыя, бледна-ружовыя або белыя, духмяныя, з нектарнікамі, у густых прамастойных гронках. Плод — акруглая каробачка. Лек. (жаўцягонны сродак і ўзбуджальнік апетыту), фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна, мае гліказіды меніянцін, меліянцін, алкалоід генцыянін, вітамін С, дубільныя рэчывы і інш.
т. 2, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)