МАЛЫ́Я ПЛАНЕ́ТЫ,

астэроіды, невялікія нябесныя целы, якія рухаюцца вакол Сонца па эліптычных арбітах, размешчаных пераважна паміж арбітамі Марса і Юпітэра, т. зв. пояс астэроідаў. Агульная колькасць М.п., што назіраюцца ў сучасныя тэлескопы, каля 100 тыс. (занумараваны і ўключаны ў каталог каля 6 тыс.), буйнейшыя з іх: Цэрэра, Палада, Веста, Гігея.

У поясе М.п. адбываюцца сутыкненні астэроідаў, што прыводзіць да іх драблення. Колькасць М.п. значна павялічваецца ад буйных да дробных. Сумарная маса М.п. меней за 1/700 масы Зямлі, дыям. ад 1025 км (у Цэрэры) і меней. Арбіты ў сярэднім больш выцягнутыя і больш нахіленыя да экліптыкі, чым арбіты вял. планет. Вядома каля 300 М.п., якія перыядычна збліжаюцца з Зямлёй і ўяўляюць для яе патэнцыяльную небяспеку. Калі дробныя асколкі рухаюцца па арбітах, якія перасякаюць арбіту Зямлі, яны могуць выпадаць на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Няправільная абломкавая форма і плямістасць паверхні некат. М.п. выяўляюцца ў перыяд. зменах бляску; ваганні бляску паказваюць і на іх восевае вярчэнне. Па аналогіі з большасцю метэарытаў М.п. лічацца камяністымі целамі, шчыльн. 3000—3500 кг/м³. Раней М.п. лічылі абломкамі планеты, якая быццам бы існавала паміж Марсам і Юпітэрам, аднак малая сумарная маса М.п. і адсутнасць прычын для распаду планеты прывялі да адмаўлення ад гэтай гіпотэзы. Відаць, М.п. ўтварыліся ў выніку паслядоўнага драблення пры сутыкненнях больш буйных першасных цел, якія ўзніклі ў працэсе эвалюцыі т. зв. пратапланетнага рэчыва адначасова з вял. планетамі. Вывучэнне руху М.п. праводзіцца для вырашэння шэрагу задач астраметрыі (вызначэнне астр. пастаянных, сістэм. памылак зорных каталогаў і інш.). Аналіз узбурэнняў у руху М.П. дае магчымасць вызначыць масу вял. планет.

Літ.:

Малые планеты. М., 1973;

Коротцев О.Н., Дахие М.Ю. Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Великой Отеч. войны. СПб., 1995.

А.​М.​Коратцаў.

Арбіты некаторых малых планет (Адоніс, Апалон, Гермес, Ікар, Эрот).

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае рух цел Сонечнай сістэмы ў іх агульным гравітацыйным полі. У шэрагу выпадкаў (у тэорыі руху камет, ШСЗ і інш.), акрамя гравітацыйных сіл, улічваюцца рэактыўныя сілы, ціск выпрамянення, супраціўленне асяроддзя, змена масы і інш. фактары. Задачы Н.м.: вывучэнне агульных пытанняў руху нябесных цел і канкрэтных аб’ектаў (планет, ШСЗ і інш.); вылічэнне значэнняў астр. пастаянных, састаўленне эфемерыд і інш. Рух штучных нябесных цел вывучае раздзел Н.м. — астрадынаміка. Н.м. з’яўляецца вынікам дастасавання законаў класічнай механікі да руху нябесных цел. Тэарэт. асновы сучаснай Н.м. закладзены І.Ньютанам. Значны ўклад у развіццё Н.м. зрабілі Ж.Л.Лагранж, П.С.Лаплас, У.Ж.Ж.Левер’е, С.Ньюкам і інш. Адно з дасягненняў Н.м. — адкрыццё планеты Нептун, існаванне якой разлічана па адхіленнях руху планеты Уран.

Асн. задача Н.м. — вызначэнне каардынат планет як функцый часу. Пры вял. адлегласцях паміж Сонцам і планетамі іх можна лічыць матэрыяльнымі пунктамі, паміж якімі дзейнічаюць гравітацыйныя сілы паводле сусветнага прыцягнення закону (задача n цел). Агульнае рашэнне гэтай задачы не знойдзена. Строгае рашэнне мае толькі двух цел задача. Агульнае рашэнне трох цел задачы вельмі складанае, таму карыстаюцца толькі яе частковымі рашэннямі. Н.м. вывучае таксама восевае вярчэнне і фігуры нябесных цел, праблему ўстойлівасці Сонечнай сістэмы, рух Месяца, прыліўнае ўзаемадзеянне; развіццё касманаўтыкі патрабуе высокай дакладнасці ў вылічэнні арбіт планет. Н.м., якая грунтуецца на законе прыцягнення Ньютана, дастаткова дакладна апісвае рух цел Сонечнай сістэмы, але некаторыя з’явы, напр. рух перыгеліяў арбіт Меркурыя і інш. планет, поўнасцю растлумачыць не можа. Гэтыя з’явы знаходзяць тлумачэнне ў рэлятывісцкай Н.м., якая ўлічвае ў руху нябесных цел эфекты адноснасці тэорыі. Метадамі Н.м. карыстаюцца пры вывучэнні зорак і зорных сістэм (зорная астраномія), галактык (пазагалактычная астраномія).

Літ.:

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Новые качественные методы в небесной механике. М., 1971;

Брумберг В.А. Релятивистская небесная механика. М., 1972.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ СФЕ́РА,

уяўная сфера адвольнага радыуса, на якую праектуюцца нябесныя свяцілы. Служыць для зручнасці вызначэння нябесных каардынат свяціл і вуглавых адлегласцей паміж імі.

На Н.с. і ўнутры яе фіксуюцца гал. лініі і пункты, адносна якіх праводзяцца ўсе вымярэнні вуглавых велічынь. Звычайна цэнтр Н.с. змяшчаюць у пункт знаходжання вока назіральніка. Прамая ZOZ′, якая праходзіць праз цэнтр O Н.с. і супадае з напрамкам ніткі адвеса ў месцы назірання, наз. вертыкальнай лініяй. Яна перасякае Н.с. ў пунктах зеніту (Z) і надзіра (Z′). Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна вертыкальнай лініі, перасякае Н.с. па акружнасці SWNE, якая наз. матэматычным ці сапраўдным гарызонтам. Ён падзяляе Н.с. на бачную і нябачную паўсферы. Дыяметр РР’, вакол якога адбываецца вярчэнне Н.с., наз. воссю свету. Яна перасякае Н.с. ў Паўночным (P) і Паўднёвым (P′) полюсах свету. Вугал φ паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта роўны геагр. шыраце месца назірання. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна восі свету, перасякае Н.с. па акружнасці QWQ′E, якая наз. нябесным экватарам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Нябесны экватар перасякаецца з матэм. гарызонтам у 2 пунктах — пункце ўсходу (E) і пункце захаду (W). Плоскасць, што праходзіць праз вось свету і вертыкальную лінію, перасякае Н.с. па акружнасці PZQSP′Z′Q′N, якая наз. нябесным мерыдыянам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на ўсходняе і заходняе паўшар’і. Нябесны мерыдыян перасякаецца з матэм. гарызонтам у пункце поўначы (N) і пункце поўдня (S); прамая NS — паўдзённая лінія. Вялікі круг Н.с., які праходзіць праз зеніт, свяціла М і надзір, наз. кругам вышыні, ці вертыкалам свяціла. З прычыны сутачнага вярчэння Зямлі становішча свяціл на Н.с. зменьваецца: яны апісваюць паралельныя нябеснаму экватару акружнасці — нябесныя, ці сутачныя паралелі свяціл. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с., полюсы свету і свяціла, перасякае Н.с. па акружнасці, якая наз. гадзінным кругам ці кругам схілення свяціла.

А.​А.​Шымбалёў.

Нябесная сфера.

т. 11, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)