ФАРАДЭ́Й (Faraday) Майкл (22.9.1791, Лондан — 25.8.1867),
англійскі фізік і хімік, заснавальнік вучэння аб эл.-магн. полі, адзін з заснавальнікаў электрахіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1824) Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1830). Адукацыю атрымаў самастойна. З 1813 асістэнт, з 1825 дырэктар лабараторыі і з 1827 праф. кафедры хіміі Каралеўскага ін-та. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, магнітаоптыцы і хіміі. Атрымаў бензол (1825), звадкаваны хлор (1826) і інш. газы. Выявіў хім. дзеянне эл. току, узаемасувязь паміж электрычнасцю і магнетызмам. Адкрыў электрамагнітную індукцыю (1831), пара- і дыямагнетызм, вярчэнне плоскасці палярызацыі святла ў магн. полі (гл.Фарадэя эфект). Устанавіў законы электролізу (гл.Фарадэя законы, Фарадэя пастаянная). Даказаў тоеснасць розных відаў электрычнасці, увёў паняцці эл. і магн. палёў, выказаў ідэю існавання эл.-магн. поля. Эксперыментальна даказаў закон захавання эл. зараду (1843), выказаў ідэю аб адзінстве ўсіх сіл прыроды (розных відаў энергіі) і іх узаемных пераўтварэннях. Яго імем названа адзінка эл. ёмістасці — фарад.
Тв.:
Рус.пер. — Силы материи и их взаимоотношения. М., 1940;
Экспериментальные исследования по электричеству. Т. 1—3. М.; Л., 1947—59;
История свечи. М., 1980.
Літ.:
Кудрявцев П.С. Фарадей. М., 1969;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М. 1970. С. 265—283.