арганічныя кіслоты, якія маюць імінагрупу (NH). Уваходзяць у склад многіх жывёльных, раслінных і мікробных бялкоў. Абмен І. у арганізме звязаны з абменам амінакіслот, з якіх І. ўтвараюцца ў выніку адшчаплення вадароду. Біялагічна найважнейшыя гетэрацыклічныя І. — пралін і аксіпралін. Бялкі, у якіх ёсць вял. колькасць праліну (праламіны і гліядзіны), не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў спірце. Аксіпралін утвараецца з праліну; найб. яго ў калагене. Пры прыроджаным парушэнні актыўнасці ферментаў (пралінаксідазы і аксіпралінаксідазы) у сываратцы крыві і ў мачы павышаецца колькасць праліну і аксіпраліну, бываюць парушэнні функцый выдзяляльнай сістэмы і разумовая адсталасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТАКСІ́НЫ (ад анты... + таксіны),
спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́МФА (ад лац. lympha чыстая вада, вільгаць),
вадкасць, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае абмен рэчываў паміж тканкамі і крывёю арганізма. Нашча амаль празрыстая, пасля прыёму ежы белая, непразрыстая, падобная да малака, з вял. колькасцю неэмульгаванага тлушчу. Утвараецца фільтрацыяй плазмы крыві праз сценкі сасудзістых капіляраў у міжтканкавыя прасторы (тканкавая вадкасць). Мае ў сабе да 90% лімфацытаў, бялкі, гармоны, ліпіды, метабаліты, ферменты і інш.Удз. в. — 1,017—1,026; pH 7,4—9. Згусае не так хутка, як кроў (за 10—15 хвілін). Аб’ём Л. ў чалавека 1,5—2 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЛАЖА́Н (Solanum melongena),
шматгадовая агароднінная расліна сям. паслёнавых. Дзікарослы вядомы ў Індыі, дзе ўведзены ў культуру да нашай эры У Еўропе разводзілі пераважна як лек. расліну, з 18 ст. спажываюць у ежу. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках; на Беларусі найбольш у паўд. раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Выш. да 1 м. Лісце простае, авальнае, зялёнае з фіялетавым адценнем. Кветкі фіялетавыя, пазушныя, адзіночныя або ў гронках. Плады — ягады, грушападобныя, круглыя або цыліндрычныя, фіялетавыя, жоўтыя з карычневымі палосамі, зялёныя, белыя; маюць цукры, бялкі, дубільныя рэчывы, вітаміны C, B1, PP. Цепла- і вільгацелюбівая расліна. У культуры аднагадовая, вырошчваецца расадай. У адкрыты грунт высаджваюць у канцы мая — пач. чэрвеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПЕ́ЖНІКІ,
прадстаўнікі жывёльнага або расліннага свету, якія ловяць, забіваюць і паядаюць жывыя арганізмы. Трапляюцца сярод жывёл, грыбоў і раслін (гл.Драпежныя грыбы, Драпежныя звяры). Д. — важны фактар натуральнага адбору: пастаянна паляпшаюць склад папуляцый ахвяр, што ў пэўнай ступені абумоўлівае іх прагрэс. развіццё. Садзейнічаюць захаванню вял. відавой разнастайнасці і зніжаюць інтэнсіўнасць канкурэнцыі сярод розных відаў ахвяр. У Д. звычайна добра развіты сродкі авалодання, забівання, паядання і пераварвання здабычы (зубы і кіпцюры ў млекакормячых, ядавітыя залозы ў павукоў, жыгучыя клеткі ў кішачнаполасцевых, ферменты, якія расшчапляюць бялкі, у жывёл, грыбоў, раслін), а таксама нерв. сістэма, органы пачуццяў.
Выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе з непажаданымі для чалавека відамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў тканках жывёльных і раслінных арганізмаў у адносна высокіх канцэнтрацыях (10−2% і вышэй). Да М. адносяцца кісларод, вадарод, вуглярод, азот, кальцый, фосфар, натрый, калій, сера, хлор, магній; з іх утвораны неарган. (мінер. солі, вада) і арган. (бялкі, нуклеінавыя к-ты, тлушчы, вугляводы) рэчывы. Неарган. рэчывы ўдзельнічаюць у фарміраванні цвёрдых тканак (косці, зубы), уваходзяць у склад ферментаў, гармонаў, вітамінаў, нуклеінавых к-т. Разам з вадой мінер. рэчывы фарміруюць у арганізме асяроддзе, у якім працякаюць хім. рэакцыі. Арган. рэчывы ўдзельнічаюць у пабудове мяккіх тканак і клетак крыві. М. паступаюць у арганізм з ежай, вадой, паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБУЛІ́НЫ (ад лац. globulus шарык),
група глабулярных бялкоў жывёльнага і расліннага паходжання, найб. пашыраных у прыродзе. Раствараюцца ў разбаўленых растворах солей, к-т і шчолачы, слабарастваральныя ў вадзе (акрамя міязіну і некат. інш.). Уваходзяць у састаў раслінных і жывёльных тканак (складаюць амаль палову сываратачных бялкоў крыві, вызначаюць яе буферную ёмістасць). Большасць глабулінаў — простыя бялкі, некат. звязаны з вугляводамі, ліпідамі (асабліва глабуліны плазмы крыві), нуклеінавымі к-тамі (нейраглабулін), ёдам (тырэаглабулін). Вызначаюць імунныя якасці арганізма (антыцела, камплемент), згусанне крыві (пратрамбін, фібрынаген і інш.), удзельнічаюць у пераносе жалеза (трансферын, гаптаглабін), медзі (цэруплазмін), у рэгуляцыі гемапаэзу (эрытрапаэціны) і г.д. Адносіны альбумін/глабулін у плазме крыві маюць дыягнастычнае значэнне (у норме каля 2, пры запаленчых працэсах памяншаецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЕ́ННЕ,
разлажэнне азотзмяшчальных арган. злучэнняў (пераважна бялкоў) мікраарганізмамі; адыгрывае значную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Гніенне — складаны шматступеньчаты біяхім. працэс, які залежыць ад хім. прыроды субстрату, наяўнасці кіслароду і складу мікрафлоры. На розных этапах гніення дамінуюць спецыфічныя групы мікраарганізмаў (аэробныя, факультатыўна анаэробныя, аблігатна анаэробныя бактэрыі і некат. віды грыбоў). Пры ўдзеле пратэалітычных ферментаў мікраарганізмы расшчапляюць бялкі да амінакіслот. Дэзамінаванне і дэкарбаксіліраванне амінакіслот прыводзіць да ўтварэння аміяку, серавадароду, вуглякіслага газу, арган.к-т, амінаў і інш. злучэнняў, у т. л. атрутных рэчываў (кадаверын, путрэсцін) і з непрыемным пахам (індол, скатол, меркаптаны). Гніенне адбываецца ў глебе, вадзе, у страўнікава-кішачным тракце жывёл і чалавека (прадукты гніення абясшкоджваюцца печанню і часткова выдаляюцца ныркамі). Гл. таксама Аманіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫ МІ́НІМУМ,
найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛА СМЕТАНКО́ВАЕ,
харчовы прадукт, які з’яўляецца канцэнтратам малочнага тлушчу; адзін з асн.малочных прадуктаў. Вызначаецца павышанай біял. каштоўнасцю і каларыйнасцю (каля 3 МДж на 100 г прадукту). Мае 52—98% тлушчу (у залежнасці ад віду), 1—20% вільгаці, а таксама бялкі, малочны цукар, фасфатыды, тлушчарастваральныя вітаміны A, D, E і інш. рэчывы.
Вырабляюць розныя віды М.с.: салодкасметанковае, кісла-сметанковае, валагодскае (не меней за 82,5% тлушчу), аматарскае (78% тлушчу), сялянскае (72,5% тлушчу), бутэрброднае (зніжанай каларыйнасці і высокай пажыўнасці, за кошт увядзення маслёнкі), таплёнае (98% тлушчу), салёнае (з дабаўленнем кухоннай солі), дэсертнае са смакавымі і пахучымі напаўняльнікамі — какавы, ваніліну і цукру (шакаладнае масла), натуральных сокаў і цукру (фруктовае масла). Гл. таксама Масларобства.