род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды С.: галубіная (S. columbaria), занесеная ў Чырв. кнігу, трапляецца на парослых хмызняком пераўвільготненых лугавінах у далінах рэк, на вільготных узлесках, ускрайках балот, і жоўтая (S. ochroleuca), нар. назвы каўтуннік, папы, стараснік, расце на пясчанай глебе ў хваёвых лясах, уздоўж дарог. Характэрна для Пд рэспублікі. Інтрадукаваны С. каўказская (S. caucasica) і цёмна-пурпурная (S. atropurpurea).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—80 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, апушаныя. Лісце супраціўнае, суцэльнае або рассечанае. Кветкі ў верхавінкавых суквеццях, якія ўтвараюць густыя галоўкі накшталт кошыкаў складанакветных. Плод — арэх. Фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНДА́ЛЬ (Amygdalus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Растуць у пустынных месцах, на сухіх камяністых схілах гор. У культуры М. звычайны (A. communis) з 2 ст. да н.э. На Беларусі інтрадукавана 5 відаў, найб. вядомыя М.: Ледэбура (A. ledebouriana), нізкі (A. nana), трохлопасцевы (A. triloba).
Лістападныя кусты і дрэвы выш. 8—10 м з шэрай, бурай або карычневай карой. Лісце чаргаванае, ланцэтнае, пілаватае з залозкамі па краі. Кветкі правільныя, адзіночныя або ў шчытках, белыя, ружовыя. Плод — касцянка з сухім апушаным каляплоднікам. Костачка (міндальны арэх) з цвёрдай тоўстай абалонкай. Семя мае да 50% алею, салодкае выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці і медыцыне, з горкага атрымліваюць эфірны алей для парфумерыі. Харч., эфіраалейныя, меданосныя, тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Створаны на правым пакатым беразе р. Ясельда. Парк пейзажнага тыпу, пл. 60 га. Каля р. Ясень, рукава Ясельды, стаяў мураваны палац (не захаваўся), на астраўку побач быў пладовы сад. У аснове планіроўкі парку — сетка ўзаемна перпендыкулярных алей. Гал. кампазіцыйная вось арыентавана з ПнУ на ПдЗ. На паўн. ускраіне сістэма каналаў і праточных сажалак утварае маляўнічыя астравы і паўастравы з багатай расліннасцю, густым падлескам. На Пд дуброва з дубу чырвонага і рабініі псеўдаакацыі (белай акацыі) і пладовы сад. У парку шмат экзотаў (піхты белая, сіб., аднаколерная, хвоя веймутава, елкі канадская, Энгельмана, дугласія Мензіса, клён ясенялісты, бук лясны, арэх Зібальда, дуб балотны і інш.).
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975. С. 108—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ХІС (Arachis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў у тропіках Паўд. Амерыкі. Як харч. і алейная расліна пашырана ў трапічным, субтрапічным і менш ва ўмераным паясах. Культывуецца арахіс культурны, або земляны (кітайскі) арэх (A. hypogaea). На Беларусі ёсць у калекцыі Цэнтр.бат. сада АН, вырошчваецца аматарамі.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 25—75 см. Сцябло прамастойнае або распасцёртае па зямлі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-аранжавыя, верхнія бясплодныя, ніжнія пладаносныя, клейстагамныя. Пасля апладнення кветаножка з завяззю пачынае расці, апускаецца да зямлі і заглыбляецца ў глебу, дзе выспявае плод — цыліндрычны або коканападобны струк з сеткаватай паверхняй і 1—7 зярнятамі, багатымі бялком (да 22%), алеем (да 42%), вугляводамі (да 13%) і вітамінам B1; мае ў сабе алкалоід арахін. Зярняты выкарыстоўваюцца на алей, кандытарскія вырабы, спажываюцца свежыя і падсмажаныя. З макухі робяць халву. Надземная маса — корм для жывёлы і сідэрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦА́Н (Ян) (Joannes Veliconsis; ? — каля 1611),
друкар і кнігавыдавец ВКЛ. Друкарскаму майстэрству вучыўся ў Кракаве. З 1576 друкар Лоскай друкарні (каля Маладзечна). Выдаў 7 (або 8) кніг на польск. і лац. мовах, у т. л. трактаты «Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры» С.Буднага (1576), «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» А.Маджэўскага-Фрыча (1577), творы М.Чаховіца, Я.Палеалога. У 1580—1611 уладальнік друкарні ў Вільні, дзе выдаў больш за 100 кніг на польск., лац. і грэч. мовах, у т. л. свецкія творы Цыцэрона, Іосіфа Флавія, Геліядора, Эразма Ратэрдамскага, «Масковія» А.Пасевіна (1586), «Апафегматы» Б.Буднага (1599), «Арэх валоскі» Я.Казаковіча (1603), навук.-вучэбныя і мед. кнігі, календары і інш. Кнігі вылучаліся высокім узроўнем друкарскага мастацтва. Прадаўжальнікам справы К. стаў яго сын Іосіф, які прыняў каталіцтва і змяніў выдавецкую тэматыку.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 80—112.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ РАДЫЯЦЫ́ЙНА-ЭКАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На Пд Гомельскай вобл., ва ўсх.ч. Палескай нізіны ў межах Гомельскага Палесся. Засн. ў 1988 на найб. забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з мэтай вядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіял. даследаванняў, пошуку магчымых шляхоў выкарыстання тэрыторыі, з якой адселена насельніцтва і спынена гасп. дзейнасць, а таксама для захавання генафонду і відавой разнастайнасці мясц. флоры і фауны. Пл. 215,5 тыс.га. Рэльеф раўнінны з забалочанымі паніжэннямі, рознымі формамі эолавых утварэнняў і павышанымі ўчасткамі водападзелаў. Тэрыторыя адносіцца да вадазбору р. Прыпяць. Ландшафт поймавы са шматлікімі рукавамі, старыцамі і азёрамі. Балотныя і лясныя масівы. Лясістасць 46% тэрыторыі. Хваёвыя (48,5%), драбналістыя (27,3%), дубовыя (5,6%) і інш. лясы. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін. Ў фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 — птушак, 25 — рыб. Шмат відаў раслін і жывёл, у т. л. вадзяны арэх плаваючы, шпажнік чарапіцавы, чорны бусел, змеяед і інш., занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, некаторыя — у Міжнар.Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НЬША,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Расонскім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1996 для аховы унікальных прыродных ландшафтаў і азёрных экасістэм у вытоках р. Дрыса. Пл. 13,398 тыс.га. Водна-ледавіковы тып рэльефу з абс.выш. 140—160 м, верхнія слаі антрапагенных парод прадстаўлены розназярністымі пяскамі. Шматлікія камавыя і озавыя формы, тэрмакарставыя катлавіны і лагчыны складзены з валунных марэнных суглінкаў і супескаў. У заказніку 21 возера, агульнай пл. 15 км². Іхтыяфаўна ляшчова-шчупаковая, 17 відаў рыб-абарыгенаў. Лясная расліннасць займае больш за 80% пл., у асн. хвойныя лясы. У флоры больш за 400 відаў вышэйшых раслін, з іх 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: баранец звычайны, вадзяны арэх плывучы, гарлянка пірамідальная, мякатніца адналістая, гідрыла кальчаковая. Фауна таежнага комплексу (9 відаў земнаводных, 5 — рэптылій, 122 — птушак, 28 — млекакормячых). Шмат глушца, цецерука, рабчыка, вальдшнэпа, дзіка, казулі, лася, бабра, куніцы, норкі, лісоў. У Чырв. кнізе Беларусі мядзведзь буры, рысь, сыч касматаногі, няясыць даўгахвостая, дзяцел трохпальцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НЬША,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. (Беларусь), на мяжы з Пскоўскай вобл. (Расія), у бас.р. Дрыса (цячэ праз возера), за 37 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,53 км², даўж. 4 км, найб.шыр. 1,44 км, найб.глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 9,9 км. Пл. вадазбору 1782 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, падзелена 2 астравамі (агульнай пл. 0,17 км²) і паўвостравам на 2 часткі, злучаныя вузкімі пралівамі. Схілы выш. 10—15 м (на ПнУ 5—8 м) пясчаныя, пад лесам. На Пн і У тэраса выш. 1,2 м. Пойма шыр. 10—20 м, укрытая хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, моцна зрэзаныя, утвараюць многа невял. заліваў. Дно да глыб. 2,5—3 м пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыб. 3,5 м, асабліва паўн. частка. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. 20—30 м, да глыб. 2,2 м. У залівах паўн.-ўсх.ч. возера расце вадзяны арэх, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Злучана пратокамі з азёрамі Валоба (на ПнЗ) і Данское (на Пд). Турызму, зона адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці і Расіі (Пскоўская вобл.), правы прыток р. Усвяча (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 90 км, у межах Беларусі каля 87 км. Пл. вадазбору 598 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Сіціна Гарадоцкага р-на, цячэ праз 7 азёраў (у т. л. Нёгра, Вышадскае, Мядзесна, Цёста), вярхоўе і сярэдняе цячэнне ў межах Гарадоцкага узв., нізоўе на Суражскай нізіне. Асн. прытокі: Асеча (справа), Іардынка і Салонаўка (злева). Упадае ва Усвячу каля в. Любань Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл.
Даліна да в. Смолаўка скрынка- або трапецападобная, шыр. 300—400 м, ніжэй па цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 4—8 м, месцамі да 20 м. Пойма двухбаковая, нярэдка забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, шыр. ракі ў межань 4—6 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі часцей спадзістыя, месцамі стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с, на веснавы перыяд прыпадае 68% гадавога сцёку. У рацэ трапляецца вадзяны арэх — ахоўны рэліктавы від у флоры Беларусі (месца яго росту ніжэй за воз. Ведрынскае аб’яўлена помнікам прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.
Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.
Да арт.Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.