Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Х (Juglans),
род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культурыарэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.
Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ АРЭ́Х,
валоскі арэх (Juglans regia), від кветкавых раслін з роду арэх. Радзіма — Сярэдняя і Паўн.-Усх. Азія. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах. Вырошчваецца ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца як інтрадукаваная расліна ў бат. садах, парках і скверах, вырошчваецца садаводамі-аматарамі.
Лістападнае дрэва выш. да 35 м і дыям. да 2 м. Крона густая, раскідзістая. Лісце няпарнаперыстаскладанае, пахучае (мае эфірны алей). Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Плады — буйныя несапраўдныя шарападобныя касцянкі («арэхі»). Ядро арэхаў ядомае, мае да 70% тлушчаў, 26% бялкоў, вітаміны B1, E і правітамін A, выкарыстоўваецца ў кандытарскай і кулінарнай вытв-ці, недаспелыя арэхі багатыя вітамінам C, з іх вырабляюць варэнне. З арэхаў атрымліваюць арэхавы алей, які ідзе ў ежу, на выраб лакаў, высакаякаснага мыла, тушы. Грэцкі арэх жыве да 400 гадоў. Харч., тэхн., кармавая, лек., меданосная і дэкар. расліна. Мае каштоўную драўніну. З лісця, кары, зялёнай лупіны пладоў атрымліваюць дубільнікі і карычневую фарбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКА́ТНЫ АРЭ́Х,
насенне з пладоў мускатніку духмянага (Myristica fragrans). Культывуюць у тропіках абодвух паўшар’яў. Плод — яйцападобная аранжава-жоўтая мясістая ягада даўж. 4—6 см. Пры выспяванні скурка і мякаць плода расшчапляюцца кальцавой верт. трэшчынай і адкрываюць цёмна-бурае насенне, часткова ўкрытае ярка-чырв. сакаўным прынасеннікам. Высушаны прынасеннік ужываецца як прыправа і наз. мускатным цветам або мацысам. Духмянае ядро пасля апрацоўкі выкарыстоўваюць у харч. і тытунёвай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, парфумерыі.